Вы тут

Асноўныя сімптомы. Адзін дзень у эпоху лічбавізаванай эпідэміі


Першае, што выхопліваеш позіркам, прачнуўшыся за некалькі хвілін да будзільніка, — блакітнае чысцюткае неба ў акне. У пакоі разліваецца мяккае ружаватае святло сонечнай красавіцкай раніцы. Пухнатае мякка-ўтульнае стварэнне, пачуўшы, што варушышся, бязгучна скача да цябе на ложак і мокрай пыскай «цалуе» ў твар: «Уставай». Некалькі секунд доўжыцца прыемнае няведанне і шчасце (хто б падумаў, што за шчасце будзеш лічыць проста бесклапотна будзённа прачнуцца ў сваёй хаце і пачаць збірацца на працу, думаючы аб тым, што належыць зрабіць за дзень?). Усяго некалькі секунд. Пасля пазлы ў галаве складваюцца — і спакой, і бесклапотнасць адтуль вылятаюць проста ўмомант. «Каранавірус. Эпідэмія». Пачынаецца твой уласны, асабісты тэатр абсурду, і з кожнай хвілінай знікае надзея на тое, што ўсё гэта сон, што зараз ты прачнешся па-сапраўднаму, і ўсё будзе, як раней, зусім нядаўна і недасягальна даўно.


yandex.by

І ўсё, здаецца, як заўсёды: варыш каву, корміш кошку, збіраешся на працу. Але ў галаве надакучлівым цвыркуном ціўкае гэтае слова, аб існаванні якога яшчэ год назад ты нават і не ведаў. Як заўсёды, уключаеш на кухні тэлевізар: у ранішняй інфармацыйна-забаўляльнай праграме пяць разоў за паўгадзіны раскажуць, як правільна мыць рукі, надзяваць маску, што піць, што есці, каб не захварэць. Пераключаеш на канал еўрапейскіх навін — хочацца зноў заснуць і не прачынацца доўга-доўга — суцэльныя лічбы: памерлых, захварэлых, выпісаных... (Ніхто нават ні словам за гэтыя вар'яцкія дні не сказаў, колькі ў той жа Італіі ў той жа час нарадзілася, — нібы жыццё спынілася і ідзе толькі ў адным напрамку — да свайго завяршэння.) Уключаеш у пакоі радыё — дыджэі не вельмі ўдала жартуюць усё на тую ж тэму. Добра, што пра каранавірус яшчэ не напісалі песень, якія можна круціць у эфіры (хаця ў інтэрнэце ўжо хапае, з разраду народнай творчасці)... Карацей, выходзіш з кватэры з нафаршыраванай каранавірусам галавой. Прычым зусім не спецыяльна — так атрымліваецца.

Далей — болей. Садзішся ў тралейбус, па прывычцы дастаеш смартфон. Спачатку — сайты, якія праглядаеш з раніцы заўсёды. Галоўная тэма там... угадайце якая. Прычым ты ведаеш, што менавіта так і будзе, але з нейкай хваравітай цікаўнасцю ўсё роўна ціснеш на прывычныя старонкі. У метро прымаешся за сацыяльныя сеткі. Вось тут можна завязнуць надоўга і не тое што праехаць патрэбную станцыю, але і заехаць у дэпо. Асабліва калі ў цябе ў «сябрах» людзі адусюль: з Расіі, Украіны, ЗША, Германіі, Італіі. Сапраўдны кірмаш вар'яцтва ў розных варыяцыях: хтосьці жартуе, хтосьці посціць смешныя карцінкі «па тэме», хтосьці абураецца прымаемымі (ці недастаткова прымаемымі, ці непрымаемымі мерамі). І ты на гэтым кірмашы не назіральнік, штосьці «лайкаеш», штосьці рэпосціш, некаторыя асабліва смешныя карцінкі перасылаеш камусьці з сяброў ці калег. Так незаўважна пралятаюць тыя сорак хвілін, што патрэбны, каб дабрацца да месца працы...

