Iнiцыятарамi стварэння алеi пад назвай «Сувязь пакаленняў» сталi ўдзельнiкi аматарскага калектыву «Галiнка бэзу» аграгарадка Семукачы Магiлёўскага раёна. У памочнiкi яны запрасiлi вучняў мясцовага дзiцячага садка-школы.
— Iдэя стварыць такую алею мне адразу ж спадабалася, — падзялiлася думкамi старшыня Семукацкага сельскага Савета дэпутатаў Тамара Укружская. — Гэта вельмi добрая нагода для таго, каб моладзь нешта карыснае пераняла з жыцця старэйшых пакаленняў. У нашым ансамблi, дарэчы, спяваюць адны пенсiянеры, лiчы, бабулi нашых школьнiкаў. Але i тыя, i другiя зацiкаўлены, каб наша малая радзiма стала больш прыгожай i ўтульнай.
Дарэчы, рукамi прадстаўнiкоў двух пакаленняў было пасаджана каля двухсот саджанцаў сасны. Дрэўцы на спонсарскiх пачатках выдзелiў энтузiястам Магiлёўскi лясгас. Старшакласнiкi капалi ямкi для саджанцаў i замацоўвалi iх разам з удзельнiцамi ансамбля. Усе атрымалi шмат станоўчых эмоцый ад гэтай высакароднай справы.
Алея «Сувязь пакаленняў» з'явiлася ў самым цэнтры пасёлка, там, дзе цяпер ствараецца мемарыял, прысвечаны ўдзельнiкам войнаў ХХ стагоддзя i ўсiм тым, хто з iх не вярнуўся. Работы вядуцца i сёння, у iх актыўна ўдзельнiчае насельнiцтва. Людзi прыходзяць не толькi папрацаваць, але i дапамагаюць фiнансамi. У iх з'яўляецца натхненне на новыя справы, а галоўнае — гонар за сваю малую радзiму.
Нэлi ЗIГУЛЯ
Фота Тамары УКРУЖСКАЙ
У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.
Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.