Час чыстых рук


Сяброўка расказвае: самаізалявалася, то-бок выдалілася з бацькоўскага чата малодшай дачкі. «Я, — кажа, — цярплівы і дастаткова флегматычны чалавек, але ўжо не было больш маральных сіл успрымаць хвалю карысных парад пра тое, як трэба сябе паводзіць у цяперашняй сітуацыі»: «Усе спажывайце імбір, і дзецям давайце — можна ў чай з лімонам і мёдам, модна за шчаку кавалачак класці і так хадзіць», «Лухта ваш імбір і часнок з ім разам, іх трэба было есці значна раней, каб імунітэт падтрымаць, а цяпер — толькі вітамін С, па граме штодня!», «Ну-ну, вы яшчэ змяіны яд парайце. Проста піце шмат цёплай вадкасці і часцей мыйце рукі»... Што самае цікавае, ні ў кога з бацькоў группы, у якую ходзіць дзяўчынка, няма медыцынскай адукацыі, але чамусьці яны ўпэўненыя, што дастаткова патраціць паўгадзіны на чытанне і прагляд розных інтэрнэт-крыніц (без фільтрацыі, адкуль узяты тыя ці іншыя звесткі і ці можна ім давяраць), і з дапамогай «гугла ўсемагутнага» ты будзеш ведаць столькі ж, а мо і больш, чым урачы, якія бессэнсоўна праседжвалі штаны і спадніцы шэсць гадоў ва ўніверсітэце...


Тое самае адбываецца ў бацькоў: такое адчуванне, што большасць актыўных пенсіянераў, якія засвоілі «Вайбер» і іншыя месенджары, толькі і занятыя тым, што перасылаюць адно аднаму то страшылкі, то малітвы, то сакрэтныя «дзейсныя рэцэпты супраць каранавіруса», з немаведама якіх грымуараў пачэрпнутыя. Даводзіцца рэгулярна нагадваць, што «адна бабка сказала» і «калега мужа стрыечнай сястры» — не СМІ і нават не блогеры, а такія сабе сучасныя аналагі пляткарніц на лавачках, і найлепшае, што можна зрабіць для ўласнага здароўя, — прапускаць іхнія размовы міма вушэй.

Але ёсць і прыемная акалічнасць у гэтым інфармацыйным бурленні. Ці звярнулі вы ўвагу, што тэлефонныя і асабістыя размовы цяпер часта завяршаюцца не індыферэнтна-безасабовым «пакуль», «ну, усё» ці там «усяго добрага», а цёплым «бывай здаровы», «не хварэйце», «беражыце сябе»? Гэта нібыта своеасаблівы маркер — мне насамрэч не ўсё роўна, шаноўныя суразмоўцы, як вашы справы, я за вас хвалююся і зычу здароўя...

Штодня даводзіцца бачыць, чуць, пісаць пра дабрачынныя акцыі і забаўныя флэшмобы, пра добрыя прыклады дапамогі, падтрымкі, клопату адных людзей пра іншых. І калі гэта хоць крыху зменшыць агульны ўзровень трывожнасці і стрэсу (які, між іншым, таксама ўплывае на здароўе) — ужо няблага.

І ўсё ж адказнасць за здароўе і жыццё кожнага з нас, канешне, перадусім на нас саміх. Калі вам дапамагае ці проста супакойвае прымяненне нетрадыцыйнай медыцыны, народных сродкаў і замоў — калі ласка, карыстайцеся. Аднак не трэба несці гэтыя сакральныя веды шырокаму колу слухачоў і падмяняць імі сціслыя, простыя, пры гэтым вельмі важныя рэкамендацыі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя. Скараціце колькасць кантактаў, пры магчымасці і неабходнасці самаізалюйцеся дома, а «ў людзях» вытрымлівайце сацыяльную дыстанцыю, карыстайцеся антысептыкамі, насіце маскі ў рэкамендаваных сітуацыях, старанна мыйце рукі — словам, выконвайце ўвесь той комплекс мер, які цяпер трапна называюць гігіенічным этыкетам. І будзьце здаровыя. Калі ласка.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Прэв'ю: aif.ru

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».