Вы тут

Пра што маўчала Віка


Ва ўсе часы прадстаўніцы прыгожага полу любілі лялек. Не бярэмся шукаць адказ на пытанне, навошта ім гэта, пакідаем цікавую тэму псіхолагам. А толькі раскажам, што атрымалася з той любові ў гераіні адной «лялькавай» гісторыі.


Яна стаяла як слуп, затаіўшы дыханне. Я, выбіраючы бранзалет са скуры, назірала за Інгай краем вока. І бачыла, як мая калега не магла вачэй адвесці ад калекцыйнай аўтарскай лялькі.

І як яна патрапіла туды, у малюсенькую лаўку ў горадзе Бруге, старэнькі гаспадар-галандзец, які не гаварыў па-англійску, растлумачыць не мог. Лялька, якую майстар назваў Вольгай, вылучалася на фоне розных сувеніраў з каменя, скуры, гліны, шкла нейкай вельмі светлай плямай. Здавалася, ад яе зыходзіць ззянне — такой прыгожай яна была ў белай празрыстай сукенцы, абутая ў пуанты далікатна-ружовага колеру.

— Божа мой, — ажно замірала ў Інгі дыханне, — як жа мне падабаецца гэтая балерынка: столькі ў ёй чысціні, вытанчанасці, пяшчоты…

— Тады купляй, — сказала ёй я, — не пашкадуеш.

І выйшла з крамы, каб не перашкаджаць Інзе прыняць рашэнне: эксклюзіўная лялька была не з танных…

Госця з Бруге

Праз некалькі хвілін мая спадарожніца літаральна вылецела з крамы — са скрынкай ў руках! Яна была такая шчаслівая, што і мяне асвяціла сваім сонечным настроем.

Мы вандравалі па Бруге, прыгожым горадзе ў Бельгіі, што ў цэнтры правінцыі Заходняй Фляндрыі, любаваліся архітэктурай, шматлікімі каналамі ды атрымлівалі асалоду ад цокання капытоў коней па бруку. Так цяпер у ландо, запрэжаных імі, возяць па горадзе турыстаў. Здавалася, мы, прыехаўшы сюды на экскурсію з Брюсэля, дзе праходзіла наша журналісцкая стажыроўка ў Еўрапарламенце, патрапілі ў Сярэднявечча. Вуліцы і дамы тут, як распавялі нам, і сёння выглядаюць так, як стагоддзі таму. А помнікаў культуры ў Бруге, дарэчы, некалькі тысяч. І гэта толькі зарэгістраваных…

Аднак вярнуся да Інгі з лялькай. Мне здавалася, што яна толькі часткова захоплена горадам. Час ад часу Інга прыціскала да сябе скрынку, зазірала ў празрыстае акенца з пластыку, на ўзроўні лялечнага тварыка, радасна ўздыхала і казала: як жа я рада, што купіла яе, гэтая Вольга — як мая душа…

А ўвечары ў гасцінічным нумары Брюсэля мы гаварылі пра тое, што ў нашым савецкім дзяцінстве цацкі, тым больш эксклюзіўныя дарагія лялькі, былі недаступныя. Я, ураджэнка невялічкага ўкраінскага гарадка Ваўчанска, што на Харкаўшчыне, расла ў сям’і з вельмі сціплым дастаткам. Інга хоць і мінчанка, ды фінансавае становішча яе сям’і таксама не дазваляла купляць дарагія цацкі. Яна ўспамінала, як сама пашыла ляльку, адчайна жадаючы, каб у яе, як і ў сяброўкі Алачкі з заможнай сям’і, была лялька з тварам, які не размаляваны хімічным алоўкам, а сапраўдная, з крамы. Пацешна, але ж і цяпер пашытыя мяккія лялькі ў трэндзе, і дзяўчынкі любяць іх. І я ўспомніла сваю маленечкую ляльку-галыша, ці то дзяўчынка была, ці то хлопчык. Для яе сама шыла адзенне. Праўда, не унісэкс, а падкрэслена дзявочае. Памятаю нават балетную пачку, якую сканструявала з старой шторы, і камізэлечку з чорнага плюшу, і нават укарочаныя штанцы, так званыя «сем восьмых», якія ў модзе ў нашы дні. Як жа я перажывала, што ножкі ў галыша майго не гнуцца. І вялікага рудога мядзведзя з адарванай лапай мне не забыць. Яго аднекуль прынесла мая бабуля Кацярына Максімаўна. А на шаснаццацігоддзе сябры-аднакласнікі, ведаючы, як мала было ў дзяцінстве ў мяне цацак, падарылі белага плюшавага мядзведзя. Велізарнага!

