Вы тут

Нататкі шматдзетнага таткі. Дзе справядлівасць?


У апошні дзень водпуску кажу дзецям:


— Вось дзе справядлівасць? Я заўтра выходжу на работу, а ў вас яшчэ цэлыя два месяцы канікул.

Старэйшая дачка абурана:

— А тое, што табе на рабоце плацяць грошы, а мы павінны вучыцца бясплатна, гэта, па-твойму справядліва?

Згодзен. Таму прапаную аднавіць гістарычную справядлівасць: дарослых рэгулярна адпускаць на канікулы (аплатныя), а школьнікам — плаціць хоць сімвалічную зарплату.

Такім чынам і дзеці будуць лепш вучыцца, і бацькі — даўжэй адпачываць, а значыць, і жыццё ў цэлым стане больш шчаслівае.

P.S. Калі, магчыма, стану прэзідэнтам, абавязкова выдам адпаведны ўказ.

* * *

Вельмі люблю, калі дзеці прыдумваюць новыя словы, — таму што гэтыя словы, як правіла, атрымліваюцца значна больш удалыя і дакладныя, чым тыя, якія прыдумваюць дарослыя.

Вось толькі нядаўні прыклад. Дзевяцігадовая Вера мерае перад люстэркам туфлі, якія апошні раз надзявала мінулай вясной.

Мама пытае яе:

— Ну як, не малыя?

Вера:

— Пакуль добра, але ўжо «ўтупік».

Я (каб удакладніць):

— У якім сэнсе «ўтупік»?

Вера (паблажліва):

— Гэта значыць, што хутка яны мне стануць малыя.

Як па мне, дык «утупік» — значна больш удалае слова, чым малазразумелае «ўпрытык». І растлумачыць яго сэнс таксама значна прасцей. Таму не ведаю, як вы, а я, бадай, уключу яго ў свой лексікон. Магчыма, дарослыя мяне за гэта і асудзяць, але дзеці дакладна зразумеюць.

P.S. І ўвогуле (калі ўжо казаць шчыра): ну каму цікавая думка дарослых?

* * *

Збіраемся з сынам да астатніх членаў сям'і за горад. Кажу яму:

— Глядзі нічога не забудзь, а то ты ў нас чалавек рассеяны...

Сын:

— ...з вуліцы Басейнай.

Я:

— Калі ты такі разумны, можа, яшчэ ўспомніш, хто гэта напісаў?

— Карней Чукоўскі, не?

— Сам ты Карней Чукоўскі. Гэта Сяргей Міхалкоў напісаў.

Працягваю як нічога ніякага збіраць рэчы. Раптам сын:

— Хто, ты кажаш напісаў?

— Міхалкоў.

— А «Гугл» адказвае, што Самуіл Маршак.

(То-бок цяпер думка нейкага Гугла важнейшая за думку роднага бацькі!)

Сказаў сыну, што, можа, і Маршак. Я ж гадоў трыццаць таму гэта чытаў апошні раз, мог і запамятаваць. Гугла тады нават у планах не было...

Павел Холад

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?