Вы тут

Якім чынам Беларусь дасягнула высокіх паказчыкаў у гендарнай роўнасці


Працавітыя, адукаваныя, актыўныя, упэўненыя ў сабе і ў асноўным задаволеныя жыццём — такі статыстычны партрэт беларускіх жанчын. Паводле звестак Белстата, беларускі працаздольнага ўзросту не гультайкі — 84,7 % з іх працуе. Як і жыхаркі многіх еўрапейскіх краін, прадстаўніцы Беларусі ўсё часцей адкладваюць замужжа на пазнейшы перыяд жыцця. Усяго летась у шлюб уступілі 62,7 тысячы жанчын, а маці сталі 86,8 тысячы.

Цікавыя вынікі паказала праведзенае ў 2019 годзе аднаразовае выбарачнае абследаванне хатніх гаспадарак. Аказалася, што 90 % беларускіх жанчын ва ўзросце 15—49 гадоў адчувае сябе шчаслівымі і задаволенымі жыццём у сярэднім на 7 балаў з 10. Жанчыны маюць магчымасць рэалізоўвацца не толькі як жонкі і маці, але і як прафесіяналы, як асобы — па індэксе гендарнай роўнасці сярод 162 краін свету Беларусь у 2018 годзе займала 27-е месца. Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па міжнародных справах Вольга ПЕТРАШОВА расказала карэспандэнту «Звязды», якім чынам краіна дасягнула такіх паказчыкаў у гендарнай роўнасці, з якімі праблемамі сутыкаюцца нашы жанчыны і як іх вырашае дзяржава.


— Сёння краіна рэалізуе план дзеянняў па забеспячэнні гендарнай роўнасці на 2017—2020 гады, пяты ў гэтай сферы, — тлумачыць дэпутат. — Ёсць сур'ёзныя дасягненні ў павышэнні статусу жанчын у адукацыі і палітыцы, у выкараненні дыскрымінацыі жанчын увогуле. Сёння мы ўваходзім у першую трыццатку краін па такіх паказчыках, як прадстаўніцтва жанчын у органах заканадаўчай улады і іх удзел у працэсе прыняцця рашэнняў. Траціна агульнай колькасці дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і членаў Савета Рэспублікі — жанчыны. З 14 пастаянна дзеючых камісій у Палаце прадстаўнікоў чатыры ўзначальваюць жанчыны. Больш за 60 % дзяржслужачых усіх узроўняў кіравання — таксама жанчыны, а на пасадах кіраўнікоў і намеснікаў кіраўнікоў арганізацый іх больш за палову. Жанчыны могуць рэалізаваць сябе ў любой сферы, таму і адчуваюць сябе задаволенымі.

— Але звернем увагу, што ўсё ж большасць жанчын — гэта намеснікі, а кіраўнікамі па-ранейшаму застаюцца мужчыны. Ды і ўвогуле жанчыны часцей прадстаўляюць уладу ў сацыяльных сферах. Як вы лічыце, чаму так адбываецца? Нібыта аднаго кроку не хапае...

— Давайце начыстую: ісці працаваць кіраўніком — вельмі вялікая нагрузка, але ёсць жанчыны, якія гатовы зрабіць гэты крок. Так, у Чэрыкаўскім раёне Магілёўскай вобласці ёсць жанчына — старшыня райвыканкама. І ў іншых раёнах яны таксама ёсць, больш за тое, у нашай краіне ёсць жанчыны, якія з'яўляюцца старшынямі абласных Саветаў дэпутатаў. Вядома, больш жанчын працуе ў сацыяльнай сферы. Гэта тое, што нам блізка, пад сілу, і мы гэта паспяхова рэалізуем. Памятаю, як сама пачынала. Мне хацелася быць карыснай, цікавіла менавіта мая работа. Я не адчувала ніякага ціску. Пачынала працаваць у сельскай школе настаўніцай і ніколі не абмяжоўвалася складаннем вучэбных планаў і праверкай сшыткаў. Наведвала канферэнцыі, семінары, вывучала замежны вопыт, каб на маіх уроках дзецям было цікава. Таму мяне заўсёды заўважалі, куды б я ні пайшла працаваць. Калі жанчына актыўная, у ёй ёсць іскрынка, адказнасць і жаданне працаваць, у яе не будзе перашкод ні ў якім кірунку. Выпрабавана на сабе. Нават Прэзідэнт прызнаў, што нашым жанчынам можна любую справу даверыць. І гэта праўда.