У той вечар з Інгай мы зразумелі, чаму нам абедзвюм з юнацтва вельмі хацелася дарыць нават дарослым сябрам цацкі: так мы кампенсавалі тое, чаго і ёй, і мне ў дзіцячыя гады не хапала. Да прыкладу, Інга падарыла гутаперчывую ляльку сваёй пляменніцы, калі той было гадоў пяць-шэсць. А пазней, у студэнцкія гады купіла ляльку і сяброўцы-аднакурсніцы. Аж палову стыпендыі за яе аддала. Гэта, казала, была нямецкая прыгажуня-лялька Gotz з ГДР, мара многіх савецкіх дзяўчынак, якой у тыя часы не было роўных. У нашы дні такіх лялек, мядзведзяў, вінтажных і антыкварных, можна ўбачыць у асабістых калекцыях тых, хто захапляецца цацкамі з мінулага. Таксама і цэх майстроў цацачных справаў год ад года ў Беларусі расце. Для кагосьці гэта хобі, а нехта становіцца рамеснікам дзеля свайго захаплення і робіць любімую справу прафесіяй.

Дарэчы, мінулым летам у Малой выставачнай зале Палацавага-паркавага ансамбля ў Нясвіжы праходзіла вельмі цікавая выстава — Надзея Doll’я. Зладзіла яе мастачка, куратар, сябар журы шматлікіх міжнародных лялечных конкурсаў Надзея Цыганоўская. На выставе было сабрана больш за 100 прац, усе прадстаўленыя лялькі — у адзіным экзэмпляры. Усе — асобы, ва ўсіх — свае характары, настрой, які адлюстраваны ў міміцы. Мяркую, і лялька Вольга сярод іх таксама заняла б годнае месца…

Так, і пасля Інга, як і я, дарыла сябрам цацкі…

— Нарэшце і сябе ты пацешыла, — сказала я ёй у той памятны брусэльскі вечар.

На тым і супакоіліся, пажадаўшы адна адной добрай ночы. А Вольга тады глядзела на нас праз акенца і, здавалася, радавалася, што Інга яе «ўдачарыла». Назаўтра нас чакала аднадзённая паездка ў Парыж, а праз суткі мы вярталіся ў Мінск.

Куміры і татэмы

Час ад часу я, сустракаючы Інгу, пыталася ў яе: як жывецца госці з Бруге? Радуе, адказвала, і мяне, і ўсіх, хто з ёй знаёміцца. І запрашала заходзіць на каву. Аднойчы я і пабывала ў Інгі, сфатаграфавала балерынку ў кампаніі вясёлага блазна ды іншай мілай аўтарскай лялькі па імені Дзіна. Памятаю, мы нават разважалі: маўляў, ці не раўнуе балерынка да яе блазна? І прыйшлі да высновы, што наша госця з Бруге вельмі прыязная. І ў яе адухоўленым свеце душы і безумоўнай любові няма такога паняцця як рэўнасць. Хто б да Інгі, па яе словах, ні забягаў, заўважаў прыгажуню Вольгу, адзначаў яе пазітыўны характар. А Віка, любімая пляменніца Інгі, дык і зусім у ляльку ўлюбілася, прасіла нават неяк у душэўным парыве завяшчаць балерынку ёй, калі раптам што здарыцца. Інга паабяцала. Тая гутарка хоць і была жартаўлівай, але, як вядома, у кожным жарце ёсць частка жарту. І, як прызналася мне Інга, яна ўсё часцей пачынала думаць пра тое, каб аддаць пляменніцы Вольгу, дарагую істоту, якая была «жывая», нібы вучыла людзей цягнуцца да радасці і ладзіць адзін з адным. Вось такую ролю своеасаблівага татэма іграла лялька Вольга ў доме Інгі.

