Вы тут

Маргарыта Шчамялёва - пра бацьку і дзіцячыя ўспаміны


Леанід Шчамялёў — легенда і адначасова загадка сучаснага выяўленчага мастацтва. Яму 97 гадоў, а ён па-ранейшаму ўмее здзіўляць блізкіх, прыхільнікаў творчасці актыўнай пазіцыяй, бадзёрым духам. Ён умее ўражваць актуальнасцю тэм і вучыць сучаснае пакаленне развівацца, быць у кантэксце эпохі. Якім прынцыпам знакаміты аўтар верны ўсё жыццё і чым ён натхняецца да сённяшняга дня, карэспандэнту «ЛіМа» расказала дачка Леаніда Дзмітрыевіча Маргарыта Шчамялёва.


Пра дзяцінства

— Калі казаць пра маё дзяцінства, я заўсёды бачыла татаву спіну, а побач — пэндзлі, фарбы, алоўкі. Ён увесь час працаваў. І гэтым нас выхоўваў. Мы з сястрой ніколі не дакраналіся да яго палітры, ніколі не чапалі матэрыялы. Гэта была быццам яго баявая зброя.

Памятаю, маленькай пачынаю нешта пытаць, тата паварочваецца і кажа: «Ты бачыш, што я заняты?» А ён пісаў пейзаж: за акном — мароз траскучы. Я сяджу і не разумею, чым бацька заняты, бо ён проста малюе зіму. З узростам мы з сястрой сталі ўсведамляць: калі бацька малюе, мы павінны маўчаць. З гадамі нічога не змянілася. Калі яму было 89 гадоў і ён пісаў партрэт маёй дачкі ў майстэрні, было вельмі холадна, мы змерзлі і застудзіліся, а тата як баец: дзве гадзіны стаяў, маўчаў і пісаў партрэт. У гэтым ён увесь.

У мяне заўсёды было ўяўленне, што мастак не мае права на паслабленне. Ён тады быў яшчэ малады: часта маляваў нас з сястрой. Рабіў эскізы. Нават калі глядзеў тэлевізар, у яго побач быў сшытак для накідаў, ці, як кажуць мае студэнты, скэтчбук. Мы заўсёды вельмі паважалі яго. Наш тата прайшоў вайну. Часта ў сям’і мы чулі размовы пра яе.

Віцебск і сям’я

— Віцебск, мне здаецца, адыграў вялікую ролю ў жыцці бацькі. У 1933 годзе, у галодны час, яму было 10 гадоў. Яго мама добра шыла, і яны часта хадзілі на базар прадаваць яе вырабы. Ён расказваў, што тады ў Віцебску было шмат размаляваных дываноў. І я часам у яго работах бачу кампазіцыйную структуру маляванкі, хоць ён гэта і адмаўляе. Але нешта адтуль ёсць. Творчы чалавек усё ў сябе ўбірае. Яшчэ ён у Віцебску любіў цырк, Дзвіну, часта плаваў. Ён заўсёды кажа: «Ну як можна было ў Віцебску не стаць мастаком?».

Мама таты, Агаф’я Бенедыктаўна, аднойчы распавяла мне пра бацьку вельмі цікавую гісторыю. У 9 гадоў ён вельмі сур’ёзна захварэў на ангіну, выклікалі лекара. Прыйшоў пажылы чалавек, паглядзеў горла, а потым пабачыў на сцяне копію карціны Рэмбранта (бацька любіў яго капіраваць). Доктар спытаў, хто маляваў. Бабуля адказала: «Лёнечка, мой сын». Лекар пагладзіў бацьку і сказаў: «Беражыце гэтую галаву, ваш сын будзе мастаком». Бабуля тады задумалася.

