Вы тут

Намеснік міністра аховы здароўя Алена Богдан: Сітуацыя з каранавірусам застаецца кантраляванай


У Беларусі з моманту выяўлення першага выпадку COVID-19 зарэгістравана 351 інфікаваных. Хворыя ёсць ва ўсіх рэгіёнах. Найбольшая іх колькасць у сталіцы — 190, у Віцебскай вобласці — 89, у Мінскай вобласці — 50, у Гомельскай — 13, Гродзенскай — 6, Магілёўскай — 2, Брэсцкай — 1. Чатыры пажылыя чалавекі з хранічнымі захворваннямі памерлі ад ускладненняў каранавіруснай інфекцыі. Асноўная ўзроставая група інфікаваных — ад 25 да 64 гадоў.


— Сітуацыя ў краіне застаецца кантраляванай. Меры, якія мы прымаем з 20-х чыслаў студзеня, дазволілі папярэдзіць, па разліках нашых эпідэміёлагаў, 840 выпадкаў COVID-19 у дзень. Я маю на ўвазе выяўленне пацыентаў з каранавіруснай інфекцыяй, іх шпіталізацыю, а таксама выяўленне кантактаў першага і другога ўзроўню і іх шпіталізацыю, а таксама правядзенне супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў на ўсёй тэрыторыі краіны. Калі б не прынятыя меры, мы б нічым не адрозніваліся ад краін, якія знаходзяцца побач. Ні адна іншая краіна такі пералік мер не прымала: нідзе не шпіталізаваліся 100% кантактаў першага ўзроўню і кантакты другога ўзроўню з сімптомамі вострай рэспіраторнай інфекцыі, — расказала намеснік міністра аховы здароўя Алена БОГДАН.

Яна паведаміла, што цяпер пры тыпізацыі цяжкіх пнеўманій на COVID-19 бяруць не толькі мазок, але і матэрыял з ніжніх дыхальных шляхоў. Таксама на каранавірусную інфекцыю правяраюць усе пнеўманіі сярэдняй цяжасці. Гэтыя меры накіраваны, каб максімальна выявіць пацыентаў, у якіх ёсць каранавірусная пнеўманія.

Яна прывяла лічбы па колькасці пнеўманій у краіне. Летась за тры месяцы (студзень-сакавік) іх было зарэгістравана 20250, у 153 выпадках гэта стала прычынай смерці. Сёлета за тры месяцы ў краіне выяўлена 18 032 пнеўманіі, 128 чалавек ад яе памерла.

На сёння ў Беларусі маецца 10640 тэстаў на COVID-19, у бліжэйшыя дні чакаецца пастаўка яшчэ 10 тысяч тэстаў. Акрамя гэтага, праводзяцца выпрабаванні трох тэст-сістэм беларускай вытворчасці і адной экспрэс-сістэмы.

— Для кантролю сітуацыі тэстаў у нас дастаткова, — запэўніла Алена Богдан. — Мы працягваем адсочваць сітуацыю не толькі па каранавіруснай інфекцыі, але і па вострых рэспіраторных інфекцыях і пнеўманіях. Мы прааналівалі выяўленне каранавіруснай інфекцыі ў кантактаў першага і другога ўзроўню. І з гэтага чацвярга кантакты другога ўзроўню пры наяўнасці ў іх сімптомаў вострай рэспіраторнай інфекцыі абследуюцца на COVID-19 і пры адмоўным тэсце, і адсутнасці пагаршэння стану здароўя працягваюць лячэнне на даму. У кантактаў першага ўзроўню, паводле дэталёвага аналізу, інфекцыя выяўляецца на 2-5 дзень. Таму на 6-7 суткі мы выконваем аналіз і пры атрыманні адмоўнага выніку такі пацыент будзе выпісаны. Але мы будзем прасіць выконваць меры самаізаляцыі яшчэ 14 дзён, — адзначыла Алена Богдан.

