Вы тут

Знаёмства з Гродзеншчынай кніжнай


Сённяшняя сітуацыя з каранавірусам не спрыяе масавым мерапрыемствам. Таму замест прэзентацыі «Кніжны свет Беларусі: Гродзеншчына», якая планавалася шмат раней, у Доме кнігі «Светач» па праспекце Пераможцаў, 11 беларускай сталіцы адкрылася невялікая выстаўка, дзе прадстаўлены кніжныя здабыткі ў галіне гістарычнага асветніцтва, краіназнаўства, краязнаўства, звязаныя з Гроднам і яго ваколіцамі.


Уладзімір Ліхадзедаў і Віктар Лісковіч. Фота Кастуся Дробава

На першым паверсе прасторнай крамы разгорнуты фотавернісаж са здымкаў вядомага фотамастака, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзіслава Цыдзіка, ураджэнца Гродзеншчыны, які шмат ездзіць па розных кутках сваёй любай старонкі. Як вынік — грунтоўныя справаздачы, што друкуюцца ў перыядычных выданнях, выходзяць альбомамі і кнігамі.

Ажыццявіць віртуальнае падарожжа дапаможа і выстаўка старых паштовак лаўрэата Прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» Уладзіміра Ліхадзедава, творчыя здабыткі якога намініраваны на атрыманне Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь. Летась У. Ліхадзедаў выдаў сапраўды «гродзенскую калекцыю» альбомаў з серыі «У пошуках страчанага» — кнігі з рэпрадукцыямі філакартычных артэфактаў пра Слонім, Гродна, Навагрудак, Смаргонь.

Паўплывалі Дзень беларускага пісьменства, які праходзіў у Слоніме, святкаванне юбілею стражытнага Навагрудка і іншыя культурна-асветніцкія падзеі Гродзеншчыны. Філакартычныя альбомы з рэпрадукцыямі паштовак з роднымі для гарадзенцаў сімваламі, вобразамі, выявамі былі і працягваюць быць запатрабаванымі.

Цэнтральным месцам для знаёмства ў «Светачы» з Гродзеншчынай кніжнай з’яўляецца выстаўка кніг, звязаных з горадам над Нёманам. Асобна вылучаюцца творчыя праекты, якія летась былі падтрыманы Гродзенскім абласным выканаўчым камітэтам. Шмат рупнасці, дзейсных намаганняў дзеля таго, каб гэтыя кнігі пабачылі свет, прыклаў тагачасны намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Лісковіч, цяпер — старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

«Кніга спрыяе не толькі духоўнаму развіццю чалавека, але і  яго актыўнаму ўдзелу ў сацыяльна-эканамічным жыцці краіны, — перакананы Віктар Лісковіч. — На Гродзеншчыне мы шмат зрабілі для таго, каб праз кнігу паказаць гісторыю нашай старонкі, багаты турыстычны патэнцыял, які мае край і праз які варта як мага шырэй развіваць эканоміку рэгіёна. Спадзяюся, што досвед Гродзеншчыны ў галіне сучаснага кніжніцтва будзе распаўсюджвацца па ўсёй краіне. Галоўнае — ведаць, дзеля чаго робіцца тое ці іншае выданне».

Кастусь ЛАДУЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?