Вы тут

Пісьменнік Андрэй Федарэнка: Тэрмін «поспех» можна зразумець і растлумачыць толькі духоўна


Што цяпер трэба зрабіць, дык гэта «праглынуць» новую кнігу аднаго з найлепшых беларускіх пісьменнікаў Андрэя Федарэнкі «Жэтон на метро». Прынамсі тым, хто яшчэ не праглынуў: кніга выйшла ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» ў сакавіку і сёння даступная ў крамах. Гэта вытанчаная дэтэктыўная гісторыя, галоўным героем якой становіцца паэт і літаратурны супрацоўнік рэдакцыі Віктар Рак. Калі вы знаёмыя з творчасцю спадара Андрэя — а ён з'яўляецца аўтарам кніг «Нічые», «Мяжа», «Сечка», «Вёска», «Сузіральнік», альбо можна згадаць «Шчарбаты талер» і «Афганскую шкатулку» для дзіцячай аўдыторыі, — вы адразу пазнаеце яго ў нашым інтэрв'ю — у яго стрыманых, але змястоўных адказах. Лаканічнымі выразамі гаворка пайшла пра COVІD-19, беларускую мову, кніжныя наклады, Нобелеўскую прэмію і поспех беларускай нацыі.


— Спадар Андрэй, увесь свет зараз мусіць прымаць новую рэальнасць пры пандэміі каранавіруса. Як праз распаўсюджанне COVІD-19 змянілася ваша ўласнае жыццё і як, на ваш погляд, яно паўплывае на сферу літаратуры?

— Маё жыццё змянілася толькі тым, што ў людных месцах я пачаў насіць маску. А агульнае жыццё ідзе, як ішло адвеку. На прыгрэве каля дома бела-ружовымі кветкамі расцвіў вялікі абрыкос; у лесапарку тонка — аддалёк чуваць — пахнуць фіялкі; прыляцеў знаёмы шпак, які, каб прывабіць самку, стараецца шчоўкаць пад салаўя. А як каранавірус паўплывае на літаратуру ў цэлым? Хутчэй за ўсё, адбудзецца тое, што і пасля Чарнобыля: напачатку выплюхнецца неверагодная колькасць кан'юнктуры з адпаведнымі назвамі, а потым прыесца, састарэе і стане нямодным.

— Тэма COVІD-19 вам здаецца вартай мастацкай літаратуры? Вы б уплялі каранавірус у свой новы твор, няхай тэарэтычна?

— Нават не тэарэтычна. Прыкладна паўгода назад я пісаў фінал, дзе герой пасля замежнай паездкі пачаў кашляць, чэзнуць і вельмі хутка памёр, але гэта падалося мне такім штучным, ненатуральным, што давялося адкінуць экзатычную хваробу і шукаць іншыя, больш «рэальныя» прычыны прыбраць беднага персанажа.

— Многія, хто застаў Чарнобыль, распад СССР, галечу 90-х, пустыя паліцы ў крамах, талоны і гэтак далей, тым не менш кажуць, што за ўсё жыццё не бачылі нічога падобнага да таго, што адбываецца сёння. Якімі вам бачацца маштаб і сутнасць сённяшніх падзей?

— Чалавецтва ў такіх выпадках дзеліцца на дзве часткі: адна перабольшвае значэнне падзеі, другая пераменшвае, а праўда, як заўсёды, пасярэдзіне. Я адношу сябе да ўмераных аптымістаў. Мы жывём ва ўмовах «кароны» ўжо амаль чатыры месяцы — і жывём. У Кітаі гэтая пошасць зарадзілася, у Кітаі з ёю справіліся — не бачу прычын, чаму па такім самым сцэнарыі не можа адбыцца ва ўсім іншым свеце.

— У сакавіку выйшла ваша новая кніга «Жэтон на метро». У выніку дэтэктыўнай гісторыі паэт Віктар Рак, а паралельных персанажаў тут даволі шмат, аказваецца, скажам так, пераможцам. Ці можна лічыць гэта такім свядомым ці падсвядомым жаданнем «узнесці» творчага чалавека над іншымі?