Як адзначыў намеснік міністра аховы здароўя Барыс Андрасюк, Беларусь забяспечана сродкамі аховы:

— З моманту эпідэміі грыпу 2009-2010 года да цяперашняга часу у нас праз сістэму «Фармацыі» прайшло 750 тысяч масак. З пачатку эпідэміі ва Ухані з нашых аптэк за 10 дзён было вымецена 2 мільёны масак — двухгадовы запас. Таму прыйшлося прымаць экстранныя меры для іх закупкі і наладжвання вытворчасці. Тое ж самае адбываецца з касцюмамі, пальчаткамі і акулярамі.

На сёння у наяўнасці маецца больш за 2 мільёны масак, больш за 90 тысяч рэспіратараў, касцюмаў — звыш 85 тысяч, пальчатак — больш за 10 мільёнаў, ахоўных акуляраў — 24 тысячы. Штодзённы расход гэтых сродкаў сёння такі: касцюмаў — 2100-2200, масак 300-350 тысяч, рэспіратараў — 2,5-3 тысячы.

На дабрачынным рахунку, адкрытым Міністэрствам аховы здароўя, цяпер знаходзіцца 2875152 рублі і 28258 еўра. Мяркуецца, што яны будуць патрачаны на закупку ахоўных сродкаў, у прыватнасці, 127 тысяч ахоўных касцюмаў.

Асобна спецыялісты закранулі сітуацыю ў Віцебскай вобласці, дзе на гэтым тыдні працаваў міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік. 

— Летась за тры месяцы ў стацыянары пнеўманія была пралечана ў 4258 пацыентаў, 28 памерла. Сёлета — 3608, у 23 выпадках яна стала прычынай смерці. Мы штодзённа маніторым сітуацыю з COVID-19. За мінулыя суткі ў стацыянар паступіла 25 чалавек, з іх у 4 аналіз пацвердзіўся, 15 шпіталізаваны як кантакты першага ўзроўню, астатнія — кантакты другога ўзроўню. Выпісана 33 чалавекі. На сёння там шпіталізавана 269 чалавек, з іх 188 кантакты першага ўзроўню, 19 — кантакты другога ўзроўню, — расказала Алена Богдан.

Яна падкрэсліла, што сістэма аховы здароўя працуе на тым жа першым этапе плану, па якім і працавала з самага пачатку. Перапрафіляванне медыцынскіх устаноў не дапускае зніжэння аказання экстраннай і неадкладнай медыцынскай дапамогі.

— Мы пакуль не перайшлі да другога плана. Праўда, у нас пачасцілася выяўленне каранавіруснай інфекцыі ў іншых стацыянарах, — адзначыла намеснік міністра.

Алена КРАВЕЦ

Прэв'ю: regnum.ru

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Псiхолаг тлумачыць, чаму паўза пасля заканчэння школы — не трагедыя

Псiхолаг тлумачыць, чаму паўза пасля заканчэння школы — не трагедыя

Педагогi, як i бацькi, павiнны быць уважлiвыя да любой праявы адоранасцi.

Эканоміка

Як вылечыць эканомiку ад каранакрызiсу?

Як вылечыць эканомiку ад каранакрызiсу?

Нягледзячы на тое што сучасны свет перажываў досыць шмат эканамiчных крызiсаў, той, што разгортваецца ў 2020 годзе, — унiкальны. 

Грамадства

Маладая актрыса Iрына Якавец: Нецiкавых роляў не iснуе

Маладая актрыса Iрына Якавец: Нецiкавых роляў не iснуе

Першым спектаклем, у якiм я ўзяла ўдзел, быў «Вясёлы Роджэр».

Грамадства

Андрэй Худык: Неабходная мабілізацыя ўсіх узроўняў улады, грамадства і бізнесу для сумесных дзеянняў па ахове прыроды

Андрэй Худык: Неабходная мабілізацыя ўсіх узроўняў улады, грамадства і бізнесу для сумесных дзеянняў па ахове прыроды

Ад таго, наколькі беражліва людзі ставяцца да прыроды, залежыць якасць іх жыцця, здароўе і нават дабрабыт.