Вы тут

Як зберагчы сваё дзіця ад злачынцаў?


Гэту лічбу агучылі прадстаўнікі МУС: 487 дзяцей пацярпелі ад педафілаў у Беларусі толькі ў 2019 годзе. Статыстыка міністэрства сведчыць пра тое, што за апошнія некалькі гадоў колькасць пацярпелых дзяцей павялічылася ў некалькі разоў. Гэта стала вялікай праблемай не толькі для міліцыянераў, але і для бацькоў. Як зберагчы сваё дзіця ад злачынцаў? Як навучыць малых, не запалохваючы іх, правілам бяспечных паводзін? Пра гэта карэспандэнту «Звязды» расказала псіхолаг, заснавальніца праекта «Школа дзіцячай бяспекі Lіfe School», аўтар праграмы па бяспецы дзяцей дома, на вуліцы і ў інтэрнэце Ганна Носач.


— Сусветная статыстыка сведчыць пра тое, што адно дзіця з пяці сутыкалася ў сваім жыцці з сексуальным гвалтам, — кажа спецыяліст. — Прычым гэта не заўсёды палавы акт. Траўміруюць дзяцей і дакучлівыя размовы на тэму сексу, і дотыкі да інтымных частак цела... Таксама злачынствам лічыцца фатаграфаванне дзіцяці ў непрыстойных позах. Самае крыўднае, што 80 працэнтаў такіх зладзеяў — гэта сваякі альбо знаёмыя сям'і.

Псіхолаг лічыць, што самае галоўнае — навучыць дзіця таму, што яго цела належыць толькі яму і толькі яно само вырашае, што яму падабаецца, а што не. Бывае, што маці несвядома прывучае дзіця да таго, што яго цела яму не належыць. Напрыклад, у госці ў сям'ю наведалася сяброўка ці бабуля, якая прыязджае рэдка. Многія бацькі, каб паказаць сваю гасціннасць, просяць сваё дзіця пацалаваць ці абняць госцю з ветлівасці.

— Гэта даволі частая памылка дарослых, — сцвярджае псіхолаг. — Ні у якім разе нельга прымушаць дзіця гэта рабіць. Такія дотыкі павінны рабіцца адназначна без прымусу і пагрозы страціць падарунак ад госця.

Калі няма даверу...

Яшчэ адна праблема — гэта тое, што дзеці могуць не адрозніваць добры і дрэнны сакрэты. Вопыт паказвае, што злачынцы, якія «злоўжываюць» дзіцем, часта пераконваюць малых, што гэта будзе «іх сакрэтам». Нярэдка за маўчанне непаўналетняму прапаноўваюць нейкія падарункі або грошы, ці проста пагражаюць тым, што заб'юць бацькоў дзіцяці альбо зробяць так, што іх, напрыклад, пасадзяць у турму. Злачынцы часта спрабуюць усяліць у дзіця пачуццё віны, маўляў, сам вінаваты ў тым, што здарылася, бо гэтага хацеў.

— Бацькі павінны растлумачыць сваім дзецям, што калі сакрэт выклікае ў яго страх, сум, крыўду ці ўвогуле любое непрыемнае пачуццё, то пра гэта лепей ім расказаць, — тлумачыць Ганна Носач. — Але справа ў тым, што дзіця можа падзяліцца сваёй праблемай з бацькамі толькі тады, калі па-сапраўднаму давярае родным і адчувае сябе з імі побач у бяспецы. Нават у тыя моманты, калі дзіця правініцца, яно павінна быць упэўнена, што на яго не абрынецца шквал лаянкі і абраз ці ўвогуле фізічнае пакаранне. Дзіця ніколі не стане расказваць даросламу пра сваю праблему, калі паміж імі няма даверу.

Расказаць і напалохаць

У кожнага дзіцяці свой узровень адчувальнасці. Адно дзіця ўразлівае, іншае ўсё прапускае міма вушэй. Пра гэтыя асаблівасці могуць ведаць толькі бацькі. У выпадку небяспекі, дзеці, як і дарослыя, паводзяць сябе па-рознаму.

Адно сарыентуецца і стане ўцякаць і крычаць, другое можа замерці... Каб не напалохаць дзяцей, гаварыць аб правілах бяспекі трэба прыкладна так, як аб правілах гігіены.

