Вы тут

Спявак Аляксандр Патліс: Пасля цярпення вучымся доўгацярпенню


Калі пісаць біяграфію Аляксандра Патліса мовай лічбаў, сярод іх будуць такія: 49-гадовы музыкант і спявак, мае на творчым рахунку звыш 1000 канцэртаў у складзе хрысціянскага рок-гурта «Новы Іерусалім», адыграных як у Беларусі, так і ў блізкім і далёкім замежжы, восем альбомаў з гуртом і два сольныя пасля сыходу з яго, пастаўлены ў 2004-м рэкорд у нацыянальным хіт-парадзе — 9 месяцаў абсалютнай папулярнасці песні «Любоў у далонях». А яшчэ каханая жонка Таццяна, з якой яны разам без малога 30 гадоў, і двое дзяцей з вялікай розніцай ва ўзросце: старэйшай Настассі 28 гадоў, яна ўжо замужам і жыве асобна, а сыну Лявону толькі сем. Менавіта пра дзяцей і пра тое, як з узростам мяняюцца разуменне бацькоўства і выхаваўчыя метады, «СГ» пагутарыла з музыкантам.


Агульнасямейнае фота: Аляксандр і Таццяна Патлісы з сынам, дачкой і яе мужам.

— У адным з інтэрв'ю вы расказвалі, што ў той час, калі дачка расла, каля 5 гадоў правялі на гастролях...

— Калі падсумаваць усе канцэрты, карпаратывы, гастролі па розных краінах — так, каля пяці гадоў. Гэта якраз быў час станаўлення гурта «Новы Іерусалім», трэба было вырашаць фінансавыя пытанні, бо музыка — далёка не тое, што дазваляе бязбедна жыць у нашай краіне... Я працяглы час адсутнічаў дома, але ўсё ж не так, што з'ехаў на гастролі, калі дачцэ было тры гады, а вярнуўся — калі ўжо восем, таму не скажу, што многае прапусціў. Хоць, канешне, часам шкадую, што здараліся моманты, калі Насці была патрэбная менавіта мая падтрымка і дапамога, а мяне не было дома. Але ўвесь гэты час побач знаходзілася мама. Я прыхільнік кансерватыўных поглядаў у тым сэнсе, што свет жанчыны — перадусім дом, сям'я, дамашні агмень і ўтульнасць, а свет мужчыны — за сценамі дома, дзе трэба здабыць рэсурсы і грошы, каб забяспечыць сваю сям'ю, гэты маленькі, але вельмі важны сусвет. Я прыйшоў у калектыў ужо жанаты, а наш клавішнік Вадзім Калацэй ажаніўся неўзабаве, і ў яго нарадзілася двойня, таму мы і нашы жонкі разумелі і падтрымлівалі адно аднаго... Мая жонка Таццяна прыняла рашэнне спыніць сваю прафесійную кар'еру педагога, каб прысвяціць сябе дачцэ: школьныя ўрокі, заняткі ў музычнай школе — усё гэта было на ёй. І, дарэчы, па сёння ў Насці і Таццяны вельмі добрыя адносіны, яны не толькі мама і дачка, але і сапраўдныя сяброўкі, а паколькі яшчэ падобныя знешне, то знаёмыя часам нават блытаюцца, сустракаючы іх у горадзе.

