Вы тут

Сяргей Календа. Чорны Нашывілімас


 

Тое, што я сёння апынуўся ў шпіталі, мяне зусім не дзівіць. Як кажуць

мае сябры, я — Чалавек-Гузак. Гэта як супергерой, толькі мая надзвычайная якасць — трапляць у бальніцу.

Учора я сапраўды наўмысна, упершыню ў жыцці, сам зрабіў крок насустрач аўтобусу.

Так, раней я ніколі б і не падумаў пра такое — самастойна і пад аўтобус.

Звычайна ўсе падзеі, якія са мной адбываліся, былі непрадказальныя,

балючыя, і я жаліўся на лёс.

З часам я пачаў адчуваць, што тут нешта не тое, падазраваць, што гэта непроста лёс. Але пасля кожнага майго рашучага дзеяння, жыццёвага выбару са мною нешта здаралася — то хвароба, то пералом нагі, то апаноўвала такое расчараванне, што і жыць не хацелася.

Я вырашыў, што я звычайны няздара, у якога за паўкроку да выніку штосьці здараецца. Спачатку знікае імпэт, а ўжо потым я апынаюся ў цяжкім фізічным стане. Стаўлю кропку на сваім памкненні, ламаю захапленне і справу ўсяго жыцця. Раз, і ўсё.

 

Час у мяне ёсць, у мяне багата часу, я прапісаўся ў гэтым лячэбным пакоі на два месяцы дакладна, а мо і на тры. Бо выжыць пасля сутыкнення з аўтобусам — адна рэч, а выкараскацца з таго свету і застацца без страшнага курдупеля, таго гнюснага дарадцы, сумнага, меланхалічнага гобліна на спіне, які ўсё жыццё псуе табе настрой, — зусім іншае.

Рашэнне трапіць пад аўтобус было вартым. Вартым таго, каб я пачаў жыць шчасліва, тут і цяпер стаў адлічваць хвіліны жыцця.

Вы, напэўна, яшчэ нічога не зразумелі, буду больш паслядоўны…

Мой літоўскі сябра сказаў, што я здатны праходзіць праз замкнёныя дзверы, калі мне штосьці сапраўды патрэбна, проста я яшчэ не апынуўся перад такімі дзвярыма.

 

Здаецца, учора я адчыніў іх. Я прайшоў праз гэтыя забітыя доўгімі цвікамі, крыж-накрыж абвешаныя замкамі, дзверы.

Толькі разумееце, мы тут з вамі ўдвух у пакоі, і вы, відаць, зусім не можаце мне адказаць, але нічога, паварушыце ўказальным пальцам, я добра Яго бачу, я зразумею, што мне варта працягваць. Або не варушыце, і я заткнуўся навечна.

Ага, добра, мне прыемна, што вам цікава, я тады працягну…

Вы, пэўна, таксама перажылі дарожна-транспартнае здарэнне, а можа, яшчэ што горшае, трапілі пад абвал на будоўлі… Прынамсі, мне пашчасціла, хаця б гутарыць магу… Вы мне, калі што, можаце пальцам падказваць, паклікаць вам медсястру — можаце сагнуць палец. У вас кнопка выкліку спаўзла, так што ўсе спадзевы на яго. Як заўважу, што вы знерухомелі надоўга, то замоўкну, гэта будзе азначаць, што вы заснулі, я вас стаміў. Мы з вамі прыдумаем асабісты код, сваю азбуку, будзем як найлепшыя сябры, бо нам з вамі тут доўга яшчэ ляжаць, і хто ведае, мо потым умоўную мову распрацуем, як міжнародную… Кнігі на ёй будуць пісаць розныя пабітыя жыццём хворыя. Уявіце: мова жэстаў указальным пальцам!

