Вы тут

Якая рознiца памiж маладымi галiнкамi i старой вярбой?


«У нядзелю будзем святкаваць Вербнiцу. Чаму менавiта галiнкi вярбы панясуць у царкву асвячаць? I як гэта стасуецца з тым, што да самога дрэва, асаблiва старога, старэйшыя людзi ставяцца з насцярожанасцю?» — пытаецца Наталля Антонаўна з Мазыра.


Варта заўважыць, што ў народнай культуры славян гэтае дрэва мела дваiстую характарыстыку. Вярба стала сiмвалам хуткага росту, набiраючага моц жыцця, урадлiвасцi, добрага здароўя. Да маладой вярбы ставiлiся як да карыснага i свяшчэннага дрэва, галiнкi яе неслi ў храм, каб асвяцiць. Пры дапамозе лазы цi галiнак вярбы на падвор'i адшуквалi ваду, каб выкапаць калодзеж.

Усходнiя славяне ўшаноўвалi вярбу за тыдзень да Вялiкадня — у Вербную нядзелю, якая i атрымала назву Вербнiца. Асноўнай абрадавай падзеяй Вербнай нядзелi стала наведванне царквы з мэтай асвяцiць галiнкi вярбы, якiм беларусы прыпiсвалi шматлiкiя магiчна-аздараўленчыя ўласцiвасцi. Звычай асвячаць галiнкi вярбы вядомы са старажытных часоў. Дрэва, якое раней за iншыя адгукаецца на веснавое цяпло, на прабуджэнне зямлi, павiнна перадаць сваю моц, здароўе, прыгажосць чалавеку i хатнiм жывёлам.

Галiнкi вярбы рыхтавалi загадзя: iх выразалi з кустоў, што раслi паабапал рэк i балот, звязвалi ў пучкi па тры цi пяць i ўпрыгожвалi кветачкамi з каляровай паперы або нават кветкамi, спецыяльна нарыхтаванымi i засушанымi з лета, а таксама рознакаляровымi стужкамi. У некаторых рэгiёнах у гэты «букет» дабаўлялi галiнку ядлоўцу. Этнографамi былi зафiксаваны звесткi, што яшчэ ў пачатку XIX стагоддзя ў Гродзенскай губернi ў царкву для асвячэння прывозiлi нават вялiкую вярбу разам з карэннем. Пасля заканчэння набажэнства яе галiнкi ламалi i разносiлi па хатах.

Той, хто прыносiў дадому асвячоныя галiнкi, злёгку сцёбаў iмi ўсiх дамачадцаў, перш за ўсё дзетак, i прыгаворваў:

Не я б'ю, вярба б'е,

За тыдзень — Вялiкдзень.

Хвора ў лес на верас,

А здароўе ў косцi!

*  *  *

Не я б'ю, вярба б'е,

За тыдзень — Вялiкдзень,

Будзь здароў як вада,

А расцi як вярба!

Будзь здароў на ўвесь год!

*  *  *

У гэты святочны дзень забаранялася працаваць. У кожнай хаце накрывалi стол, запрашалi суседзяў, родзiчаў у госцi. I хоць ежа на стале была посная, гэта не змяншала агульнай радасцi i весялосцi. Дзецi бавiлiся на вулiцы: цэлы дзень яны гулялi ў даганялкi i лупцавалi адно аднаго вербачкай. Для моладзi перадшлюбнага ўзросту гэты дзень быў яшчэ адной магчымасцю выказаць свае зацiкаўленыя адносiны да каханага чалавека.

А вось сярод заходнiх славян лiчылi, што вярба атрымлiвае большую цудадзейнасць не перад Вялiкаднем, а на Юр'я. Менавiта ў гэты дзень дзяўчаты плялi з вярбы вянкi i прыгаворвалi: «Каб дабрабыт у хаце рос, як вярба вясной». У сербаў iснавала павер'е: калi на Юр'я дзяўчына спляце з маладых галiнак вярбы пояс i будзе яго насiць некалькi дзён, то абавязкова ў гэтым годзе выйдзе замуж i будзе «з пузам» (па памерах пояса). Там жа iснаваў звычай плесцi «пояс» з маладой вярбы на даёнку, «каб малако заўсёды прыбывала». На Валынi i Падоллi моладзь вадзiла карагоды вакол вярбы, прыбранай кветкамi i стужкамi, у купальскую ноч.

А вось старое дрэва вярбы заўсёды выклiкала асцярогу, бо лiчылася, што месца, дзе расце тое дрэва, дрэннае, бо там жывуць вадзянiкi i iншыя нячысцiкi. Лiчылася таксама, што калi вярба састарэе i ў ствале атрымаецца дупло, там абавязкова паселiцца чорт са сваёй жонкай. Нездарма казалi пра тых, хто моцна закахаўся: «Улюбiўся як чорт у сухую вярбу».

Паколькi вярба расце каля вады i выконвае ролю сiмвалiчнай мяжы памiж зямной i воднай прасторамi, гэтае дрэва забаранялася садзiць каля дома, у садзе.

Аксана КАТОВIЧ, Янка КРУК

Дасылайце свае пытаннi пра каранi i прыстасаванасць да сучаснага жыцця каляндарных i сямейна-побытавых народных традыцый ды абрадаў на паштовы або электронны адрас рэдакцыi з пазнакай «Пра радзiннае».

Прэв'ю: instagram.com/@mmkut_miensk

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».