Вы тут

Святлана Акружная: Сцэна — мая свабода, мая любоў


Маладая, перспектыўная актрыса Святлана Акружная была запрошана ў Беларускі дзяржаўны драматычны тэатр імя Я. Коласа яшчэ студэнткай 3 курса Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута на адну з галоўных роляў у спектаклі «Улада цемры» па п’есе Льва Талстога, які ставіў знакаміты рэжысёр Барыс Эрын. У тэатр прыйшла актрыса з цудоўнай падрыхтоўкай, якую ёй даў кіраўнік курса народны артыст Беларусі, прафесар Дзмітрый Аляксеевіч Арлоў. Ад яго рэдка можна было пачуць нейкую пахвалу, захопленыя ацэнкі работы студэнтаў, аднак пра Святлану Акружную ён гаварыў: «Гэта эталон, у імя якога можна аддаць жыццё».


Святлана Акружная ў спектаклі «Кацярына Іванаўна» Л. Андрэева (Кацярына Іванаўна). Фота Антона Сцепанішчава.

Ужо на 3 курсе таленавітую студэнтку запрашалі ў Маскву да Генадзя Юдзеніча, але Дзмітрый Аляксеевіч лічыў, што яна патрэбна ў Беларусі: яе ўжо чакалі ў іншым тэатры на вялікую ролю ў цудоўнага рэжысёра.

Такім чынам, лёс яе быў вызначаны. Святлана паехала ў Віцебск, у знакаміты па тых часах тэатр з выдатнымі артыстамі, з якімі ёй наканавана было тварыць разам: Шмакаў, Трус, Звездачотаў, Канапелька, Матусевіч, Маркіна, Куляшоў, Цішачкін… Яны прынялі яе ў сваю сям’ю і да апошніх дзён заставаліся цудоўнымі партнёрамі і сябрамі.

«Бляск расы на пялёстках…» — так назваў свой нарыс і вельмі дакладна вызначыў творчы шлях Святланы Акружной вядомы тэатральны крытык і пісьменнік Барыс Бур’ян, які яшчэ з першых роляў разгледзеў крынічную чысціню таленту актрысы і на працягу ўсяго жыцця сачыў за яе станаўленнем і развіццём.

Святлана мела магчымасць застацца ў Маскве. Была нават размова з намеснікам міністра культуры К. Варанковым. Але тут ужо Барыс Эрын адгаварыў яе. І не толькі ён. Абставіны склаліся так, што Святлане наканавана было застацца ў Віцебску: патрэбны былі сілы, каб ачуняць пасля аўтакатастрофы.

Яна не заўсёды ўпісвалася ў агульнапрыняты арнамент і зараз сцвярджае: — Кожнаму чалавеку трэба імкнуцца захаваць сваю асобу, самабытнасць, глыбіню і непаўторнасць. Галоўнае — жыць па сумленні.

Яе самыя шчаслівыя гады ў тэатры — падчас працы ў ім галоўнага рэжысёра Саламона Савельевіча Казіміроўскага.

— Гэта было адраджэнне тэатра і маё станаўленне як актрысы, — успамінае Святлана Арцёмаўна. Праз некаторы час Саламон Казіміроўскі напіша пра Святлану Акружную: «У мяне вялікі рэжысёрскі вопыт, і мяне цяжка чым-небудзь здзівіць. Яна — актрыса на ўсе часы, па маіх адчуваннях. Мару пра тое, каб рэжысёры зразумелі, што такія кветкі прырода нараджае не часта і яны патрабуюць догляду, увагі».

Казіміроўскі ўразіў яе спектаклем «Матухна Кураж і яе дзеці» па Брэхту, дзе яна сыграла Катрын. Імпанавала яе вялікая ўнутраная моц, самаахвярнасць, гатоўнасць пайсці на подзвіг дзеля выратавання людзей:

— Гэтая тэма прасочвалася праз усё маё жыццё ў тэатры. Пазней, пасля сыходу Саламона Савельевіча з тэатра, мы падтрымлівалі добрыя сяброўскія стасункі, пісалі адно аднаму лісты, размаўлялі па тэлефоне. Калі ў тэатры рэпеціраваўся спектакль «Бацька», Казіміроўскі накіроўваў мяне, бо добра ведаў творы Стрындберга. Дарэчы, ён і параіў мне паспрабаваць сілы ў гэтай п’есе. Лаура — адна з самых складаных роляў у маім рэпертуары. Здымаючы слой за слоем, я прабівалася да чалавечай сутнасці маёй гераіні. І фінал апраўдаў пошукі.

