Вы тут

У вёсцы Боркi ствараецца мемарыял памяцi, якi перадасць увесь жах таго, што тут адбылося больш за 70 гадоў таму


Боркi былi цалкам сцёртыя з зямлi падчас карнай аперацыi ў чэрвенi 1942 года. Тую жахлiвую ранiцу падрабязна апiсаў у сваёй дакументальнай аповесцi «Карнiкi» Алесь Адамовiч. Потым па ёй быў пастаўлены не менш жахлiвы фiльм «Iдзi i глядзi», ад прагляду якога i цяпер стыне кроў у жылах...


Ста­ры пом­нiк так­са­ма ўпi­шац­ца ў агуль­ную кан­цэп­цыю.

Месца смутку

Разам з жыхарамi таксама былi спаленыя пасёлкi Доўгае Поле, Закрынiчча, Чырвоны Араты, Пралетарскi, Хватаўка, Дзяржынскi — усе яны знаходзiлiся ў непасрэднай блiзкасцi ад Борак. Сваю чорную справу фашысты скончылi да сярэдзiны дня. Пасля жахлiвай зачысткi ў жывых засталося толькi 38 чалавек з амаль дзвюх тысяч.

Помнiк, прысвечаны ахвярам гэтай трагедыi, упершыню з'явiўся ў Борках у 1953 годзе — салдат i схiленая ў смутку жанчына. Цяпер гэты помнiк знаходзiцца на могiлках, якiя прымыкаюць да каплiцы ў гонар iконы Божай мацi «Знойдзенне загiнулых». Каплiца была пабудаваная тут у 2004-м з грамадзянскай iнiцыятывы. Мемарыяльны комплекс «Памяцi спаленых вёсак у вёсцы Боркi» ўключаў у сябе таксама мемарыяльныя плiты з назвамi населеных пунктаў Магiлёўскай вобласцi, спаленых разам з жыхарамi, так i не адноўленых.

— Мемарыял будзе рэканструяваны i значна пашыраны, — адзначае намеснiк старшынi Кiраўскага райвыканкама Таццяна Бяляўская. — Летась вясной быў аб'яўлены конкурс на найлепшую iдэю для гэтага мемарыяла. Перамагла прапанова мiнскiх аўтараў. Пачыналася ўсё з адной уваходнай групы, а потым iдэю развiлi далей. Яе падтрымаў старшыня Магiлёўскага аблвыканкама Леанiд Заяц. Боркi стануць месцам смутку i памяцi рэспублiканскага маштабу.

Паралельна мы сумесна з пошукавым клубам «Вiккру» шукаем iмёны кожнага, хто загiнуў у дзень трагедыi. З архiўных звестак вядома, што iх было болей за дзве тысячы, але пакуль устанавiлi iмёны толькi 650 чалавек.

Большая частка работ фiнансуецца з абласнога бюджэту, праект уключаны ў iнвест-праграму. Шмат чаго робiцца i на ахвяраваннi. Пры аддзеле iдэалагiчнай работы, культуры i па справах моладзi Кiраўскага райвыканкама i Баравiцкiм сельвыканкаме адкрытыя два дабрачынныя рахункi, на якiя паступаюць грошы з усiх куткоў краiны. I некаторыя ахвяруюць вельмi важкiя сумы. Напрыклад, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэмii навук Аляксандр Каваленя асабiста пералiчыў тры тысячы рублёў, столькi ж паклала на рахунак галоўны рэдактар «Белкартаграфii» Галiна Ляхава. У спiсе ахвяравальнiкаў — Фонд мiру, прафсаюзы, прадпрыемствы, арганiзацыi, звычайныя людзi...

У Бор­ках ства­ра­ец­ца ме­ма­ры­ял рэс­пуб­лi­кан­ска­га маш­та­бу.

Мацi над пустой калыскай i калодзеж слёз

Гэта немагчыма апiсаць словамi. Як i стрымаць слёзы. У агнi гiнуць жанчыны, мужчыны, дзецi, старыя... Далонi, твары, рукi — людзi рвуцца з пекла, але чорная пражэрлiвая iстота паглынае iх, не жадаючы адпускаць. Скульптары перададуць гэты жах з дапамогай металу ў выглядзе клубоў дыму, з якога не могуць вызвалiцца людзi. Яны, як птушкi, што трапiлi ў сiло, яшчэ спрабуюць неяк ухапiцца за жыццё. Нават на паперы гэта выглядае страшна. Аўтары канцэпцыi вельмi дакладна перадаюць трагiзм таго, што адбылося ў Борках. Над напаўненнем мемарыяльнай прасторы працуюць мiнскiя скульптары Iван Арцiмовiч i Аляксандр Сакалоў, пазней на стадыi праектавання да iх далучылася магiлёўскi педагог-архiтэктар Марыя Левашова. Свiран, калодзеж слёз, спаленыя хаты — усё тое, што засталося ў Борках пасля карнай аперацыi, будзе адноўлена ў манументальным мастацтве. Цяпер будуецца ўваходная група, якую прапанавалi мiнчане, — кампазiцыя ўяўляе сабой страху паўразбуранага дома, унутры якога над пустуючай калыскай знаходзiцца фiгура смуткуючай мацi.