Наступны этап бацькоўства — з'яўленне Лявона. Калі ён стаў часткай нашай сям'і, прынялі рашэнне, што больш чым у двухтыднёвыя паездкі я не выпраўляюся, бо Лявон вельмі актыўны хлопчык, жвавы, ён вельмі многа гаворыць, спявае, бясконца задае пытанні і запаўняе сабой усю прастору... Бывае, увечары мы садзімся на канапу і разумеем, што ў нас ужо «селі батарэйкі», а яму хоць бы што. Таму з гэтым выбуховым тэмпераментам і складам характару нам з Таццянай даводзіцца абодвум шмат працаваць, і я стараюся больш часу праводзіць з ім, дапамагчы жонцы і пэўным чынам кампенсаваць той час, калі я буду адсутнічаць дома з-за канцэртаў. Нарыклад, мы з Лявонам удвух ходзім у цырульню да аднаго і таго ж майстра, разам катаемся на роварах і шмат гуляем, і ў некаторых кароткатэрміновых паездках ён таксама побач са мной, за кулісамі. Часам нават узнікаюць спрэчкі з жонкай, бо мы з Лявонам два хлопцы, да таго ж аднолькавыя па тэмпераменце, адзін аднаго добра разумеем, а Тані даводзіцца змірацца з нашай агульнай актыўнасцю.

— Калі ад'язджаеце ў працяглыя гастролі, як трымаеце сувязь з сям'ёй?

— Ужо гадоў дзесяць не быў у ЗША, таму на пачатку красавіка збіраўся адправіцца ў канцэртны тур па Дэнверы, Сан-Дыега, Сакрамента, Лос-Анджэлесе, Портлендзе, Сіэтле, Мічыгане... Спадзяюся, гэты тур, па зразумелых прычынах адкладзены, усё ж адбудзецца пазней. Але ў любым выпадку, сёння, дзякаваць Богу, нескладана знаходзіцца на сувязі ў любы час праз Vіber, WhatsApp і іншыя сэрвісы. Не тое, што ў 90-я, калі купляеш тэлефонную картку за 10 долараў, а хвіліна размовы каштавала ці то 60, ці то 80 цэнтаў, і карткі ўвесь час заканчваліся, тады дасылаў дамашнім паштоўкі і лісты. Жонка, дарэчы, дагэтуль захоўвае гэтыя прывітанні з гастроляў.

— Дачка доўга займалася музыкай, але стала ў выніку фатографам. Ці важна для вас, каб сын працягнуў творчую справу?

— Ён не займаецца музыкай прафесійна, але добра інтаніруе і вельмі многа спявае, спрабуючы на сваёй мове перадаць англійскую — любіць Іmagіne Dragons, музыку з Nіnjago, наогул розныя мелодыі; любіць маляваць, і, канешне, Lego — гэта проста наша ўсё, дэталі знаходзім і пад канапай, і ў газоне, дзе заўгодна. Плюс яшчэ ён займаецца ў тэатральнай студыі «Галактыка», дзе яму таксама вельмі падабаецца, а для фізічнага развіцця — лёгкая атлетыка і плаванне. Кожны дзень вельмі насычаны, але я бачу, што яму гэта неабходна: нават на прагулках усе ідуць, а Лявон бяжыць, скача, яму трэба кудысьці падзець усю сваю бурлівую энергію... Пакуль што ў сілу характару і тэмпераменту яму складана стрымліваць эмоцыі і на чымсьці доўга канцэнтравацца, і над развіццём уседлівасці мы таксама працуем. Кім ён стане, загадваць пакуль рана. Для мяне не важна, што ён абярэ, але важна, каб у абраным кірунку Лявон сапраўды развіваўся, быў добрым спецыялістам.

Магчыма, як бацька я крыху перахвальваю сваё дзіця. Але, мне здаецца, мы павінны любіць сваіх дзяцей, бо калі мы не марым разам з імі, не верым у іх — то хто гэта зробіць за нас? З іншага боку, безумоўна, трэба ўсталёўваць і пэўныя межы. На мой погляд, гэта боскі прынцып: неба і зямля, мора і суша маюць паміж сабой межы, у любой ракі ёсць берагі, і гэтаксама свае «берагі» павінны быць у дзяцей і падлеткаў.

— І як вы іх усталёўваеце? У наш час вельмі многа дыскусій наконт методык выхавання, наконт таго, што варта дзецям дазваляць, а што забараняць, дзе іх кантраляваць, а дзе «адпускаць», каб пазбегчы гіперапекі і інфантылізму...

