Вы тут

Усё распісана па хвілінах. Карэспандэнт «МС» правяла адзін дзень са старшынёй сельскага Савета дэпутатаў


Чым толькі не даводзіцца займацца кіраўнікам пярвічнага звяна ўлады. І неўладкаванымі сем'ямі, у якіх дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, і асацыяльнымі асобамі, што злоўжываюць спіртным, і пошукам работы для тых, хто не надта імкнецца працаваць, і добраўпарадкаваннем тэрыторый, навядзеннем парадку на зямлі і г. д. і да т. п. Спіс спраў можна працягваць бясконца. Часта дзень распісаны літаральна па хвілінах.


Святлана Швед віншуе землякоў са святам вёскі.

Старшыня Рачэнскага сельскага Савета дэпутатаў Святлана Швед сустрэла мяне ў цэнтры Любані на службовай «Шкодзе», якая, па ўсім відаць, прайшла шмат тысяч кіламетраў.

— Гэта падарунак былога старшыні Мінаблвыканкама Сямёна Шапіры. Сямён Барысавіч нарадзіўся ў Рачэні, землякі яго ўспамінаюць з вялікай цеплынёй і павагай. Вядома, гэты аўтамабіль, як кажуць, быў «з прабегам», але ў параўнанні з папярэднімі дабітымі «Жыгулямі» як неба і зямля, — кажа Святлана Васілеўна.

Па дарозе да месца дыслакацыі яна расказвае пра свае ўладанні. На яе тэрыторыі знаходзяцца 42 населеныя пункты, 1267 гаспадарак, жыве 2711 чалавек. Тут размешчаны школьныя і дзіцячыя ўстановы, установы культуры, медыцыны, бібліятэкі, комплексны прыёмны пункт, філіял ашчаднага банка, 11 магазінаў. Для аказання камунальных паслуг насельніцтву ў вёсцы Атраднае створаны вытворчы ўчастак РУП «Любанская ЖКГ».

Непрыкметна за размовай пад'язджаем да невялікай вёсачкі.

— Гэта Жораўка, — знаёміць яна. — Дакладней, як называюць мясцовыя жыхары, — Старая Жораўка, а па другі бок — Новая Жораўка. Там ААТ «Забалацкі» пабудавала дамы для сваіх работнікаў. У Старой Жораўцы знаходзіцца вядомы ў раёне Дом народных традыцый. Яго загадчыца Ірына Жудрык пячэ хлеб па даўніх сямейных рэцэптах.

У вёсцы не засталося сацыяльных аб'ектаў. Сюды прыязджаюць мабільная пошта, аўтакрама. А будынак былой школы выкупіла ТАА «Пасат» з Салігорска. У вёсцы ёсць ФАП, частку плошчы з яго работнікамі дзеліць вядучы спецыяліст Рачэнскага сельвыканкама Людміла Корбут. Менавіта да яе мы і наведаліся. Некалі Людміла Іванаўна працавала сакратаром Ляхаўскага сельсавета, які пасля рэарганізацыі далучылі да Рачэнскага.

— Мы пакінулі тут спецыяліста для зручнасці людзей, бо ехаць пенсіянерам па справах у Рачэнь далёка, — удакладняе Святлана Швед.

— Наведвальнікі прыходзяць сюды па даведкі, з нейкімі просьбамі, пытаннямі. Калі трэба, разам са старшынёй сельвыканкама выязджаем на месцы, сустракаемся з людзьмі, — дадае Людміла Корбут.

Едзем далей. Каля адной з вёсак кіроўца рэзка тармозіць. На абочыне дарогі работнікі ЖКГ выгружаюць на машыну кантэйнер са смеццем. Ды вакол застаюцца пластыкавыя пакеты, папера і шмат чаго іншага.

— Хлопцы, акуратней, — просіць Святлана Васілеўна.

Мужчыны паслухмяна пачынаюць збіраць раскіданае па зямлі.

