Вы тут

Расказваюць, што раней на дрэвах з'яўлялiся цудадзейныя абразы. Ці праўда гэта?


Мы жывём на таямнiчай зямлi. Расказваюць, што раней на дрэвах з'яўлялiся цудадзейныя абразы, нашым продкам яўлялiся святыя, тут сустракалi незвычайных жывёл i iстот, адбывалiся чароўныя з'явы. Былi ў нас аналагi Стоўнхэнджа, пачвар вялося не менш, чым у старажытнай Еўропе, мiфаў даследчыкi запiсалi не адзiн дзясятак. Ды i сёння ёсць чым пацешыць турыстаў: узнаўляюцца абрады, людзi едуць на крынiцы па чароўную ваду, прыносяць падарункi камяням i назiраюць за тым, як растуць каменныя крыжы. Нават калi незвычайнае не давядзецца растлумачыць (а раптам за такiмi гiсторыямi схаваны сапраўдныя адкрыццi — так людзi маглi апiсаць рэдкiя прыродныя з'явы i чырванакнiжных жывёл), чаму б не ставiцца да гэтага як да фальклору?


У ранейшыя часы, калi не было столькi кнiг i нашы продкi не былi настолькi тэхнiчна прасунутыя, розныя з'явы, якiм немагчыма было даць тлумачэнне, лiчылiся чарадзейнымi. Але нават байкi вартыя вывучэння — з iх мы можам даведацца пра тое, якiм раней уяўляўся свет, як людзi назiралi за iм i аберагалi, як ставiлiся да прыроды i як спрабавалi выжываць у неспрыяльных умовах. Збiраючы i аналiзуючы запiсы пра цуды, можна многа даведацца пра культуру, традыцыi, побыт, народную медыцыну, гiсторыю. Людзi, якiх цiкавiць гэта тэма, сядзяць у архiвах, выбiраюцца ў экспедыцыi i дзеляцца ўласным досведам на канферэнцыi «Таямнiчая Беларусь», якую ладзiць суполка «Уфалагiчны камiтэт». Тут збiраюцца краязнаўцы, музейшчыкi, этнографы, гiсторыкi. Тэмы для абмеркавання могуць быць звязаны з археалогiяй, этнаграфiяй, фальклорам, мiфалогiяй, тапанiмiкай, сакральнай геаграфiяй i нават лiтаратурай (вобразы з легендаў i паданняў часта выкарыстоўвалi ў сваiх творах пiсьменнiкi). А колькi тэм яшчэ можна знайсцi для дыскусiй! Сёлета ў Нацыянальнай бiблiятэцы на канферэнцыi адзiн з дакладаў быў прысвечаны запiсам пра цуды, зробленым у ХIХ—ХХI стагоддзях. Iлья Бутаў вывучаў Нацыянальны гiстарычны архiў, запiсы БДУ, Цэнтра даследавання нацыянальнай культуры, а таксама працаваў з дакументамi ў Расii.

Аповеды пра чароўнае яшчэ чакаюць вывучэння, iнтэрпрэтацыi. Але цi не сведчаць згадкi пра з'яўленне на зямлi Божай мацi, яе слядоў на камянях, пра аб'яўленнi абразоў на дрэвах, мiратачывасць, што багi былi дабразычлiвыя да беларусаў? А можа, па тых расказах мы зможам больш даведацца пра вераваннi продкаў, iх уяўленнi пра карцiну свету, стасункi памiж людзьмi?

Чаму ў розных кутках Беларусi людзi бачылi (i працягваюць сустракаць у наш час) на дрэвах вобразы святых? Напрыклад, у адной са спраў, што захоўваецца ў Нацыянальным гiстарычным архiве, гаворыцца, што ў 1848 годзе пятнаццацiгадовая дзяўчына на свiтаннi заўважыла свячэнне на сухой сасне, пасля якога месцiчы сталi казаць, што на дрэве з'яўляюцца выявы святых. Гэтае ж данясенне нават разбiралася мiнскiм земскiм судом.

Вобразы могуць з'яўляцца пасля ўдара ў дрэва маланкi, альбо iх заўважаюць на спiлах старых дрэў. Часам аб'яўленне святых можа быць звязана з пэўнымi святамi (напрыклад, Радаўнiцай, Вялiкаднем) цi гiстарычнымi падзеямi. У народнай iнтэрпрэтацыi часта фiгуруе здагадка, што на такiм месцы раней стаялi царква, касцёл цi каплiца. Калi звесткi пра незвычайныя знаходкi трапляюць у СМI, падобныя дрэвы могуць станавiцца месцамi паломнiцтва. Напэўна, садаводы змогуць растлумачыць, што гэта за хвароба на дрэве. Але ж так хочацца верыць у цуд! Цiкава даведацца, як людзi апавядаюць пра такiя з'явы, якiя падзеi i надзеi з iмi звязваюць.

Радзей на Беларусi можна сустрэць iнфармацыю пра з'яўленне на спiлах дрэў нерукатворных крыжоў.

Ды i факты з'яўлення абразоў на дрэвах у розныя часы старалiся «замяць». Пры паведамленнi пра iх у ХIХ стагоддзi выкарыстоўвалi словы ўяўны цi «iлжывы» цуд, а ў судах высвятлялася, нiбыта iх спецыяльна вешалi мясцовыя жыхары, каб атрымаць з таго якую карысць. Насамрэч магло быць i такое — старыя абразы нельга было выкiдаць, i людзi, калi пазбаўлялiся ад iх, пакiдалi на дрэвах цi пускалi па вадзе. А можа, у народзе проста пераказвалi раней недзе пачутыя кананiчныя сюжэты? Варта згадаць, напрыклад, Жыровiцкi манастыр, дзе на дрэве з'явiлася iкона.

Пакуль гэтая тэма яшчэ мала вывучана, i даследчыкi просяць, калi хто чуў пра падобныя з'явы, падзялiцца iнфармацыяй, каб разам стварыць больш поўную карцiну праяўлення цудаў на тэрыторыi Беларусi.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Дрэва хворае цi святое?

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.