— Не думаю, што мы вынайшлі тут веласіпед, — як ва ўсіх сем'ях, ёсць свае дамоўленасці, што можна і нельга, ёсць стымулы і пакаранні. Лявона, напрыклад, мы пэўны час саджалі на табурэтку, і ён сядзеў моўчкі, абдумваючы свае паводзіны. Што да бацькоўскай папругі, я прыгадваю выпадак са сваім сябрам, які жыве ў Германіі. Аднойчы ён так пакараў сына — і суседзі выклікалі паліцыю. Паліцэйскія спыталі: «Чаму вы так пакаралі сына?» — «Каб потым, калі ён вырасце, вы не білі яго дубінкамі», — адказаў бацька. Як мне здаецца, у такім падыходзе ёсць свая мудрасць: ні ў якім выпадку не біць дзіця, а менавіта пакараць, «даць рады» на будучыню. Цяпер, канешне, часцей выхоўваюць словам — павышэнне тону, забарона ці абмежаванне, скажам, прагляду мультфільмаў адыгрываюць сваю выхаваўчую ролю. Балазе, у Лявона няма залежнасці ад гаджэтаў: на планшэце ён глядзіць «Паляванне на рачных монстраў», сюжэты пра дзікую прыроду Natіonal Geographіc, разглядае цікавыя «фішкі» з «АліЭкспрэс» альбо сюжэты, як збіраюць яго любімыя канструктары.

— Насця нарадзілася, калі вам быў толькі 21 год, Лявон стаў часткай сям'і, калі вам з жонкай было за 40. Як з узростам і вопытам змянілася стаўленне да бацькоўства?

— Напэўна, яно стала больш усвядомленым. Калі жыццё збольшага наладжана, ёсць пэўная стабільнасць, у тым ліку фінансавая, то адчуваеш сябе сталым чалавекам, які з большай адказнасцю, разуменнем і цярпеннем выхоўвае дзіця, — прынамсі, імкнешся да гэтага. Хрыстос казаў: «Сын нічога не можа тварыць сам ад сябе, калі не ўбачыць Айца ствараючага», і я бачу гэту біблейскую ісціну ў жыцці: тое, што раблю я, капіруе і робіць мой сын. Сярод галоўных рэчаў, якім можа і павінен навучыць сына бацька, — умець несці адказнасць, праяўляць насамрэч моцны, мужчынскі характар, старацца даводзіць распачатую справу да канца, абараняць слабых, быць шчырым — звычайныя хрысціянскія рэчы, якімі трэба кіравацца штодня.

Ведаеце, часта мы плануем загадзя для сваіх дзяцей будучую прафесію, кар'еру, але мала задумваемся пра тое, што рана ці позна дзеці вырастуць, створаць сям'ю. І правільна было б зрабіць выбар раз і назаўжды, пражыць з адным чалавекам усё жыццё. Таму ўжо сёння кажу сыну, што аднойчы ў яго будзе свая сям'я, жонка і дзеці, — і ён разважае на гэты конт: якой ён бачыць сваю будучую сям'ю і стасункі ў ёй.

— Якім рэчам, у сваю чаргу, навучылі вас дзеці, акрамя бязмежнага цярпення?

Пасля цярпення яны вучаць нас доўгацярпенню — гэта пераход на наступны ўзровень, калі здаецца, што ўсё, цярпенне скончылася, — смяецца Аляксандр. — Калі гаварыць пра Лявона, у яго вельмі добрае сэрца, ён умее дараваць, аказваць прыемныя знакі ўвагі — так, напярэдадні 8 Сакавіка прывёз букет цюльпанаў нашай агульнай цырульніцы, якую называе няйначай як «любімая жанчына». А яшчэ ён вучыць, як важна берагчы дзіцячыя пачуцці: у яго здарылася першая закаханасць, і Лявон гаворыць: «Мне падабаецца адна дзяўчынка, толькі гэта сакрэт, давай маме не скажам?»

