Вы тут

Партрэты гiстарычных асоб, з якiмi звязана гiсторыя Мінска, размешчаны ў Мiнскай гарадской ратушы


Тры прафесары Беларускай дзяржаўнай акадэмii мастацтваў: народны мастак Беларусi Уладзiмiр Тоўсцiк, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусi Уладзiмiр Зiнкевiч, лаўрэат прэмii Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь «За духоўнае Адраджэнне» Уладзiмiр Ганчарук стварылi ў тэхнiцы роспiсу па ляўкасе партрэты гiстарычных асоб, з якiмi звязана гiсторыя горада. Карцiны размешчаны ў Мiнскай гарадской ратушы.


Глеб Мiнскi

Сцены ратушы ўпрыгожылi шэсць партрэтаў. На адным з iх — першы мiнскi князь Глеб Усяславiч. Маладому князю вельмi рана давялося адчуць, што такое вайна. Ён, адзiн з сыноў Усяслава Чарадзея, упершыню згадваецца ў радзiвiлаўскiм летапiсе ў 1067 годзе, калi адбылася бiтва на Нямiзе. Глеб працягваў палiтыку свайго бацькi, менавiта пры iм Мiнск становiцца яшчэ адным цэнтрам, вакол якога аб'ядноўваюцца землi. Так, да 1119 года (апошнi год жыцця Глеба) уся цэнтральная Беларусь i тэрыторыi на ўсход да Оршы — гэта былi ўладаннi мiнскага князя. Прычым, хутчэй за ўсё, даволi багатага. Летапiс сведчыць, што ў Глеба i яго жонкi Анастасii былi вельмi прыязныя адносiны з Кiева-Пячэрскай лаўрай — мiнскi князь ахвяраваў манастыру 600 грыўняў срэбра (адна наўгародская грыўня, самая папулярная ў выкарыстаннi, важыла 204 грамы) i 50 грыўняў золата. Пасля смерцi Глеба яго ўдава Анастасiя ахвяравала таму ж самаму манастыру 100 грыўняў срэбра i 50 грыўняў золата. Такiм чынам, Кiева-Пячэрскi манастыр атрымаў ад сужэнцаў 140 кiлаграмаў срэбра i 20 кiлаграмаў золата. Мiж iншым, у той час жыццё вольнага чалавека каштавала 10 грыўняў, халопа — адну, конь цi карова — дзве грыўны.

Мiнск пры Глебу ператварыўся ў непрыступную крэпасць, што пацвердзiлi маштабныя раскопкi, якiя праводзiлiся пад кiраўнiцтвам археолага Георгiя Штыхава. Яшчэ Усяслаў пачаў будаваць вялiкую крэпасць на тры гектары зямлi, абнесеную валам, даўжыня якога склала 980 метраў. Толькi каб патрымаць вал, было закапана 44 кубы лесу. А колькi яго яшчэ пайшло на будаўнiцтва сцен, на вежы i сядзiбы! Глеб працягваў умацоўваць свой горад — ён пашырыў вал амаль удвая, пачаў падымаць сцены. Князь задумаў i будоўлю царквы. Праўда, тая так i не была скончана — падвялi тэхналогii. Але, як упэўнены гiсторык Сяргей Тарасаў, наўрад цi Глеб спынiўся толькi на адной будоўлi. Хутчэй за ўсё, на замчышчы храм усё ж быў пабудаваны, i падмуркi яго яшчэ трэба адшукаць...

Гiсторыю выдатных асоб, адлюстраваных на партрэтах у ратушы, расказалi кандыдаты гiстарычных навук Сяргей Тарасаў, Алег Дзярновiч, Андрэй Кiштымаў. Падчас лекцыi-экскурсii можна было даведацца, што зроблена ў старажытным горадзе. Нават па тапанiмiцы магчыма прасачыць, якi ўнёсак рабiўся вышэйшымi ўладамi ў мiнулых стагоддзях. Напрыклад, за гаспадаранне кашталяна Яна Янавiча Глябовiча (ён служыў у мiнскiм ваяводстве ў 1571—1581 гадах) быў пабудаваны Мiнскi збор (адсюль пойдзе назва вулiцы Збораўскай, сёння Iнтэрнацыянальнай) i з'явiўся Верхнi горад. У гэты ж час у горадзе ствараецца найвышэйшы апеляцыйны судовы орган, i Мiнск становiцца адной з трыбунальных сталiц Вялiкага Княства Лiтоўскага.

Кшыштаф Станiстаў Завiша, якi служыў мiнскiм ваяводай у 1720-21 гадах, пакiнуў дзённiк, у якiм апiсаў у тым лiку i ўсе палiтычныя iнтрыгi свайго часу. Ён паходзiў з роду мясцовых «алiгархаў», што трымалi мiнскае староства — гэта дзяржаўныя ўладаннi, якiя манарх аддаваў сваiм саноўнiкам на ўтрыманне i атрымлiваў з iх плату ў дзяржаўную скарбнiцу. Такiм чынам арыстакратам давалiся адначасова i ўзнагарода, i пасада, i абавязкi. Менавiта Кшыштаф Станiстаў Завiша даставiў у Мiнск адзiн з яго тагачасных сiмвалаў — мошчы святога Фелiцыяна, якi лiчыўся заступнiкам горада i ў гонар якога ладзiлася свята з кiрмашамi, урачыстымi працэсiямi i феерверкамi.

