Вы тут

Чаму ў смаргонскага мядзведзя чырвоныя кіпцюры?


Чаму ў смаргонскага мядзведзя чырвоныя кіпцюры?

Гэта па вуліцы Аляксандра Матросава спыніла незнаёмца ў ватоўцы.
Пацёганая шапка-вушанка з труса, голая шыя без шаліка. Бачна, чалавек трывалы, але бліжэйшае знаёмства паказала, што сэрца мае чуллівае, каб не сказаць крыўдлівае. Той недаўгі час, які мы стаялі, дапальваў цыгарэту без фільтра, нейкім цудам трымаючы грубымі пальцамі недапалак з міліметр. І не для таго, каб пашырыць веды, да яго звярнулася, а больш сябе праверыць на здольнасць давесці намер да канца. На страх заадно сябе праверыць стрэльнула падысці да першага чалавека насустрач і запытацца пра назву вуліцы. Бо ў нас іх усе паперайменоўвалі савецкім часам. Як называлася да вайны?
Дзядзя, нягледзячы на крыху спіты выгляд, так твяроза сказаў, што адразу паверыла яму і не пераправярала:
— Не было яе да вайны. Пасля вайны толька паявілася.
— Вось як.
— А нашто вам?
— Я пішу пра Смаргонь усякія па тыпу… Збіралася сказаць «эсэі», але што яму за справа да эсэяў незразумелых. Яшчэ тлумачыць прыйдзецца. А ён, дапусцім, пакрыўдзіцца, што прымаю за невука. І сказала:
— Усялякія там па тыпу артыкулы ў газету.
Але ён усё роўна знайшоў нагоду пакрыўдзіцца:
— Што вы можаце пра Смаргонь знаць? — махнуў на мяне рукой безнадзейна дзядзя і пайшоў, кінуўшы на хаду ледзь не са слязьмі ў голасе:
— Вы ж і пра Мядвежную акадземію не чулі сто працэнтаў!
Нават не паспела падбадзёрыць дзядзю, што чула, — так хутка сышоў. Чуць-то чула, але мала, бо даўно гэта было. У сярэдзіне сямнаццатага стагоддзя, можа нават і раней, адчынілася навучальная мядзведжая ўстанова. І таму калі я запыталася ў сантэхніка, які рамантаваў сліўны бачок, што ён думае наконт акадэміі, дык слушна адказаў: «Даўно гэта было». Але хлопец гаваркі трапіўся, галоўнае — направіць у патрэбнае рэчышча.
— А як вы думаеце, для чаго была патрэбная школа для мядзведзяў?
— Грошы зарабляць на іхных штуках і танцах мядзведжых.
— А як вы думаеце, чаму менавіта цыганы іх вадзілі?
— Бо свабодныя яны ж, качавыя. Ім ні працы, ні дома не трэба, хадзі сабе хоць год па свеце з мішкам, — сантэхнік, відавочна, зайздросціў цыганскаму ладу жыцця.
— А як вы думаеце, чаму дрэсіравалі менавіта мішкаў? — не адчаплялася я ўпарта.
— Ну, не ваўкоў жа.
Я ўявіла ваўка на задніх лапках, які скача пад бубен, і засмяялася.
Сантэхнік гавора тады, калупаючыся ў бачку:
— Не бачу нічога смешнага. Мядзведзь вялікі, злы, да яго так проста не падыдзеш. Не панімаю, як не баяліся цыганы з ім справу мець. Кіпцюры нібы цвікі.
Тут я і ўспомніла фільм. Адзіны, дзе паказваюць выступ цыгана з мядзведзем. Можа, фільмаў з гэткай парачкай шмат, але я не бачыла, таму пішу «адзіны». Сербскі рэжысёр зняў фільм, Саша Петравіч. Шкада, што не смаргонскі. Каму, як не смаргонскаму рэжысёру, здымаць пра цыгана і мядзведзя — вучня Смаргонскай мядзведжай акадэміі, дарэчы, адзінай у Еўропе школы па «выхаванні» мядзведзяў на працягу амаль 250 гадоў. Ды не нарадзіўся яшчэ такі ў нас. Пачакаем.
Фільм называецца «Тры». Бо тры часткі ў ім. У першай бадай адразу сцэна гэтая. Эпізод цыгана з мішкам выглядае, нібыта здымалі ў старажытныя часы на аматарскую стужку, быццам прыхаваная камера назірае за імі. Я не магу, канешне, сцвярджаць, быццам ведаю, як выглядалі цыган з мішкам дзвесце год таму. Але бывае такое, што адразу пазнаеш нібыта. І нібыта ўсё па праўдзе, давяраеш адразу. А бывае, і касцюмы, і манеры, і фільм відавочна якасныя, а фальшыва. У сербскага рэжысёра не фальшыва. Я колькі разоў пракручвала эпізод кароткі. Столькі праўды ў ім. У манатонным бубне цыгана, у мішкавым пагойдванні. Скаланула, калі ўпершыню глядзела. Я патрыёт свайго горада, аказваецца.
Паміж цыганом і мішкам адносіны бачна што свойскія. У мішкі ёсць імя — Марко. Натуральна, кальцо жалезнае ў носе. Мішка хіліць галаву моцна ў бок, дзе кальцо ў правай ноздры. Ланцуг працягнуты праз кальцо. Цыган глуха б’е ў скураны бубен. Мішка перавальваецца з лапы на лапу, мітусліва і пакорліва. Але гэта падманлівая абыякавасць. Таму што між імі — здаравенная палка. Вось у чым уся справа. Ад пояса цыгана да звярынай шыі прымацаваная тая палка. І не дазваляе мішку дацягнуцца да павадыра-бубнара нават кончыкам кіпцюра. А ён і не спрабуе нават. Паслухмяна танчыць. Рыкае раз-пораз. З вокнаў цягніка смяюцца. Цыган зладзіў прадстаўленне на чыгунцы, што не ўпісваецца ў стандартнае месца выступаў, бо колькі чытала пра цыганоў з мішкамі — усё яны па кірмашах. Але і вайна не ўпісваецца ў стандарт. Якія там ужо моцна кірмашы ў вайну.
