Вы тут

Кацярына Антонава стала вядучай праграмы «Добрай ранiцы, Беларусь!»


У камандзе папулярнай ранiшняй праграмы «Добрай ранiцы, Беларусь!» папаўненне. Цяпер разам з гледачамi новы дзень па буднях сустракае вядучая i мадэль Кацярына Антонава, вядомая маладзёжнай аўдыторыi па рэалiцi-шоу «Унiвер-шэф» i па праекце «ПIН_КОД» на «Беларусь 2».


Кацярына на тэлебачаннi працуе ўжо не першы год. Свой пропуск у свет сафiтаў i тэлекамер яна здабыла ў 2016 годзе, калi прыйшла на агульны кастынг. У адным з iнтэрв'ю, згадваючы той перыяд, вядучая адзначыла, што вельмi хвалявалася, але з часам настолькi асвоiлася, што цяпер можа падтрымаць размову ў любую хвiлiну.

— Стаць вядучай «Добрай ранiцы, Беларусь!» — гэта мая здзейсненая мара, — прызнаецца Кацярына Антонава. — Першы дзень работы на праграме быў хвалюючым, хоць гэта i не першы мой прамы эфiр. Проста тут iншая аўдыторыя, iншы падыход, i таму я перажывала. Аднак мяне падтрымалi калегi, i ў пары з Яўгенам Перлiным я адчувала сябе ўпэўнена. Акрамя таго, на этапе падрыхтоўкi да эфiру я на працягу некалькiх дзён з-за кулiс назiрала за работай Святланы Бароўскай, што таксама стала для мяне магутным матыватарам. Шмат слоў падтрымкi я пачула i ад тых, хто знаходзiўся побач перад маiм баявым хрышчэннем, — прызнаецца Кацярына Антонава. — Пасля праграмы доўга не было нiякiх эмоцый, мабыць, яны ўсе засталiся ў кадры. Толькi праз суткi прыйшло ўсведамленне, што гэта адбылося! I я злавiла сябе на думцы, што з нецярпеннем чакаю новага эфiру i чарговай магчымасцi сказаць тэлегледачам: «Добрай ранiцы, Беларусь!»

Прыход новай вядучай на адзiн з самых рэйтынгавых праектаў беларускага тэлебачання супаў з яшчэ адной важнай падзеяй у камандзе праграмы. «Добрай ранiцы, Беларусь!» часова пакiнула ўжо вядомая i любiмая гледачамi Надзея Цiмафеева, якая ў хуткiм часе рыхтуецца стаць мамай. Дарэчы, Кацярына Антонава таксама адносна нядаўна нарадзiла дзiця, але затрымалася ў дэкрэтным адпачынку нядоўга, таму што паклiкала любiмая работа i вядучая не стала адмаўляцца ад прапановы.

Апытанне для Кацярыны Антонавай:

1. Калi мары здзяйсняюцца, каму вы дзякуеце перш за ўсё? — Сусвету, сабе i тым людзям, якiя былi побач, бо хтосьцi падтрымлiвае i ўсяляе ўпэўненасць, нехта вучыць i падбадзёрвае.

2. Што з мадэльнага вопыту дапамагае вашай рабоце ў кадры? — Перш за ўсё ўсведамленне, што гэта праца, а не забава, нават месцамi складаная i знясiльваючая. Некаторыя здымкi iдуць доўга, i можа быць нязручна на абцасах цi ў нейкiм вобразе. У кадры я працую, а не iмкнуся дэманстраваць сябе, таму хочацца выкласцiся на ўсе сто адсоткаў. Так было i ў мадэльным жыццi, i нiчога да сённяшняга дня не змянiлася. Ну i, безумоўна, у плюс мне, што я ведаю свае ўдалыя ракурсы — як прыгожа выглядаць у кадры.

3. Цi складана быць «дзяўчынай з вокладкi», усведамляючы, што людзi ацэньваюць, як вы паводзiце сябе, як выглядаеце? — Я прыслухоўваюся да разумных меркаванняў з боку iншых людзей, часам нават аналiзую тыя моманты, з якiмi не згодная. Што датычыцца майго спосабу жыцця, то я нi ў чым сябе не абмяжоўваю, але разам з тым прытрымлiваюся, напрыклад, правiльнага харчавання i займаюся спортам. Лiчу, што галоўнае — жыць у гармонii са сваiм арганiзмам i прыслухоўвацца да сябе.

4. Якiя тры рэчы здольныя ўратаваць i зрабiць ваш дзень? — Смачны сняданак, выхад на свежае паветра i некалькi хвiлiн сам-насам з сабой.

5. Уявiце, што маеце магчымасць сёння змянiць прыгажосцю свет да лепшага. Як будзеце дзейнiчаць? — Ёсць шмат праблем, якiмi нiхто не займаецца, бо на iх не звярталi ўвагi, i наадварот. Часам варта нейкаму блогеру апублiкаваць пост у падтрымку нейкай маленькай iнiцыятывы — i нечакана гэтая агалоска дае вырашэнне праблемы. Нядаўна я, напрыклад, чытала пра збор на заробак адной толькi сацыяльнай нянькi ў нашай краiне. А пасля апублiкавання паста сабралi сродкi на цэлы год работы сямi такiх нянек... Мабыць, пры дапамозе прыгажосцi i, хутчэй за ўсё, папулярнасцi можна звярнуць увагу на многiя пытаннi, пра якiя людзi нават не ведаюць. Я веру ў людзей, у iх дабрыню i гатоўнасць дзялiцца нечым з iншымi. Але галоўнае — каб быў той, хто iм раскажа пра гэта.

Алена ДРАПКО

Фота з архiва тэлевядучай

Загаловак у газеце: Ранiца ў кампанii новай вядучай

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Андрэй Худык: Неабходная мабілізацыя ўсіх узроўняў улады, грамадства і бізнесу для сумесных дзеянняў па ахове прыроды

Андрэй Худык: Неабходная мабілізацыя ўсіх узроўняў улады, грамадства і бізнесу для сумесных дзеянняў па ахове прыроды

Ад таго, наколькі беражліва людзі ставяцца да прыроды, залежыць якасць іх жыцця, здароўе і нават дабрабыт. 

Грамадства

У зоне павышанай небяспекі. Як працуе выбуховатэхнічны цэнтр унутраных войскаў МУС

У зоне павышанай небяспекі. Як працуе выбуховатэхнічны цэнтр унутраных войскаў МУС

Пра асаблівасці работы мы пагутарылі з намеснікам начальніка ўстановы Максімам Кулем.

Грамадства

Стаўленне «выкарыстаў — выкiнуў» трэба мяняць на «адсарцiраваў — перапрацаваў»

Стаўленне «выкарыстаў — выкiнуў» трэба мяняць на «адсарцiраваў — перапрацаваў»

Пахаванне адходаў — самы просты i танны спосаб пазбавiцца ад iх, аднак ён шкодзiць наваколлю i здароўю чалавека.

Грамадства

Новы кантэнт для лета. Чым заняць дзяцей на 92 днi

Новы кантэнт для лета. Чым заняць дзяцей на 92 днi

У перыяд летніх канікулаў для школьнiкаў i студэнтаў падрыхтаваны розныя цiкавыя мерапрыемствы, у тым лiку шмат з iх — анлайн.