Вы тут

Абараняем сябе і сваіх дзяцей ад «грашовых» хвароб у час эпідэміі


Усё часцей мы задумваемся, ці варта дакранацца да банкнотаў і манет

Грошы адносяцца да самых брудных прадметаў на планеце. Яны праходзяць праз тысячы рук і сотні кашалькоў, гаманкоў і манетніц. Чаго толькі няма на банкнотах і манетах! Вірусы, бактэрыі і мікробы падарожнічаюць на грашовых знаках, як мы на самалётах і цягніках. Як абараніць сябе і сваіх дзяцей ад «грашовых» хвароб у час эпідэміі?


Фаміты ў кішэні

Чым даўжэй наяўныя грашовыя сродкі падарожнічаюць па свеце, тым большая імавернасць сустрэць на іх паверхні ўсялякага роду патагенныя мікраарганізмы. Старыя грошы ўтойваюць у сваіх мікратрэшчынах і загінах значна большую колькасць непрыязных нам вірусаў і мікробаў, чым новыя.

У тэму

Не даваць картку ў чужыя рукі

Нацбанк папрасіў банкі вырашыць пытанне з устаноўкай плацежных тэрміналаў, якія знаходзяцца ў іх на эквайрынгавым абслугоўванні, у арганізацыях гандлю і сэрвісу. Рэгулятар тлумачыць, што ва ўмовах напружанай эпідэміялагічнай сітуацыі сталі паступаць звароты пакупнікоў, якія скардзіліся на тое, што ім даводзіцца перадаваць карткі ў рукі касіру, каб зрабіць аплату.

У лісце, які фінансавы рэгулятар накіраваў у банкі, адзначаецца, што ў некаторых арганізацыях гандлю і сэрвісу плацежныя тэрміналы ўстаноўлены так, што «трымальнікі бескантактавых картак у момант здзяйснення аплаты не могуць самастойна прыкласці картку да плацежнага тэрмінала і вымушаныя перадаваць яе ў рукі работніку».

«У сувязі з пагрозай распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі COVІD-19 просім правесці работу з абсталяваннем арганізацый гандлю і сэрвісу ў частцы забеспячэння зручнага размяшчэння плацежных тэрміналаў — якое дазволіць пакупнікам у момант здзяйснення аплаты самастойна прыкладаць бескантактавыя карткі да плацежнага тэрмінала», — гаворыцца ў лісце рэгулятара.

Нагадаем: банкі рэкамендуюць беларусам скараціць выкарыстанне наяўных грошай на карысць дыстанцыйнай аплаты тавараў і паслуг. Некаторыя і зусім раяць устрымацца ад аплаты гатоўкай.

Мы ўжо пісалі, што цяпер уся грашовая наяўнасць, якая паступае ў Нацыянальны банк, першапачаткова змяшчаецца на 14-дзённы каранцін.

«Затым ажыццяўляецца сартаванне банкнот і манет па ступені забруджанасці і зносу, пасля якой назад у абарачэнне выдаюцца толькі чыстыя і без якіх-небудзь пашкоджанняў банкноты і манеты, а па нізкіх наміналах банкнот (5 і 10 рублёў) у абарачэнне выдаюцца пераважна новыя. Пры гэтым варта ўлічваць, што колькасць грашовай наяўнасці, якая выпускаецца з Нацыянальнага банка штомесяц, складае невялікую долю ўсёй наяўнасці, якая знаходзіцца ў абароце», — растлумачылі ў Нацбанку.

Рэгулятар звяртае ўвагу на тое, што «пасля кантакту нават з адносна чыстымі банкнотамі і манетамі неабходна выконваць традыцыйныя правілы гігіены».

З асабістага вопыту

У кожнага дарослага жыхара сталіцы цяпер ёсць даволі важкі пачак розных картак. Гэта пластыкавы пропуск на работу, шматразовы праязны білет, банкаўская картка, карткі лаяльнасці гандлёвых сетак і шмат іншага. Дык вось, усё гэта спрацоўвае (амаль заўсёды) без жывога дотыку да другога прадмета кантакту. У метро, напрыклад, дастаткова паднесці картку да валідатара на адлегласць адзін—пяць сантыметраў. Або, на ўсякі выпадак, мець у кішэні спецыяльную сурвэтку...

Спецыялісты ў галіне гігіены адзначаюць, што любыя прадметы або субстанцыі, пры ўзаемадзеянні з якімі ўзнікае рызыка заражэння, адносяцца да класа фамітаў (фаміты — прадметы або субстанцыі, што ўтрымліваюць патагенныя мікраарганізмы, пры судакрананні з якімі ўзнікае рызыка заражэння). Грошы — іх яркі прадстаўнік. Да фамітаў таксама адносяць прадметы ў месцах агульнага карыстання, грамадскім транспарце, медустановах, месцах з вялікай колькасцю людзей. Напрыклад, фамітамі з'яўляюцца поручань у метро і ручка ўваходных дзвярэй у паліклініцы.

Што «жыве» на купюрах або пластыкавых картках?

Часцей на каштоўных паперах і іншых сродках аплаты можна сустрэць мікрафлору, ідэнтычную той, што жыве на нашых руках або ў поласці рота. Рукамі мы дакранаемся да грошай. А вось з рота мікрачасцінкі сліны пры размове, кашлі альбо чханні трапляюць або адразу на грошы, або на рукі, а потым на ўсё, да чаго мы дакранаемся. Такі кругаварот вірусаў у прыродзе.