Гады ішлі. Ад знаёмых я чула, што Інга нібыта кудысьці з’ехала: ці то ў Вільню на стажыроўку, ці то ў Лондан — вучыцца. Я час ад часу ўспамінала і яе, і Вольгу. Ці ўзяла яе з сабой, ці дома пакінула… Думала і пра тое, што, напэўна, і белая сукенка балерынкі ўжо запыленая.

Як разбілася Вольга

Зусім нядаўна, пасля Старога Новага года непадалёк ад Дома прэсы, дзе знаходзіцца наша рэдакцыя, сустрэла я Інгу. Хоць мы сяброўкамі і не былі, пры сустрэчы, узрадаваўшыся адна адной, абняліся. Адвучыўшыся, Інга вярнулася на месца былой сваёй працы, усё ў яе было добра і ў сямейным жыцці. Толькі вось трохі цела, сказала, патрабуе «рамонту»: дае ведаць пра сябе старая траўма. Інга была заўзятай байкершай, і ў маладосці пашкодзіла стапу. Ды яшчэ трэба было і «сэрцу трошкі дапамагчы».

Я, зразумела, не ўтрымалася і спытала: як там Вольга? Інга ўсміхнулася, у яе вачах бліснулі слёзы. Яна раскрыла пакет, які быў у руцэ, і сказала: гэта ж трэба, каб цябе я менавіта сёння сустрэла…

О, жах! На дне пакета я ўбачыла разбітую Вольгу. Галоўка — асобна, тулава і рукі таксама самі па сабе, адна ножка балерынкі — ушчэнт. Прыклееная раней да тулава запыленая сукенка садрана… Інга ўсё ўсміхалася, відаць, перажываючы глыбокі стрэс. Так часам робіш, каб не расплакацца зусім… А я, гледзячы на сляды падобнага вандалізму, міжволі заплакала. Мне так балюча было!.. Нібы па маёй душы праехаліся грубым катком. І па гэты час як прыгадаю нашу сустрэчу, то шчыміць сэрца.

Хто?.. Як здарылася?.. Чаму?.. Інга на мае пытанні адказала, калі я зайшла да яе пасля працы. Яна зварыла кавы і неяк вельмі спакойна распавяла, што ж адбылося з лялькай.

Зносіны з лялькай — гэта і дыялог з далікатнай сутнасцю ўнутры сябе самой

— На днях я адзначала дзень нараджэння. Сабралася мая сям’я. Прыйшла і дачка пляменніцы Леся з мужам. Мы вячэралі, жартавалі, слухалі музыку. У нейкі момант я падумала: перадам праз Лесю ляльку пляменніцы. Ці мала што са мной здарыцца, ну ўсё ж такі аперацыя… І калі госці сыходзілі, так і зрабіла. Навошта, падумала, чакаць майго перасялення ў іншы свет… Хай Вольга пацешыць і пляменніцу. Бо яна так ёю захаплялася! А Віка ж у мінулым — балерына. Назаўтра мне патэлефанавала Леся і проста ашаламіла: мама трапіла ў аварыю, і лялька разбілася… Потым я даведалася, што з Вікай усё ў парадку, моцна разбіта толькі машына, а лялька, з якой знялі сукенку, каб памыць, разбілася ў кватэры ў Лесі, у ванным пакоі. Ці то сантэхнік яе зачапіў, які мяняў ракавіну, ці то нехта з дзяцей неспадзявана спіхнуў Вольгу на каменную падлогу.

Не так тое цяпер і важна, як менавіта разбілася Вольга — канстатавала Інга. І прадоўжыла:

