Вы тут

Класiкi i аптымiсты. Пра цытаты на ўсе выпадкi жыцця


У панядзелак аднекуль з захаду нацягнула цёмных бухматых хмар, узняўся вецер, ледзь не кладучы на зямлю яшчэ голыя бярозы пад вокнамi. У пакоi раптам сцямнела. Карцiна была амаль iнфернальная i настрою, якi i без таго трывожна-насцярожаны, зусiм не дабаўляла. «Навальнiцу сёння сiноптыкi абяцалi», — сказаў нехта, i ўсе, хто былi ў тым пакоi, пачалi разважаць, што сёлета нешта нялюдскае робiцца: i зiмы нармальнай не было, i каранавiрус гэты пракляты, i навальнiца вось на голы лес сабралася. Дзе яно было такое раней — каб у сярэдзiне красавiка? А хтосьцi больш «практыка-арыентаваны» заўважыў: «Дык дзякуй богу, што будзе. Паглядзiце, як зямлi дождж патрэбен!» I раптам прыгадалася вывучанае яшчэ ў школе, класе мо ў пятым (помнiцца не столькi сам верш, колькi як яго вучыла — седзячы на плоце пад бялюткiмi вiшнямi): «Небу цёмна-сiняму i ветру // Скардзiлiся чорныя палi: // «Сонцам мы вясновым абагрэты, // А дажджу даўно ўжо не пiлi!» // I тады прыйшлi паважна хмары — // Айсбергi падсонечных вышынь. // Гром у бубны гулкiя ударыў, // Цiшыню густую пакрышыў»... Прачытала гэта ўголас, узнёсла-ўрачыста. «Як прыгожа! Хто гэта?». «Панчанка. А верш называецца «Красавiцкая навальнiца». Так што ўсё нармальна, i ў красавiку такое бывае». У пакоi, здавалася, пасвятлела. Прынамсi, нiхто ўжо не разважаў на тэму «Што гэта робiцца»...


Фота: mir24.tv

Увогуле, за апошнiя тыднi я прыйшла да высновы, што менавiта добрая лiтаратура можа пазбавiць ад змрочных думак i прывесцi ў стан душэўнай гармонii, у якiм так добра, што ўрэшце стараешся захаваць яго як мага даўжэй i пакрысе становiшся гэткiм сам сабе фiлосафам, якога можна назваць i аптымiстам. Бо ў кожнай з'яве жыцця шукаеш i знаходзiш сэнс i нават пазiтыў. Напрыклад, я ўжо колькi раз збiралася перачытаць Караткевiчавы «Каласы...», ды ўсё не даходзiлi рукi. А тут Лiтаратурны музей чытанне анлайн зладзiў. Спачатку да падобнага экперымента я паставiлася скептычна, бо да гэтага паглядзела анлайн з Луўра i гэткую ж вiртуальную трансляцыю з Ла-Скала. Зусiм не ўразiла, нiчым не адрознiваецца ад балета па тэлевiзары. А тут уключыла — i сама не заўважыла, як «завiсла». Асаблiва калi пачаў чытаць Сяргей Жбанкоў, акцёр тэатра iмя Горкага. Было не толькi прыемна слухаць яго аксамiтны голас — на яго самога было цiкава паглядзець. Ён настолькi паглыбiўся ў прачытанае, што i сам уяўляе (i ты разам з iм, нiбы чытаеш сам) i рунь абапал дарогi, па якой везлi дадому з дзядзькавання малога Алеся Загорскага, i горка-камiчныя сцэны яго знаёмства з бацькамi, i беласнежнага каня Ургу, i шчанюка Алму, якiх у першы ж дзень падарылi маладому князю. А яшчэ так на душу ляглi, такiмi своечасовымi падалiся словы Юрыя Загорскага, на якiя раней, чытаючы, не звяртаў увагi: «Не тое перажывалi. Васямсот год за плячыма. I вера ў будучае. Я не баюся нi чумы, нi вайны... Хвала богу, усяго было. Горшага не будзе...»

Бадай, нешта падобнае жыццесцвярджальнае можна знайсцi цi не ў кожным творы прынамсi класiчнай лiтаратуры. Я, напрыклад, зараз узялася чытаць Маркесава «Каханне падчас халеры». Уся кнiга, хоць, мякка кажучы, не вельмi вясёлая, ды надзвычай аптымiстычная. Там нават няшчаснае каханне пахне горкiм мiндалем. Асаблiва мне падабаецца фiнал, калi немаладыя закаханыя, апынуўшыся на караблi пад жоўтым сцягам, якi сведчыў, што на судне эпiдэмiя (якой, калi памятаеце, там не было), не могуць сысцi на бераг. Капiтан карабля, якi «спужаўся запозненай здагадкi, што, напэўна, жыццё яшчэ больш, чым смерць, не ведае межаў», пытаецца ў галоўнага героя: «I цi доўга, па-вашаму, мы будзем совацца па рацэ туды-сюды?». I той яму коратка адказвае: «Усё жыццё»...

А яшчэ на Страсным тыднi заўсёды дастаю з палiцы самую галоўную для многiх Кнiгу. Разгортваю наўгад, чытаю. Асаблiва люблю аднаго з класiкаў, у ёй сабраных, — цара Эклезiяста. Як вам на сёння ягонае: «Час абдымаць i час унiкаць абдымкаў»? А вось гэта ўвогуле на ўсе часы: «Што было, тое i будзе, што дзеелася, тое i будзе дзеяцца, i няма нiчога новага пад сонцам...»

Фатальна? А як па-мойму, дык найлепшае сведчанне таго, што будзе цяпло, будзе лета, што ўсё ў нас i ў iншых людзей абавязкова ў рэшце рэшт будзе добра.

Алена ЛЯЎКОВIЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».