 

Разумееце, для мяне шпіталь — другі дом. Усё пачалося, калі я хацеў дагнаць адну дзяўчынку, маю аднакласніцу, гарэзу. Першы клас, хочацца бегаць, адчуваць, які ты хуткі ды няўлоўны, у цябе няма межаў, нічога кепскага ў жыцці не існуе, нейкіх смешных дарослых праблем таксама няма… І вось я бягу за ёй, хочацца таргануць за коску, і я амаль дабег, і амаль дацягнуўся, будзе суперсмешна ўсім на спартовай пляцоўцы! Як раптам я не дацягваюся, мне становіцца зусім не цікава даганяць, я спрабую спыніцца, адна нага чапляецца за другую, і я лячу каленямі на асфальт. У выніку на правым каленее тры швы, на левым — чатыры. Я раву, усе чакаюць хуткую, настаўніца панікуе, кроў цячэ прыгожа, няспынна, як таматны сок, зацякае ў боты, я ажно хлюпаць магу.

Здаецца, гэта мой першы яркі досвед, калі я раптоўна страціў інтарэс да справы і праз гэта нашкодзіў сабе і свайму целу.

Потым здарылася траўма на каратэ. Я пачаў хадзіць у гурток самастойна, бацькі мяне не прасілі, ніхто за руку не завёў, я проста аднойчы даведаўся, што ў раёне адкрылі спартовы клуб каратэ. Я ўзрадаваўся і пачаў штодня наведваць татамі, тыя маты, стаяць і сядзець на якіх была адна асалода. Праз год я меў ужо і сваё кімано, і ўсё ішло як мае быць, пакуль аднойчы, седзячы на лаве ды назіраючы за бойкай хлопцаў, якія адпрацоўвалі ўдары нагамі, голас у галаве нечакана прамовіў, што тут усё не цікава, што гэтае каратэ нікому не патрэбнае, бо калі я апынуся сам-насам з дваровымі хлопцамі, ад мяне не будуць чакаць падрыхтоўкі, а проста дадуць у нос, імгненна і знянацку. І як толькі голас у галаве гэта вымавіў, я падняўся, каб ісці ў распранальню, дакладна ведаючы, што сюды не вярнуся, як у мой бок прыляцела палка, якая вырвалася ў кагосьці з рук, і працяла мяне па спіне гэтак моцна, што доктар хуткай нават падазраваў пералом хрыбеткі, пакуль ехалі ў шпіталь.

Я ж кажу — спачатку думаў, я няўклюда. Хлопец, якога Бог не пацалаваў у патыліцу, але добра выцяў па макаўцы.

Потым, калі я развітаўся з баявым мастацтвам, я вырашыў заняцца мастацтвам выяўленчым. Не так шкодна для здароўя. Я памятаю дзень, калі абвясціў бацькам, у захапленні і радасці, размаляваўшы першы альбом выявамі Бэмбі і Дамба са стужак Дыснэя, што гатовы пайсці з наступнага вучэбнага сезона ў мастацкую школу. Бацькі таксама радаваліся. Але ўлетку трэба было здаць іспыт па маляванні, каб узялі ў школу, і за дзень да іспыту я ламаю ўказальны палец на правай руцэ. Вельмі проста яго ламаю, засунуўшы пад дзверы, якія зачыняліся. Вось так, гоп — і я больш не мастак, бо справа гэтая бедная, нікому не цікавая, да ўсяго яшчэ і дзверы скразняком зачыняюцца без папярэджання, а я такі няўклюда, што вочы невядома дзе пакінуў. І добра, што палец паламаўся ў двух месцах, доктар сказаў, што сабраў яго з парэштак костак, якія скура толькі і трымала…

Потым мяне пацягнула займацца футболам.

Ну, як потым…

Мінула тры гады, я стаміўся назіраць за дваровымі пацанамі праз акно і пачаў сам выпаўзаць вонкі са свайго пакоя… І калі ўдавалася назбіраць у двары каманду ў баскетбол, то і ў стрытбол гулялі, не толькі ў футбол, і нават двойчы за лета я паспеў згуляць у валейбол. Я быў на вышыні, я забыўся на няўдачы дзяцінства, мне было хораша сярод спатнелых і стомленых сяброў.