— О, Валянціна, я нават не падумала, што запыленая сукенка і падэшва ад пуанты лялькі, якая, відаць, адвалілася пры транспарціроўцы, могуць пляменніцы не спадабацца. Як потым я даведалася, на пальчыку Вольгі была малюсенькая шчарбінка, і вейкі над адным з вочак зніклі. Я ж таго нават не заўважала! У цэлым мая лялька для мяне была такая ж прыгожая, як і ў першыя дні яе з’яўлення ў доме. Хай бы яна такая і стаяла побач са сваімі сябрамі. Такую выснову я зрабіла пасля ўсяго, калі даведалася, што так лёгка Віка адмовілася ад лялькі. Калі я аддавала Вольгу, то і падумаць не магла, што нязначныя прыкметы часу ў яе знешнасці такія «лёсавызначальныя». Урэшце, усе мы старэем. І цацкі таксама... Пляменніца ж, пэўна, убачыўшы Вользіну недасканалась, вырашыла аддаць ляльку васьмігадовай унучцы. Ёй, падобна, было няўцям, што такія, як мая Вольга, лялькі — аб’екты мастацтва. І створаны не для дзіцячых гульняў, а для сузірання, захаплення і калекцыявання. Не магла я нават прадбачыць, што Віка, трымаючы ў руках Вольгу, скажа: «І навошта яна мне такая патрэбна?». Пра тое мне распавяла Леся. Вось і ўся гісторыя з лялькай. Няма больш у маім доме цуду па імені Вольга. На імгненне я адчула, што быццам мая душа разбілася…

Не вінавацім, не крыўдзімся…

Пасля маналогу Інгі ў мяне не хапала і слоў. Прызнаюся, была засмучаная мацней за прыяцельку. А сказаць не было чаго. Тут якраз разбірацца псіхолагам: хто ж мае рацыю, а хто вінаваты. Вядома ж, яны скажуць: няма тут нічыёй віны. Ёсць рэальнасць. І кожны ў гэтай гісторыі паступіў так, як мог. Віка стала дарослай, яна даўно ўжо не тая дзяўчынка, якую Інга любіла. Да таго ж, іх шляхі разышліся некалькі гадоў таму. Так здараецца: блізкая радня па нейкіх прычынах можа раздружыцца, зносіны закончацца. Ведаю, Інга ніколькі не крыўдзіцца на Віку, нічога ад яе не чакае. Калі Віка так вырашыла, то так таму і быць, сказала. А сама лічыць: для яе гісторыя з лялькай — добры ўрок. Маўляў, не варта прывязвацца да рэчаў, тым больш ствараць з іх татэмы. І тым больш чакаць ад Вікі той любові да лялькі, якую адчувала яна сама. Пра тое Інга мне сказала праз некаторы час. І ўжо нават сама над сабой жартавала: так бы мовіць, яна памерла для Вікі раней смерці.

І яшчэ адна цікавая дэталь у яе асэнсаванні гісторыі з лялькай. Інга не адразу зразумела, чаму ёй было вельмі балюча, калі даведалася пра падрабязнасці. Ва ўсялякім выпадку яна мне пра тое не казала. А я думаю, што разам з Вольгай разбілася Інгіна перакананасць у духоўную роднасць з Вікай, з якой яна мае крэўнае раство.

Разважаючы над гэтай гісторыяй, я заглянула ў інтэрнэт. І вось пра што даведалася. На пытанне журналісткі, як навучыцца дараваць, паважаны мною індыйскі настаўнік Садхгуру ў адной з лекцый адказаў пытаннем на пытанне: а вы каго-небудзь у чым-небудзь абвінавачваеце? І далей разважыў: для таго, каб камусьці за штосьці дараваць, спачатку трэба зрабіць яго вінаватым, пакрыўдзіцца на яго. Так што не ўскладняйце, сказаў, сабе жыццё, радуйцеся і будзьце шчаслівымі. І хай кожны жыве так, як лічыць патрэбным.

Вось так і Інга стараецца прытрымлівацца мудрай парады. Не вінаваціць, не крыўдзіцца, таму ёй і дараваць няма каму. А пляменніцы, што называецца, пляменніцава…

І ўсё ж… Мне здаецца, ведаючы Інгу і тое, як яна любіла сваю Віку, а тая любоў выяўлялася ва ўчынках, пляменніца магла ж неяк інакш сябе праявіць. Больш далікатна, больш чалавечна. Патэлефанаваць, падзякаваць, запытаць, ці не закране Інгу тое, што яна вырашыла аддаць ляльку ўнучцы… У рэшце рэшт, магла б і наўпрост сказаць: лялька ёй ужо не патрэбная. І чаму, думала я, нікому з членаў сям’і не прыйшло ў галаву вярнуць Вольгу гаспадыні? Але гэта ўсяго толькі маё ілюзорнае ўяўленне пра тое, як Віка ці іншыя павінны былі паступіць. Хіба хто-небудзь з іх мог сабе уявіць, наколькі лялька была каштоўнай для Інгі? І чаму.

