Вы тут

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў


Першыя прыгоды радавога Н.

Званне афiцэра я атрымаў пасля iнстытута i ў войску служыў так званым «пiнжаком»... Даўно гэта было, але ж помнiцца многае.

Неяк вось стаiм у патрулi каля нашай вайсковай часцi. Навокал прасцiраецца лес, да яго i цераз яго — дарога на палiгон. Нiчога цiкавага, карацей, апроч маленькай крамкi.

Мы (са мной яшчэ двое радавых) сядзiм на лавачцы непадалёк, i нiкога такога не бачым. Хiба салдат, якiя iдуць спачатку на палiгон, потым — назад з палiгона, але ж iдуць яны «як паложана» — пад кiраўнiцтвам афiцэра цi прапаршчыка.

А мiж тым дзень ужо блiжэе да вечара, я мару здаць, нарэшце, нарад i...

I раптам на ўскрайку лесу, метраў, можа, за сто бачу некалькi салдат. З хвiлiну яны стаяць, нешта абмяркоўваюць, потым адзiн хуткiм крокам iдзе да крамы, астатнiя хаваюцца ў лесе.

Мы пачынаем сачыць за салдатам, чакаем, што ён зараз убачыць патруль, спалохаецца i дасца назад. Аж не! Iдзе, наблiжаецца да крамы. Значыць, думаю, з маладых... I задачу перад iм «дзяды» паставiлi так, што, апроч крамы, ён нiчога не бачыць.

Тым часам салдат расчыняе дзверы туды, заходзiць...

Ну ўсё, думаем, папаўся Жучка ў нашую ручку: заходзiм следам. А салдата ўнутры... няма. Ёсць дзве жанчыны (прадавачка i пакупнiца) — разглядаюць нейкую тканiну. Пытаю, цi не заходзiў хто. Кажуць, што не — з гадзiну нiкога не было.

Атрымлiваецца, што салдат прымроiўся?

Уважлiва аглядаем магазiн (хлопцы мае — дык болей тавары). Плошча яго досыць сцiплая, нi вялiкiх шаф, каб схавацца, нi iншых дзвярэй, каб выйсцi, нямашака, прылавак досыць вузкi, але ж ён, можа, з нiшай? Я перагнуўся i... Эўрыка! Дакладней — ногi ў кiрзавых ботах.

— Вылазь! — гучна камандую хлопцу.

Той моўчкi падымаецца.

— Што ты там рабiў?

Радавы спалохана маўчыць. Значыць, трэба яму дапамагчы?

— У цябе грошы ўпалi? — пытаюся, заўважыўшы ў яго руцэ некалькi паперак.

— Так... Грошы.

— А што ты хацеў купiць?

Хлопец зноўку маўчыць (праўду сказаць, мусiць, не хоча, а хлусiць не навучыўся яшчэ).

— Можа, мыла? — «здагадаўся» я, убачыўшы побач «цаглiны» гаспадарчага.

— Мыла, — згадзiўся салдат.

— Тады купляй i можаш быць вольны.

Радавому нiчога не заставалася, як хуценька заплацiць за брусок мыла, узяць рэшту i выбегчы з крамы.

Не затрымалiся ў ёй i мы — выйшлi, пастаялi трохi на ганку, паглядзелi хлопцу ўслед.

— Ён дрэннае мыла ўзяў, — заўважыў адзiн з маiх салдат.

— Гэта чаму? — не зразумеў я.

— Дык дзяды ж зараз параяць запiхнуць яго... А туалетнае — куды меншае.

Век жывi, што называецца, век вучыся... Але ў войску я ўжо не паспеў: той нарад быў, здаецца, апошнi.

Я. Шастакоў, г. Гомель


Чужыя... Яны ж свае

Фота agronews.com

Якi ўсё ж крохкi i безабаронны свет. Колькi таго вiруса, а бач, змянiў жыццё на ўсёй планеце, парушыў планы, пасеяў страх. Толькi i гутаркi вакол, што пра ахвяры ды вакцыну, а потым мiмаходзь пра тое, што адкрыўся падпольны продаж медыцынскiх масак, што на iх падскочылi цэны, што ў нейкай аптэцы ўжо ёсць лекi... Нехта, значыць, i цяпер iмкнецца ўрваць капейку, зрабiць свайго роду камерцыю, нажыцца на гэтай бядзе. Толькi ж на два вякi не нахапаеш, ад смерцi не адкупiшся. З нагоды — адзiн ўспамiн.