— Усё будзе створана з бетону, бронзы i чорнага гранiту, — расказвае аўтар iдэi Iван Арцiмовiч. — Зверху плануем зрабiць мазаiку з апалавага шкла, каб быў эфект тлеючага вуголля. Каб узмацнiць градус уздзеяння, дадатковы эфект створаць падсветка ў вячэрнi час i гукавое суправаджэнне, якое будзе ўключацца, як толькi чалавек увойдзе ў гэтую зону.

Уся алея прыдумана i зрэжысiравана такiм чынам, каб можна было паэтапна ўспрымаць усе элементы комплексу. Тратуарная сцяжынка правядзе нас паўз зрубы хат, на якiх будуць размешчаны плiты з нержавеючай сталi са словамi сведак трагедыi. Усё будзе нагадваць пра тое, што тут адбывалася, — аклад ад iконы ў чырвоным куце, куфар з раскiданым адзеннем, дзiцячыя цацкi...

— Мы вяртаем людзей у той далёкi 1942 год, на другi дзень пасля трагедыi, — кажа скульптар. — У вёсцы нiкога няма, толькi мацi, якая быццам заснула ад гора. Мы паклапацiлiся i пра тое, каб чалавек, прайшоўшы гэты жахлiвы шлях, адчуў нешта накшталт ачышчэння. Прадугледжана так званая абводная сцяжынка, каб не вяртаць яго праз мемарыял. Ёсць яшчэ адна красамоўная дэталь у гэтай кампазiцыi — чорны калодзеж, якi будзе ўяўляць сабой палiраваны куб, схаваны ў зрубе. Паверхню яго зробяць падобнай да воднай рабiзны, быццам ад людскiх слёз — i не толькi па Борках, а па ўсiх населеных пунктах Беларусi, якiя паўтарылi лёс вёскi.

Тэма вайны наогул вельмi блiзкая кожнаму жыхару Беларусi. Асаблiва калi азiрнуцца назад i ўключыць сваю памяць.

— Калi параўноўваць гэтую трагедыю з Хатынню, то колькасць ахвяр у Борках была ў разы большая, — кажа Iван Арцiмовiч. — Мы шмат працавалi з гiсторыкамi i архiвiстамi i вельмi прасякнулiся тэмай. На 15 чэрвеня 1942 года гэта была самая вялiкая карнiцкая аперацыя на тэрыторыi Еўропы. Падобнага свет яшчэ не бачыў. За дзень было знiшчана дзве тысячы чалавек мiрнага насельнiцтва — сем вёсак... Мы хацелi, каб мемарыял рэальна адлюстроўваў трагедыю чалавека i асобна ўзятай сям'i, паказаўшы гэтым трагедыю ўсёй Беларусi. Краiна па сённяшнi дзень цяжка перажывае гэтыя падзеi, таму мы пра iх згадваем i гаворым. Мой дзед таксама быў забiты. Ён быў партыйны работнiк i застаўся ў Магiлёўскай вобласцi, каб арганiзаваць падпольны рух. Нехта яго здаў фашыстам...

Тац­ця­на Бя­ляў­ская дэ­ман­струе пра­ект бу­ду­ча­га ме­ма­ры­я­ла.

А дрэва стане бетонам

З пачатку года ў Борках развярнулася вялiкая будоўля. Галоўны падрадчык — магiлёўскi будтрэст № 12. На месцы цяпер iдуць работы па будаўнiцтве ўваходнай групы, дзе будзе размешчана скульптура «Смуткуючая мацi».

— Складанасць работ у тым, што ўсе канструкцыi нахiленыя пад рознымi вугламi, рэльефныя, з асаблiвым малюнкам, — кажа брыгадзiр Арцём Казлоў. — I ўсе бетонныя, а пад бетон патрэбна была спецыяльная апалубка. Мы яе бралi ў арэнду ў Мiнску. З такiм мы працуем упершыню.

