Вы тут

Агляд літаратурных часопісаў


 «Вяртаюць неба дахаты…»


Распачынае сакавіцкае «Полымя» Віктар Шніп творам «Заўтра была адліга», жанр якога вызначаецца як «дзённікавы раман паэта». Гэта ўжо сёмая частка, аўтарскі «летапіс» літаратурнага (а ў нечым і асабістага) жыцця пісьменніка і рэдактара з красавіка да канца чэрвеня 2017 года.

Многія літаратары і мастакі сустрэнуць у расповедах В. Шніпа свае імёны. Яго аўтарскі стыль адметны «патокавасцю», адсутнасцю ўсялякай выбіральнасці. Так, могуць суседнічаць абсалютна безінфармацыйныя і безэмацыянальныя запісы кшталту «За акном прайшоў чалавек. Прайшоў дождж. Прайшоў дзень» і афарбаваныя цёплым пачуццём і ў той жа час смуткам аб незваротнасці ўспаміны пра маці, бацькоўскую хату, дзяцінства. Шмат месца ў расповедах займаюць сны. Сюжэты некаторых з іх маглі б стаць выдатнай асновай для гатычнага рамана ці фільма. Арганічна ўплятаюцца ў канву запісаў разважанні, якія немагчыма чытаць без усмешкі: «Сам аўсянку ўжываю амаль дзесяць гадоў. Кінуў піць і пачаў аўсянку варыць. Усё! Сёння сваю аўсянку я з’еў. Міёна глядзіць, нібы пытаецца: “А мне?” Даю. Нават не панюхала. Вось табе і на! Англійская каралева аўсянку есць, мама ела, я ем, а сабака не хоча». Уражваюць і жарты, асабліва з удзелам Адама Мальдзіса: «На вуха мне з усмешкай сказаў, што каля яго дома ўжо цэлы год капаюцца з ЖЭСа: “Відаць, нехта ім падказаў, што Караткевіч, прыходзячы да мяне, часта сёе-тое хаваў у пясок. Вось яны і шукаюць дабро”…»

Заключная частка «дзённіка» — запісы паэта падчас вучобы ў Літінстытуце з канца верасня 1985 да пачатку верасня 1986 года, знойдзеныя ў сшытках у хатнім архіве.

Сапраўдную радасць чытання дорыць апавяданне «Самуілаў грэх» Уладзіміра Мажылоўскага. Напісана яно ў жанры гістарычнага дэтэктыва, але сюжэт вечны для любога часу: любоўны трохкутнік, дзе ўсе — няшчасныя. А самы няшчасны — той, хто ўчыняе забойства. Няшчасны найперш праз тое, што не ведае, якое яно — каханне… З глыбокім псіхалагізмам, захоўваючы інтрыгу да апошняй старонкі, аўтар вядзе чытача праз лабірынты чалавечых памкненняў, скупых радасцяў і расчараванняў, але расчараваным апошні не застанецца. Напружанне, што паступова нарастае, багатая лексіка, незацягнуты расповед — усё гэта служыць прыкметамі майстэрства пісьменніка.

Ганна Навасельцава ў «Міфе пра каханне» на старажытнагрэчаскім матэрыяле асэнсоўвае глыбіню найлепшага з пачуццяў. Наколькі аўтарка здолела гэта зрабіць пераканаўча, меркаваць чытачу. Вуснамі сваёй гераіні яна гаворыць тое, што сказалі б многія адзінокія людзі: «На зямлі няпроста спаткацца. З тым, хто табе роўны...»

Паэзію прадстаўляюць Аксана Спрынчан, Анатоль Зэкаў і Ганад Чарказян. Першая з аўтараў працуе ў звыклым для сябе стылі: нерыфмаваныя кароткія вершы без знакаў прыпынку, дзе трапнымі фразамі пазначаны «павароты» ў плыні свядомасці і ў завяршэнні — нечаканы вобраз: «...а побач кветкі красуюць // вяртаюць неба // дахаты».

Але найбольш удалым вершам, які спалучае ўсе прыкметы традыцыйнай паэзіі, уключаючы і рыфмы, бачыцца апошні твор з падборкі: «Над Лунінцам // Вялікі Воз // над Луцкам // Воз Чумацкі // і той, і той // вязе мой лёс // растрэсвае // на часткі».

Нешматслоўны, лаканічны Анатоль Зэкаў дзе-нідзе здзіўляе адчуваннем драматызму, глыбінёй асэнсоўвання і вобразнасцю: «Не выбераш да Бога // ні сцежку, ні шашу, / бо ёсць адна дарога // да Бога — // праз душу».

Адлюстраванне драматызму ўсяго, што адбываецца і на зямлі, і ў душы чалавека, — галоўнае ў вершах Ганада Чарказяна. Нізку чатырохрадкоўяў «Неруш» перастварыў па-беларуску Казімір Камінскі.

