Вы тут

Выратавальны запіс. З жыцця ўладальнікаў кніг XVII стагоддзя


Праглядаючы старонкі кірылічных выданняў (кніг на царкоўнаславянскай мове) XVII стагоддзя, што захоўваюцца ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, можна трапіць на рукапісныя запісы былых уладальнікаў і чытачоў. Многія з іх зроблены тагачасным скорапісам з вынаснымі літарамі і мудрагелістымі росчыркамі — прачытаць іх даволі складана. Часам уладальнік пакідаў на ніжнім полі аркуша па адным слове ці нават літары, намагаючыся ахапіць сваім запісам значную частку кнігі. Наступны ўладальнік, які набываў кнігу не вельмі сумленным шляхам, стараўся зацерці імя папярэдняга ўласніка і замацавацца на кнізе сваім запісам.


«Трыёдзь кветная» (Львоў, 1642).

Жыццёвыя гісторыі некаторых уладальнікаў даволі надзвычайныя і не менш цікавыя за саму кнігу. Пра адну з іх нагадвае асобнік «Трыёдзі кветнай», якую Міхаіл Слёзка, друкар і выдавец беларускага паходжання, выпусціў у сваёй друкарні ў Львове 11 сакавіка 1642 г. Гэтая вялікая па памеры і аб’ёме (440 аркушаў) кніга на царкоўнаславянскай мове, якая змяшчае парадак богаслужэння на 8 тыдняў пасля Пасхі, адметная дэкаратыўным афармленнем. Тут шмат прыгожых заставак, канцовак, ініцыялаў і ілюстрацый.

Літургічная кніга, аформленая на высомастацкім узроўні, магла быць годным падарункам царкве. Уладальнік ахвяроўваў храму кнігу, каб там пры яго зямным жыцці маліліся за здароўе, а пасля смерці — за ўпакой душы. Праз тры гады пасля выхаду з друкарні асобнік «Трыёдзі кветнай» быў парададзены ў храм Раства Прасвятой Багародзіцы ў Чаркасах (горад на тэрыторыі Украіны). Ахвяравальнікамі былі палкоўнік чаркаскага палка Іван Барабаш і яго запарожскія казакі «которых сам Пан Бог имена почитает». Пра гэта сведчыць пастаронкавы запіс 1645 г. (часткова заклеены), які заканчваецца пагрозай таму, хто паспрабуе кнігу з царквы забраць: «таковы будет от всех нас людей вышменованных проклят».

Запіс зроблены за тры гады да паўстання казакоў Войска Запарожскага пад кіраўніцтвам Багдана Хмяльніцкага супраць урада Рэчы Паспалітай (студзень 1648 — сакавік 1654). Як вядома, вынікам вайны стаў добраахвотны пераход земляў Войска Запарожскага ў падданства Расійскай дзяржаве. У ваенных падзеях прымалі ўдзел усе асобы («которых сам Пан Бог имена почитает»), адзначаныя ў запісе асобніка «Трыёдзі кветнай». А галоўнаму ахвяравальніку кнігі давялося стаць прыкметнай гістарычнай фігурай і адыграць у гэтых падзеях трагічную ролю.

Чаркаскі палкоўнік, гетман запарожскіх казакоў Іван Барабаш служыў у рэестравым казацтве — дзяржаўнай ваеннай службе, створанай для абароны паўднёвых межаў Рэчы Паспалітай і выканання паліцэйскіх функцый супраць астатніх казакоў. Генеральным пісарам пры гетмане Іване Барабашы быў Багдан Хмяльніцкі. У далейшых ваенных падзеях яны апынуліся па розныя бакі баявых дзеянняў.

Іван Барабаш разам са сваімі казакамі выконваў загад падавіць паўстанне. Перад боем пасланцы Хмяльніцкага змаглі пераканаць казакоў Барабаша раззброіць сваіх афіцэраў і далучыцца да іх. Ноччу з 3 на 4 мая 1648 года Іван Барабаш у бітве пад Жоўтымі Водамі быў патоплены рэестравымі казакамі, якія перайшлі на бок Хмяльніцкага.

Ахвяруючы кнігу, Іван Барабаш хацеў забяспечыць успамін аб сваёй душы. Ці мог ён прадбачыць бурныя падзеі, якія ў хуткім часе прынясуць жорсткія расчараванні, здраду таварышаў і смерць?!

Згаданыя ў запісе Чаркасы адзначыліся ў памяці як месца, з якога гетман Багдан Хмяльніцкі 8 чэрвеня (па цяперашнім календары — 18-га) 1648 г. адправіў лёсавызначальны ліст цару Аляксею Міхайлавічу з просьбай аб прыняцці Гетманшчыны ў падданства.

Невядома хто, нягледзячы на праклёны папярэдніх уладальнікаў, узяў кнігу з храма, але ў XVIII ст. яна апынулася непадалёк ад Чаркас, але ўжо на левым беразе Дняпра ў жыхара сяла Ліхалеты (цяпер сяло ў Чарнабаеўскім раёне Чаркаскай вобласці Украіны)армяніна Рыгора Махлая. Ён са сваімі чадамі ахвяраваў кніг царкве апостала Іаана Багаслова «1764 года июня 2 дня».