На Міжнародным тэатральным фестывалі «Белая вежа» ў Брэсце за работу ў гэтым спектаклі Святлана Акружная атрымала дыплом за найлепшую жаночую ролю. У турэцкім Трабзоне яна таксама была вызначана найлепшай.

— Я ўдзячна лёсу, што ён звёў мяне і з такім цудоўным рэжысёрам, як Барыс Эрын, які шмат зрабіў не толькі для мяне, але і для ўсяго тэатральнага мастацтва Беларусі, — працягвае Святлана Арцёмаўна. — У яго пастаноўцы «Хам» я сыграла ролю Франкі, якая была прызнана найлепшай жаночай роляй на Міжнародным фестывалі «Славянскія тэатральныя сустрэчы» ў Бранску. Каля 15 хвілін зала скандзіравала выканаўцам гэтага спектакля. Людзі падыходзілі да артыстаў, гаварылі словы ўдзячнасці, захаплення.

Гэта быў год распаду СССР. Зараз, успамінаючы той час, Святлана Арцёмаўна вельмі шкадуе, што ў тэатра так нечакана абарвалася супрацоўніцтва з гэтым цудоўным чалавекам і рэжысёрам.

 Вельмі насычанымі для актрысы сталі 1989—1991 гады. Яна стварыла галоўныя ролі ў трох спектаклях: «Хам» Э. Ажэшкі, «Генры VI» У. Шэкспіра, «Маскоўскі хор» Л. Петрушэўскай. Знялася ў ролі Ганны Карпілавай у фільме «Плач перапёлкі» (рэжысёр — Ігар Дабралюбаў). Пасля такога творчага ўзлёту яна атрымала высокую ўзнагароду — званне народнай артысткі Беларусі.

І тут — новы жахлівы ўдар лёсу, які надоўга перакрэcліў усе планы і пачынанні. У арміі быў паранены сын Дзмітрый. Раненне было такое цяжкае, амаль несумяшчальнае з жыццём, што ўрачы, якія бачылі многае, апусцілі рукі. І толькі Святлана Арцёмаўна, якая засталася адзін на адзін са сваім болем і любоўю, працягвала змагацца за жыццё сына. Яна не баялася стаяць на каленях перад усім светам. І нехта пачуў, нехта працягнуў руку дапамогі, і дзверы пачалі адчыняцца. Цуд здзейсніўся — мацярынская любоў перамагла.

Пасля ўсяго перажытага Святлана Арцёмаўна не хацела вяртацца ў тэатр, але Дзмітрый пераканаў яе.

І вяртанне на сцэну стала адным з самых цяжкіх момантаў жыцця.

— Тэатр падаўся мне не такім глыбокім у параўнанні з жыццём. Мае асабістыя пачуцці аказаліся мацнейшымі, — расказвае актрыса. — Пераадолець страх, няўпэўненасць дапамог мой сябра, цудоўны рэжысёр Мікалай Пінігін, з якім раней мы стварылі спектакль «Палюбоўнікі з Каліфорніі». Вобраз, які ён прапанаваў мне ўвасобіць, аказаўся вельмі нечаканы, — Эмілія Марці з п’есы «Рэцэпт Макропуласа» Карэла Чапека. І вось прэм’ера. Перапоўненая зала. Мяне памяталі, мяне чакалі. Я была ўся ў кветках. Слёзы ўдзячнасці набягалі на вочы. Дзякуй, горад!