— Падобных аб'ектаў мы раней дакладна не будавалi, — адзначае намеснiк галоўнага iнжынера будтрэста № 12 Юрый Мiхатулiн. — Ён цяжкi, таму што канструкцыi незвычайнай формы — усе нахiленыя. У нас у краiне ёсць фiрмы, якiя робяць апалубку для нестандартных рашэнняў. Дык яны месяц думалi, як нам зрабiць тое, што запраектавана. Акрамя ўсяго iншага, бетон павiнен быць цёмнага колеру, каб стваралася iмiтацыя згарэлага бярвення. Гэтага эфекту мы дасягаем спецыяльнымi фарбавальнiкамi. А каб атрымаць тэкстуру дрэва, апрацоўваем дошкi агнём i зачышчаем iх шчоткамi.

Яшчэ больш складаная канструкцыя свiрна, асаблiва кроквеннай сiстэмы — яна нахiлена яшчэ i да зямлi. Гэта ўтрая цяжэй зрабiць. Мы доўга вырашалi, як замацаваць апалубку.

Людзi працуюць на аб'екце вахтамi — па 12 гадзiн сем дзён на тыдзень, каб паспець укласцiся ў тэрмiн. Пакуль у будаўнiцтве задзейнiчаны бетоншчыкi, потым за справу возьмуцца гранiтчыкi, электрыкi, якiя будуць працаваць над электрыфiкацыяй аб'екта, на апошнiм этапе падключацца азеляняльнiкi.

— Дарожкi там таксама будуць незвычайныя — шэрыя, а ў цэнтры — з чорнага гранiту, — удакладняе суразмоўца. — Устаўка будзе сiмвалiзаваць смутак, якi перажылi жыхары. Як толькi чалавек падыдзе да ўваходнай групы, спрацуе датчык руху i ўключацца музыка i падсветка.

Гадзiннiк з папялiшча

Сённяшнiя Боркi — гэта 28 дамоў, дзе жывуць у асноўным пенсiянеры i дачнiкi. У вёсцы няма нiводнай даваеннай пабудовы — усе хаты таго часу згарэлi падчас жахлiвай карнай акцыi. Новыя дамы пачалi з'яўляцца тут у 1945–1946 гадах. Дом старасты вёскi Леанiда Шпакоўскага пабудовы 1953-га, дарэчы, — былая школа, дзе ён вучыўся. Там, дзе мы зараз размаўляем, быў клас i стаяла парта, за якой ён сядзеў. Больш за 30 гадоў таму будынак школы прыйшоў у заняпад, яго збiралiся знесцi, i суразмоўца яго выкупiў.

— Нi вокнаў не было, нi дзвярэй — школа моцна пацярпела ад пажару, — згадвае гаспадар. — Усё пасля даводзiў да ладу. Затое глядзiце, колькi ў мяне пакояў. Для маёй вялiкай сям'i гэта было самае прыдатнае месца.

— Маёй мацi, Марыi Шпакоўскай, было ў 1942-м 12 гадоў, яна цудам пазбегла страшнай долi сваiх землякоў, — расказвае гiсторыю сям'i Леанiд Шпакоўскi. — Напярэдаднi трагедыi яна разам з дзедам i старэйшай сястрой прыйшла ў Боркi да родных. Але яны, на шчасце, паспелi сысцi да таго, як усё пачалося. Беглi дамоў, у сваю Кабылянку, з жахлiвай весткай, што Боркi паляць. Праз лес да вёскi рукой было падаць, але немцы баялiся партызанаў i паехалi ў аб'езд. А калi прыехалi, жыхары ўжо паспелi схавацца ў лесе. Карнiкi яшчэ нейкi час знаходзiлiся ў вёсцы, звалi людзей вярнуцца, маўляў, нiчога дрэннага iм не зробяць, але нiхто не выйшаў. I тады яны спалiлi дамы. А з Борак засталiся адзiнкi — тыя, хто цудам выжыў. Карнiкi заходзiлi ў хату, забiвалi жанчын i старых прыкладамi, дзяцей калолi штыкамi, кiдалi пад печ i на печ, куды часцей за ўсё хавалiся людзi, гранаты. I рабiлi гэта ў асноўным палiцаi — нашы, украiнскiя, малдаўскiя. А немцы стаялi ў ачапленнi.

Мужчына паказвае гадзiннiк, якi знайшоў на тым месцы, дзе палiлi людзей.

— Потым у музей перадам, — кажа ён. — Гэта камандзiрскi гадзiннiк, з зоркай. З iм звязана сумная гiсторыя. Гэта рэч дзядзькi нашага земляка — Алега Сакадынца, бацька якога жыў тут, непадалёк. Аднойчы ён мне паказаў гадзiннiк са словамi, што ў яго брата Васiля быў яшчэ лепшы, камандзiрскi, на 15 камянях. Брат яго згарэў у свiрне разам з аднавяскоўцамi. Гэты гадзiннiк я якраз на тым самым месцы знайшоў. Хацелi ў мяне яго забраць у мінскі музей, але я не аддаў. Ён павiнен быць у нашым музеi.