— Некаторыя замежныя эксперты лічаць, што жанчыны ў Беларусі сутыкаюцца з перашкодамі на рынку працы, таму ім даводзіцца прыкладаць больш намаганняў для атрымання адукацыі, каб быць заўсёды крышачку лепшымі за мужчыну.

— Калі я вучылася, то не думала пра тое, каб кагосьці пераўзыйсці. Займалася тым, што цікава. Магчыма, яшчэ ў пачатку 2000-х гадоў я і пагадзілася б з такім меркаваннем. Цяпер жа жанчынамі пройдзены той этап, калі даводзілася прыкладаць больш намаганняў і даказваць сваю роўную пазіцыю з мужчынамі. Паглядзіце на нашых жанчын-бізнесменаў: яны ўпэўненыя, разумныя, прадпрымальныя, крэатыўныя, сапраўдныя стратэгі. Мужчынам так ці інакш даводзіцца з імі лічыцца. Жанчыны набіраюць тэмп, але пры гэтым беларускі не забываюць і пра сям'ю. Пра гэта сведчыць статыстыка. Жанчыны выходзяць замуж і нараджаюць дзяцей, таму што для іх гэтая сфера мае каштоўнасць.

— Так, але сям'я цягне з жанчыны вельмі шмат рэсурсаў, і на рабоце таксама прыходзіцца выкладвацца па поўнай.

Фота носіць ілюстратыўны характар

— Згодна. Жанчынам-кіраўнікам, занятым у ІT-сферы, у бізнесе і іншых галінах, складаней. На нас нібыта ўскладзена двайная нагрузка. Жанчыны і маці, і гаспадыні, нам важна, каб у доме было чыста і камфортна, каб нашы блізкія, дзеці і ўнукі не былі абдзелены ўвагай. У сілу сваёй натуры многія жанчыны не хочуць адмаўляцца ад традыцыйных сваіх жаночых пераваг. Але гэта не значыць, што яны не могуць ад іх адмовіцца. Мне самой, напрыклад, прыемна быць мамай, гаспадыняй і жонкай. Тым больш што сярод маладых сем'яў усё больш распаўсюджана дзяленне хатніх абавязкаў па магчымасцях кожнага. Мужчыны сёння ўсё больш уключаюцца ў справы сям'і. Яны могуць прыгатаваць вячэру не горш за жанчыну, і ўрокі зрабіць з дзецьмі ім таксама пад сілу, ды і ў дэкрэт мужчыны сталі сыходзіць значна смялей. Сёння для забеспячэння гендарнага парытэту ў Працоўны кодэкс унесена норма па ўсталяванні адпачынку для татаў пры нараджэнні дзіцяці. Наймальнік будзе абавязаны даць такі водпуск па жаданні работніка тэрмінам да 14 дзён на працягу шасці месяцаў пасля нараджэння дзіцяці. Мы хочам паназіраць, як адгукнецца гэтая мера ў нашых рэаліях. Ведаю, што ў некаторых замежных краінах мужчыны абавязаны пайсці ў такі водпуск. Але мы лічым, што такія крокі трэба рабіць паступова.

— Дарэчы, аб роўных правах жанчын з мужчынамі. Ёсць меркаванне, што наша сістэма адукацыі больш накіравана на выхаванне дзяўчынак. На занятках дзецям трэба сядзець па 45 хвілін, што для маленькіх мужчын сапраўднае выпрабаванне. Па статыстыцы адукацыйны ўзровень жанчын вышэйшы, чым у мужчын. Напрыклад, сярод беларусак, занятых у эканоміцы, 39,2 % мае вышэйшую адукацыю, 27,2 % — сярэднюю спецыяльную (сярод мужчын — 27 % і 19 % адпаведна).

— Педагогіка не стаіць на месцы. Мне здаецца, сёння ўсё менш застаецца такіх кансерватыўных педагогаў, якія будуюць навучальны працэс старым дзедаўскім спосабам. І дзяржава стараецца рэфармаваць адукацыйныя працэсы так, каб даць магчымасць дзецям яшчэ на пачатку навучання не страціць веру ў сябе. Педагогам можна выкарыстоўваць розныя метады для выкладання, сёння галоўная задача — зацікавіць дзяцей. Канешне, многае залежыць ад таленту педагога, але не здымаецца адказнасць і з саміх бацькоў.