У XIX ст. уладальнікам асобніка «Трыёдзі кветнай» 1642 г. стаў Іван Якаўлевіч Лукашэвіч (1811—1860) — заможны ўкраінскі памешчык-бібліяфіл. На форзацы кнігі — яго экслібрыс: «Из библиотеки Ивана Лукашевича». Ён жыў у сяле Конанаўка Палтаўскай губерні, сабраў вялікую калекцыю старадрукаваных выданняў і рукапісаў, якая ўключала больш чым 4000 асобнікаў, у тым ліку 800 кірылічных выданняў XV—XVIII стст. У 1870 г. гэтую каштоўную калекцыю набылі ў яго нашчадкаў Маскоўскі публічны і Румянцаўскі музеі. Спадкаемніцай музеяў стала Дзяржаўная бібліятэка СССР імя У. І. Леніна (цяпер Расійская дзяржаўная бібліятэка).

Захоўвае памяць пра сваіх уладальнікаў і асобнік «Трэфалагіёна (снежань—люты)», выдадзены ў Маскве ў 1638 г. Гэта таксама вялікая кніга (723 аркушы), якая змяшчае тэксты для богаслужэнняў падчас праваслаўных святаў у снежні — лютым. Праўда, маскоўскі «Трэфалагіён» аформлены не так прыгожа, як львоўская «Трыёдзь кветная» Міхаіла Слёзкі: ілюстрацый у ім няма і арнаментальныя элементы больш стандартнага ўзору.

На аркушы форзаца першыя ўладальнікі кнігі практыкаваліся ў напісанні розных выказванняў і лістоў. Хтосьці з іх пакінуў нам павучанне: «Яко душевное благородне паче телеснаго. Тело убо питается хлебом и водою, а душа же словом и молитвою». Нейкі Сцяпан Цімафееў пакінуў чарнавік свайго ліста: «Государыне Федосье Прокофьевне и государю Ивану Глебовичу бьет челом и плачется бедный и беспокойный сирота ваш Ярославского уезду Верховного Стану села Глебовского деревни Тетерина Степка Тимофеев 1664 го сентября».

Нашу ўвагу прыцягнуў сціплы пааркушны запіс аднаго з апошніх уладальнікаў кнігі. «Сия книга деревни Мостов Больших крестьянина Григорья Матвеева Прянишникова». Рыгор Мацвеевіч Пранішнікаў (1845—1915), купец 2-й гільдыі, нарадзіўся ў вёсцы Вялікія Масты Кавернінскай воласці Макар’еўскага павета Кастрамской губерні ў сям’і стараабрадцаў.

Ён быў незвычайнай асобай, у нейкім сэнсе дзіваком. Пра гэта мы даведаліся з яго біяграфіі, складзенай у 1924—1925 гг. яго траюрадным пляменнікам Іванам Бліновым. Прадзед Рыгора займаўся вытворчасцю пернікаў, адтуль і пайшло прозвішча «Прянишников». Бацька быў звычайным вясковым мужыком. Сам Рыгор Пранішнікаў ніякай адукацыі ў юнацтве не атрымаў, умеў толькі чытаць і пісаць па-царкоўнаславянску.

Выгадная жаніцьба дазволіла Пранішнікаву разбагацець, адкрыць уласны гандаль, скупляць іконы, рукапісы і іншыя антыкварныя рэчы. З часам ён стаў выдатным знаўцам даўніны.

Рыгор Мацвеевіч быў апантаны старымі рэчамі. Пастаянна піў з аднаго і таго ж кубка. Маючы шмат кафтанаў і новых кашуль, увесь час хадзіў у абносках. Характар меў суровы, быў упарты і нязгодлівы. Пад уражаннем ад абразоў з выявамі святых з доўгімі бародамі ён адпусціў сабе такую ж, насіў яе пад кафтанам і ніколі не расчэсваў.

З-за доўгай барады многія лічылі Рыгора Мацвеевіча прарокам і божым чалавекам, часта звярталіся да яго па парады па рэлігійных пытаннях. Прыём гасцей Пранішнікаў суправаджаў працяглымі чаяваннямі, падчас якіх выпіваў да 30 кубкаў гарбаты.

Ён вылучаўся адметнай скупасцю, упарта таргаваўся з прадаўцамі даўніны, збіваючы цану. Аднойчы да Пранішнікава прыйшлі два вядомыя скупшчыкі антыкварыяту і прапанавалі набыць прыгожы разьбяны крыж XV стагоддзя, які каштаваў не менш чым 100 рублёў. За час чаявання з гаспадаром яны былі даведзены да такой ступені псіхічнага знясілення, што літаральна збеглі з дому, пакінуўшы яму крыж і не ўзяўшы прапанаваныя Рыгорам Мацвеевічам 8 рублёў срэбрам.

Так ці інакш Рыгор Пранішнікаў сабраў унікальную калекцыю абразоў, металічнага посуду, залатых і срэбных манет, залатога шыцця, старадрукаваных і рукапісных кніг. Гэтая калекцыя потым перайшла яго малодшай дачцэ. У 1918 годзе калекцыю Пранішнікава набыў Румянцаўскі музей.

Асобнікі маскоўскага «Трэфалагіёна (снежань — люты)» 1638 г. і львоўскай «Трыёдзі кветнай» 1642 г. з запісамі Івана Барабаша і Рыгора Пранішнікава паступілі ў аддзел рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі ў 1971 і 1976 гадах. Яны былі перададзены з Музея кнігі Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі.

Алена ЦІТАВЕЦ, загадчыца сектара кнігазнаўства аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я. Коласа НАН Беларусі

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».