Вы тут

Адправiць састарэлага сваяка ў дом-iнтэрнат супраць яго волi не атрымаецца


Кожны з нас рана цi позна стане стары. На што мы разлiчваем пры гэтым? Цi думаем, як будзем жыць, асаблiва ў вельмi сталых гадах? Хутчэй за ўсё, мы адмахваемся ад падобных думак, таму што трэба быць цалкам бясстрашным чалавекам, каб сумленна расставiць кропкi над «i» ў гэтым пытаннi. Але для тых, каму цяпер за 70-80, старасць — ужо рэчаiснасць. Якая яна? Давайце разгледзiм адзiн з варыянтаў...


Вядома, у iдэале было б добра, каб старога чалавека, якому ўжо за 80, даглядалi яго дзецi, каб ён пражываў сваю старасць дома i сярод родных людзей. Але жыццё падкiдвае велiзарнае мноства сiтуацый, калi гэта становiцца амаль немагчыма. Дапусцiм, сям'я праходзiць праз стадыю цяжкага разводу, з узаемнымi прэтэнзiямi, падзелам маёмасцi i кватэры, i для пажылога чалавека тут цяпер не найлепшае месца... Або дзецi жывуць i працуюць за мяжой, i забраць туды бацькоў не ўяўляецца магчымым. Цi дарослая дачка, якая даглядала сваю старую мацi, цяжка захварэла i сама мае патрэбу ў дапамозе... На жаль, бывае шмат абставiн, калi адзiным выйсцем для пажылога чалавека становiцца дом састарэлых.

Пра тое, чаго чакаць ад гэтага варыянта, мы гутарым з намеснiкам начальнiка ўпраўлення арганiзацыi сацыяльнага абслугоўвання Мiнiстэрства працы i сацабароны Мiкалаем АРЛОМ.

— У гэтым пытаннi нам трэба памятаць аб прынцыпе добраахвотнасцi, — адразу ж папярэджвае наш суразмоўнік. — Жаданне дзяцей тут не мае нiякага значэння. Трапiць у дом-iнтэрнат пажылы чалавек можа пры адзiнай умове: ён сам павiнен гэтага хацець. «Здаць» дзядулю або бабулю ў дом-iнтэрнат супраць iх волi нельга. Вядома, калi чалавек можа сам сябе абслугоўваць, наўрад цi ён захоча пайсцi туды жыць. Але з цягам часу, калi ён ужо перастае спраўляцца з жыццёвымi задачамi, у шэрагу выпадкаў дом-iнтэрнат можа стаць адзiным выйсцем, асаблiва калi ў чалавека ёсць медыцынскiя паказаннi.

Як трапiць у дом-iнтэрнат для састарэлых?

— Для гэтага чалавек павiнен або звярнуцца з заявай ад свайго iмя ў мясцовы орган па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне, або зрабiць гэта праз тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання (ТЦСАН), — тлумачыць спецыялiст. — Але лепш усё ж звярнуцца самому ва ўпраўленне па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне: там адразу ж i пракансультуюць, i раскажуць аб неабходных дакументах, i самi паралельна пачнуць iх збiраць.

Якiя дакументы патрэбныя?

Перш за ўсё пашпарт. Яшчэ заключэнне УКК пра неабходны тып дома-iнтэрната, выпiска з медыцынскiх дакументаў (для пачатку трэба звярнуцца ў палiклiнiку да свайго ўчастковага тэрапеўта). Таксама патрэбны дакументы, якiя пацвярджаюць права на льготы. Тут маецца на ўвазе перш за ўсё пасведчанне iнвалiда, калi яно ёсць. Цi, напрыклад, пасведчанне ўдзельнiка Вялiкай Айчыннай вайны i г. д. Яны даюць права на першачарговае цi нават пазачарговае пасяленне ў дом-iнтэрнат. Праўда, на 1 студзеня гэтага года чэргаў на пасяленне туды ў нашай у краiне не было.

Таксама органы па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне самi запытваюць звесткi аб месцы жыхарства i складзе сям'i; даведку аб жылых памяшканнях, якiя знаходзяцца ва ўласнасцi грамадзянiна ў адпаведным населеным пункце; запытваюць (афармляюць) даведку аб памеры пенсii, копiю заключэння МРЭК аб iнвалiднасцi, акт абследавання матэрыяльна-бытавых умоў пражывання.

— Навошта неабходны ўсе гэтыя даведкi? — пытаем Мiкалая Анатолевiча.

— Таму што чалавек выпiсваецца са сваёй кватэры i прапiсваецца ў доме-iнтэрнаце. Дзяржава не забiрае яго кватэру. Гэта можа адбыцца толькi пры волевыяўленнi самога чалавека, калi памiж чалавекам i дзяржавай заключаецца дагавор рэнты.