— Нехта з вялікіх сказаў, што толькі паэта можна назваць чалавекам у сапраўдным сэнсе слова. Анатоль Сыс любіў паўтараць: беларусы — нацыя паэтаў. Ён, канешне, не меў на ўвазе, што кожны піша ў рыфму, а казаў пра тое, што нам надзвычай уласціва адчуванне гармоніі і прыгажосці. Я ў жыцці і ў творах часта чапляюся да выразу «дабіцца поспеху». Што гэта такое? Стаць багатым? Не. Усе ведаюць, але ніхто не можа адказаць. Мне ж здаецца, што тэрмін «поспех» можна зразумець і растлумачыць толькі духоўна, ён якраз са сферы паэзіі, а не з нашага наскрозь матэрыялізаванага рэалістычнага быцця. У інтэрнэце была гісторыя пра нейкага мільярдэра, які пацярпеў фінансавы крах, перасяліўся з сям'ёю ў глушэчу, без капейкі грошай, і нечакана адчуў незямное шчасце, заявіўшы: вось цяпер да мяне дайшло, што такое сапраўдны поспех.

— Такім чынам, беларусы — нацыя паспяховых людзей?

— Абсалютна. Нам апрыёры гарантаваны поспех, хоць бы таму, што мы нарадзіліся ў самым лепшым кутку зямлі.

— Традыцыйныя персанажы, як дэтэктыў, «журналіст», «ракавая жанчына», у вашай кнізе праламляюцца праз беларускае асяроддзе і паўстаюць у новай, нешаблоннай, якасці. Як беларускі кантэкст уплывае на тое, якімі вы выпісваеце сваіх герояў?

— У нас — я і сам не ведаю чаму — практычна ўся літаратура лепіцца і хапаецца за нешта часовае: заняпад роднай мовы, матэрыяльныя цяжкасці, кепскае начальства і іншае. Я ж ствараю ці, прынамсі, стараюся ствараць сітуацыі, дзе гэтае часовае нібыта ўжо вырашана. Давайце ўявім — у нас ідэальная краіна, бездакорнае кіраўніцтва, усе на сто працэнтаў гавораць па-беларуску. І мы ўбачым, што пры такім раскладзе на свет белы вылезуць іншыя праблемы, і вось з імі куды цікавей разбірацца, чым з часовымі, якія рана ці позна, канешне, будуць вырашаны якімсьці чарговым дэкрэтам.

— Думаеце, заняпад беларускай мовы можна выправіць так лёгка?

— Уладзімір Дамашэвіч некалі казаў, што гэты заняпад (заняпад, падкрэслім, штучны) можна выправіць нават не за тыдзень, а ўсяго за адну ноч — як толькі па-беларуску загаворыць начальства, ад ніжэйшага да вышэйшага. Праўда, казалася тое ў застойны перыяд, калі вяршыня мары для многіх была, каб іх дзеці сталі начальнікамі.

— Галоўны герой працуе ў выданні з прозай і паэзіяй аўтараў — вы самі маеце такі досвед у беларускіх часопісах і газеце. Раскажыце пра тую работу: ці шмат было талковых аўтараў і як будавалася асабістая камунікацыя з імі? Можа, былі нейкія цікавыя здарэнні?

— Разумных, пісьменных, таленавітых аўтараў — пераважная большасць. Такіх не столькі правіш, колькі сам вучышся ў іх. Што да цікавых здарэнняў — тут уступае ў сілу рэдактарская і звычайная чалавечая этыка... Хоць — самы распаўсюджаны выпадак, калі, напрыклад, тры чалавекі ў рэдакцыі па чарзе перапісваюць якога-небудзь глухога да слова графамана, так, што ад яго «тэксту» практычна нічога не застаецца, ён бачыць твор надрукаваным і ганарліва надзімаецца: «І што вы тут правілі? Цудоўна напісана».

— Выдадзена ўжо больш за дзесяць вашых кніг, вашыя творы ўключаны ў праграму школ і ВНУ, вас называюць «жывым класікам беларускай літаратуры», пры гэтым наклад «Жэтона» складае тысячу асобнікаў. Ці здаецца вам такая лічба дастатковай?