Пасля аднаго з паказаў «Рэцэпта Макропуласа» эксперт Савета Еўропы, рэжысёр славутага парыжскага тэатра «Адэон» Эллі Малка падышоў да Святланы Акружной са словамі: «Я лічу Вас адной з найлепшых выканаўцаў гэтай ролі ў Еўропе і вельмі хацеў бы паставіць з Вамі “Даму з камеліямі”». На жаль, гэты праект, як і некаторыя іншыя, не быў рэалізаваны.

— Пасля ранення сына мой рэпертуар стаў зусім іншы, — успамінае Святлана Арцёмаўна. — Я ўсё жыццё марыла пра ролю Жанны Д’арк. Гэты вобраз быў ува мне з юнацтва. І прыйшоў ён да мяне зусім нечакана, калі надзеі амаль не заставалася. Вось гэта, лічу, Божая справа. Немагчымае стала магчымым.

«Гэта наша беларуская Камісаржэўская», — зазначыла пасля паказу спектакля ў Мінску народная артыстка СССР Аляксандра Клімава. Яна ведала Акружную яшчэ па інстытуце, бо пасля сыходу Дзмітрыя Арлова прымала дыпломныя работы. Тэатральны крытык, доктар мастацтвазнаўства Таццяна Катовіч пісала: «Самае галоўнае ў спектаклі — гэта магутнае ўзвышэнне чалавечай асобы, што іграе Акружная ў сцэне суда. Сіла духу гераіні — у яе разгорнутых плячах, гордай галаве, асляпляльна бліскучых валасах, кулаках, што зусім нядаўна сціскалі лейцы, а цяпер, сціскаючыся, збіраюць усю яе мужнасць, у нагах, якія ведаюць толькі батфорты, у голасе, які гучыць нізка і моцна, нібы труба… Маленькая, упартая, тая, якую аддалі на вогнішча, якой здрадзілі, — вызваляецца з усіх гэтых абставін, узносіцца над імі... Жанна ёсць знак лёсу, знак Асобы, знак незваротнасці наканавання і знак неадольнасці чалавека, нават калі яго ўсе пакінулі і здрадзілі».

Зусім нечакана для сябе Святлана Арцёмаўна сыграла ролю Марлен Дзітрых у спектаклі «Марлен... Марлен...» (пастаноўка Мікалая Пінігіна). Дзмітрый Мінчонак, дарэчы, наш зямляк, напісаў гэтую п’есу спецыяльна для яе. Людміла Гурчанка, даведаўшыся, што Святлана Арцёмаўна бярэцца за гэтую ролю, напісала актрысе: «Калі вы сыграеце Марлен Дзітрых, будзеце сапраўднай народнай артысткай».

А на фестывалі нацыянальнай драматургіі ў Бабруйску загадчыца аддзела тэатраў Міністэрства культуры Расіі Валянціна Фёдарава прызнала, што адкрыццём для яе стала работа Святланы Акружной у ролі Марлен. Тое самае яна зазначыла і ў Маскве пры абмеркаванні спектакля па той жа п’есе, пастаўленай у Маскоўскім тэатры эстрады.

Плённым выдалася супрацоўніцтва Святланы Акружной з яшчэ адным выдатным рэжысёрам Рыдам Таліпавым. Актрыса сыграла ў трох яго пастаноўках: Кацярыну Іванаўну з п’есы Леаніда Андрэева, горкаўскую Васу і Сесіль Робсан у спектаклі «Квартэт» паводле Рональда Харвуда.

Ужо першая з іх стала значнай падзеяй у культурным жыцці Беларусі. У Гомелі на Міжнародным фестывалі «Славянскія тэатральныя сустрэчы» Святлана Акружная атрымала галоўны прыз за найлепшую жаночую ролю. Падчас Міжнароднага тэатральнага фестывалю ў Трабзоне і спектакль «Кацярына Іванаўна», і цэнтральная роля прызнаны найлепшымі работамі. Падчас гастроляў у Мінску «Васу» высока ацанілі беларускія крытыкі, спектакль быў вызначаны як найлепшы ў паказаным рэпертуары. Яна — маці з вялікай літары. І да таго ж — здольная кахаць жанчына. Магчыма, тая даўняя жарсць і знікла, але памяць пра былое пачуццё не знішчана да канца. Таму найвышэйшай эмацыянальнай кропкай спектакля была сцэна з апошняй цыгарэтай, якую дзяліла Васа з мужам, адпраўляючы яго на смерць. Псіхалагічна дакладна вяла актрыса і першую дзею, але ў другой узнімалася да сапраўднай трагічнай вышыні, амаль фізічна адчуваючы боль сваёй гераіні, цяжар яе маральных пакут і перажыванняў.