Яна сама працавала на фабрыцы КІМ, шыла вопратку. Ёй было ўласціва адчуванне прыгожага. Памятаю, я  прыехала да яе ў 1977 годзе і ўбачыла шыкоўную коўдру ў тэхніцы пэчворк. Гэта быў настолькі прыгожы, выкладзены кавалачкамі, паркаль, што немагчыма вачэй адарваць. Бабуля спецыяльна збірала кавалачкі і потым пашыла коўдру. Я тады зразумела, што ў нас насамрэч сям’я мастакоў. Кожны працуе ў сваім кірунку. У бабулі ўсё ляжала па сваіх палічках. І гэта паўплывала на татаву дысцыплінаванасць. У іх у сям’і ёсць вельмі добрая якасць: яны ніколі не задавалі лішніх пытанняў. Тата заўсёды быў далікатны ў складаных тэмах.

Бацька таты наведваў тэатральную студыю. Падчас Першай сусветнай вайны быў у палоне ў немцаў, добра ведаў нямецкую мову. Тата мне казаў, што ведаў нават яўрэйскія песні, спяваў іх у тэатры. Я часта шкадую, што мала распытвала тую ж бабулю. А яна была маўчуха. Заўсёды сядзела з «Беламорканалам». Я аднойчы пацікавілася ў бабулі, чаму яна курыць. Яна адказала: «Ведаеш, я падчас вайны так пакутавала». Загінуў муж, баялася, што заб’юць і сына (тату), пачала курыць. У мунштук «Беламору», як сёння памятаю, яна запіхвала вату.

Атачэнне

— Тата — чалавек, які жыве толькі творчасцю. Вакол яго заўсёды былі ўнікальныя людзі. Памятаю, да бацькі ў майстэрню прыходзілі Альберт Малішэўскі, Аляксандр Кішчанка. Калі Аляксандр Міхайлавіч ішоў па вуліцы, а  я — са школы з другой змены і апускала галаву, ён казаў: «Толькі паспрабуй са мной не павітацца». А калі ў  студэнцкія гады аднойчы сказала яму, што стамілася і ў мяне няма часу, каб скончыць работу, Аляксандр Міхайлавіч сказаў: «Як ты стамілася? У цябе ж ёсць ноч, «Ён сапраўдны мужчына» Маргарыта Шчамялёва расказала пра бацьку і падзялілася дзіцячымі ўспамінамі каб скончыць пачатае!» Гэтыя людзі зусім па-іншаму жылі, яны дзіўныя. Заўсёды цалкам паглыбляліся ў прафесію. Я часта чула размовы ў майстэрні пра іншых мастакоў, якія нагадвалі лекцыі мастацтвазнаўцаў. Сёння, слухаючы думкі сусветных экспертаў мастацтва, я разумею, што заўсёды знаходзілася ў творчым асяродку.

Тата кажа, што яму ў жыцці часта трапляліся добрыя людзі. Хоць нярэдка яму было няпроста. Асабліва ў 1960-я гады. Яго, вядома, крытыкавалі за творчую манеру, абвінавачвалі ў фармалізме. Калі мы жылі на Карла Маркса, у нашай кватэры на падлозе тата намаляваў дыван. І крэслы пафарбаваў у чорны колер. Атрымалася такая суцэльная кампазіцыя. Ён адразу ж прыдумаў партрэт маёй сястры. Карціна называлася «Людачка». Гэты партрэт выклікаў вялікія спрэчкі. Была яшчэ адна карціна, дзе тата напісаў маю маму з сястрой Людай на руках. Ён адаслаў работу на конкурс мастакоўветэранаў, і яна прагучала ўсюды. Нават у Англіі выйшла станоўчая рэцэнзія на яе.

Літаратура і музыка

— Я вельмі рана пачала чытаць сур’ёзныя кнігі. На гэта таксама паўплываў тата. Кнігі не заўсёды былі нашы, часта нехта прыносіў. Бацька таксама шмат чытаў. Цяпер ён больш глядзіць тэлевізар — праграмы пра мастацтва, але літаратура заўсёды была важнай часткай у яго жыцці. Дарэчы, ён вельмі любіць і музыку.

