Вы тут

Зоська Верас. Бачанае і перажытае


Эпісталярная спадчына Людвікі Сівіцкай (Зоські Верас) надзіва багатая. На гэты час мы маем дзве кніжкі яе лістоў і ўспамінаў — «Я помню ўсё» і «Пакуль рука пяро трымае», укладзеныя Міхасём Скоблам, і кнігу «Выбраныя творы», падрыхтаваную для серыі «Беларускі кнігазбор» Ганнай Запартыкай, ды паасобныя публікацыі ў перыёдыцы і тэматычных зборніках. Але гэтым яе перапіска не вычэрпваецца. Актыўная ўдзельніца беларускага культурнага жыцця першай паловы дваццатага стагоддзя, Зоська Верас была неацэннай сведкай і крыніцай ведаў для даследчыкаў перыяду «Нашай нівы», мінскага інтэлігенцкага асяродку часоў Першай сусветнай, міжваеннага друку ў Заходняй Беларусі. Таму сярод карэспандэнтаў пісьменніцы — шматлікія навукоўцы, гісторыкі, літаратуразнаўцы і ў тым ліку багдановічазнаўцы.


Зоська Верас. З фондаў Літаратурнага музея Максіма Багдановіча.

Не так даўно ў фонды Літаратурнага музея Максіма Багдановіча трапілі лісты Зоські Верас да Ніны Барысаўны Ватацы, даследчыцы творчасці класіка. Нагодай для іх напісання было з’яўленне ў друку кнігі Барыса Мікуліча «Аповесці» (1985 год, серыя «Бібліятэка беларускай прозы»). Сярод іншых у кнізе змяшчаўся твор «Развітанне», прысвечаны мінскаму перыяду жыцця Багдановіча, і (як мы пераканаемся) вольная трактоўка фактаў біяграфіі паэта выклікала ў Зоські Верас сапраўднае абурэнне. Да апошніх дзён жыцця (а пражыла Зоська Верас 99 гадоў) яна пранесла ўзнёслае стаўленне да Максіма Багдановіча і яго паэзіі. Напісала ўспаміны «Пяць месяцаў у Менску (з жыцця Максіма Багдановіча)» і ўсяляк абараняла праўду памяці пра паэта. Кніга Барыса Мікуліча дала нагоду працягнуць даўнюю завочную палеміку з творам Змітрака Бядулі «Страцім-лебедзь», на аснове якога збольшага і  была напісана аповесць «Развітанне». «Дасталася на арэхі» і  супрацоўнікам музея, якія яшчэ толькі збіралі матэрыялы да экспазіцыі, і якраз на аснове ўспамінаў Зоські Верас стварылі філіял «Беларуская хатка». Але варта даць слова самой пісьменніцы і паглядзець, што так узрушыла сяброўку Максіма Багдановіча (аўтарскі правапіс захаваны, першы ліст датуецца па штэмпелі на канверце).

07.12.85

«Паважаная Ніна Барысаўна. Ці чыталі Барыса Мікуліча «Аповесці»?

Мне нехта (нават не ведаю хто…) гэтую кніжку падкінуў…

Прачытала перад усім «Развітаньне» — і не магу успакоіцца пасьля перажытага…

Напісаў аўтар — ну напісаў — мала што пішуць — але які сэнс такую лухту друкаваць? Каму гэта так патрэбна паказаць Максіма Багдановіча у такім сьвятле, і то амаль перад самым 100 нараджэння?

Ці гэта мае быць працяг Бядулінага «Страцім Лебядзя», дзе таксама німа ні грама праўды?

— Я высьвятліла ўсе, мякка кажучы, «памылкі» Бядулі — паслала у Музэй ім. Багда[новіча]. Там мае заўвагі «схавалі» каб і вочы людзкія іх не бачылі, а адзін з паэтаў сказаў: «што яна там можа помніць…»

— — Цяпер зварочываюся да Вас асабіста.

— Як думаеце на гэтую лухту рэагаваць?

Свае меркаванні пасылаю — нумаруючы…

1/. Максім Б-ч. быў у Менску не 6 меся[аў], а 5. — гэта нева[жна].

2/. Прыехаў папярэдзіўшы лістоўна, а не проста да Бядулі…

3/ Яго спаткалі на вакзале В.Фальскі і А.Смоліч — прывялі у «Бел[арускую] Хатку»

4/ Памешканьне у кватэры Бядулі — загадзя ўзгодніў «Камітэт Помачы ахвярам вайны» —

5/. Падчас прабываньня у Менску ні разу — нават не паказалася кроў з горла.

6/ Ні разу ня ляжаў(?)…

7/ Ніколі «начамі не бадзяўся» па гораду… не затрымліваў бежанцаў бо іх ужо тады на вуліцах ня было… Гэтаж не 1915 год быў а амаль канец 1916-га. Уся хваля — прайшла.

8/ Паводле «твору» Мікуліча былі толькі — Максім і Самуіл… а дзе ж рэшта? Дзе мы ўсе? Ядвігін Ш., Галубок, Фальскі, Смоліч — калі ужо і ня лічыць мяне ды маей Маці…

Ня мы ўсе, а толькі адзін Бядуля быў з Максімам у сьціслым кантакце? — Ён займаўся і выпраўляў Максіма у дарогу? —

 А сам прыезд — гэта «падарожа» пехатой — праз дзесяткі кілёмэтраў? —

 Не магу зразумець якая мэта гэтай пісаніны? Калі ужо так хацелася фантаз’яваць то трэба было прыдумаць нейкага фантастычнага героя, а ня браць рэальную асобу…

— Я да сваіх успамінаў «5 месяцаў у Менску» не магу нічога дадаць ані — адняць… Там праўда, адно бачанае і перажытае…

Выбачайце маю разхваляванасьць. — Але сапраўды за моцна мяне гэта «удэрыла»

Нікому аб гэтым ня пішу і не гавару, бо хто можа мяне зразумець? —

Думаю, што Вас, паважаная Ніна Барысаўна, як дасьледчыцу жыцьця М.Багдановіча не аставіць абыякавай такая хлусьня… Паэтычная фантазія? Не да месца. А на што яна? якая мэта? — Не разумею…

Усяго Вам найлепшага!.