Мішку абсыпаюць манетамі, як восеньскім лісцем. Цыган не паспявае нахіляцца падымаць. Салдаты едуць на фронт, няшмат на што там грошы патрэбныя. У фільме падзеі другой сусветнай вайны адбываюцца. Тое, што Акадэмія зачынілася ўказам Расейскага сената напрыканцы дзевятнаццатага стагоддзя, пасля падзелу Рэчы Паспалітай і ўваходжання Смаргонскіх зямель пад уладу Расеі, не азначае поўнага знікнення дрэсіраванага мішкі з твару зямлі. Шматгадовую традыцыю ўказам не адменіш. Мне адначасова шкада і што Акадэмію забаранілі, і мішку шкада. Унутраны разлад.
Салдаты рагочуць з фортак вагонаў. Салдаты не ведаюць, як школа дрэсіроўкі адбівала ў магутных жывёл наймацнейшую прагу да ўласнай волі. На дно жалезнай клеткі пускалі мішку ў лапцях на задніх нагах, пярэднія былі голыя. Пад клеткай гарэў агонь. Калі пачынала моцна падпякаць, станавіўся мішка на заднія. Не мішка, а мядзведзік. Іх пачыналі вучыць яшчэ маленькімі. У заднія таксама падпякала, не так моцна, як ў пярэднія, але вымушала мяняць ногі. Танчыць, значыць. І бубен граў. Умоўны рэфлекс выпрацоўваўся такім чынам.
Аднойчы ў дзяцінстве я сасніла сон, дзе мядзведзь помсціў людзям. За здзекі над мядзведжым родам, я так думаю цяпер пра гэта. Нібыта жыве ў Смаргоні, на вуліцы майго дзяцінства, на Вілейскай, мядзведзь-людажэр у звышнатуральных памераў бервяной хаце. Да яе няма прыступак. Толькі аграмаднае бервяно, ад зямлі на ганак закінутае, вядзе. Па ім мядзведзь падымаецца і спускаецца. На двары ні травінкі, ні кветкі, ні дрэўца, ні кусціка. Ні мядзведзя, ні ахвяр яго не бачна. Але трывожная нібы дымка вее паўсюль. Гэта мухі, іх процьма. Па незлічонай колькасці мух было зразумела пра ўсё: і пра тое, што мядзведзь тут жыве, і што людажэр, і што ахвяры недзе побач, у сутарэнні. Значна цікавей было б, каб мядзведзь гэты пабудаваўся на вуліцы Танкістаў, былой Мядзведскай, што яшчэ раней «Скоморошья» называлася, пры ўладарах смаргонскіх — Радзівілах. Напрыканцы яе, лічыцца, і была Акадэмія, на пагорку, дзе цяпер гарадскі шпіталь. Але не, але не ў сне. Дзеянні ўсіх дзіцячых сноў адбываліся на вуліцы дзяцінства, ясная справа, і мядзведзь ніяк не мог жыць у іншым месцы горада.
З мядзведзем-людажэрам прымірыла толькі маскоўская алімпіяда. Ейным сімвалам, агульнавядома, быў мішка. Я назбірала за гэты 1980 год вялізную калекцыю алімпійскіх мішкаў у выглядзе значкоў, сувенірных фігурак, керамічных статуэтак. Нават бумажных лялечак намалявала і сабе, і ўсім сяброўкам: алімпійскага мішку-дзяўчынку і алімпійскага мішку-хлопчыка, з камплектамі адзення на ўсе сезоны. Вялікая статуя мядзведзя прыдумалася значна пазней, калі ў Смаргонь прыязджаў у мінулым годзе пісьменнік Уладзімір Арлоў з прэзентацыяй кнігі «Айчына». Мы пайшлі гуляць у парк. Там скульптурная кампазіцыя па цэнтры: мядзведзь на задніх лапах і два мужычкі, з дудкай адзін, другі з бубнам. Уладзіміра Арлова кампазіцыя не сказаць каб узрушыла. Пахваліў, што ў горадзе шануюць спадчыну, але не ах! Тады кажу нечакана для сябе:
— Каб мець уладу і грошы, дык я б паставіла агромністы помнік мядзведзю на самым высокім месцы горада, метраў са сто, каб з Мінска было відаць!
Арлоў толькі рот разявіў:
— Ну і фантазія!
У мастака смаргонскага герба сучаснага — таксама фантазія. На гербе — мядзведзь. На задніх лапах. Усё па-акадэмічнаму, толькі кіпцюры чырвоныя. Спадзяюся, не ў гонар мядзведзя-людажэра. Не можа аднолькавы сон сасніцца двум адразу. Хутчэй за ўсё, гэта ад жару, які палыхаў пад клеткай з мішкам, калі яго вучылі танчыць. Змрочная версія, ненашмат лепшая за людажэрную. І я запытала ў сяброўкі-журналісткі. Так, на ўсялякі выпадак. Можа, іншую якую думку мае. Мела:
— Яму фарбаваць пазногці маглі.
— Навошта?
— Артыст жа. Артысту трэба выглядаць прывабна.
— Думаеш, лак для пазногцяў існаваў у тыя часы?
— Тады проста фарбай чырвонай.
Цяпер мяне не пакідае вобраз мядзведзя-волата над горадам. З чырвонымі кіпцюрамі, каб з гербам пераклікаўся. Адзіны стыль — гэта важна. А каб ён здаваўся яшчэ вышэйшым, у выцягнутай дагары лапе — залаты абаранак. Іх, гавораць, спачатку пяклі толькі для мядзведзяў. Накшталт сухіх кансерваў. Пасля цыганы рассмакавалі. І толькі пасля — астатнія ўжо.