Рубрыка «Галасы свету» знаёміць са старонкамі сербскай літаратуры — нарысам Іва Андрыча «Узяць чытача за руку» ў перакладзе на беларускую мову Ганны Навумавай і падборкай вершаў Радаміра Андрыча пад назвай «Літара ў белым уборы», перастворанымі Іванам Чаротам.

Яна БУДОВІЧ


Прызмы мінулага

У новым нумары «Нёмана» друкуецца заканчэнне рамана Веры Зелянко «Пад купалам карнавалу». Ёсць падставы паспрачацца пра жанравую прыналежнасць твора, але гэта не так важна. Найбольш істотна тое, што мэтай быў нібыта сам факт напісання твора. У шэрагу праблем, якія ўздымае аўтар, — жыццёвая неўладкаванасць, зменлівасць лёсу, упарадкаванне сучаснага свету, у выніку чаго ўзнікае паўсюдная барацьба. Пазначаны ўсе яны вельмі выразна, што ў першую чаргу адбіваецца на сюжэце, таму кампазіцыя ўсё ж прадугледжвае нетрывіяльны фінал. Але замест гэтага чытач, на маю думку, атрымлівае пасрэдны хэпі-энд. Патлумачыць, навошта ўсё гэта было, не выпадае. Амаль адзінае, за што можна зачапіцца, дык за зварот да цікавых мясцін, якія адлюстроўваюць усю разнастайнасць жыцця, а таксама за ўвагу да сур’ёзных тэм. Раман Веры Зелянко, змешчаны на 100 часопісных старонках, поўніцца шматзначнымі дыялогамі і не надта арыгінальнымі рэплікамі, якія лепш за ўсё глядзеліся б у якасці сцэнарыя для авантурнай стужкі, што дало б прастору для ігры акцёраў. А пакуль што ўзнікаюць асацыяцыі з падлеткавым спектаклем.

Твор Святланы Шыдлоўскай «Развітанне» — апавяданне пра бацьку, больш падобнае да журналісцкага эсэ. Аўтар спрабуе «зняць» пласт памяці, які «стаў шчыльным, быццам амазоленым», каб распавесці пра далёкі час, пра лёсы родных, прытым не з галосным захапленнем і пакорлівым замілаваннем. Апавяданне Святланы Шыдлоўскай — гэта погляд на жыццё праз прызму пражытага, калі бачыш бацькоў не толькі як частку сям’і, але кожнага чалавека паасобку са сваёй бядой і сваім шчасцем. Больш з горыччу, якая панавала ў душах людзей напаўразбуранай і аднаўляемай краіны.

Апавяданне Юрыя Пелюшонка «На берагах Таўрыды» — песня бестурботнасці і бязмежнаму шчасцю, якое можна зведаць толькі ў маладосці. Не прымушаючы вышукваць існуючыя ці неіснуючыя сэнсы і рабіць нейкія глабальныя высновы, праз адмысловую стуктуру тэксту, стыль аповеду, падкрэсленыя час і прастору (1978 год, Крым і, што важна, невядомае месца службы ў арміі) аўтар нібы пераносіць чытача ў далёкі свет. З героем, быццам бы не такім і блізкім па духу і ў нечым загадкавым (пісьменнік не імкнецца даць падрабязныя характарыстыкі персанажам), хочацца крочыць побач, радуючыся кожнаму моманту і не чакаючы дрэннага: яно і так прыйдзе. Менавіта такую прозу, лаканічную і змястоўную, ёсць жаданне перачытваць.

Што да паэзіі на старонках «Нёмана», то аўтары настроены даволі аптымістычна, і гэта нават здзіўляе. Так, Соф’я Шах у нізцы вершаў «На пакаянным рубяжы» (пераклад з беларускай мовы Ізяслава Катлярова) не раз усклікае: «мне пора», хоць пачуццям, звязаным з надзеяй, гэта не перашкаджае: «лучше помнить и думать о чуде, / что на свете на белом живёшь». Паэтэса, між тым, заклікае атрымліваць асалоду ад таго, што жывём сёння, а наколькі па-мастацку гэта зроблена, хай вырашаюць чытачы:

Порадуемся солнышку, пока ещё живое

и сумрак благодатью пробует разъять,

пока оно лучисто очарованным покоем

так зрение стремится наше рассиять.

Рэлігійныя матывы пануюць у паэтычнай падборцы Георгія Кісялёва «Ты ўсё маё вазьмі». Нягледзячы на светлыя вобразы і высокія пачуцці, творы аўтара падаюцца цяжкімі для ўспрымання, бо гэта хутчэй споведзь, чым паэзія, разлічаная на шырокага чытача:

Быть может, я — моллюск.