Што да складу сям'i, то ён уплывае на аплату. Калi ёсць працаздольныя дзецi, то-бок ва ўзросце ад 18 гадоў i да пенсiйнага ўзросту, i калi яны не з'яўляюцца iнвалiдамi 1-й або 2-й групы, то чалавек пасяляецца ў доме-iнтэрнаце на платнай аснове.

Колькi каштуе дом-iнтэрнат?

Кошт утрымання чалавека складае 961 рубель у доме-iнтэрнаце агульнага тыпу i 776 рублёў у доме-iнтэрнаце псiханеўралагiчнага тыпу. Столькi дзяржава трацiць у месяц на аднаго чалавека.

Але аплата пражывання ў доме-iнтэрнаце, устаноўленая дзяржавай, iншая. Пражыванне за адзiн месяц абыдзецца ў суму каля 500 рублёў. Аплата можа ў розных рэгiёнах адрознiвацца, але нязначна.

Адзiнокiя людзi (а таксама тыя, у каго дзецi ўжо пенсiянеры або з'яўляюцца iнвалiдамi 1-й цi 2-й групы) пражываюць бясплатна. Але пры гэтым яны атрымлiваюць на рукi не ўсю пенсiю, а толькi 10 % ад яе.

Дом-iнтэрнат — гэта ўжо назаўсёды?

Зусiм не абавязкова. Калi, напрыклад, стан чалавека палепшыўся (у жыццi ўсякае бывае), або яму не спадабалася тут, або ён проста перадумаў, можна напiсаць заяву на iмя дырэктара i вярнуцца дадому. Нiхто яго гвалтоўна ўтрымлiваць не будзе.

I ў цэлым: можна не перабiрацца ў дом-iнтэрнат адразу на пастаяннай аснове. Спецыялiсты рэкамендуюць спачатку пасялiцца туды часова (часовае становiшча можа расцягнуцца як на 1-2 месяцы, так i на 6—8 i нават на год). Пры гэтым можна пакуль не выпiсвацца са сваёй кватэры. Iншымi словамi, пажылы чалавек можа «прымераць» на сябе такое жыццё, паглядзець, цi будзе яно яго задавальняць.

Цi можна самому выбраць дом-iнтэрнат?

Можна, але толькi ў межах той вобласцi, дзе чалавек прапiсаны. Дзецi могуць з'ездзiць у некалькi такiх устаноў, паглядзець i выбраць, у якую хацелася б пасялiць свайго пажылога сваяка.

Чаго чакаць ад дома састарэлых?

Вось што гаворыцца пра гэта на сайце Мiнiстэрства працы i сацыяльнай абароны: усiм грамадзянам, якiя пражываюць у дамах-iнтэрнатах, даецца жылое памяшканне з разлiку не менш чым 6 кв. м на чалавека, чатырохразовае харчаванне, мяккi iнвентар згодна з устаноўленымi нормамi. Грамадзянам, якiя знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэннi, — адзенне i абутак, неабходнае бытавое абслугоўванне (прыборка пакоя, мыццё i прасаванне адзення, змена нацельнай i пасцельнай бялiзны, паслугi цырульнiка).

У дамах-iнтэрнатах аказваюцца сацыяльныя паслугi ў адпаведнасцi з Пералiкам бясплатных i агульнадаступных сацыяльных паслуг дзяржустаноў сацыяльнага абслугоўвання з нормамi i нарматывамi забяспечанасцi грамадзян гэтымi паслугамi, зацверджаным пастановай Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь ад 27 снежня 2012 г. № 1218 «Аб некаторых пытаннях аказання сацыяльных паслуг».

Акрамя таго, у дамах-iнтэрнатах арганiзаваны кругласутачны догляд, аказваецца неабходная медыцынская дапамога як дактарамi, так i медыцынскiмi сёстрамi, праводзяцца фiзiятэрапеўтычныя працэдуры i заняткi па лячэбнай фiзкультуры, працуюць стаматалагiчныя кабiнеты. Нямала ўвагi ўдзяляецца арганiзацыi вольнага часу. Працуюць клубы, гурткi па iнтарэсах, можна рэалiзаваць сябе ў творчасцi.

Для забеспячэння пажылым людзям i iнвалiдам такой неабходнай для iх незалежнасцi i максiмальнай самастойнасцi ва ўстановах ствараецца безбар'ернае асяроддзе. Жылыя пакоi, памяшканнi грамадскага карыстання абсталёўваюцца поручнямi, пандусамi, тэхнiчнымi сродкамi сацыяльнай рэабiлiтацыi.

— У сярэднiм у нашых дамах-iнтэрнатах для пажылых людзей агульнага тыпу 2-3-меснае размяшчэнне, — дадае Мiкалай Арол. — У пакоi — ложкi, тумбачкi, шафа... Тэлевiзар, як правiла, у холе. Дарэчы, многiя дамы-iнтэрнаты — гэта былыя санаторыi. Таму там блочная планiроўка, у блоках ёсць усе выгоды.

