Вы тут

Цаглiнка ў падмурку дзяржаўнасцi. Пра што раскажа гiстарычны слоўнiк?


Дзiва, як многiя выдатныя дасягненнi нашых вучоных застаюцца малазаўважаныя. 57 гадоў айчынныя лiнгвiсты працавалi над Гiстарычным слоўнiкам беларускай мовы — першым i адзiным у свеце гiсторыка-лiнгвiстычным даведнiкам, якi з максiмальнай паўнатой адлюстроўвае лексiчны склад старабеларускай мовы ХIV — ХVIII стагоддзя. Выяўлялiся старажытныя рукапiсныя i друкаваныя крынiцы, iх месцазнаходжанне, вывучалiся атрыманыя з розных архiваў i бiблiятэк фотакопii i мiкрафiльмы старабеларускiх помнiкаў.


Некалькi пакаленняў моваведаў старанна збiрала i апрацоўвала моўныя багаццi: у Гiстарычным слоўнiку беларускай мовы змешчана больш за 75 тысяч слоў, зафiксаваных у летапiсах, статутах, хронiках, рыцарскiх раманах, мемуарных, публiцыстычных творах ХIV—ХVIII стагоддзяў.

Вернутыя багаццi

Дзякуючы гiстарычнаму мовазнаўству мы атрымлiваем iнфармацыю пра значэнне слова, яго паходжанне, гiсторыю, пра змены, якiя з iм адбывалiся.

Роля гiстарычных слоўнiкаў велiзарная не толькi для развiцця лiнгвiстычнай навукi. Яны маюць вялiкае агульнакультурнае значэнне, бо з'яўляюцца той крынiцай, якая дазваляе рэканструяваць карцiну свету i культуру этнасу, увасобленую ў мове. З гiстарычнага слоўнiка можна даведацца пра сацыяльна-эканамiчнае развiццё беларускага насельнiцтва, кола яго духоўных iнтарэсаў, узровень матэрыяльнай культуры на розных гiстарычных этапах i сувязi з iншымi народамi. Гэта сапраўдная гiстарычная аповесць аб жыццi людзей на працягу 500 гадоў!

Акрамя ўласна беларускiх слоў у гэтым гiстарычна-лiнгвiстычным даведнiку можна сустрэць багата запазычанняў, якiя выкарыстоўвалiся на нашых землях. Член-карэспандэнт Акадэмii навук, прафесар Аляксандр Булыка заўважае, што многiя словы ў рускую мову пранiклi ў пятроўскую эпоху, а ў нашай яны былi ўжо ў XVI стагоддзi. Сярод iх — банкет, вiзiт, гвардыя, кур'ер, партфель, пратэст, фiнал, шанц i iншыя. Многiя запазычаннi маглi прыходзiць да нашых усходнiх суседзяў не толькi непасрэдна з замежных моў, але i праз беларускае пасрэднiцтва.

У мiнулым стагоддзi гiстарычныя слоўнiкi, паколькi яны адносяцца да буйных нацыянальна-гiстарычных i культурных праектаў, сталi аб'ектам пiльнай увагi вучоных усяго славянскага свету. I трэба адзначыць, што ў Беларусi гэтая работа завершаная першай ва ўсходнеславянскiм мовазнаўстве i яна спрыяе развiццю i пашырэнню навуковых сувязяў памiж Рэспублiкай Беларусь i замежнымi дзяржавамi.

Мiльён картак

Апрацоўка кожнага помнiка заключалася ў выпiсцы на картку ўсiх слоў, якiя толькi сустракалiся ў крынiцы, а таксама кантэкстаў ў выглядзе аднаго-двух сказаў з рукапiсных i друкаваных крынiц. Трэба ўлiчваць, што расчытаць старажытныя рукапiсы не так проста. Даследчыкам даводзiлася самастойна праводзiць разбiўку тэксту, яны сутыкалiся са шматлiкасцю адлюстравання на пiсьме аднаго i таго ж слова. А далей трэба яшчэ было расшыфраваць, што пэўнае слова азначала.

Уявiце, якая тытанiчная праца была зроблена: створана больш за мiльён картак! Картатэка, якая з'яўляецца ўнiкальным сховiшчам лексiкi даўняга беларускага пiсьменства, таксама з'яўляецца культурным i навуковым аб'ектам нацыянальнага значэння.

Усяго выйшла 37 выпускаў гiстарычнага слоўнiка. Першы пабачыў свет у 1982 годзе, i сёння гэта бiблiяграфiчная рэдкасць. Патрэба ў электроннай версii вiдавочная.

