Вы тут

«Няхай ён будзе пачаткам вашага будучага саду»


На пачатку вясны нам прыйшла незвычайная пасылка ад чытача «Звязды». Прачытаў Юрась Кавалёў з Новага Свету, што мы пераехалi жыць са сталiцы ў Малую Вусу, i вырашыў падарыць наваспечаным вяскоўцам саджанцы. Маўляў, «як жа так, у некаторых вашых каляжанак ужо расце мой шыкоўны фундук. Няхай ён будзе пачаткам i вашага будучага саду». Так прыемна, што не перадаць словамi.


Пра­чы­таў Юрась Ка­ва­лёў з Но­ва­га Све­ту, што мы пе­ра­еха­лi ў вёс­ку,  i па­да­рыў са­джан­цы для бу­ду­ча­га са­ду.

У вынiку, акрамя чырвона- ды зялёналiстых фундукоў, спадар Юрась даслаў яшчэ i па некалькi сартоў яблынь, груш ды вiнаграду. Шчыра прызнацца, я ўпершыню ў жыццi атрымала такую арыгiнальную пасылку. Цяпер жартую, што нават толькi дзеля гэтай экзотыкi варта было пераехаць у вёску. Насамрэч, вiдаць, такiя жывыя бандэролькi на пошце таксама бачаць нячаста. Прынамсi, ва Уздзе, дзе мы забiралi свае саджанцы, жанчына, якая iх выдавала, не хавала свайго здзiўлення. Ды i людзi ў чарзе праводзiлi мяне цiкаўнымi поглядамi.

Але ж самы кранальны быў момант нават не атрымання пасылкi, а яе распакоўкi. Бо пад чорнай плёнкай, акрамя акуратна падпiсаных i клапатлiва запакаваных саджанцаў, мы знайшлi цёплы, напiсаны ад рукi лiст. «Сябры! Калi вы, дзякуй богу, атрымаеце гэты кволы прэзент i пасадзiце ўжо вашымi лёгкiмi рукамi — буду вельмi ўсцешаны думкай, што я нечакана спрычынiўся гэтым унёскам у вашае загарадна-вясковае жыццё, якiм вы хацелi ўзнавiць любоў да роднай зямлi, да нашай даўнiны. Яна была цiкавая i паэтычная раней...»

Паколькi нам трэба было неадкладна ад'ехаць з Вусы на некалькi тыдняў, тыя саджанцы (па парадзе спадара Юрася) мы часова прыкапалi на сваiм участку. А калi вярнулiся, першым чынам пачалi шукаць для iх сталае месца жыхарства. Вiнаград (ажно чатыры сарты) пасадзiлi каля адкрытай тэрасы, каб у будучынi мець жывую зялёную сцяну. Цяпер, калi раблю агледзiны, уяўляю, як буду пiць каву i пiсаць чарговыя нататкi ў ценю вiнаграднай лазы, з якой звiсаюць ды просяцца ў рот жоўтыя ды чырвона-сiнiя гронкi. Фундукi, яблынькi ды грушы пасадзiлi ў радок уздоўж суседскага плота. Сваю першую фруктовую алею назвалi паэтычна: Новы Свет — з думкамi пра чалавека з душой рамантыка, дзякуючы якому яна з'явiлася.

Згадалася, як знаёмы, якi таксама ў свой час прамяняў горад на вёску, апавядаў, што на наваселле iм госцi дарылi не посуд ды падушкi, а саджанцы. I не проста дарылi, а ўласнаручна садзiлi свае незвычайныя прэзенты на ўчастку навасёлаў. З таго дня прайшло ўсяго гадоў сем, а сад (кожнае дрэўца якога асацыюецца з дарагiмi сэрцу людзьмi) ужо на поўную моц радуе гаспадароў. Мы пакуль не ладзiлi наваселля (бо ў хаце яшчэ шмат недаробак), але мне гэтая iдэя вельмi адгукнулася.

Iмпануе i тое, што i ў нашай Малой Вусе не перавялiся рамантыкi. Нi ў адной вёсцы дагэтуль я не бачыла столькi самаробных шпакоўняў. А летась сусед Генадзь Сямёнавiч здзiвiў: даслаў па «Вайберы» здымкi буслоў, якiя абдымалiся шыямi, стоячы на даху нашай хаты. Маўляў, добры знак. Акрамя таго, у Вусе надзiва шмат дрэў... Прычым не толькi ўздоўж дарогi, але i за межамi жылых ды закiнутых участкаў. Прынамсi, у надзвычай спякотныя днi я хавалася ад сонца з кнiгай ды каляскай, у якой спаў сынок, пад шатамi бярозкi, вярбы ды клёна на ўскрайку вёскi. Неяк пры сустрэчы падзякавала Паўлу Адамавiчу (менавiта за яго ўчасткам растуць тыя дрэвы) за такое цудоўнае цiхае месца. «Гэта не мне трэба дзякаваць, а чалавеку, якi жыў вунь у той закiнутай хаце. Тыя дрэвы, як i дуб з клёнам побач з маiм домам (на месцы яго тады было поле), пасадзiў менавiта ён». Вiдаць, рамантыкам быў чалавек, падумала я сама сабе. I не памылiлася. «Сапраўды, Шура быў нетыповы, — згадвае карэнная вуслянка Галiна Фёдараўна. — Калi iшоў па вёсцы, заўсёды спяваў уголас. I нядзiва, меў вельмi цудоўны голас. Таму i звалi яго аднавяскоўцы Серэнада. А яшчэ ён вельмi гарнуўся да прыроды, шмат дрэў у Вусе пасадзiў». I, магчыма, сам таго не ўсведамляючы, пусцiў каранi ў вечнасць, пакiнуўшы такi шыкоўны падарунак нам — тым, хто жыве на вуслянскай зямлi пасля яго.

Мой муж, не ведаючы гiсторыi пра Серэнаду, таксама па восенi пасадзiў на ўскрайку нашага ўчастка шмат бярозак, каштанаў, ядлоўцаў, дубкоў... Хто ведае, можа, праз шмат гадоў i пад яго дрэвамi нехта з удзячнасцю знойдзе цянёк у сонечны дзень.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Загаловак у газеце: Шыкоўны падарунак

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.