Таня СКАРЫНКІНА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Андрэй Худык: Неабходная мабілізацыя ўсіх узроўняў улады, грамадства і бізнесу для сумесных дзеянняў па ахове прыроды

Андрэй Худык: Неабходная мабілізацыя ўсіх узроўняў улады, грамадства і бізнесу для сумесных дзеянняў па ахове прыроды

Ад таго, наколькі беражліва людзі ставяцца да прыроды, залежыць якасць іх жыцця, здароўе і нават дабрабыт. 

Грамадства

У зоне павышанай небяспекі. Як працуе выбуховатэхнічны цэнтр унутраных войскаў МУС

У зоне павышанай небяспекі. Як працуе выбуховатэхнічны цэнтр унутраных войскаў МУС

Пра асаблівасці работы мы пагутарылі з намеснікам начальніка ўстановы Максімам Кулем.

Грамадства

Стаўленне «выкарыстаў — выкiнуў» трэба мяняць на «адсарцiраваў — перапрацаваў»

Стаўленне «выкарыстаў — выкiнуў» трэба мяняць на «адсарцiраваў — перапрацаваў»

Пахаванне адходаў — самы просты i танны спосаб пазбавiцца ад iх, аднак ён шкодзiць наваколлю i здароўю чалавека.

Грамадства

Новы кантэнт для лета. Чым заняць дзяцей на 92 днi

Новы кантэнт для лета. Чым заняць дзяцей на 92 днi

У перыяд летніх канікулаў для школьнiкаў i студэнтаў падрыхтаваны розныя цiкавыя мерапрыемствы, у тым лiку шмат з iх — анлайн.