 Ёсць партрэт, дзе я сяджу ў школьнай форме. Памятаю, прыйшла, ён кажа: «Сядай, буду цябе маляваць». У гэты момант па радыё гучаў даклад Хрушчова пра культ асобы. Мне было 7 гадоў, і я бачыла, як тата ўздыхаў, ён каменціраваў нейкія выказванні, але я ведала, што трэба маўчаць і мае дзіцячыя гісторыі недарэчныя. Калі ж я яму замінала і даймала пытаннямі, даваў мне кнігу пра імпрэсіяністаў (якая цяпер у майго сына), каб не перашкаджала. Манаграфія была фантастычна прыгожая, і  я  адразу захаплялася. Пасля гэтай кнігі доўга лічыла, што самыя лепшыя мастакі — імпрэсіяністы. Цяпер з  узростам разумею, што мастакоў геніяльных шмат: яны пакідаюць нам каштоўнасці, а мы павінны імі правільна карыстацца.

Выхаванне

— Сястра мая Людміла, якая таксама жывапісец, заўсёды кажа: «Бацька вучыў нас апасродкавана». Ніколі ён не казаў: «Рабі так» ці наадварот. У яго быў яшчэ вельмі добры выхаваўчы прыём: заўсёды нас хваліў. І ўмацоўваў веру ў сябе: напрыклад, ён вельмі падбадзёрыў маю дачку, якой сёння 27 гадоў, яна мастак. Але тата ніколі не рабіў ніякіх асаблівых крокаў дзеля таго, каб мы сталі мастакамі. Мы самі выбіралі свой шлях.

Як я ўжо казала, тата вельмі дысцыплінаваны. Ён прывучыў нас з сястрой нікуды і ніколі не спазняцца. Калі мы збіраліся сям’ёй у кіно, а я прыбягала за пяць хвілін да пачатку, лічылася, што спазнілася, таму што, на думку бацькі, загадзя не заняла сваё месца, перашкаджаю людзям. Ён ваенны чалавек, кавалерыст. Я разумела: кавалерысту трэба даглядаць коней — уставаць рана, прыводзіць усё ў парадак. Напэўна, з тых часоў і з’явілася ў яго любоў да парадку ва ўсім. Калі мы збіраемся на яго дзень нараджэння (гэта традыцыя), то ўсе павінны, калі час прызначаны на сем вечара, без сямі хвілін сядзець за сталом. Дысцыпліна заўсёды была і  ў майстэрні. Каля адзінаццаці пачынаўся працоўны дзень, потым — невялікі перапынак, потым ізноў нешта трэба дарабіць. Тата ніколі не забывае святаў, той жа жаночы дзень. Заўсёды рыхтуе нейкія падаруначкі. Нават цяпер па-ранейшаму імкнецца нас здзівіць.

У харчаванні ён таксама сістэмны: есць тры разы на дзень. Жонка бацькі Святлана Мікалаеўна кажа: «Вайна вайной, а абед у Леаніда Дзмітрыевіча па раскладзе». Каша, мяса, суп, кампот — абавязковыя кампаненты яго абеду. Ён, дарэчы, не любіць ні гародніны, ні садавіны. У Віцебску ў 1933 годзе быў голад, і ён вельмі добра запомніў гэты час, калі ежа была на вагу золата.

Шчырасць

— Што яшчэ я лічу важным? Тата шчыры ва ўсім, што робіць. Ён ніколі б не маляваў чалавека, які не дае яму ніякага эмацыянальнага стымулу. Быў у мяне выпадак. Аднойчы тата пытаецца: «Можа, ёсць у цябе чалавек які, каб партрэт з натуры напісаць?» Я вучылася ў той час, была ў мяне знаёмая дзяўчынка. Мне падалося, што яна даволі каларытная, таму прывяла яе да бацькі. Ён, пагаварыўшы з ёй, сказаў: «Ведаеш, не змагу. Яна добрая дзяўчынка, але я яе не адчуваю». Ён павінен праз размову адчуваць энергію. Калі кагосьці піша, значыць, яму гэты чалавек апрыёры цікавы.

