Вы тут

Што лепш бiць — твар цi машыну?


Ёсць толькi адна стыхiя, якая ў асобныя моманты выглядае мацнейшай за каранавiрус альбо глабальнае пацяпленне, — рэўнасць. Бо першыя могуць злёгку закрануць альбо зусiм абысцi сваiмi наступствамi, апошняя ж зносiць на сваiм шляху ўсе перашкоды. З навiн блiзкага замежжа: жыхарка Краснадарскага краю ў злосцi разагналася на сваiм аўто, каб з усiх сiл улупiць у машыну мужа, але прамахнулася, i ўдар прыйшоўся на аўто суседа, прыпаркаванае побач. I законнага не пакарала за аўтапрагулкi з сяброўкай, i, як цяпер кажуць, на сур'ёзныя грошы папала.


У Нарыльску мужчына дзейнiчаў напэўна, таму ўзяў камень i давай лупцаваць па машыне жонкi, з якой толькi аформiў развод. Што называецца, гучна стукнуў дзвярыма напаследак. Праўда, плацiць трэба будзе шмат. У такiх сiтуацыях заўсёды даводзiцца плацiць ды, хочаш не хочаш, станавiцца героем крымiнальных хронiк.

А вось наш чалавек паглядзеў на гэтыя выпускi навiн ды рашыў змаўчаць. Таму што жыве ў адным з невялiкiх гарадоў на поўднi краiны, таму што займае хоць i не асаблiва вялiкую, але пасаду. Таму вылiчыць яго, нават калi iнфармацыя пройдзе без прозвiшча, асобным разумнiкам што раз плюнуць. I яму гэтыя размовы ды смяшкi за спiнай зусiм не патрэбныя. Вядома, шкада новай машыны, пры тым — нi страхоўкi табе, нi кампенсацыi. Але ж рэпутацыя даражэйшая. Таму i не ўздымаў шуму, а цiхенька прыгнаў аўто ў малярна-кузаўны цэх абласнога цэнтра i рашыў адрамантаваць за ўласныя грошы. Мацi гаспадара таго цэха — мая даўняя прыяцелька, яна i расказала. Ён з майстрам разгаварыўся, трэба ж было выгаварыцца пра тое, што накiпела. Паводле слоў уласнiка iншамаркi, пабiў машыну неўраўнаважаны грамадзянiн, якому здалося, што ён, Iван Пятровiч, падвозiў яго жонку, i не раз. Як там было насамрэч, знаюць хiба толькi дарогi райцэнтра.

Але прыяцелька мая Ларыса Дзмiтрыеўна цалкам на баку аўтаўладальнiка i супраць таго неўраўнаважанага грамадзянiна: «Бач, якi герой! Калi не хапае табе грошай, на тры работы ўладкуйся, купi сабе машыну таксама ды вазi сваю палавiну. Альбо, калi на тое, разбярыся па-мужчынску, пагавары, высветлi акалiчнасцi. Вядома, лягчэй з-за вугла падкрасцiся, машыну пабiць — яна ж не будзе адбiвацца. А то ж невядома, хто каму твар паб'е, калi да разбораў дойдзе».

Але не толькi б'юць, цяпер нярэдка яшчэ i паляць машыны сапернiкаў. Летась у Асiповiчах адзiн адстаўны кавалер так адпомсцiў маладому чалавеку былой дзяўчыны. I што атрымаў? Зразумела, крымiнальную справу. Паляць машыны i жанчыны — з той жа прычыны. Калi ўважлiва прачытаць зводкi за некалькi гадоў, то ў кожнай вобласцi можна знайсцi падобныя правапарушэннi. Некаторыя чамусьцi лiчаць, што спалiць лягчэй, чым, скажам, пабiць.

Сумна жывуць сучаснiкi, нiякага творчага палёту думкi... А раней жа было... Памятаеце паэму «Сказ пра Лысую гару»? «Я падпалю на ёй спаднiцу i як жабоцьку раздзяру», — гразiлася раз'юшаная жонка члена Саюза пiсьменнiкаў ды старалася заспець неспадзеўкi свайго творцу з той, што часова замяняла музу. Але ў творы да падпальвання адзежыны справа не дайшла, бо пiсьменнiк аказаўся цi то крыштальна чысты перад уласнай палавiнай, цi то вельмi асцярожны. Так што лепей за ўсё нiчога не палiць, ды i не бiць па магчымасцi. Ёсць жа i нейкiя iншыя шляхi вырашэння праблем. Часам гумар дапамагае, да жыцця нао-
гул карысна ставiцца з пэўнай доляй гумару.

Гэта я ўсё расказваю, каб хоць трошкi вас павесялiць у такi складаны для ўсiх нас перыяд. I нездарма прыгадала «Сказ пра Лысую гару». Калi давядзецца пабыць некаторы час на каранцiне дома, вельмi раю перачытаць. Ёсць тэкст i ў iнтэрнэце. Атрымаеце сапраўднае задавальненне ад сакавiтага беларускага слова i дасцiпнага гумару. Гэта вам не сённяшнiя часам праставатыя, часам пашлаватыя смяшынкi, што натоўпам гуляюць у сецiве. Хутка ўжо паўвека ад напiсання твора, а героi нiбы з сённяшнiх прататыпаў пiсаныя. Значыць, маленькiя чалавечыя слабасцi не мяняюцца: што цяпер, што тады, калi «быў час, быў век, была эпоха». Калi ўважлiва агледзецца вакол, пасмяяцца заўсёды знойдзеш з чаго. Вось еду сёння па праспекце Машэрава ў Брэсце, гляджу ў акно аўтобуса i заўважаю, што на балконе трэцяга паверха аднаго з дамоў ёлка стаiць. Адразу згадваецца стары анекдот. Мужчына кажа ў кампанii сяброў: «Разводзiцца буду, бо запiлавала. Май на двары, а яна ўсё: выкiнь ёлку, выкiнь ёлку!» Ну, бывайце здаровыя, дарагiя чытачы, i не губляйце пачуцця гумару.

Святлана ЯСКЕВIЧ

Прэв'ю: ivteleradio.ru

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.