Так сталася, што Рыд Таліпаў нечакана, на ўзлёце, пайшоў з жыцця, пакінуўшы пасля сябе дарагія ўспаміны і незавершаныя планы. Гэта быў таленавіты інтэлігентны чалавек, спецыяліст, які бліскуча валодаў прафесіяй рэжысёра, але дрэнна быў адаптаваны ў гэтым жорсткім і шалёным свеце.

Дарэчы, Святлана Арцёмаўна Акружная — адна з самых тытулаваных актрыс. Яна — лаўрэат прэміі «За духоўнае адраджэнне», кавалер ордэна і медаля Францыска Скарыны, уладальніца прэміі Беларускага саюза тэатральных дзеячаў «Крыштальная Паўлінка». Двойчы намініравалася на атрыманне Дзяржаўнай прэміі Беларусі за ролі Ганны Карпілавай у фільме «Плач перапёлкі» і Кацярыны Іванаўны ў аднайменным спектаклі. У 1997—1998 гадах прызнана Жанчынай года Міжнародным біяграфічным цэнтрам (Кембрыдж, Вялікабрытанія), а ў 2004 годзе ёй быў прысвоены такі ж тытул Амерыканскім біяграфічным інстытутам. Яе біяграфія ўключана ў Міжнародны зборнік «Хто ёсць хто?» У 2005 годзе актрысе прысуджана Міжнародная прэмія міру Аб’яднанай культурнай канвенцыі ЗША пры аддзяленні Амерыканскага біяграфічнага інстытута (штат Паўночная Караліна).

Але ёсць у яе такія ўзнагароды, што ніякая актрыса ў Беларусі не атрымлівала. Гэта медаль Святога Уладзіміра Віцебскай епархіі, прэмія імя Героя Савецкага Саюза З. Тусналобавай-Марчанкі «За мацярынскую мужнасць», галоўная ўзнагарода Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа «Гуманнае сэрца».

— У маім жыцці было шмат трагедый, шмат страт, і калі мяне пытаюць, што такое шчасце, я адказваю: праз пакуты пазнаеш сапраўдную яго цану, — дзеліцца думкамі Святлана Арцёмаўна. — На маю долю выпала шмат выпрабаванняў, і я іншым разам не разумею, як гэта ўсё вытрымала. Не, не перамагла, а проста выжыла. Былі моманты поўнай роспачы, але нейкая нябачная сіла ўздымала мяне і рабіла мацнейшай. Вось так і фарміравалася мая асоба, асоба байца.

Паміж выпрабаваннямі былі перадышкі, і я лічу іх хвілінамі шчасця. Любімая прафесія, работа з таленавітымі рэжысёрамі, партнёрамі, сустрэчы з выдатнымі асобамі, напрыклад, з П’ерам Кардэнам, мітрапалітам Чарнагорска-Прыморскім Амфілохіем, ганаровым Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі Філарэтам... У мяне ёсць сям’я, унукі, сябры, якія дапамагалі і дапамагаюць у нашым з сынам жыцці. І мне хочацца, каб беды, няшчасці абышлі маіх родных бокам, каб яны скончыліся на мне, таму што мае дзеці — самае вялікае багацце і я, як кожная маці, жадаю ім шчасця. Я не ўяўляю жыцця без іх.

...Здаецца, час няўладны над ёй. Святлана Акружная і зараз такая ж няўрымслівая, прыгожая, як і 50 гадоў таму, калі прыехала ў Віцебск. З’явілася і стала яркай зоркай. А калі запальваюцца зоркі — значыць, гэта камусьці патрэбна. Значыць, Бог так вырашыў, каб зорка Святланы Акружной жыла і ззяла. Тады, калі жывём мы.

Юрый ІВАНОЎСКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».