— Камунальнікі паставілі кантэйнер для ПЭТ-бутэлек. Але мясцовыя жыхары завальваюць яго розным бытавым хламам, ёмістасць часта перапаўняецца. Зразумела, вядзём прафілактычныя гутаркі. Ды не ўсе адказна ставяцца да асобнага збору адходаў, — адзначае Святлана Швед. — Атрымліваецца, кантэйнер толькі стварае лішнія клопаты. Два разы ў месяц па графіку ў кожную вёску прыходзіць спецыяльная машына, якая забірае бытавыя адходы, упакаваныя ўладальнікамі ў мяшкі, пакеты.

Такі прывабны выгляд маюць многія сядзібы сельсавета.

Старшыня сельвыканкама папрасіла намесніка начальніка ЖКГ вырашыць пытанне з прыборкай смецця або ўвогуле забраць кантэйнер.

— Нам аказваюць садзейнічанне ў добраўпарадкаванні тэрыторый сельгасарганізацыі «Рачэнь» і «Забалацкі». Летась вывезлі з іх дапамогай (даюць тэхніку, людзей) смецце з усіх 17 грамадзянскіх могілак, ліквідавалі 9 стыхійных звалак. ААТ «Рачэнь» дапамагло ва ўстаноўцы і афарбоўцы жалезабетоннай агароджы на двух грамадзянскіх могілках у вёсцы Дунцы. У добраўпарадкаванні зямлі вялікая роля старастаў вёсак. Менавіта яны ініцыююць шмат добрых спраў. Прыклад паказваюць старасты вёсак Старая Дуброва Алена Курда і Дунцы Міхаіл Андруховіч. На лета ў штат бяром двух рабочых па добраўпарадкаванні. Дзякуй ЖКГ: перадалі нам бясплатна дзве мотакасы, — тлумачыць Святлана Швед.

Ёсць важная праблема — закінутыя старыя хаты. Дакладней, іх спадчыннікі, якіх часам вельмі цяжка знайсці. Некаторыя прыязджаюць, наводзяць каля дамоў парадак. Але не ўсе. У адваротным выпадку сельвыканкам афармляе дакументы і падае іскавую заяву ў суд. Калі суд прызнае жыллё безгаспадарчым і перадае яго ва ўласнасць сельсавета, то яго можна знесці або прадаць.

Сёлета ўпершыню ў гісторыі раёна сельвыканкам прадаў такі дом. Грошы атрымалі невялікія, але затое цяпер тут ёсць гаспадар, які даглядае будынак, і ўчастак. А ў вёсцы Вобчын самі жыхары выказалі прапанову знесці пустуючы дом. Сельвыканкам ініцыятыву падтрымаў.

Сапраўды, апошнім часам многія населеныя пункты прыкметна папрыгажэлі, сталі больш утульныя і камфортныя для пражывання. За вокнамі машыны праплываюць дыхтоўныя дамы, утульныя прыдамавыя тэрыторыі з дэкаратыўнымі агароджамі, альтанкамі, разнастайнымі малымі архітэктурнымі формамі, альпінарыямі, кветнікамі.

Нашу размову перапыняе званок жыхаркі Марыі Чайко наконт выдзялення дадатковай пашы для кароў.

— Марыя Уладзіміраўна і яе муж — пенсіянеры. Пераехалі ў бацькоўскі дом з Салігорска, завялі карову. А цяпер у іх падсобнай гаспадарцы ажно чатыры рагулі, — кажа старшыня.

Яна запэўнівае жанчыну, што пагутарыла з дырэктарам ААТ «Рачэнь» па гэтым пытанні. Яно вырашана станоўча.

Дарэчы, сама Святлана Васілеўна як старшыня сельвыканкама паказвае прыклад руплівай гаспадыні, трымае свойскую птушку і парсючкоў. Яна вырасла ў вялікай сям'і, дзе гадавалася сем дзяцей, была самая малодшая. Таму да сялянскай справы звыклая і добра разумее запыты вяскоўцаў.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ, Любанскі раён

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.