— На цяперашні час і ў нашых варунках гэта самы аптымальны наклад. Акрамя таго, не трэба забываць, што ў нас ніхто пальцам не варушыць наконт абароны аўтарскіх правоў. Не паспееш напісаць, як усё ўжо вісіць на бог ведама якіх сайтах.

— Але як вы думаеце, чаму беларуская літаратура мае нізкую запатрабаванасць?

— У нас з дзвюх дзяржаўных моў адна знаходзіцца ў непараўнальна горшых, чым другая, штучна створаных умовах. Трэба стварыць роўныя ўмовы, нават не роўныя, а для беларускай у разы лепшыя, ільготныя. Так будзе па-дзяржаўнаму мудра і па–чалавечы справядліва.

— Але паглядзіце: кнігі ў нас пішуцца і на рускай мове, даступнай абсалютнай большасці насельніцтва, але сітуацыю гэта не мяняе. Нават наадварот, беларускамоўныя пісьменнікі каціруюцца больш.

— Тут крыху іншая опера. Беларуская руская мова — гэта не зусім мова Талстога і Чэхава. І мне чамусьці здаецца, што чытачу з «большасці насельніцтва» прасцей выбраць кнігу карэннага рускага пісьменніка ў параўнанні з рускамоўным аўтарам-беларусам. Тым больш такі аграмадны выбар — цэлая Расія пад бокам.

— Калі інструменты кшталту накладу выдадзеных кніг і згадак у медыя не працуюць, чым у нашай літаратуры, на ваш погляд, можна вымераць поспех?

— Адзіны вядомы мне спосаб — дабіцца прызнання дзе-небудзь за мяжой, а потым вярнуца на радзіму. Бо, як пісаў паэт, «сказана было не мной — няма ў зямлі сваёй прарока».

— Вы неяк казалі, што Нобелеўская прэмія не з'яўляецца паказчыкам вартасці твора. Ці змянілася ваша стаўленне да прэміі, калі яе атрымала Святлана Алексіевіч?

— Калі ў пачатку ХХ стагоддзя прыдумалася прэмія Нобеля, літаратура была альфай і амегай грамадскага жыцця. Можна было не ведаць фізікі, матэматыкі і медыцыны, але літаратуру ў той ці іншай ступені ведалі ўсе (а ўжо «разбіраліся» ў ёй дык дакладна). Цяпер яе функцыі настолькі звужаныя, крытэрыі разумення яе настолькі размытыя, настолькі суб'ектыўныя, што ўсё часцей чуюцца аўтарытэтныя галасы, каб у галіне літаратуры гэтую прэмію ўвогуле адмяніць.

— Якраз галоўны герой «Жэтона на метро» ў станаўленні і развіцці нацыі прызнае толькі ролю літаратуры. Гэта і ваша меркаванне таксама?

— У мяне розныя героі гавораць самыя розныя рэчы, адпаведна сваім характарам. Гэта зусім не значыць, што і я так лічу. Віктар Рак — фанатык літаратуры, акрамя яе нічога для яго больш не існуе. Зразумела, што кожны шавец сваё шыла хваліць і вышэй за ўсё ставіць.

— Па вашай кнізе «Шчарбаты талер» на «Беларусьфільме» быў зняты серыял «Тры талеры». Ці спадабалася вам увасабленне вашага ўласнага твора на экране?

— Не спадабалася. Да такой ступені, што нават хочацца калі-небудзь напісаць саркастычны раман пра кінастудыйныя справы. У якім, праўда, кінастудыя будзе не рэальная, а выдуманая, напрыклад, як МАССАЛІТ у Булгакава.

— Якіх беларускіх і замежных аўтараў, у тым ліку сучасных, вы чытаеце?

— Хоць Сенека і вучыў: «Чытай толькі кнігі, правераныя часам» — я чытаю ўсё, што трапляе пад руку і на вочы — сваіх і замежных, класіку і сучаснікаў, старэйшых за сябе і маладзейшых, чытаю да таго, што не заўсёды хапае часу пісаць сваё. Знарок не называю прозвішчаў, каб не навязваць нікому свой густ, бо нічым добрым такое навязванне звычайна не канчаецца.

Гутарыла Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.