Слоўнiк ствараўся на тых крынiцах, якiя былi ўведзены ў навуковы ўжытак да 1973 года. Працэс вяртання помнiкаў нашай пiсьмовай спадчыны (на жаль, большая частка з iх знаходзiцца за мяжой) пачаўся пазней. Натуральна, «выкрываюцца» новыя словы, i работа па iх збiраннi i захаваннi працягваецца.

Гонар нацыi

Гэты ўнiкальны праект яшчэ чакае належнай ацэнкi ў грамадстве. Хочыцца верыць, што калi такая крынiца з найбагацейшымi моўнымi i духоўнымi скарбамi будзе аблiчбаваная, паменее невукаў, якiя выказваюць сумненнi наконт паходжання беларускага этнасу i мовы. Гiстарычны слоўнiк — добрая цаглiнка ў падмурку дзяржаўнасцi, але толькi тады, калi людзi навучацца iм карыстацца.

Загадчык аддзела гiсторыi беларускай мовы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы i лiтаратуры НАН Беларусi Наталля Паляшчук упэўнена, што слоўнiк мог бы выкарыстоўвацца ў школах. З яго вучнi даведаюцца пра гiсторыю слоў, прасочаць за тым, як мянялiся значэннi асобных адзiнак, убачаць, якая багатая родная мова. Дзецi могуць карыстацца слоўнiкам i на ўроках краязнаўства, пры вывучэннi гiсторыi. Кожнае слова, змешчанае ў iм, звязанае з жыццём i дзейнасцю чалавека. Ён раскажа пра побыт, традыцыi, звычаi, заняткi, вераваннi продкаў. Дапытлiвыя вучнi, якiя працуюць са старажытнымi тэкстамi цi хочуць даведацца, што магла азначаць назва iх мясцовасцi, дзякуючы слоўнiку змогуць зразумець невядомыя iм словы.

Трэба знаёмiць з гiстарычным слоўнiкам i студэнтаў, што будзе спрыяць агульнаму развiццю падрастаючага пакалення, папулярызацыi ведаў пра наша мiнулае, лiчыць спецыялiст.

Гiстарычны слоўнiк беларускай мовы з'яўляецца крынiцай для вывучэння слоўнiкавага саставу мовы мiнулых эпох. На яго абапiраюцца самыя разнастайныя даследаваннi ў галiне беларускага мовазнаўства. Без яго нельга вырашыць шэраг праблем па гiсторыi сучаснага стану мовы. Матэрыялы слоўнiка ўтрымлiваюць каштоўныя факты для вывучэння арфаграфii, марфалогii, сiнтаксiсу беларускай мовы.

Слоўнiк запатрабаваны ў пiсьменнiкаў, моваведаў, лiтаратараў, этнографаў, прававедаў, культуролагаў, гiсторыкаў, краязнаўцаў. Гэта найлепшы дапаможнiк для аўтараў гiстарычнай прозы — напрыклад, Уладзiмiр Караткевiч карыстаўся iм пры рабоце над сваiмi творамi. Змешчаны ў слоўнiку iлюстрацыйны матэрыял цiкавы проста для чытання тым, хто хоча ведаць больш пра мiнулае Беларусi. Цытаты з помнiка, якiя падаюцца ў слоўнiкавым артыкуле, характарызуюць ужывальнасць таго цi iншага слова ў старабеларускай мове. Акрамя таго, вучоныя старалiся адлюстраваць самую раннюю фiксацыю слова, i цытатны матэрыял размяшчаўся ў храналагiчным парадку.

У слоўнiку можна знайсцi адказы на многiя пытаннi. Ён дапаможа зняць спрэчкi наконт ужывання асобных слоў. А яшчэ ў мiнулым варта пашукаць здабыткi, якiя заслугоўваюць таго, каб вярнуцца i ўзбагацiць сучасную лiтаратурную мову.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Як абараняцца ад рыэлтараў, якія не хочуць працаваць па законе

Як абараняцца ад рыэлтараў, якія не хочуць працаваць па законе

Лiцэнзiя агенцтва «Гатовыя рашэннi» скасавана, «Iмперыi нерухомасцi» — прыпынена, а «Тваёй сталiцы» выпiсана прадпiсанне.

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка: Гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній

Аляксандр Лукашэнка: Гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній

Кіраўнік дзяржавы прагаласаваў на выбарах Прэзідэнта.

Грамадства

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

А наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.