Быть может, я — амёба.

Но я Тебе молюсь

И буду — вплоть до гроба.

Я чувствую — тяжка

Мне благодать Господня,

Почти из тупика

К Тебе молитвой поднят.

Завяршае паэтычную частку нумара Уладзімір Ступінскі (нізка вершаў «Целемах»). Кожны твор перадае асаблівы настрой і асаблівы сэнс, які чытач зможа разгадаць толькі самастойна. Але найбольш зразумелым і выразным падаецца верш «Я — хлопчык…», што адлюстроўвае традыцыйны матыў сну і дзяцінства.

Яўгенія ШЫЦЬКА


Дзе нас няма...

Сітуацыя ў свеце дае добрую нагоду для засяроджання на ўсім, што звязана выключна з інтэлектуальнай працай, а значыць, тыя творчыя практыкі, што могуць існаваць ва ўмовах адсутнасці сацыяльных кантактаў, быццам бы павінны на нейкі час расквітнець. Выглядае як прыцягнутая за вушы тэорыя, але чакайце: сакавіцкая «Маладосць» робіць падарунак усім, хто цэніць прыгожае пісьменства, бо адразу два надрукаваныя ў нумары паэты выклікаюць шчырае жаданне загразнуць у іх радках па самыя пяткі.

Ісціны, якія спрабуе намацаць сваімі вершамі Кацярына Масэ, цягнуцца да паганскіх ці, хутчэй, нават дапаганскіх часоў, калі прырода была натуральнай мерай светасузірання, але яшчэ не ўвайшла ў клінч з патрэбай чалавека ў рэлігіі. І — у той жа момант — гэта вершы чалавека, які цалкам стаіць у сучаснасці, а не спрабуе стылізаваць ці падрабіць тагачаснае мысленне. Фізічнае (і нават «цялеснае») адчуванне прыроды пераплятаецца з моўным цяжарам: заклёны, якія прамаўляе аўтарка, — гэта не проста спроба атрымаць карцінку былых дзён з нейкай выключна геданістычнай нагоды, але праз іх ачысціць уласнае існаванне ад смецця гучнасці і велічы. Таксама творы паэткі можна лёгка ўявіць як чорнабелае кіно з рэдкімі крапінамі іншых колераў. Быццам тэкст на аркушы паперы, чорныя плямы кладуцца ў велічэзны белы акіян, але Кацярына Масэ добра ведае свайго галоўнага героя і мэту свайго пісьменства, таму перамагае (канечне, калі ў гэтым мастацкім царстве ціхамірнасці існуюць такія агрэсіўныя катэгорыі, як «перамога») дачалавечая, нават бесчалавечая белізна.

З меншай ступенню расчалавечанасці падыходзіць да прыроды Міхал Бараноўскі. Ён усведамляе існаванне пэўнай прыроднай іерахіі, у межах якой ёсць месца і для чалавека, але гэтую самую чалавечую венцаносную пазіцыю ён ставіць пад сумнеў. «У лоб» гэты сумнеў падаецца толькі ў адным вершы — адным з серыі кароткіх лясных занатовак, дзе лірычны герой аўтара падае сябе як мінімум у якасці «брата меншага» да кожнай жывёліны, а як максімум — толькі раптоўным назіральнікам і ветлівым госцем. Чысціня думак і паводзін таксама адлюстроўваецца ў матывах дзяцінства: у адной занатоўцы праз алюзіі да казкі, у другой — праз зварот да дзіцячага містычна-загадкавага светаадчування, у прызме якога разглядаецца лес. У адзіным вершы, які не ўваходзіць у «лясную серыю», праз шэраг «прымерак» сябе ў абліччы розных вадаёмаў аўтар зноў прыходзіць да таго, што яму не патрэбны «лаўры» прыроды, але гэта прыводзіць не да поўнага (і знішчальнага) растварэння чалавечай істоты, а да незамутнёнага яе сцвярджэння («Я вучуся быць роўным сабе»).

Акрамя выдатнай паэзіі, у нумары можна знайсці і пераклады сусветнай прозы: студэнты Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта падрыхтавалі падборку беларускамоўных інтэрпрэтацый твораў амерыканскага майстра кароткага апавядання — О. Генры. Таксама ўвагі заслугоўваюць матэрыялы, прысвечаныя 180-годдзю з дня нараджэння Францішка Багушэвіча: адзін з іх праводзіць экскурсію па Музеі-сядзібе Францішка Багушэвіча «Кушляны», другі — знаёміць са скрыжаваннямі творчай спадчыны аўтара і яе адлюстраваннямі ў наступных пакаленнях беларускіх пісьменнікаў.

Данііл ЛЫСЕНКА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.