Л. Войцік…

Была б удзячная за некалькі слоў адказу. — Магчыма і Вы скажаце, што я не зразумела літэратурнага падыходу? Але для мяне Максім Б[агдановіч]. — стаіць на такой вышыні, што я не магу нават згадзіцца каб Ён быў «героям» фантастыкі. — А гэтаж і моладзь чытае?

Усяго найлепшага…

шчыра зычлівая Л. Войцік

Як Вашае здароўе?..»

Дзеля справядлівасці варта адзначыць, што Барыс Мікуліч працаваў не ў самых спрыяльных умовах, ён толькі вярнуўся са сталінскіх лагераў, а неўзабаве будзе арыштаваны паўторна і высланы ў Краснаярскі край, дзе, падарваўшы здароўе, сканае ў 1954 годзе. Пэўна, Ніна Барысаўна падзялілася нейкімі звесткамі пра пісьменніка, бо ў наступным лісце стаўленне было менш зацятым, ды яшчэ з радасцю, што памяці Багдановіча пішуцца новыя творы. Паэт і навуковец Алесь Бачыла публікуе «Хмары над бухтай», а Алесь Асташонак — апавяданне «Вяртанне».

 3.І.1986 Вільня «Паважаная Ніна Барысаўна.

З цэлага сэрца дзякую Вам за адказ, за тое, што Вы мяне зразумелі.

Я так добра ведала Максіма Багдан.[новіча] разумела Яго, Яго характар… Разам з усімі старалася ні ў чым не прыпамінаць Яму Яго няшчасця, Яго хваробы, не дапускаць знэрваваньня…

І цяпер цяжка чытаць аб Ім нейкія легенды ды і бачыць такія «малюнкі»  — як Ён акручаны чырвонай коўдрай, з насоўкай у руках — пад апекай Бядулі…

Гэта ж проста абраза памяці Максіма… Ён сабе ніколі не пазволіў «паказаць» сябе у позе хворага чалавека.

Але, я ж тады і да Бядулі добра адносілася, што адбіваецца ў маіх агульных успамінах (на жаль ніхто іх дагэтуль не ведае) і ніколі мне у галаву ня прыходзіла, што Бяд.[уля] здольны да такога фальшу дайсці.

Мне тлумачылі, што Ён хацеў здабыць аўтарытэт, адкрыць сабе дарогу да шырокага дзеяньня…

Такім чынам? — маной?, фальшам?  — Для мяне гэта не зразумела. —

А Б. Мікуліч — відаць паверыў Бядулі — ня шукаў іншых вестак і пайшоў дарогай Бядулі, але фантазія панясла яшчэ далей…

Я ужо казала, што найгоршае тое: чытае моладзь, бязкрытычна ўсё прыймае, ды яшчэ і выдавецтва «памагло» назваўшы «Развітаньне» «надзвычай паэтычным творам». —

Каб хоць ня прышло каму у галаву прачытаць гэты «Твор» — на свяце 100 — дзя…

— «Загадку Багдановіча» Стральцова — маю. — Даўна чытала, трэба яшчэ раз прачытаць. А «Хмары над бухтай» с.п. Алеся Бачылы — зрабілі на мяне вялікае уражаньне. — Стыль такі просты, а так да душы прамаўляе. Так ясна, што аўтар зразумеў ўсё жыцьцё, ўсё перажытае Паэтам… Чытаючы першы раз узрушылася да сьлёз.

— Як добра, што новы, малады пісьменьнік бярэцца за тэму «Максім. Багд[новіч]» На вялікі жаль, Яго твораў (Асташонка) ня ведаю. А шкада. —

Ці ня думаеце, што Яму збіраючачы матэр’ялы варта было б заглянуць да мяне? Пачуць жывыя словы гэта ня тое, што прачытаць напісанае…

А маладому чалавеку прыехаць у Вільню хіба не цяжка.

Ды і пабачыць вуліцы дзе хадзіў у 1911 г. Багдановіч таксама варта — асабліва касьцёл св. Анны. —

— Як Ваш бранхіт? Я пару гадоў таму мела даволі доўга хранічны., то мне праз тыдзень рабілі па 3 разы на дзень уколы пэніцыліны, а другі раз то ўжо сама «вылечылася» гарчычнікамі.

— Шчыра зычу пазбыцца гэтай дакучлівай хваробы… Цяпер ад розных недамаганьняў лячуся зёлкамі. Карысьці мала, часта ляжу. — Але мне то ужо і пара…

Усяго найлепшага! Здароўя і сілы…

сардэчна зычу.

Л. Войцік.»

Успамінаў пра Максіма Багдановіча ад непасрэдных яго знаёмцаў вельмі і вельмі мала, таму кожная знойдзеная ў эпісталярыях згадка — гэта чарговая рысачка да біяграфіі і вобраза паэта, магчымасці наблізіцца да праўды, наколькі тое магчыма праз памяць канкрэтнага чалавека.

Міхал БАРАНОЎСКІ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.