Пакуль ідзеш ад метро, усю атрыманую інфармацыю пераварваеш. Ні пра што іншае думаць ужо не можаш, як ні стараешся (дый ужо асабліва і не стараешся). Ідзеш сам у сабе, не засяроджваешся на тварах мінакоў, што рухаюцца насустрач. Часам толькі сустракаешся з нечымі вачыма і здзекліва сам у сябе пытаешся: «Няўжо і ў мяне такі агаломшана-дурнаваты выгляд...» На такім вось «высокаінтэлектуальным» аўтапілоце ў апошні момант успамінаеш, што трэба падысці да санітайзера на ўваходзе і апрацаваць рукі.

На працы нейкі час займаешся чым табе, уласна, і належыць займацца — працуеш. Праўда, роўна да таго часу, пакуль на камп'ютары, акрамя патрэбных па рабоце файлаў і сайтаў, не націснеш на іншую старонку (хваравітая цікаўнасць цягне да яе, як магніт, і супраціўляцца не можаш, дый не асабліва хочаш). Працы яна нібыта і не перашкаджае, але ж усё роўна разоў дваццаць за дзень яе абновіш, зазірнеш: мо што новенькае выскачыла? У абед тэлефануеш родным, стараешся трымацца, удавана-нейтральна пытаешся, як справы, гэтак жа нейтральна адказваеш, што ў цябе ўсё нармальна. Пратрымацца ўдаецца хвіліны гэтак са дзве. Потым хтосьці з суразмоўнікаў не вытрымлівае — і панеслася: «А ты бачыла новыя лічбы?», «А што ў Амерыцы робіцца», «А я сабе маскі новыя купіла»... Самыя блізкія, самыя родныя людзі, з якімі заўсёды, хай сабе і некалькі разоў на дзень, было пра што пагаварыць, з чаго пажартаваць, цяпер ператварыліся ў рэтранслятараў навін ці чутак, якія ты ўжо з самай раніцы ведаеш...

За дзень стамляешся як ніколі. Бо, акрамя непасрэдных абавязкаў, якія патрабуюць і дзеянняў, і рашэнняў (і так на кожнай працы), ты яшчэ марнуеш шмат імпэту на папаўненне ўласнай «інфармацыйнай ленты», на яе абмеркаванне. Стомленасць, праўда, не перашкаджае ехаць дадому, зноў унурыўшыся ў смартфон. Прыязджаеш дамоў, корміш кошку, гатуеш сякую-такую вячэру (як правіла, што першае трапіцца пад руку ў халадзільніку, бо думаць жа пра гэта не было калі), уключаеш тэлевізар. Ціскаеш з канала на канал у пошуках чагосьці новага, за дзень не чытанага і не чутага. У працэсе пошуку трапляеш на цікавыя перадачы, любімыя фільмы, але дзе там — не да іх. Урэшце на канапе засынаеш прама з пультам у руках, праз гадзіну прахопліваешся, сцелеш ложак, чысціш зубы. Перад тым, як патушыць святло, яшчэ раз зазіраеш у смартфон — ці няма чаго новенькага? Правальваешся ў глыбокі сон, нібы сыходзячы з рэчаіснасці...

Першае, што выхопліваеш позіркам, прачнуўшыся за некалькі хвілін да будзільніка, — блакітнае чысцюткае неба ў акне. У пакоі разліваецца мяккае ружаватае святло сонечнай красавіцкай раніцы. Пухнатае мякка-ўтульнае стварэнне, пачуўшы, што варушышся, бязгучна скача да цябе на ложак і мокрай пыскай «цалуе» ў твар: «Уставай»...

...Сёння ранкам я не ўключыла ні тэлевізар, ні радыё. З задавальненнем у цішыні выпіла кавы. Кошку не толькі пакарміла — хапіла часу з ёй нават трохі пагуляць. Агледзела расаду — трэба вечарам падкарміць. У тралейбусе паглядзела пошту, у метро адкрыла на смартфоне цікавую кніжку, якую чытала з захапленнем, але тыдні са два як закінула. Прыйшла на працу, паглядзела стужку навін — бо работа такая. З сястрой па тэлефоне пагаварылі пра агарод: дзе і што будзем сёлета садзіць. У абед выйшла на вуліцу. Злавіла сябе на тым, што дыхаецца неяк нашмат лягчэй, чым у апошнія дні. Вельмі важная і абнадзейлівая для сённяшняга часу прыкмета.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».