Жывёлы

— Тата вельмі любіць жывёл. А коні — адна з галоўных тэм у яго творчасці. Апошні раз, калі была ў бацькавай галерэі, яшчэ раз паглядзела на яго коней і падумала, што так, як ён піша жанчыну, любячы яе ва ўсіх праявах, ставіцца і да каня: з пяшчотай і клопатам.

Мастак-выкладчык

— Магу сказаць, што Леанід Шчамялёў — сапраўдны мужчына, які ўмее прымаць рашэнні. Але мне здаецца, што ён не рэалізаваўся ў поўнай меры як педагог. Ён быў вельмі цікавы ў гэтым амплуа, выкладаў у гімназіі-каледжы мастацтваў імя І. В. Ахрэмчыка. Здавалася б, каму сёння цікава прыходзіць да пажылога чалавека і слухаць яго? А вучні таты прыходзяць. Многія сёння сустракаюць мяне і кажуць: «Перадайце прывітанне тату». Мне і яму гэта вельмі дорага. Ён бы мог цікава выкладаць, бо ніколі ні на кога не цісне, але ў той жа час можа ўплываць на людзей. Я ведаю, што тата валодае таямніцамі працы з колерам. Ён мне паказваў неяк пракладкі ў алеі, якія рабіў, каб высветліць той ці іншы колер, і сёння я ведаю, што прыёмы з’явіліся на інтуітыўным узроўні. Ён мог бы ўсім гэтым дзяліцца. Нядаўна Святлана Мікалаеўна перадала ў галерэю нататнік з яго эскізамі, і там зрабілі з яго замалёвак маленькую выстаўку, якая паказала шлях мастака, з чаго пачынаецца работа.

Чалавечае

— Важна, што тата ніколі не выхваляўся сваімі ваеннымі ўзнагародамі. Для яго гэта была тонкая сакральная рэч. Ён ніколі не выносіў нічога напаказ. Яму было балюча, не хацелася адкрыта казаць пра гэтыя рэчы. Мне здаецца, адной з  самых важных прычын яго даўгалецця з’яўляецца каханне і поўнае паглыбленне ў прафесію. Ён не памятае зла. Вядома, яму бывае балюча, але ён усё прагаворвае і потым не носіць гэтыя камяні за спінай. Для таты вельмі дарагая чалавечая ўвага: калі нехта патэлефануе, прыйдзе... Нядаўна адкрылася дзве яго выстаўкі — ён так распытваў, хто быў. Я ўсё расказваю.

Сёння тата не прапускае ніводнай падзеі. Вядома, ён не бывае на выстаўках, не наведвае культурныя мерапрыемствы, але заўсёды слухае, глядзіць навіны. Я нядаўна была ў Маскве, хадзіла на выстаўкі. Прыехала, а ён мне пра іх расказвае. Бацька адсочвае ўсё, што адбываецца ў свеце мастацтва. Думаю, гэтым і жывы. Хай цела ў яго пажылога чалавека, але душа вельмі трапяткая. Я рада, што сёння ў таты ў сэрцы Мінска ёсць галерэя. Яна вельмі цёплая.

Жыццёвая сіла

— Вось зараз тату 97 гадоў, і калі з ім размаўляю, нават не ў самыя лепшыя перыяды яго жыцця, то дзіўлюся, якая ў ім жыццёвая сіла. Мне яе не хапае. Пры тым, што ў яго не такія фізічныя магчымасці, як раней. Ён нядаўна ляжаў у бальніцы. Прыйшла да яго, а ён сядзіць на ложку ў спартыўным касцюме, боўтае нагой, быццам шаснаццацігадовы, і кажа: «Так хачу дадому, ужо ўсё надакучыла». «А што ты дома будзеш рабіць? Тут жа добра, за акном — прыгожы пейзаж». «Так, пейзаж прыгожы. Але дома я буду маляваць, я ж больш нічога не ўмею». У яго ёсць альбом — ужо не фарбы, а фламастары, якімі малюе. З ім ніколі не сумна. Для нас бацька — гэта высокая планка, да якой яшчэ трэба падняцца.

Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».