Вы тут

«Прыпяцкi прагiб — нафтаперспектыўны, але запасы яго не бязмерныя, трэба шукаць новыя напрамкi»


За мiнулы год геолагамi краiны быў праведзены вялiкi аб'ём работ па выяўленнi перспектыўных участкаў для забеспячэння прыросту новых радовiшчаў карысных выкапняў. Пра гэта расказаў начальнiк галоўнага ўпраўлення прыродных рэсурсаў Мiнiстэрства прыродных рэсурсаў i аховы навакольнага асяроддзя Васiль КОЛБ.


— Першае радовiшча базальту было выяўлена ў 2017 годзе ў Пiнскiм раёне. Да канца гэтага года супрацоўнiкi Нацыянальнага практычнага цэнтра па геалогii падлiчаць запасы, чакаем не менш за 10 мiльёнаў тон, — паведамiў спiкер.

— Частка радовiшчаў, якiя сканцэнтраваны паблiзу паверхнi зямлi, ужо адпрацавана, на частцы работы працягваюцца, — дадала намеснiк генеральнага дырэктара па геалогii Нацыянальна-практычнага цэнтра па геалогii Галiна КАЧАНКО. — У асноўным мы арыентуемся на два прадпрыемствы: «Гомельбудматэрыялы», якое вырабляе цеплаiзаляцыйныя плiты з базальтавай сыравiны, а таксама «Полацкшкловалакно», дзе ў хуткiм часе пачнецца выпуск супертонкага валакна з яе ж. Але базальт можна выкарыстоўваць нашмат шырэй, бо яго характарыстыкi вельмi добрыя: апроч цеплаiзаляцыйнасцi, ён устойлiвы да эрозiй, хiмiчных уздзеянняў i г. д.

Летась РУП «ВА Беларуснафта» забяспечыла прырост здабычы нафты ў аб'ёме 1,7 мiльёна тон. НПЦ па геалогii таксама атрымаў прырост папярэдне ацэненых запасаў гэтай сыравiны, якiя патрабуюць яшчэ больш дэталёвага вывучэння, у аб'ёме 978 тысяч тон. Неабходныя работы былi праведзены i па радовiшчы «Наваельскае», якое было разведана ў 2010 годзе. Атрыманы тут прырост запасаў нафты прамысловых катэгорый склаў 646 тысяч тон.

Усе нафтавыя радовiшчы краiны звязаны з Прыпяцкiм прагiбам на поўднi, але на сёння найбольш перспектыўнымi месцамi здабычы вуглевадародаў з'яўляюцца Аршанская i Брэсцкая ўпадзiны. Пра гэта расказаў намеснiк начальнiка галоўнага ўпраўлення прыродных рэсурсаў — начальнiк упраўлення па геалогii Мiнiстэрства прыроды i аховы навакольнага асяроддзя Алег МОХ:

— Прыпяцкi прагiб — нафтаперспектыўны, але запасы яго не бязмерныя, трэба шукаць новыя напрамкi. Таму цяпер мы знаходзiмся на першым этапе вывучэння гэтых упадзiн. Праводзяцца сейсмiчныя даследаваннi, i задача навукоўцаў — абагульнiць атрыманыя звесткi i даць заключэнне: цi ёсць перспектыва на нафту.

«Сёлета мы праводзiлi работы па разведцы карысных выкапняў за кошт сродкаў заказчыкаў мiнеральна-сыравiннай базы для будаўнiчай галiны. Iм перадалi восем радовiшчаў, у тым лiку два «Беларусьнафце» — «Паўночнабярэзiнскае» з запасамi нафты 854 тысячы тон i «Шумяцiцкае» з 525 тысячамi тон», — сказала Галiна Качанко.

Яна нагадала, што ў краiне з 2016 года вядуцца i рэгiянальныя геалагiчныя даследаваннi нетраў. Такая работа скiравана не на пошук сыравiны, а на глыбiннае вывучэнне нашай тэрыторыi.

— У прыватнасцi, цяпер канцэнтруемся на паўднёваўсходняй частцы. Займаемся пошукам i аналiзам даных, для таго каб за наступныя пяць гадоў зрабiць новыя лiчбавыя i аналагавыя геалагiчныя карты. Прыпаверхневая частка зямлi ўжо амаль вывучана, трэба iсцi глыбей. Для гэтага яны i патрэбныя.

У краiне дастаткова востра стаiць пытанне пераходу з ПЭТ-упакоўкi на шкляную тару, таму летась быў забяспечаны добры прырост запасаў кварцавага пяску, прыдатнага для шкляной прамысловасцi, — на 5 мiльёнаў тон. «Такiм чынам, агульныя запасы гэтага карыснага выкапня цяпер у нас складаюць 60 мiльёнаў тон, яны створаць рэзервы для ўласнай вытворчасцi, што дазволiць зменшыць iмпарт перш за ўсё з Расii i Украiны. Сёлета будзе падрыхтавана справаздача аб перспектыўнасцi вывучаных плошчаў з кварцавым пяском. Асноўная распрацоўка радовiшчаў у краiне вядзецца ў кар'еры «Ленiндар» Добрушскага раёна Гомельскай вобласцi, а таксама каля вёсак Беражное i Гарадная Столiнскага раёна Брэсцкай вобласцi.

— Адзначаецца прырост i запасаў будаўнiчых матэрыялаў, у прыватнасцi будаўнiчага каменю, якi з'яўляецца для нас адносна новай i вельмi важнай сыравiнай, — паведамiў Васiль Колб. — РУВП «Гранiт» недалёка ад Мiкашэвiч асвойвае новае яго радовiшча. Там за мiнулы год ужо былi падлiчаны запасы ў 142 мiльёны тон, гэта забяспечыць нас каменем на 40-45 гадоў.

Нядрэнна ў краiне развiваецца тарфяная галiна. На базе новых радовiшчаў ствараюцца вытворчасцi, распрацоўваюцца тэхналогii i прадукцыя. Шырокiм попытам карыстаецца тая, што выпускаецца з верхавога торфу. Каля 60-70 працэнтаў яе iдзе на экспарт.

Працягваецца работа па падрыхтоўцы да асваення Нежынскага i Любанскага ўчасткаў Старобiнскага радовiшча калiйных соляў. Тое ж самае датычыцца Петрыкаўскага радовiшча па асваеннi калiйнай руды.

Дар'я ШЛАПАКОВА

Загаловак у газеце: Прыбываць багаццямi нетраў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».