Дачка — прыклад таго, што не толькі бацькі дапамагаюць дзецям і падтрымліваюць іх, але і наадварот. Насця разам са сваім мужам Кірылам вельмі дапамагаюць мне ў інтэрнэт-прасоўванні, узімку для прэзентацыі кліпа зрабілі класныя ролікі для рэкламы ў «Інстаграме», да таго ж дачка выдатна афармляе мае думкі ў тэксты. Наогул, хоць яна ўжо пяты год замужам, у нас застаецца шчыльная сувязь і бацькоўская, і творчая, прафесійная. Дарэчы, менавіта дачка прапанавала мне паспрабаваць сябе ў новай сферы — рэгістрацыі шлюбных цырымоній, і цяпер гэты кірунак я таксама досыць актыўна развіваю.

— Што ў вашым жыцці змянілася з уваходжаннем у нядаўна створаны Савет бацькаў?

— На мой погляд, гэта вельмі добры рух — калі мужчыны не толькі рэалізуюцца ў прафесійным плане, робяць кар'еру, але застаюцца сябрамі сваім дзецям, уголас абмяркоўваюць і шукаюць выйсце з праблем, якія часам узнікаюць у стасунках у кожнай сям'і. Ідэя важная і патрэбная, таму я па меры сіл яе таксама падтрымліваю — у прыватнасці, плануецца правесці ў Лошыцкім парку сямейны фестываль, і я буду браць у ім удзел як артыст, далучаюся і да іншых мерапрыемстваў Савета бацькаў.

*  *  *

— Нарадзіць дзіця — самае простае, складана вырасціць і выхаваць яго, — разважае Аляксандр. — На выхаванне патрэбна шмат гадоў, за якімі стаяць эмоцыі, радасці і расчараванні, пройгрышы і перамогі... Важна перажываць і праходзіць іх разам са сваімі дзецьмі, каб яны адчувалі, што сям'я заўжды побач і што менавіта наша з'яднанасць, згуртаванасць у адно цэлае дапамагаюць пераадолець жыццёвыя цяжкасці. Канешне, не варта «загружаць» дзяцей сваімі дарослымі праблемамі — у іх павінна быць дзяцінства і час на сталенне. Але, з іншага боку, трэба, каб дзеці разумелі, што жыццё — не суцэльная вясёлка і шчасце, што на розных этапах іх чакаюць свае выпрабаванні... Гіперапека — так, адна з праблем нашых дзён. Ведаеце, калі я рос, веласіпед быў за шчасце (хоць у мяне былі і вельмі добрыя цацкі, на радыёкіраванні); а сёння многія бацькі абагаўляюць дзяцей, тыя становяцца аб'ектам пакланення і з маленства атрымліваюць усё, што толькі пажадаюць, не прыкладваючы для гэтага намаганняў, — і пазней не могуць, не ўмеюць пастаяць за сябе, дабіцца пастаўленай мэты. Гэтаму трэба вучыць таксама, як мы вучым правілы бяспекі, этыкет, школьныя ўрокі.

Аляксандр і Таццяна Патліс ведаюць гэта лепш за многіх: яны ўсынавілі Лявона, калі малому было каля 1,5 года. Зрабілі гэты крок цалкам свядома, разумеючы вялікі аб'ём работы і «прыцірак», канфліктаў, крызісаў росту — праходзяць іх разам, не зважаючы на меркаванні навакольных пра гены, наканаванасць, няўдзячнасць і гэтак далей. Проста цаглінка за цаглінкай закладваюць не толькі фінансавы, але і маральны фундамент — для таго, каб дзеці насамрэч раслі, развіваліся і мелі ўсе магчымасці раскрываць свае таленты і здольнасці, у рэшце рэшт стаць лепшымі за бацькоў. Ці не ў гэтым і ёсць шчасце бацькоўства?

Гутарыла Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота з асабістага архіва выканаўцы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

А наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.

Грамадства

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

З 2000 года ў Беларусі выяўлена 4421 злачынства, звязанае з гандлем людзьмі.