Вы тут

Гаспадыня турыстычнага агенцтва Яўгенія Найдовіч: Як бы ні развіваліся падзеі, трэба падумаць аб тым, як сабе дапамагчы


Як жыве сям'я, дзе яна — гаспадыня турыстычнага агенцтва, што працуе з Кітаем, а ён — уладальнік бізнесу па продажы квіткоў? Што робяць яны ў цяперашняй сітуацыі з каранцінам, закрытымі межамі і адменай шматлікіх мерапрыемстваў? «Галоўнае — не сумаваць!» — лічыць Яўгенія Найдовіч.


— Да каранавіруса ва ўсіх членаў маёй сям'і склаліся бізнесы, — расказвае гераіня. — Мой бізнес пачаўся 10 гадоў таму — я з'ездзіла ў Паднябесную, уразілася і захацела паказаць яе ўсім. Стварыла некамерцыйны праект з недарагімі, але вельмі цікавымі паездкамі. Маленькай кампаніяй мы маглі аб'ездзіць розныя куткі Кітая і блізка пазнаёміцца з яго культурай, не з акна турыстычнага аўтобуса. У 2017 годзе мы разам з двума кітайскімі сябрамі вырашылі паставіць турызм на камерцыйныя рэйкі і стварылі кампанію — турыстычны аператар «Агенцтва БелКіт». Асноўныя нашы кліенты — турысты з Кітая, якім мы паказваем Беларусь.

Але ў выніку пандэміі, да якой мы спачатку паставіліся бесклапотна, кітайцы з лютага перасталі ездзіць да нас. Мы былі ашаломлены. Сёння ў цябе ўсё пад кантролем, а заўтра ўжо не ведаеш, што рабіць, і нічога не разумееш. Першая «пад раздачу» трапіла я, муж яшчэ некаторы час спакойна працаваў.

— Чым займаецца ваш муж?

У яго сэрвіс па продажы квіткоў SMSbіlet.by. Гэта канцэрты, кіно, тэатры, чыгунка. Сэрвіс зручны тым, што квіток не трэба раздрукоўваць, а яшчэ мы пастараліся зрабіць яго вельмі кліентаарыентаваным. Калі бачым, што ў чалавека не атрымліваецца купіць білет пасля некалькіх спроб, тэлефануем і дапамагаем яму. Быў выпадак, калі кліент хацеў тэрмінова купіць білет, але не было грошай на картцы. Мы сказалі яму: «Ідзіце на канцэрт, потым разбяромся». Усе дзівяцца: хіба так можна? Так, можна. Аднак сітуацыя з вірусам у выніку закранула і мужа — мерапрыемствы адмяняюцца, людзі вяртаюць квіткі.

На пачатку зімы мы з партнёрамі вырашылі дадаткова заняцца арганізацыяй кафэ. Планавалі карміць тут гасцей, якія прыязджаюць з Кітая. Але цяпер бачым, што гэта адзіная справа, якая ў нас засталася. Прычым рабіць яе ў фармаце звычайнага кафэ бессэнсоўна, бо ўстановы грамадскага харчавання зараз таксама стаяць без гасцей. Таму было прынята рашэнне сканцэнтравацца на дастаўцы ежы і нават прыстасаваць для гэтага наш білетны сэрвіс. Спадзяёмся, у найбліжэйшы час усё запрацуе.

— Раскажыце пра канцэпцыю кафэ. У гэтай сітуацыі вы будзеце працаваць толькі на дастаўку?

— Мы задумвалі кафэ як своеасаблівае беларуска-кітайскае кулінарнае памежжа. Ідэя ў тым, каб рабіць кітайскія асноўныя стравы і якія-небудзь беларускія салодкія прысмакі да гарбаты, стварыць меню на дзвюх мовах. Назва ўстановы — «Станцыя 119». Яго прыдумала знаёмая кітаянка. Справа ў тым, што замежнікі называюць нашы станцыі метро па нумарах. Яны не могуць запомніць назвы, і прамаўляць іх цяжка. Мы знаходзімся недалёка ад Акадэміі навук, нумар якой на карце метрапалітэна — 119. Такое кафэ будзе лёгка знайсці і запомніць.

Пакуль актуальная толькі дастаўка, але плануем адкрываць паўнавартасную ўстанову. Гатаваць будзе наш самы сапраўдны кітайскі кухар. А я цяпер працую і прыбіральшчыцай, і кіраўніком, і будаўніком, і маркетолагам... У такія моманты ўспамінаю добрую думку аднаго з кітайскіх кіраўнікоў. Калі народ жыў бедна і працаваў за каганец рысу, ён сказаў: «Калі вы ўмееце нешта рабіць, ідзіце і рабіце. Умееш толькі мыць галаву? Ідзі і мый. А грошы, якія заробіш, бяры сабе і траць. Тады мы ўсе багатыя будзем».

І да гэтага часу, калі едзеш увечары па кітайскай вуліцы, відаць, як людзі прапануюць свае паслугі. Хтосьці варыць рыс і прадае яго. Хтосьці чысціць рыбу і аддае ў кафэ, дзе яе прыгатуюць. Хтосьці робіць масаж проста на вуліцы. Але ў Беларусі так нельга. Ты не можаш прапанаваць свае паслугі, пакуль не падумаеш пра тое, як усё правільна арганізаваць, як скласці бухгалтэрыю, як плаціць падаткі, як не зрабіць памылку... Праз гэта многія нашы людзі не рашаюцца быць прадпрымальнікамі.

— Беларусам цікавая кітайская кухня?

— Думаю, так. А калі нешта будзе незразумела — я растлумачу. Мы хочам зрабіць месца, дзе будзе простая, не рэстаранная кітайская ежа. Недарагая і смачная. Дарэчы, кітайцы ў большасці не ядуць дома, а аддаюць перавагу кафэ. Кітайская ежа — гэта вельмі смачна, у ёй шмат гародніны, духмяных траў і спецый, вядома, ёсць і мяса, і рыс. Каб пазнаёміць беларусаў з нашай кухняй, мой калега па турыстычным бізнесе, кітаец, пачаў рабіць відэа на рускай мове, дзе паказвае, як гатаваць некаторыя стравы. Думаю, беларусам гэта будзе цікава.

— Калі гісторыя з вірусам скончыцца, што будзеце рабіць?

— Я не ведаю, але будзе крыўдна, калі гэта не падштурхне ўсіх нас да чагосьці новага. Хочацца, каб мы, беларусы, пераарыентаваліся і сталі больш гнуткімі. Асабліва ў плане працы. Праца з кітайскага пункту гледжання — гэта ўсё жыццё. Падазраю, што большасць беларусаў не хацелі б так лічыць. Мне падабаецца, калі ёсць праца. І чым яе больш, чым яна складанейшая, тым цікавейшая.

Я баюся татальнага каранціну — цяжка змірыцца з бяздзейнасцю. Кожны чалавек павінен ведаць, што поспех на працы шмат у чым залежыць ад яго самога. Як бы ні развіваліся падзеі, трэба падумаць аб тым, як сабе дапамагчы. І хапацца за ўсё, што падвернецца пад руку. Тады, як тая жабка, якая біла лапкамі ў смятане і зрабіла масла, вы зможаце стварыць сабе глебу пад нагамі.

Я не маркочуся, таму што змагу працаваць над кафэ або прыдумаю што-небудзь іншае. Буду «біць лапкамі» з усіх сіл.

Віталіна Бандаровіч

Загаловак у газеце: Страціць... каб знайсці!

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.