— Дзеці ж ведаюць, што трэба чысціць зубы. Таксама яны павінны ведаць, што ніколі адэкватны незнаёмы дарослы не стане прасіць дзіця аб дапамозе і нічога яму не прапануе без дазволу бацькоў, — кажа спецыяліст. — Калі такое здараецца, то малы павінен усведамляць, што гэта сітуацыя ненармальная, тут нешта не так. У любой сітуацыі, дзе дзіця адчувае сумненне, яно павінна звярнуцца па дазвол ці тлумачэнне да бацькоў.

У сітуацыях, калі бацькоў побач няма, ёсць правіла, якое, на думку псіхолага, павінна ведаць кожнае дзіця. Яно гучыць так «Не! Бяжы! Раскажы!»

— Калі сітуацыя незразумелая ці пагражальная, напрыклад, чужы дарослы нешта пытае ў малога ці просіць дапамогі, то дзіця павінна гучна і смела адказаць «Не!» — тлумачыць псіхолаг. — Калі ж дзіця адчувае, што за ім нехта ідзе, ці пагрозу ўвогуле, яно павінна навучыцца бегчы ў бок людзей, напрыклад, у краму, і там папрасіць дапамогі ў работнікаў. Ніколі нельга бегчы ў пад'езды ці ў паркі, таксама важна не хавацца. І апошняе — «Раскажы!» — датычыцца сітуацыі, калі малога схапілі на вуліцы і цягнуць. Важна, каб дзіця гучна крычала пра тое, што яго цягне чалавек, якога яно не ведае.

У чорным паліто і капелюшы

«Чорнай-чорнай ноччу, на чорнай-чорнай машыне прыехаў чорны-чорны чалавек»... Пачатак дзіцячай палохалкі нагадвае ўяўленні малых аб злачынцах. На самай справе, растлумачыўшы малому правілы бяспечных паводзін на вуліцы, бацькі забываюць такую важную рэч, як апісанне злачынцы. Дзецям нічога не застаецца, як толькі ўявіць сабе злодзея так, як малююць яго ў дзіцячых казках, паказваюць у мультфільмах ці кіно. Трэба тлумачыць, што злачынцам можа быць мужчына, жанчына і нават падлетак. Яны выглядаюць як звычайныя людзі, а каб выклікаць давер дзяцей, могуць пераадзецца ў міліцыянера ці доктара.

Гэта можа быць незнаёмец, малазнаёмы сусед — ды хто заўгодна. Таму важна не толькі размаўляць з дзецьмі і вучыць іх правілам, але ўсё ж і прыглядаць за імі.

Вучыць самастойнасці

Псіхолаг упэўнены, што любое дзіця можна прымусіць вывучыць правілы бяспекі, але... Не кожнае дзіця іх стане выкарыстоўваць. Справа ў тым, што ў малых да сямі гадоў пераважаюць эмоцыі. І калі такому малому прапанаваць «паглядзець коцікаў», то яно не будзе адчуваць небяспеку, а будзе думаць пра магчымасць палашчыць кацяня. Толькі пасля сямі гадоў у дзіцяці пачынаюць развівацца тыя долі мозга, якія адказваюць за рацыянальнасць. Таму адказнасць за бяспеку дзіцяці заўсёды нясуць бацькі.

Але, нягледзячы на ўзрост, дзеці псіхалагічна і фізічна спеюць па-рознаму. Бацькі павінны адэкватна ацэньваць сталасць свайго дзіцяці. Напрыклад, калі яны разумеюць, што дзіця імпульсіўнае, нядоўга задумваецца над тым, што робіць, то яго трэба даўжэй трымаць пад сваім кантролем. Імпульсіўныя малыя на вуліцы будуць бегчы туды, дзе ім цікавей. Дзецям больш задуменным, нерашучым будзе цяжка аказаць супраціўленне чужым дарослым, ім страшна выразна і гучна папрасіць аб дапамозе ці ўвогуле закрычаць і пабегчы. Таму прывучаць дзіця да самастойнасці, адпускаць яго гуляць аднаго ці пакідаць дома без дарослых трэба, азіраючыся не на ўзрост, а на адэкватную ацэнку асаблівых рыс і спеласці малога.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

А наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.

Грамадства

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

З 2000 года ў Беларусі выяўлена 4421 злачынства, звязанае з гандлем людзьмі.