Вы тут

Глядзiм грузiнскую драму, супраць якой пратэставалi самi грузiны


Ён выклiкаў фурор на Канскiм кiнафестывалi, справакаваў скандал i пратэсты ў Грузii i стаў адным з самых чаканых фiльмаў у праграме мiнулага кiнафестывалю «Лiстапад». Для тых, хто не паспеў убачыць «А потым мы танцавалi» шведскага грузiна Левана Акiна, карцiна стала даступная ў сецiве.


«У грузiнскiм танцы геяў няма», — сказалi ў Грузii, калi Леван Акiн стаў працаваць над здымкамi, i пайшлi ў наступленне. Ужо на этапе стварэння фiльма здымачная група сустрэлася з пэўнымi перапонамi i ў адказ на пагрозы мусiла наймаць целаахоўнiкаў i хаваць iмёны датычных да праекта. Нягледзячы на тое што ў свой час «А потым мы танцавалi» быў, напэўна, самым гучным грузiнскiм фiльмам на мiжнароднай прасторы (грузiнскiм паводле тэматыкi, месца здымак, месца дзеяння, нацыянальнасцi рэжысёра i акцёраў, да вытворчасцi ж далучаюцца Швецыя i Францыя), у самой Грузii яго назва суправаджалася непрыманнем, скандаламi, а ўрэшце масавымi пратэстамi.

У дзень прэм'еры ў Тбiлiсi каля аднаго з пяцi кiнатэатраў «Амiранi», дзе мусiў адбыцца паказ, ультраартадоксы сабралiся на акцыю пратэсту з малiтвамi, «каб Бог захаваў Грузiю ад садомскага граху», i намерам прарвацца ў залу i сарваць прэм'еру фiльма. Каля кiнатэатраў з самай ранiцы стаялi кардоны палiцыi i спецназа, пратэстоўцы, сярод якiх былi i святары, паводзiлi сябе агрэсiўна, некаторыя гледачы з бiлетамi не змаглi трапiць на паказ, адзiнаццаць чалавек былi затрыманы, а прэм'ера тым часам прайшла з аншлагам.

Леван Акiн расказвае вельмi прыгожую, кранальную i пластычную гiсторыю Мераба — так бы мовiць, ментальнага аўтсайдара, якi адчувае сваю адрознасць ад iншых, але, здаецца, сам не разумее, у чым яна заключаецца. Пакуль у ансамблi, дзе ён танцуе i мае свае амбiцыi, не з'яўляецца новы чалавек i, дарэчы, канкурэнт Iраклiй. Пасля позiркаў, сустрэч i целарухаў Мераб як бы знаходзiць сваю iдэнтычнасць, але аказваецца, што яна непрыдатная да iснуючага атачэння i нават жыцця ў Грузii. На кiнафестывалi «Лiстапад» у Мiнску выканальнiк галоўнай ролi Леван Гелбахiянi, мiж iншым, атрымаў прыз за найлепшую мужчынскую ролю.

«А потым мы танцавалi» — не драма людзей, што не могуць быць разам, якую можна чакаць пасля сiнопсiса i перадгiсторыi, i ўвогуле фiльм не пра двух. Карцiна стварае шматмерны знешнi i ўнутраны свет галоўнага героя Мераба i становiцца ўважлiвым iх даследчыкам — праз iх каларыт, кантрасты i эмацыянальнасць ва ўсiм, што адбываецца, можна лёгка забыцца. Тут важная кожная дэталь атачэння — прыгатаваная бабуляй вячэра i доўг за электраэнергiю, разбэшчаны брат, праца афiцыянтам па вечарах, апантанасць танцамi, мiмалётныя папрокi суседкi, цыгарэты з Лондана ад дзяўчыны i гэтак далей.

Але «фiшка» карцiны не толькi ў складна прапiсаным сюжэце i шматлiкасцi нi разу не лiшнiх дэталяў палатна, а ў тым, як шмат рэжысёр кажа памiж радкамi, як незаўважна перадае намёкi, думкi i настроi, як пяшчотна прыводзiць да асабiстай драмы i якiм дасцiпным сродкам выразнасцi становiцца танец. Гэта адначасова вiдавочныя i неспасцiжныя хвалi, пад уздзеяннем якiх прыемна знаходзiцца, пакуль не прыходзiць адна з самых блiскучых кiнаканцовак апошняга часу.

«А потым мы танцавалi» прадстаўляе эфектны мiкс грузiнскай эмацыянальнацi — усiх гэтых выбрыкаў з закiдваннем рукi i пагрозлiвымi словамi (хто ведае, як гучыць грузiнская мова, разумее), з унутранай чуллiвасцю Мераба. Нездарма гiсторыя адбываецца з выканаўцам грузiнскiх танцаў, дзе мужчынскую частку прадстаўляюць апрыёры маскулiнныя тыпажы, нездарма ў самым пачатку фiльма чуецца заўвага настаўнiка пра мяккасць Мераба i нездарма ў Грузii карцiну пракаментавалi словамi «У грузiнскiм танцы геяў няма».

Ёсць цi няма, але грузiнскiя ўльтраправыя, пэўна, не ведалi, што сваёй рэакцыяй на фiльм, якi нават не бачылi, пацвярджаюць абгрунтаванасць драмы ў «А потым мы танцавалi», заснаванай не столькi на стасунках з каханым, колькi на адчуваннi сябе, такога, як ёсць, лiшнiм на гэтым грузiнскiм свяце жыцця.

У пачатку карцiны гаворка заходзiць пра адбор танцораў у прэстыжны нацыянальны ансамбль. Можна было падумаць, што аўтары давядуць гэта да сапернiцтва памiж галоўнымi героямi за месца пад сонцам, але рэжысёр абыграў конкурс куды больш выкшталцоным i тонкiм чынам — урэшце Мераб прыходзiць на пробу i робiць карцiну «А потым мы танцавалi» незабыўнай.

Сафiя ПАЛЯНСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».