Выходзiм са старастам ва двор, каб паглядзець, дзе была даваенная школа, дзе стаяў той самы страшны свiран. Усё побач. А свiран наогул стаяў проста на сённяшнiм агародзе Леанiда Шпакоўскага.

— А за маiмі вышкамi i даваенная школа знаходзiлася, — удакладняе суразмоўца. — А побач з той школай — калодзеж. Кажуць, ён быў поўны трупамi да краёў...

Алея, возера i парк

Паралельна з будаўнiкамi працуюць i мясцовыя ўлады. Выканаўца абавязкаў старшынi Баравiцкага сельвыканкама Юрый Бабiцкi паказвае, якiя работы ўжо зроблены. Зносяцца спарахнелыя будынкi, зразаюцца аварыйныя дрэвы, высякаецца кустоўе. На ўскрайку вёскi шчыруе экскаватар.

— Раблю рэкультывацыю, зношу старыя дамы. Такiх тут 12, — дае справаздачу машынiст ад круглянскай арганiзацыi «Аграпрамтэхснаб» Уладзiмiр Самыка.

— Пакуль усё толькi пачынаецца, — кажа старшыня сельсавета. — Прыбiраем усё, што псуе пейзаж, будзем ставiць агароджы, акультурваць тэрыторыю. Вунь той сiнi дом, да якога будзе весцi мемарыяльная сцяжынка, клуб — там размесцiцца музей. Па баках сцяжынкi высадзiм дрэвы, пасеем траву. Каля возера будзе зона адпачынку з альтанкамi i лаўкамi.

Галiна Тарасаўна Карпенка жыве ў Борках 60 гадоў, яна разам з дачкой-пенсiянеркай адна з нямногiх карэнных жыхароў, якiя тут яшчэ засталiся. Ёй цiкава назiраць, якiя перамены цяпер тут адбываюцца.

— Была вялiкая вёска, працавiтая, шмат жывёлы трымалi, — згадвае яна былыя часы. — Зараз нiкога амаль не засталося. Лягу спаць — не спiцца, i я ўспамiнаю, як весела i радасна мы жылi. Было 200 двароў, а людзей амаль 400. Цяпер i паразмаўляць няма з кiм.

Жылых дамоў у вёсцы мала, стацыянарных сацыяльных аб'ектаў няма. Два разы на тыдзень сюды прыязджаюць аўтобус i аўтакрама. Але хутка Боркi будзе не пазнаць. I жыхароў гэта натхняе.

Будуць акультурвацца i мясцовыя могiлкi. На iх шмат камянёў — гэта пахаваннi тых, хто памёр яшчэ да вайны. Могiлкi ўжо зраўнялiся з зямлёй, а камянi ляжаць. Тут жа знайшлi свой вечны спакой i ахвяры той жудаснай трагедыi.

— Зiмой на могiлках знеслi аварыйныя дрэвы, цяпер будзем карчаваць пнi i рабiць сцяжынкi, — кажа выканаўца абавязкаў старшынi сельвыканкама. — За ўсiмi могiлкамi замацаваны прадпрыемствы i арганiзацыi. Адным словам, працуем на ўсю моц. Гэта ж будзе комплекс рэспублiканскага маштабу! Да першага чэрвеня павiнны скончыцца ўсе неабходныя работы, а 15 чэрвеня, у дзень трагiчнай даты для вёскi Боркi, плануецца адкрыццё мемарыяла.

Каментарый у тэму

Намеснiк старшынi Магiлёўскага аблвыканкама Валерый Малашка:

— Прыводзiм у парадак сам населены пункт — зносяцца пустуючыя дамы, акультурваюцца вулiцы, грамадзянскiя могiлкi, якiя знаходзяцца ў непасрэднай блiзкасцi ад мемарыяла. Той помнiк, якi быў раней, таксама iнтэграваны ў агульную канцэпцыю мемарыяла. Сёння мы ведаем болей i iмён загiнулых, i вёсак, якiя былi спалены ў Магiлёўскай вобласцi. Яны таксама павiнны быць пазначаны на памятных дошках. Iдэя помнiка, прапанаваная маладымi мiнскiмi скульптарамi, выразна перадае драматызм той сiтуацыi. Памяць пра зверствы павiнна захавацца, каб згадваць у нашым неспакойным свеце, чым завяршаюцца ўсе ўзброеныя канфлiкты.

Нэлi ЗIГУЛЯ

Фота аўтара

Вёска Боркi, Кiраўскi раён

Загаловак у газеце: Мацней, чым «Iдзi i глядзi»

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.