Вы тут

Дар'я Зюзькевiч — пераможца конкурсу БРСМ «Валанцёр года»


Знаёмцеся: Дар'я Зюзькевiч, вучанiца дзясятага класа сталiчнай СШ № 121, — пераможца конкурсу БРСМ «Валанцёр года» па вынiках мiнулага года ў намiнацыi «Асабiсты ўнёсак сярод навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыi». Дзялiцца i дапамагаць iншым дзяўчына вучылася з малых гадоў.


Аднойчы, калi ёй было восем, разам з бацькамi сабралi ўжо непатрэбную вопратку, цацкi, у тым лiку асаблiва любiмага ружовага понi, дакупiлi канцылярскiя прылады i перадалi ў дзiцячы дом у Пiнску акурат падчас свята для яго выхаванцаў, што ладзiла там iнiцыятыўная група.

— Мне падабаецца адчуваць, як усмiхаецца той, каму я змагла дапамагчы: дзяўчынка цi хлопчык або пенсiянер. Такi крок — гэта шанц зрабiць крыху шчаслiвейшым чалавека, з якiм цябе зводзiць жыццё, — кажа Даша.

Ужо пяць гадоў яна ўдзельнiчае ў школьным валанцёрскiм клубе ЮНЭСКА «Дзiва», з якiх апошнiя два з'яўляецца яго старшынёй. Дзяўчына ахвотна наведвае самыя розныя мерапрыемствы ў ролi ўдзельнiка, валанцёра, а таксама арганiзатара на школьным, гарадскiм, рэспублiканскiм узроўнях. Бярэ ўдзел у пашырэннi праекта «Роўны навучае роўнага», дзе яны — валанцёры, роўныя па статусе i iнтарэсах, — расказваюць такiм жа падлеткам пра карысць здаровага спосабу жыцця, адказваюць на пытаннi, што цiкавяць сёння моладзь, закранаюць хвалюючыя iх тэмы, якiя з нейкiх прычын складана абмеркаваць з настаўнiкамi, бацькамi, урачамi. Задача праекта — стварыць камфортныя i сяброўскiя адносiны памiж аднагодкамi.

Летась школьнiкi сталi пераможцамi гарадскога конкурсу ў намiнацыi «Найлепшы валанцёрскi атрад — 2019». Для ўдзелу неабходна было прадставiць праект i ролiк, якi б апавядаў пра валанцёрскую дзейнасць.

Апроч яе ўжо 12 гадоў дзяўчына займаецца ў заслужаным аматарскiм калектыве Рэспублiкi Беларусь, ансамблi танца «Равеснiк» Рэспублiканскага палаца культуры прафсаюзаў. У яго складзе бярэ ўдзел у культурных мерапрыемствах, неаднаразова прадстаўляла Беларусь на мiжнародным i дыпламатычным узроўнях, напрыклад, падчас «Моста дружбы». У дабрачынным праекце «Ад танца да танца, ад сэрца да сэрца» ансамбль даў 30 канцэртаў па ўсёй краiне. А сродкi, атрыманыя ад выступлення ў iтальянскiм горадзе Кальяры, былi перададзены ў Бараўлянскi анкалагiчны рэабiлiтацыйны дзiцячы цэнтр. Мiнулым летам Дар'i пашчасцiла стаць часткай медыякаманды валанцёрскага атрада «Крылы» i ўдзельнiчаць у арганiзацыi святкавання 50-годдзя «Зубраняцi». За ўсiм гэтым яна адчувае сяброўскую атмасферу i падтрымку.

— Паняцце «сябры» шырокае i хутчэй асабiстае. Але я з упэўненасцю скажу, што некаторыя, каму я змагла дапамагчы, напрыклад, у дзiцячым доме, сталi маiмi добрымi знаёмымi. Мы трымаем сувязь праз сацыяльныя сеткi, — кажа дзяўчына.

Выконваць валанцёрскiя абавязкi для Дар'i нескладана. Але бываюць выключэннi. Яна прызнаецца, што тыя падлеткi, якiя жывуць у дзiцячых дамах, часта замыкаюцца ў сабе i нiкога да сябе не падпускаюць. Таму ў ход iдзе кемлiвасць: дзяўчына пачынае размаўляць з дзецьмi крыху меншага ўзросту. Тыя ахвотна апавядаюць валанцёру пра iнтарэсы старэйшых, з гэтымi ведамi крыху прасцей улiцца ў iх калектыў — такi вось невялiчкi «сакрэтны» лайфхак.

Па словах Дар'i, сёння валанцёр — гэта найперш мабiльны i гнуткi чалавек, здольны падстроiцца пад любую сiтуацыю i гатовы прыйсцi на дапамогу, ахвяруючы сваiм часам. А яшчэ... «Ён павiнен быць у красоўках — гэта галоўны атрыбут, зручны i лёгкi», — сур'ёзна кажа дзяўчына.

Валанцёрства заўсёды будзе займаць адно з важных месцаў у жыццi Дар'i. У будучым яна бачыць сябе журналiстам i працуе над тым, каб ажыццявiць пастаўленую мэту: бярэ ўдзел у пiсьменнiцкiх конкурсах, неаднаразова была госцем i вядучай у iнтэрактыўным праекце «Пiн-код» тэлеканала «Беларусь 2» i ўдасканальвае сябе ў напiсаннi артыкулаў i эсэ.

— Калi казаць пра свае мары ўслых, ёсць iмавернасць, што яны не збудуцца, таму пакiнем гэта ў сакрэце. Але галоўным цяпер для мяне з'яўляецца паспяховае заканчэнне школы i паступленне ў БДУ. А яшчэ я хачу, каб усе былi шчаслiвыя i любiмыя.

Кацярына Касцевiч, студэнтка IV курса факультэта журналiстыкi БДУ

Фота дадзена гераiняй

Загаловак у газеце: «Сапраўдны валанцёр заўсёды ў... красоўках»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».