Вы тут

Фестываль «Паўночнае ззянне» разгледзіць сусветныя праблемы


Шосты Фестываль кіно паўночных і балтыйскіх краін «Паўночнае ззянне», які павінен быў адбыцца сёлета з 23 па 30 красавіка, пераносіцца на восень у сувязі з імклівым распаўсюджаннем COVID-19 у свеце. Каманда «Паўночнага ззяння» пакуль застаецца дома і працуе над падрыхтоўкай да фестывалю аддалена.


Калі канкрэтна адбудзецца 6-е «Паўночнае ззянне», сказаць пакуль цяжка. Па папярэдніх планах — у верасні ці кастрычніку 2020-га. Дакладныя даты будуць абвешчаны прыблізна ў канцы красавіка.

Вялікім супадзеннем стала тое, што сёлетні слоган «Паўночнага ззяння» — «Слухаць і чуць» — яскрава адлюстроўвае падзеі ў свеце: як важна слухаць і чуць адно аднаго, падтрымліваць і кансалідавацца.

Увесь прадакшн каманда «Ззяння» традыцыйна робіць самастойна. У здымках прымуць удзел актывістка ініцыятыўнай групы «Маршируй, детка» Святлана Гатальская, крэатыўны дырэктар і пісьменніца Вера Філенка, а таксама іншыя героі. Сёлета праз візуальную канцэпцыю «Паўночнае ззянне» запрашае даследаваць тэмы эмпатыі, блізкасці, пераемнасці пакаленняў, разбурэння старых узораў паводзін.

Каля 20 фільмаў асноўнай праграмы 6-га «Паўночнага ззяння» раскрыюць розныя няпростыя тэмы, пра якія мы часам нават не хочам чуць. А каманда фестывалю са свайго боку заклікае гледачоў практыкавацца ў эмпатыі і клапаціцца пра сябе, блізкіх і наваколле. Мэта — сфакусіравацца на тым, што важна не толькі слухаць, але і чуць, што эмпатыя — гэта не пра слабасць, гэта — пра ўзаемную павагу і дапамогу.

Арганізатары задаюць пытанне: як часта мы сапраўды чуем тое, што слухаем? Чуць — даволі рэдкая здольнасць, бо ў мітусні сучаснага жыцця не застаецца ні часу, ні энергіі, ні рэсурсаў, каб пачуць самае важнае. Таму і цяжка знайсці эмпатыю і спачуванне, калі чалавек не чуе сябе, блізкіх, наваколле, а паспачуваць і дапамагчы становіцца невыканальнай місіяй. Але менавіта слухаць і чуць — тое, што нас уратуе.

— «Паўночнае ззянне» прапаноўвае сёлета спыніцца хаця б на фестывальны тыдзень і знайсці крыху часу, каб засяродзіць увагу і паслухаць, — распавядае заснавальніца і дырэктар кінафестывалю «Паўночнае ззянне» Вольга Чайкоўская. — Пра правы жанчын, кампаніі супраць хатняга гвалту і яго жудасныя наступствы; пра экалагічныя катастрофы і змену клімату; пра менталітэт пераспажывання і перавытворчасці. Калі я была маленькая, мама аднойчы спытала, кім хачу стаць, калі вырасту. Я адказала, што буду міратворцам. У прынцыпе ўсё, што я раблю, таксама і ў межах «Паўночнага ззяння», у тым ці іншым сэнсе дзеля таго, каб тонка адчуваць і праяўляць сардэчнасць. Часам у чалавека можа быць даволі наіўнае перакананне, што гэта ключавыя якасці, пры наяўнасці якіх войны, непавага да слабейшага, гвалт, знявага немагчымыя. Паслухайце пра гэта, паспрабуйце пачуць, выйдзіце з зоны камфорту. У нас заўжды ёсць выбар.