...Калi аб'явiлi пра смерць Сталiна, у нашай вёсцы нi слёз, нi мiтынгаў чамусьцi не было: адмянiлi хiба што заняткi ў школе ды, можа, трывога яшчэ павiсла. Людзi баялiся новай вайны, гаварылi пра нейкую халодную...

У загадчыка фермы лямпавы радыёпрыёмнiк быў. Дык дарослыя кожны вечар слухалi яго, абмяркоўвалi перадачы, казалi, што калi зноў грымне, наўрад цi выжывуць...

Некаторыя дык яшчэ i рыхтавалiся: сушылi сухары, запасалiся мылам, запалкамi. Гэта, праўда, больш у гарадах, у вёсках не было за што купляць — нават самае неабходнае.

Але ж хто-нiхто i там не гараваў — нават у вайну. Апанас вось (рэдкi прайдзiсвет) нейкiм чынам стварыў быў запас харчоў i потым мяняў iх на розныя рэчы...

Пасля смерцi Сталiна, мусiць, зноў спадзяваўся разжыцца. Недзе раздабыў сем мяхоў солi. Баючыся, каб не адсырэла, вырашыў зацягнуць iх на вышкi ў паветцы, а па дарозе — трошкi нацерушыў. Карова, бедная, «падабрала», за соллю ўшчамiлася ў паветку. I, мусiць, маханула там галавой — зачапiла рагамi жэрдкi... Карацей, соль абрынулася ўнiз, рагуля загінула.

Людзi вельмi шкадавалi i карову, i Апанасаву нявестку-ўдаву, яго ўнукаў — без малака засталiся. А вось Апанасу нiхто не спачуваў. Нават у вочы казалi: «Што?.. Хацеў яшчэ раз багацце нажыць на горы людскiм? Хай бы цябе лепш тая соль прыдушыла!»

...Мама нават здагадвалася, хто так казаў: хутчэй за ўсё — бабуля Варвара. Смелая жанчына была, справядлiвая, а ўжо ж дабрэнная... З восенi 43-га да вясны 44-га ў яе хацiнцы 17 чалавек жыло. У тым лiку i мы — чужыя чужанiцы: да таго верасня нават знаёмыя з ёй не былi... А, бач, не дала загiнуць, прыняла — усiх семярых!

Што цiкава, памерла гэтая бабуля ў 92 гады, як той казаў, на сваiх нагах i ў светлым розуме. Пажыла, дзякуй богу!.. Можа, i нашымi малiтвамi.

Любоў Чыгрынава, г. Мiнск


Адзiн да аднаго?

...Не ведаю, як у вас, а ў мяне вось няма знаёмых (асаблiва ў сталым ўзросце), якiм не хацелася б пахадзiць па сцежках маленства, сустрэцца з былымi сябрамi.

Васiль з Мiколам зусiм нядаўна з'ехалiся на свой забыты хутар — пахавалi старога сваяка. Але назаўтра (i ўжо ў iншай хаце) сышлiся яшчэ раз. I тады ўжо пацякла, палiлася гутарка, як тая вада ў нашай Кляве... Найболей дружбакi ўспамiналi выган, дзе збiралiся ўсе пасля школы, дзе гулялi ў футбол, валейбол, лапту... Гэта цяпер дзецi лiпнуць да экранаў розных там гаджэтаў.

Зрэшты, i Васiль з Мiколам на тэлевiзар касiлiся, бо якраз жа iшла праграма «Адзiн да аднаго».

— Тут артысты, тут штат грымёраў ды касцюмераў працуе, каб журы не разабралася, хто ёсць хто, — стаў казаць Мiкола. — А ў мяне ж быў рэальны выпадак, калi без нiчога нiякага...

Паехалi мы, значыць, з жонкай у санаторый «Сочы». Мора там, сонца, прыгажосць... Памалу iдзём — гуляем па вулiцы, мая ўвесь час тармозiць ля нейкiх вiтрын, а я сабе iду пацiху — прыблiжаюся да групкi маладых жанчын... I раптам, бачу — адна з iх зрываецца з месца, узняўшы рукi, стрымгалоў ляцiць да мяне — вешаецца на шыi з крыкам: «Ой, Колечка!.. Адкуль ты?»

Я ёй нiчога не кажу, бо нiчога не разумею...

