Вы тут

Ад Туркоў — у Камяное


У сучаснай беларускай літаратуры добра вядома імя Алеся Бадака. Празаік, паэт, дзіцячы пісьменнік, публіцыст, перакладчык... А яшчэ — дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура». Яркая творчая асоба. Лаўрэат Рэспубліканскай літаратурнай прэміі «Залаты купідон», лаўрэат Прэміі СНД «Зоркі Садружнасці».


— Алесь Мікалаевіч, ведаю, што вы парадніліся з Міншчынай. Ёсць у вас лецішча на Уздзеншчыне… Ці часта бываеце там? Раскажыце, калі ласка, як «прыраслі» да таго куточка.

— Слова «дача» ў мяне асацыюецца з нечым штучна ўзніклым, што не мае глыбокай гісторыі: выдзелілі зямлю, на якой пабудавалі домікі, раскінулі маленькія агародзікі. Летам жыццё там ёсць, а зімою ні душы не ўбачыш. З Міншчынай я зрадніўся, дзякуючы жонцы: там засталася хата, у якой некалі жыла яе вялікая радня — маці, дзед з бабуляю, цёткі. Хата старэнькая, даваенная, але затое многія рэчы ў ёй маюць багатую гісторыю, нясуць у сабе адбітак даўніх часоў. Тым яна і прыцягвае. Я ўпершыню там пабываў у сярэдзіне 90‑х, і з таго часу бываю штогод, з мая па кастрычнік па некалькі разоў на месяц і абавязкова частку адпачынку. Я не люблю, калі агарод зарастае пустазеллем, люблю свае памідоры, гуркі, свае вішні, слівы, яблыкі, таму працы хапае. А яшчэ там зусім побач лес, рака Неманец. Адным словам, ёсць дзе адпачыць.

— Не даводзілася выступаць перад чытачамі на Уздзеншчыне?

— У якасці пісьменніка пабываў толькі аднойчы наведаў Уздзенскую школу-інтэрнат, але гэта было даўно. Што да маіх суседзяў, то, шчыра кажучы, мне ніколі не хацелася ні хаваць (у вёсцы хіба што-небудзь утоіш), ні афішаваць перад імі род свайго творчага занятку. Ну пішу нешта — і ладна, мы ж з імі не пра літаратуру гаворым, а пра грады, надвор’е. А паслухаць іх заўсёды цікава, бо прыродная сялянская мудрасць — гэта такі скарб! І людзі там вельмі добрыя, шчырыя, працавітыя, вельмі нагадваюць маіх аднавяскоўцаў.

— Ці напісалі што-небудзь пра тыя уздзенскія мясціны?

— Невялічкую паэму «Камяні». Вёска называецца Камяное, таму нават з назвы відаць нейкая сувязь. А таксама некалькі вершаў, якія ўключыў у свой нядаўні зборнік «Развітанне з вечнасцю», ды каментарыі-эсэ да іх, змешчаныя ў апошнім раздзеле. Ну а некалі я напісаў цэлую серыю кніг «Усім пра ўсё» — пра расліны, жывёл, птушак… І там было шмат ілюстрацый, у тым ліку, і фотаздымкаў з Уздзеншчыны, і нават з майго ўраджайнага агарода.

— Здараецца працаваць на лецішчы як пісьменніку? Ці больш часу праводзіце на агародзе, за гаспадарчымі клопатамі?

— Складанае пытанне. Справа ў тым, што я «аднасед», я прырастаю душой да аднаго рабочага стала. Калі я стаў жыць у Мінску, мне доўга не пісалася так добра, як дома, у сваёй роднай вёсцы Туркі, што ў Ляхавіцкім раёне, на Берасцейшчыне. А цяпер мне нідзе так добра не пішацца, як у сваёй мінскай кватэры. Але справа не ў нейкіх асаблівых умовах. Вось прыязджаю я, напрыклад, дадому. Мне хочацца як мага больш пагаварыць з мамай, з братам, нешта дапамагчы зрабіць, нарэшце проста прайсціся па вёсцы, паглядзець, што ў ёй змянілася, пабачыць вяскоўцаў. Душа настроена там не на творчасць, а на зусім іншае. Тое ж самае тычыцца і Камянога: выпадае вольная хвіліна — хочацца ў лес альбо на рэчку. Іншая справа, што так званы «падрыхтоўчы працэс» — абдумванне нейкіх сюжэтаў, вобразаў — ён бывае паўсюль.

— Ці берыце на Уздзеншчыну кнігі? Як чытаецца ў тых мясцінах?

— У мяне ў Камяным вельмі вялікая бібліятэка. Па-першае, я кнігаман, і ўсе кніжныя паліцы ў мінскай кватэры даўно застаўлены, а па-другое, быў час — пачатак 90‑х, — калі ўсе кінуліся купляць дэтэктывы, фантастыку, і за капейкі здавалі ў букіністычныя крамы класіку. Я тады вельмі шмат кніг купіў, асабліва не думаючы пра тое, ці будуць патрэбны яны мне для штодзённага карыстання. А папрацаваўшы на агародзе, вельмі добра бывае разгарнуць пасля томік якога-небудзь Галсуорсі ды пачытаць некалькі старонак пад прыемны птушыны спеў за расчыненым акном.

— Ці параўноўваеце свой уздзенскі «прытулак» з роднымі ляхавіцкімі вёсачкамі?

— Гэта па-за ўсялякімі параўнаннямі. Нармальны чалавек, які вырас у добрай сям’і, ніколі не стане параўноўваць сваю маці з іншай жанчынай. Мне здаецца, яму нават і ў галаву такое не прыйдзе. Але чалавечая любоў мае вельмі шмат адценняў, і, як і кожнага чалавека, так і кожную мясціну мы любім па-свойму.

Гутарыў Сяргей Шычко

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».