А Віка… Цікава, як яна сябе адчувала сама, калі трымала ў руках Вольгу: пра што думала, ці перажывала, ці наогул — заставалася халоднай і абыякавай, альбо нават жорсткай… Ніхто пра гэта не ведае, акрамя Вікі.

А Віка маўчыць.

Валянціна Ждановіч

 

Імёны ў аповедзе выдуманыя, бо яго героі жывуць побач з намі. Вядома ж, гэта не толькі гісторыя пра разбітую ляльку. Хутчэй пра тое, як яна дзякуючы нейкаму, можна сказаць містычнаму збегу абставінаў, стала своеасаблівым медыятарам нашага самапазнання. А яшчэ — пра тонкія энергіі ўзаемаадносін паміж людзьмі, пра здольнасць і няздольнасць нашу суперажываць адно аднаму, разам нечаму радавацца і тужыць. Альбо наадварот: замыкацца ў ракавіне сваёй асобы, не ўпускаючы нікога ў свой унутраны свет. Урэшце, пра тое, што для нас у жыцці з’яўляецца каштоўным, і да чаго мы зусім абыякавыя.

 

Для каго нас няма

Меркаванні псіхолага

Як часта ў жыцці мы ўспрымаем чалавека і ягоныя ўчынкі на грунце асабістых меркаванняў, уласнага жыццёвага досведу, разглядаем свет праз прызму сваіх светапоглядных установак. Часам гэта перашкаджае рэальна ўспрымаць падзеі, людзей ды іх стаўленне да нас.

Чаму так? Прычына — у страхах, з якімі мы баімся сутыкнуцца. Іх мноства. Нам боязна быць не прынятымі, адпрэчанымі, і што пра нас забудуць. Мы адчуваем страх ад таго, што станем не патрэбнымі і сваім родным і блізкім.

Па сутнасці, гэта класічны страх смерці, страх перад невядомым, які ўласцівы абсалютна ўсім. Часта гэтыя страхі — глыбінныя, неўсвядомленыя і могуць быць вельмі дэструктыўнымі Яны прыхаваныя ў кожным з нас уласнымі, набытымі ў сям’і і грамадстве, навыкамі.

Інга ў гэтай гісторыі яскрава ілюструе тыповае імкненне «вярнуць усё на кругі свая». Тое жаданне паўстала пасля адчужэння блізкіх людзей, і было яно не зусім усвядомленым. Імкненне даць зразумець пляменніцы, што яна па-ранейшаму для яе дарагая, прывяло да таго, што наша гераіня ахвяравала вельмі каштоўнай для яе лялькай.

А лялька — гэта ж нібы сама Інга! З-за неўсвядомленага страху страты, яна прынесла сябе ў ахвяру, жадаючы такім чынам сказаць пляменніцы, што па-ранейшаму любіць яе і шануе. Інга смела ступіла насустрач свайму страху — быць няправільна зразуметай. І дзякуючы таму ўбачыла рэальнае стаўленне да сябе. Таму і ўсвядоміла, што ўсё яшчэ жыла мінулым, што ў дачыненні да роднага, крэўнага чалавека міжволі падманвала сябе. Лічу, што гэта вялікая яе перамога над несвядомым страхам адчужэння.

Асабіста мне сімпатычны падыход Інгі да жыцця і да людзей. Яна сама ўзяла на сябе адказнасць за тое, што адбылося, не шукаючы вінаватых. Бо ідзе па шляху самаразвіцця. Гэта нармальна і прыгожа: бачыць у іншым чалавеку лепшае, каштоўнае, што б ні здарылася. І цяпер Інзе значна лягчэй атрымліваць асалоду ад жыццёвых рэалій, адчуваць сябе шчаслівай. Бо жыццё і час, які нам адпушчаны на Зямлі — гэта ўсё, што мы маем на самой справе.

Алена Ліхтаровіч, спецыяліст па міжасабовых зносінах

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».