Вы тут

Час набываць зялёнае


Праект ПРААН выпускае першы ў Беларусі метадычны дапаможнік па «зялёных» закупках


Любая мэта ўстойлівага развіцця звязана з тымі ці іншымі таварамі, працамі ці паслугамі. Таму пры іх дасягненні нам спатрэбяцца прынцыпы «зялёных» закупак. У гэтым упэўненая Юлія Амяльчэня, кандыдат юрыдычных навук, нацыянальны кансультант праекта ПРААН «Зялёныя гарады». Юлія Амяльчэня — аўтар «Метадычных рэкамендацый па арганізацыі і правядзенні закупак тавараў (работ, паслуг) з выкарыстаннем прынцыпаў «зялёных» закупак». Дакумент быў распрацаваны ў рамках праекта і з’яўляецца першым практычным дапаможнікам на дадзеную тэму, выпушчаным у Беларусі.

Краіна ў апошнія гады дэманструе ўпэўненую цікавасць да «зялёнага» росту ва ўсіх сектарах. У прыватнасці, Нацыянальная стратэгія ўстойлівага развіцця (да 2030 года) уключае пытанні ўкаранення «зялёных» прынцыпаў у эканоміку. Нездарма ў заканадаўстве тэрмін «зялёныя закупкі» ўпершыню з’явіўся ў палажэннях Нацыянальнага плана дзеянняў па развіцці «зялёнай» эканомікі ў Рэспубліцы Беларусь да 2020 года.

— Устойлівае развіццё можа быць забяспечана з дапамогай «зялёных» закупак, якія ажыццяўляюцца з розных фінансавых крыніц, — кажа Юлія Амяльчэня. — У цэлым прымяненне прынцыпаў «зялёных» закупак дазволіць палепшыць якасць жыцця насельніцтва і захаваць навакольнае асяроддзе, атрымаць выгаду: дзякуючы эканоміі рэсурсаў, укараненню інавацый, узмацненню канкурэнцыі. Акрамя таго, дзякуючы «зялёным» закупкам павышаецца эфектыўнасць выкарыстання бюджэтных сродкаў і сродкаў дзяржаўных пазабюджэтных фондаў.

На думку Юліі Амяльчэні, прынцыпы «зялёных» закупак несумненна паспрыяюць зніжэнню адмоўнага ўздзеяння на навакольнае асяроддзе, будуць стымуляваць актыўнае ўкараненне інавацый на рынку, выкарыстанне энергаэфектыўнага абсталявання і альтэрнатыўных крыніц энергіі.

Сёння ў большасці выпадкаў асноўным крытэрыем пры закупках энергаэфектыўнага абсталявання па-ранейшаму з’яўляецца кошт. Пасля таго, як абсталяванне ўстаноўлена і зманціравана, пытанні, звязаныя з выдаткамі на яго эксплуатацыю, практычна ніколі не ўлічваюцца. ПРААН у Беларусі адыходзіць ад такой практыкі і дэманструе іншыя прыклады падыходу да закупак. Так, праектам «Зялёныя гарады» пры выбары пастаўшчыкоў «разумнага» энергаэфектыўнага вулічнага асвятлення для горада Навагрудка ўлічваўся не толькі кошт абсталявання, але і яго энергаспажыванне, іншыя выдаткі. Нават кошт утылізацыі. І такі падыход сапраўды дапамог выбраць найлепшае тэхнічнае рашэнне.

Прынцыпы «зялёных» закупак выкарыстоўваліся і ў іншых праектах ПРААН у Беларусі. Гэта, напрыклад, цеплатэхнічная мадэрнізацыя школы ў Дзяржынску (праект ЕС — ПРААН «Энергаэфектыўнасць у школах»), арганізацыя вытворчасці офіснай паперы з другасных рэсурсаў на папяровай фабрыцы ў Барысаве (праект ЕС — ПРААН «Садзеянне пераходу Рэспублікі Беларусь да зялёнай эканомікі»).

— Што тычыцца метадычных рэкамендацый, то гэта першая спроба ў Беларусі сістэматызаваць масіў заканадаўства аб закупках, вызначыць праблемныя моманты і аспекты, дзе трэба сцерагчыся парушэнняў, вылучыць групы патрабаванняў да ўмоў ажыццяўлення закупак, у рамках якіх мы можам іх практыкаваць, — распавядае Юлія Амяльчэня. — Яны распрацаваныя ў адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам аб закупках тавараў, работ або паслуг, антыманапольным заканадаўствам, заканадаўствам аб тэхнічным нармаванні і стандартызацыі, а таксама з улікам патрабаванняў наднацыянальных актаў, у прыватнасці, Дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе.

Юлія Амяльчэня заклікае не забываць пра канчатковага спажыўца, з пазіцыі якога «зялёныя» закупкі ўяўляюць непасрэдны ўдзел у дасягненні экалагічных мэтаў дзяржавы, паколькі гаворка ідзе пра засваенне бюджэтных сродкаў. З іншага боку, дзякуючы набыццю тавараў, работ, паслуг на прынцыпах «зялёных» закупак паляпшаецца якасць жыцця насельніцтва, у тым ліку за кошт зніжэння шкоднага ўздзеяння на навакольнае асяроддзе, паляпшэння здароўя грамадзян і ўмоў іх працы.

Алег Багамазаў

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.