Наступныя партрэты звязаны з асобамi, якiя кiравалi горадам у часы Расiйскай iмперыi. Мiнск тады становiцца цэнтрам губернii. За ўвесь час у iм было тры дзясяткi губернатараў. Тэрмiн iх уладарання быў розны: ад рэкордных 16 гадоў да ўсяго некалькiх месяцаў.

Захар Карнееў

Найбольшы след у гiсторыi пакiнуў другi губернатар — Захар Карнееў. Пры iм распрацоўваўся генеральны план Мiнска. I галоўнай стала вулiца Захар'еўская (назва давалася не ад прозвiшча, а ад iмя). Пры Карнееве пачалi зрываць старыя гарадскiя ўмацаваннi, валы. Гэта сёння такiя дзеяннi мы лiчым «разбурэннем старажытнага помнiка», але, як заўважыў Андрэй Кiштымаў, у той час гэта была агульнаеўрапейская практыка. На мяжы ХVIII-ХIХ стагоддзяў умацаваннi прыбiралiся паўсюль — i сёння вы не знойдзеце сярэднявечных валоў Парыжа, Лондана, Вены.

Мы прызвычаiлiся, што галоўная вулiца праходзiць з усходу на захад (напрамак Масква—Варшава), але некалькi разоў у гiсторыi мiнскага горадабудаўнiцтва ўзнiмалася пытанне, што павiнна быць iнакш. I пачалiся гэтыя спрэчкi якраз з часоў Карнеева.

Пры Захару Якаўлевiчу з'явiўся губернатарскi дом, якi на сто з лiшкам гадоў стане цэнтрам улады горада. Таксама яго заслуга — Мiнская гiмназiя, пра выпускнiкоў якой можна гаварыць вельмi доўга, i парк, якi сёння носiць iмя Горкага. I менавiта памяць пра гэтага кiраўнiка цяпер вяртаецца гораду — у парку стаiць помнiк губернатару, побач з ратушай народ фатаграфуецца каля бронзавага экiпажа Карнеева.

Караль Гутэн-Чапскi

Адзiн з партрэтаў у ратушы (работа Уладзiмiра Тоўсцiка) прысвечаны Каралю Яну Аляксандру Гутэн-Чапскаму, якому давялося працаваць у зусiм iншых умовах. Калi пры Карнееве ў Мiнску жыло прыкладна 10 тысяч чалавек, то да канца ХIХ стагоддзя колькасць насельнiцтва вырасла ў дзесяць разоў.

Адбылiся сур'ёзныя змены ў адмiнiстрацыйным кiраваннi. Чапскi ўзначальваў Мiнскую гарадскую думу, прычым на пасаду гарадскога галавы выбiраўся чатыры разы (апошнi тэрмiн не дабыў з-за праблем са здароўем). У канцы ХIХ — пачатку ХХ стагоддзя права быць выбаршчыкам было толькi ў асоб, якiя мелi ў горадзе маёмасць i плацiлi з яе падаткi. На той час iх налiчвалася ўсяго каля пяцiсот чалавек. «Здавалася б, якая несправядлiвасць, што ў выбары гарадскiх улад удзельнiчала ўсяго паўпрацэнта насельнiцтва. Але, па-першае, уласнiкi, якiя кiравалi сваёй гаспадаркай, ведалi, як кiраваць гарадской. Па-другое, яны былi кроўна зацiкаўленыя ў тым, каб Мiнск расквiтнеў, бо iх нерухомасць толькi расце ў кошце, калi вулiцы брукаваныя, працуюць лiхтары, грамадскi транспарт», — заўважае Андрэй Кiштымаў.

Сямейства Гутэн-Чапскiх — нямецкага паходжання, вядома яно на нашых землях з часоў Рэчы Паспалiтай. Гутэн-Чапскiя мелi вялiкiя зямельныя ўладаннi, у тым лiку такiя вядомыя сёння населеныя пункты, як Прылукi, Станькава, Негарэлае i яшчэ з дзясятак паселiшчаў вакол Мiнска. У самiм горадзе палац Чапскага стаяў на тым месцы, дзе цяпер кiнатэатр «Цэнтральны», ён быў знесены пасля вайны. Акрамя палаца Каралю Яну належала каля дзесяцi гарадскiх будынкаў, сярод якiх вядомыя вытворчасцi (напрыклад, пiўзавод «Багемiя»). Канешне, такi бiзнесмен быў зацiкаўлены ў развiццi горада. Па водгуках сучаснiкаў, Чапскi быў суперэнергiчным гарадскiм кiраўнiком. Пры iм з'явiлiся конка (натуральна, яна праходзiла каля пiўзавода «Багемiя») i мост на Траецкае прадмесце. Пачала працаваць гарадская электрастанцыя (на той час у Мiнску было 400 лямпачак), быў перароблены вадаправод (ваду пампавалi са свiдравiн). Калi раней кожны ў сваiм падвор'i мог закалоць кабанчыка, то пры Чапскiм гэта дазвалялася рабiць толькi на гарадской скатабойнi. На прадукцыi ставiўся штампiк урача, а грошы, атрыманыя за паслугi, iшлi ў гарадскую казну. Былi ўзятыя пад нагляд нават «ахвяры грамадскага тэмпераменту» (так у тыя часы журналiсты называлi прастытутак). Таксама пры Чапскiм будавалiся дамы для беспрацоўных i беспрытульнiкаў. I пра яго заслугi можна было б яшчэ апавядаць...

На сценах ратушы яшчэ багата месца, там маглi б размясцiцца карцiны, прысвечаныя i iншым героям гарадской гiсторыi. Спадзяёмся, што працяг будзе.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Iмя ў гiсторыi горада

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.