Што можна ўзяць з сабой?

— Цi можна, напрыклад, прывезцi з сабой любiмы фiкус? — спыталi мы спецыялiста.

— Гэта не забараняецца, можна браць нейкiя любiмыя рэчы, у тым лiку i прадметы iнтэр'еру. Адзiнае, на што накладзена забарона, — гэта хатнiя жывёлы. Узяць улюбёнца з сабой, на жаль, не атрымаецца.


Вось некалькi меркаванняў наконт дамоў-iнтэрнатаў для пажылых. Тэма аказалася настолькi далiкатная, што нашы суразмоўцы папрасiлi не называць прозвiшчаў.

Аляўцiна Iванаўна, 56 гадоў:

— Дом састарэлых — гэта крайняя мера, не ведаю, кiм трэба быць, каб «здаць» туды роднага чалавека. Я ўпэўнена, што так робяць толькi эгаiсты, якiя жывуць па прынцыпе: абы сябе, любiмага, не патурбаваць. Людзi з узростам прыкiпаюць да родных сцен. I мяняць звычкi ў 80-90 гадоў — вельмi цяжка, амаль немагчыма. Пераезд у дом-iнтэрнат — такi моцны стрэс для старых, што з-за яго многiя там у хуткiм часе i памiраюць...

Iрына Сяргееўна, 42 гады:

— Уявiце сабе: дзядуля не можа сам адзецца або перавярнуцца ў ложку без вашай дапамогi, яму патрэбны кругласутачны догляд... Не ўсе сем'i могуць дазволiць сабе наняць сядзелку. Ды i яна прыходзiць у дом, як правiла, на нейкi час, а не дзяжурыць кругласутачна. I што рабiць, напрыклад, дачцэ такога старога? Звальняцца з работы? Забыцца пра сваё жыццё i ледзь не кругласутачна дзяжурыць каля яго? А ў яе яшчэ двое дзяцей i муж, увогуле сям'я... I вось як самому старому не адчуваць сябе цяжарам для ўсёй сям'i пры гэтым?

Я, дарэчы, да гэтага часу так i не змагла адказаць для сябе на пытанне, што ж рабiць з вельмi пажылым сваяком, калi яму ўжо зусiм дрэнна i патрэбна кругласутачная дапамога. Бо не рэдкасць, калi паралiзаваныя людзi i па 10-15 гадоў пасля iнсульту жывуць... З аднаго боку, класцi сваё жыццё на алтар iх догляду — не варыянт. Ведаю выпадкi, калi пасля многiх гадоў такой сiтуацыi людзi перагаралi, i жыццё для iх станавiлася проста невыноснае. Але i як «збыць» з рук роднага чалавека — таксама пытанне...

Уладзiмiр, 38 гадоў:

— Некаторыя старыя быццам i жывуць дома, але па сутнасцi закiнутыя: з iмi амаль не размаўляюць, да iх ставяцца грэблiва. Бываюць i крайнiя варыянты, калi яны зазнаюць гвалт: iх б'юць, на iх крычаць, забiраюць пенсiю — ёсць жа i такiя сiтуацыi. У гэтым выпадку, я думаю, дом састарэлых — лепшы варыянт.

Святлана Бусько

Фота selgazeta.ru і vitvesti.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якiя нашы звычкi шкодзяць здароўю i знiшчаюць iмунiтэт?

Якiя нашы звычкi шкодзяць здароўю i знiшчаюць iмунiтэт?

Мы ў жыццi шмат чаго робiм, што пагаршае наша здароўе — або адразу, або ў аддаленай перспектыве.

Грамадства

Рэктар Магілёўскага дзяржуніверсітэта Дзянiс Дук: У нас свае асаблiвасцi i шлях развiцця ў сусветнай гiсторыi

Рэктар Магілёўскага дзяржуніверсітэта Дзянiс Дук: У нас свае асаблiвасцi i шлях развiцця ў сусветнай гiсторыi

Тры гады таму Дзянiс Дук пераехаў у Магiлёў, каб узначалiць вядучую ВНУ вобласцi па падрыхтоўцы педагагiчных кадраў.

Эканоміка

Прадукты для эфектыўнай энергіі: аксіяльны ветрагенератар, анодныя зазямляльнікі, керамзітапенабетон, паліўныя брыкеты

Прадукты для эфектыўнай энергіі: аксіяльны ветрагенератар, анодныя зазямляльнікі, керамзітапенабетон, паліўныя брыкеты

Пераможцы шостага конкурсу «Лідар энергаэфектыўнасці — 2020» сёлета ўдзельнічалі ў спаборніцтвах анлайн і гэтак жа атрымлівалі віншаванні.