Маладзiца, мусiць, адчувае гэта: апускаецца на зямлю, адхiнаецца, пачырванеўшы, кажа:

— Ой, прабачце! Я памылiлася. Вы — якраз як мой Колечка! Адзiн да аднаго!

— Колечка то Колечка, але ж не ваш! — з-за спiны ў мяне прамаўляе жонка. — Гэта мой Мiкалай. А вы яму хто будзеце?

— Я? Нiхто... Абазналася... Мы незнаёмыя, — лапоча маладзiца i, павiнiўшыся, сыходзiць, а жонка, хоць яна i не раўнiвая, учыняе мне сапраўдны допыт на тэму: цi праўда, што мы незнаёмыя?

Ледзь адбiўся тады. I вось што заўважыў: куды б потым нi хадзiлi цi нi ездзiлi, жонка старалася больш не адставаць — заўжды была побач.

...Так, магчыма, i трэба?

Нiна Бурко, Бярэзiнскi раён


Справа для сапраўдных мужчын

Алёна — мая суседка i сяброўка — часта наракае на свайго чалавека: маўляў, незямны ён зусiм, непрыламаны да жыцця, такога на два тыднi пакiнь — загiне...

Што праўда, тое праўда. Анатоль яе хiба ў машынах разбiраецца, i калi некаму патрэбны рамонт, то гэта, вядома ж, да яго. Iншыя хатнiя справы цягне пераважна Алёна, якая ўмее, здаецца, усё. Для яе што раз плюнуць i лямпачку замянiць, i карцiну павесiць, i граду ўскапаць, i шпалеры паклеiць... А якая яна кулiнарка! Не паверыце: не раз i шмат каго частавала сваiмi стравамi, раздавала рэцэпты, але дасягнуць такога смаку не змог нiхто — як мы нi старалiся.

Дык вось неяк накiравалi нашу Алёну ў горад на курсы павышэння квалiфiкацыi. Каб муж гэты час не галадаў, жонка напярэдаднi наварыла, насмажыла i напякла рознай ежы. Яе павiнна было хапiць. «У крайнiм выпадку, — сказала мужу перад ад'ездам, — сасiсак цi пельменяў зварыш».

I зусiм не дзiва, што той крайнi выпадак досыць хутка настаў, бо да пакiнутай ежы ледзь не назаўтра прычынiўся кот: дзе з'еў, а дзе пакусаў катлеты, якiя гаспадар забыўся прыняць у халадзiльнiк.

А значыць, дайшла чарга да пельменяў. Звечара Анатоль дастаў iх з маразiлкi, патрымаў у руках, патрос i паклаў на гарачую... батарэю, каб заўтра зварыць на снеданне.

Першае, што здзiвiла ранiцай, — на падлозе каля акна была брудная лужына, а другое, — што яго пельменi ператварылiся ў нейкае брыдкае бура-белае месiва. «Якая дурнiца гэту дрэнь купiла? Якога ражна паклала ў маразiлку тое, што есцi нельга? — пытаў Анатоль (праўда, зусiм iншымi словамi, якiя ў газеце не друкуюцца). — Хто гэта выпусцiў? I навошта — каб людзей патруцiць?!»

Карацей, такой гучнай ненарматыўнай лексiкi я ад суседа нiколi яшчэ не чула! А таму не вытрымала, — пайшла паглядзець, што ў чалавека зрабiлася.

Сусед — злы, таму што галодны, — спаткаў мяне на ганку. Яшчэ раз i амаль нармальнымi словамi сказаў мне ўсё, што думае пра пельменi, пра жонку, пра яе вучобу... Пад гарачую руку нават мне крыху перапала...

Але гэта было не ўсё. Сыходзячы дадому, я звярнула ўвагу на вялiкую з нечым поўную мiсу пасярод двара.

— Што яна ў цябе там робiць? — спытала чалавека.

— Ды сiноптыкi ж дождж абяцалi, — адказаў Анатоль. — Хай талеркi мне вымые.

Баючыся рассмяяцца i тым самым сапсаваць адносiны з суседам, я подбегам рушыла дахаты. А ўжо там падумала, што ў гэтым адносна новым спосабе мыцця посуду, вiдаць, ёсць рацыянальнае зерне. Аднак мы, жанчыны, яго наўрад цi знайшлi б! Гэта могуць толькi мужчыны, прычым «незямныя».

Iрына Салата, г. Гродна

Рубрыку вядзе Валянцiна Доўнар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?