Яшчэ цяжэй, калі цябе нарэшце пачулі, — выслухаць у адказ і адкрыць сэрца, а не атрымліваць асалоду ад абвінавачванняў. Часам цяжка праявіць эмпатыю і клопат, пра якія ў ХХІ стагоддзі, даволі нарцысічным, столькі размоў і якіх так не хапае. Мы ўсе ўзаемазвязаныя, звон звоніць па ўсіх нас, і ніхто ніколі ў поўнай меры не ведае, чым жыве іншая душа — таму кожны дзень так важна праяўляць дабрыню, клопат, разуменне, падтрымліваць блізкіх, сяброў, калег, нават незнаёмцаў.

 Традыцыйна ў межах фестывалю будуць паказаны гульнявыя і дакументальныя поўнаметражныя (і ўпершыню кароткаметражныя) фільмы са Швецыі, Даніі, Фінляндыі, Ісландыі, Нарвегіі, Літвы, Латвіі і Эстоніі. Акрамя гэтага, «Паўночнае ззянне» прывязе ў Беларусь каля 20 замежных гасцей і прапануе больш чым 15 індустрыйных мерапрыемстваў.

Яшчэ арганізатары парадуюць гледачоў рэтраспектывай фінскай рэжысёркі — гэтая традыцыя распачалася летась з рэтраспектывы латвійскай дакументалісткі Лайлы Пакалніня. Фестываль, безумоўна, сёлета пашырыць беларускую праграму. Падрабязнасці і цікавосткі можна будзе знайсці на сайце ў канцы сакавіка.

Упершыню «Паўночнае ззянне» правядзе глядацкае галасаванне: усе наведвальнікі пасля прагледжанага фільма змогуць паставіць адзнаку. А стужка, якая набярэ найбольшую колькасць галасоў, атрымае прыз глядацкіх сімпатый ад каманды фестывалю.

Галоўныя пляцоўкі кінафэсту — кінатэатр «Мір» і Silver Screen сinemas. А індустрыйныя мерапрыемствы праграмы пройдуць у галерэі «Арт-Беларусь», кавярні «Зерне», Акадэміі мастацтваў, арт-прасторы «Корпус» і на іншых пляцоўках.

Даведка ЛіМа:

Фестываль кіно паўночных і балтыйскіх краін «Паўночнае ззянне» — штогадовы фестываль, які прапануе беларускім гледачам найноўшыя гульнявыя і дакументальныя фільмы Паўночнай Еўропы і краін Балтыі. Фестываль арганізаваны ў 2015 годзе і працягвае ладзіцца пры падтрымцы Офіса Савета Міністраў паўночнаеўрапейскіх краін у Літве. На мове кіно арганізатары імкнуцца распавесці пра асаблівасці жыцця і менталітэту жыхароў пяці паўночнаеўрапейскіх краін і трох балтыйскіх.

Галоўная мэта фестывалю — несці мастацтва кіно, магію паўночнай культуры пераважна ў перакладзе на беларускую мову не толькі ў сталіцу, але і ў рэгіёны Беларусі (паказы «Паўночнага ззяння» ладзіліся ў Гомелі, Віцебску, Гродне). З 2018 года ў праграме кінафестывалю ўдзельнічаюць таксама фільмы з Фарэрскіх астравоў, з 2019-га — з Грэнландыі.

Кiнафестываль «Паўночнае ззянне» таксама з'яўляецца адметнай пляцоўкай у Беларусі для абмену досведам i новымi ідэямі паміж прафесіяналамі і аматарамі ў сферы кіно. У дні фестывалю і на працягу года арганізатары «Паўночнага ззяння» ладзяць дадатковыя паказы, лекцыі, майстар-класы ды іншыя захапляльныя мерапрыемствы для беларускіх рэжысёраў, прадзюсараў і аматараў у галіне як гульнявога кіно, так і дакументальнага.

Вікторыя АСКЕРА

Загаловак у газеце: Адчуць эмпатыю

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.