Вы тут

Што раяць турыстам, якія аплацілі ранняе браніраванне, і як выжыць туріндустрыі?


Турыстычная галіна разам з авіяперавозчыкамі цяпер адчуваюць, бадай, наймацнейшы ўдар з-за крызісу ў час пандэміі каранавіруса. Свае страты прадстаўнікі туріндустрыі ўжо ацэньваюць у адзін мільярд рублёў. А патрабаванні, што прад'яўляюць спажыўцы па вяртанні грошай за туры, якія, па зразумелых прычынах, не адбыліся, ацэньваюцца ў 400 мільёнаў. Што рабіць тым, хто заплаціў за пуцёўкі ці ранняе браніраванне і нікуды не паехаў, і як выжыць турыстычнай галіне, а таксама калі з'явіцца магчымасць падарожнічаць, як раней, расказалі прадстаўнікі Дэпартамента па турызме і кіраўніцтва найбуйнейшых турыстычных аб'яднанняў.


Па пераадоленні наступстваў пандэміі каранавіруса Міністэрства спорту і турызму працуе на працягу апошніх 1,5 месяца. Сумеснымі намаганнямі з МЗС, Дэпартаментам па авіяцыі і авіякампаніяй «Белавія» ў краіну ўдалося вярнуць 5026 арганізаваных турыстаў. Яшчэ некалькі соцень беларусаў, якія адправіліся на адпачынак самастойна, застаюцца ў розных краінах свету. Работа па іх вяртанні таксама вядзецца.

— Мы арганізавалі аператыўны штаб, які працаваў 24 гадзіны ў суткі. За гэты час атрымалі больш за 1150 тэлефанаванняў, а таксама больш за 350 пісьмовых зваротаў. Усе яны пераважна датычацца вяртання грошай, — расказвае дырэктар Дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Ірына Варановіч.

Пры гэтым спецыялісты тлумачаць, што турыстычныя арганізацыі аказаліся ў складанай сітуацыі. Сродкаў па прычыне адсутнасці турыстаў яны цяпер не зарабляюць. Грошы, атрыманыя за ранняе браніраванне і туры раней, былі накіраваны пастаўшчыкам паслуг за мяжу. Тыя, у сваю чаргу, закрыты на каранцін і перажываюць падобныя праблемы.

— Вярнуць грошы адразу мы не можам. Мы разумеем, што на адпачынак людзі адкладвалі сродкі месяцамі. Але мы аказаліся ў абставінах непераадольнай сілы і не можам пакуль выканаць свае абавязацельствы, — тлумачыць старшыня савета Рэспубліканскага саюза турыстычных арганізацый Аксана Бічун.

Па раннім браніраванні першыя ўзносы складаюць 10—30 % кошту пуцёўкі — гэта прыкладна 150 долараў на аднаго чалавека. Спецыялісты раяць не патрабаваць вяртання гэтых сродкаў, а пагадзіцца на перанос тура на больш спрыяльны час. Тым больш што заплачаная ў рублях сума залічваецца ў доларавым эквіваленце, гэта значыць, спажывец не губляе на розніцы курса долара і еўра.

— Больш выгадна перанесці тур, да таго ж мы ідзём на саступкі: магчымы перанос не толькі на іншыя даты, але і ў іншыя краіны, — кажа старшыня Рэспубліканскай асацыяцыі турыстычных агенцтваў Алена Кудлакова.

Ці хутка надыдзе той час, калі ўжо можна будзе падумаць пра мора і цёплыя краіны? Пакуль дакладнага адказу няма. Бягучы год прадстаўнікі туріндустрыі ўжо называюць цалкам правальным. Выходзіць з крызісу галіна пачне толькі ў 2021-м, а зарабляць —
у 2022—2023-м.

— Міжнародныя арганізацыі лічаць, што аднаўленне турызму магчыма да лета гэтага года. Мы ў сваіх прагнозах не такія аптымістычныя, — адзначае Аксана Бічун.

Сама турыстычная галіна з-за адсутнасці турызму ўжо сутыкнулася з шэрагам праблем. Гэта і неабходнасць аптымізацыі персаналу, зніжэнне арэндных плошчаў і мінімізацыя іншых выдаткаў. Для захавання туріндустрыі ва ўрад краіны накіраваны шэраг прапаноў. Сярод іх — аблягчэнне падатковай нагрузкі.

— З сярэдзіны сакавіка выручкі ў прадпрыемстваў няма. Галоўная задача — не абанкруціцца і выжыць у найбліжэйшыя месяцы, — падкрэслівае старшыня праўлення Рэспубліканскага саюза туріндустрыі Філіп Гулы. — Калі ўрад пойдзе нам насустрач і аблегчыць падатковую нагрузку — часткова ці цалкам, — будзе добра. Многія нашы аб'екты ўжо закрыліся. Адна з нашых гасцініц бязвыплатна перададзена для пражывання ўрачам.

Дапамагаюць медыкам і прадстаўнікі аграсядзіб. Па інфармацыі старшыні праўлення грамадскай арганізацыі «Адпачынак у вёсцы» Валерыі Кліцуновай, гаспадары аграсядзіб таксама не маюць наведвальнікаў. Многія дапамагаюць раённым бальніцам: гатуюць абеды для персаналу.

Алена КРАВЕЦ

Прэв'ю: m.123ru.net

Загаловак у газеце: Замест вяртання грошай — перанос тураў

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.