Трохі радзей на папяровых, металічных і пластыкавых сродках аплаты можна сустрэць неўласцівых ім «жыхароў» (напрыклад, мікробы хатніх жывёл) і рэшткі усялякіх рэчываў.

Даследчыкі кажуць, што на грашовых знаках жывуць разнастайныя вірусы, бактэрыі (каля 500 відаў: стафілакокі, сальманелы і многія іншыя), плесневыя грыбкі, яйкі гельмінтаў. Словам, на грошах адначасова ўжываюцца ўзбуджальнікі розных інфекцыйных хвароб як бактэрыяльнай, так і віруснай прыроды. Усе гэтыя арганізмы з'яўляюцца ўмоўна-патагеннымі, значыць, небяспека заразіцца ёсць заўсёды, але не ва ўсіх. Усё залежыць ад імунітэту чалавека: чым ён ніжэйшы, тым большая імавернасць атрымаць захворванне. Медыцынская статыстыка ведае не адзін выпадак заражэння людзей праз грошы. Небяспечней за ўсё, не памыўшы рук, пасля судакранання з купюрамі або манетамі паесці або пацерці твар.

Як доўга мікраарганізмы жывуць на грошах?

Грошы — проста заапарк для інфекцыі. Напрыклад, вірус грыпу, паводле даследаванняў навукоўцаў, жыве на іх да двух тыдняў. Пры гэтым лёгка можна заразіцца грыпам (і іншымі інфекцыйнымі захворваннямі) праз купюры, нават здымаючы іх з банкамата.

А вось бактэрыі могуць існаваць на купюрах яшчэ даўжэй — да двух месяцаў. Папяровыя грошы складаюцца ў асноўным з цэлюлозы, якая з'яўляецца пажыўным асяроддзем для бактэрый. Раней банкнотная папера мела кіслую рэакцыю, а цяпер, з развіццём новых тэхналогій, — нейтральную, што спрыяе большай выжывальнасці бактэрый і грыбоў і развіццю малых мікрасветаў на асобна ўзятых купюрах.

На металічных манетах і пластыкавых картках тэрмін жыццядзейнасці нябачных арганізмаў значна карацейшы. Але навукоўцы ўпэўненыя ў магчымасці адаптацыі мікробаў і да гэтых умоў існавання. А вось наяўнасць у саставе манет высакародных металаў (золата, серабра) зніжае час існавання патагенных арганізмаў на іх паверхні.

Грошы, якія знаходзяцца ў абарачэнні, пастаянна атрымліваюць новыя папаўненні мікробаў — адны «жыхары» саступаюць месца іншым. І кожны з нас робіць унёсак у біяразнастайнасць. Але і гэта яшчэ не ўсё: калі наяўныя грошы цесна судакранаюцца паміж сабой, таксама адбываецца ўзаемаабмен бактэрыямі, грыбамі і вірусамі. І чым большы тэрмін кантакту, тым большы працэнт пераносу.

Самымі чыстымі купюрамі лічаць еўра, таму што яны пакрытыя спецыяльным антыбактэрыяльным растворам. Дарэчы, найбольш бяспечнымі лічацца пластыкавыя банкноты.

Даказана, што найбольш забруджаны папяровыя грошы найменшага наміналу, бо яны праходзяць праз большую колькасць рук. Гэта 1 долар, 50 расійскіх рублёў, 5 і 10 беларускіх рублёў і іншыя.

Каранавірус на грашах таксама жыве?

Так. Ужо амаль дакладна вядома, што гэты вірус жыве на розных паверхнях. У паветры ён жыццяздольны да 3 гадзін, на медзі — да 4 гадзін, на кардоне — да 24 гадзін, на сталі — да 3 сутак, на банкаўскіх картках — да 9 сутак, а на папяровых грашах — да 14 сутак.

Медыкі даўно ўжо распрацавалі меры прафілактыкі заражэння інфекцыямі праз грашовыя сродкі. Яны раяць пасля кожнага кантакту з грашыма і іншымі «фінансавымі» фамітамі (банкаўскімі карткамі, банкаматамі і інфакіёскамі) старанна мыць рукі. Калі няма магчымасці памыць рукі цёплай вадой з мылам, варта праціраць іх сурвэткамі са спіртазмяшчальным антысептычным сродкам.

Якія яшчэ меры можна зрабіць? Захоўвайце грашовыя сродкі ў кашальках або партманетах, але не ў кішэнях. Таксама недапушчальнае іх судакрананне з прадуктамі харчавання.

Калі без наяўных не абысціся, не спрабуйце абеззаразіць іх у мікрахвалёўцы — грошы проста згараць. Паспрабуйце стары бабулін спосаб — прагладзіць купюры гарачым (але не вельмі) прасам. Ёсць звесткі, што пры тэмпературах звыш 70 градусаў вірус гіне досыць хутка.

Банкаўскія карткі пасля іх выкарыстання можна акуратна (без фанатызму) апрацаваць антысептыкам. Не змяшчайце ў раствор усю карту і не мачыце ім чып і магнітную палоску — картка можа сапсавацца.

А найбольш бяспечна выкарыстоўваць альтэрнатыўныя і бескантактавыя метады аплаты тавараў і паслуг: Samsung Pay, Apple Pay, Garmіn Pay; бескантактавыя банкаўскія карткі; інтэрнэт-плацяжы; электронныя грошы.

Сяргей КУРКАЧ

Загаловак у газеце: Не самы чысты тавар...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».