— Жанчыны часта сутыкаюцца з дыскрымінацыяй, калі шукаюць работу. Маладых дзяўчат і жанчын пасля дэкрэта з маленькімі дзецьмі ўспрымаюць як непажаданых прэтэндэнтаў на рабочае месца. Лічыцца, што дзяўчаты сыдуць у дэкрэт, а жанчыны з маленькімі дзецьмі будуць часта хадзіць на бальнічны. Да таго ж падчас пасля дэкрэтнага адпачынку жанчыны адчуваюць сябе на рабоце няўпэўнена...

— Мы разумеем, што гэта часцяком бывае праблемай. Таму стараемся зрабіць так, каб жанчына адчувала сябе больш абароненай. Жанчыну нельга звольніць з месца работы пасля дэкрэтнага водпуску і гэтая мера працуе даўно. Магу з гонарам дадаць, што заканадаўча мы ўжо замацавалі права жанчын працаваць, у тым ліку дыстанцыйна, у дэкрэтным адпачынку па жаданні, каб захаваць кваліфікацыю, не губляючы фінансавай дапамогі ад дзяржавы. Цяпер усё залежыць ад жадання жанчыны — яна можа гарманічна сумяшчаць прафесійныя і сямейныя абавязкі.

— Хацелася б закрануць такую цяжкую тэму, як гвалт у сям'і.

— Мы не пакідаем гэтую праблему па-за ўвагай. У кожным раёне Беларусі адкрытыя крызісныя цэнтры для жанчын, пацярпелых ад гвалту, — больш за сто па ўсёй краіне. Як дэпутат я сама ўдзельнічала ў адкрыцці такога цэнтру. У нашых установах жанчыну прымуць у любы час дня і ночы. Сёння імкнуцца інфармаваць людзей аб гэтым усімі вядомымі спосабамі. Заўважана, што сістэмна зазнаюць гвалт жанчыны неадукаваныя і малазабяспечаныя. Трэба працаваць на прафілактыку, таму калі сям'я трапляе ў поле зроку праваахоўнікаў ці органаў апекі, то там жанчыне імкнуцца растлумачыць, як важна звяртацца па дапамогу. У крызісных цэнтрах працуюць псіхолагі, якія дапамагаюць пацярпелым ад гвалту. Звычайна жанчыны пасля работы з псіхолагам вяртаюцца дадому больш упэўненыя і не дазваляюць здзекавацца з сябе ці ўвогуле абрываюць адносіны з агрэсарам. Альбо мужчына пачынае працаваць над сабой, разумеючы, што жанчыне ёсць куды пайсці і яна пад абаронай. Але мы не спыняемся і па-ранейшаму працуем у кірунку прадухілення гвалту ў сем'ях.

Хачу адзначыць, што нашы дасягненні ў гендарнай палітыцы прызнаюць замежныя эксперты. Сёння мы бачым сваю задачу ў тым, каб садзейнічаць устойліваму развіццю краіны, а гэта прадугледжвае павышэнне якасці жыцця насельніцтва, аб'ядноўвае ў адно цэлае эканамічную і сацыяльную эфектыўнасць і экалагічную бяспеку.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як шматдзетная сям’я будуе жыллё з дапамогай дзяржаўнай субсідыі

Як шматдзетная сям’я будуе жыллё з дапамогай дзяржаўнай субсідыі

Святлана, шматдзетная мама з вёскі Чарнаўчыцы, што пад Брэстам, падзялілася гісторыяй іх сям'і і дома.

Грамадства

Камень Узнясення, «Стопачка» і «Руская свечка». Што паглядзець у Іерусаліме?

Камень Узнясення, «Стопачка» і «Руская свечка». Што паглядзець у Іерусаліме?

Аўтобусы з паломнікамі і турыстамі ніколі не праязджаюць міма гэтых знакавых, і не толькі для хрысціян, святынь. 

Грамадства

Справа для народных мсцiўцаў. Пра партызанскiя аперацыi — з першых вуснаў

Справа для народных мсцiўцаў. Пра партызанскiя аперацыi — з першых вуснаў

Цяпер, калi пасля вайны мiнула столькi гадоў, каштоўнасць аповеду яе жывых сведак толькi павышаецца.