Вядома, падлеткавы ўзрост, як там уседзіш дома, нават без ног і рук хочацца на двор, і ніякія страхі не ўтрымаюць у сумным пакоі, хоць той і перапоўнены кнігамі ды відэагульнямі для «Іксбокс».

Мяне хутка зацягвае, я захапляюся рэчамі ўмомант, магу доўга марудзіць, хадзіць вакол, прыглядацца, але калі сам сабе кажу: «Так», то мяне ўжо не спыніць, не стрымаць, не спужаць, толькі шпіталь ці хвароба мяне ўтаймуюць. Гэтак і са спартовай пляцоўкай я завязаў, калі за дзесяць дзён дзесяцьразоў скокнуў на расцягнутую галёнку.

Урэшце…

Вы ж мяне слухаеце? Ці мне памаўчаць паўгадзіны? Я ўжо не памятаю, як мы з вамі дамовіліся на ўмоўныя знакі, але калі мне працягваць, сагніце ўказальны палец, альбо не — дакладна не тое, паварушыце ім, я згадаў, што сагнуць палец у нас азначае паклікаць сястру.

Добра, не пытанне, згода…

 

Працягну сваю гісторыю з таго, што распавяду вам, як не трапіў вучыцца ў кансерваторыю, паступіўшы праз конкурс маладых дараванняў, бо захварэў на гнойную ангіну. Паўгода ачуньваў, маці нават у царкву пачала хадзіць маліцца, свечкі ставіць, крыжы цалаваць. А я ляжу хворы, ледзь прытомны, і сам сабе думаю, што гэта перабор ужо. Ну паламаць рукі, ногі, пальцы, не ведаю, расцягнуць цягліцы — адна справа, гэта можна спісаць на тое, што я няўклюдны парсюк, а вось каб так жорстка захварэць… Гэта новы этап у маім нязграбным жыцці. Хвароба — штосьці ад усявышніх, альбо ад усяніжніх сіл, дакладна незямнога паходжання.

І я проста на фоне ангіны захворваю на дэпрэсію, кажу сам сабе, што больш мне нічога не цікава, нічога я не хачу і займацца нічым не буду. Вось тут пакладуся і займуся абломаўшчынай, паслаўшы ўсе справы чым далей.

Час паплыў марудна, жыццё падзялілася на два моманты: сон — дэпрэсія. Я пралічыў усе крокі ў пакоі, вывучыў колеры і нюансы неба ў акне, потым навучыўся спаць і не спаць адначасова. Маці са мной працавала, псіхолаг таксама, папа выклікалі, каб ён чадзіў па кутах. А мне чытаць не хацелася,__ і нават рука была цяжкая, каб падняць пульт ад тэлевізара, і дыхаць не хацелася таксама.

І ў маім жыцці з’яўляецца псіхіятр, які адзін раз мяне прыняў, пагутарыў, агледзеў і падсумаваў: тэрмінова змяніць горад на вёску, лецішча, прыроду, на што заўгодна… А я, трэба сказаць, і сам стаміўся ад асфальту і пылу на сваім ложку, і самастойна вырашыў паехаць на лецішча, увосень, калі ўсе сабралі ўраджай, навокал ніводнага суседа. Змяніць гарадскі ложак на саламяны стары матрац у хатцы на свежым паветры.

Счакаў два месяцы, узяў сподняе, кнігу — «Атлас інсектаў» і «Гісторыю Сярэднявечча» і папярэдзіў бацькоў, што пажыву ў нас на лецішчы, сярод прыроды, трэба мне штосьці рабіць з жыццём, але акуратна, каб зноў не трапіць у якую пастку са здароўем.

Мне амаль васямнаццаць, так, магу і сам пажыць, так, я не супраць, што мяне будуць наведваць суседзі з участкаў, і так, добра, я не супраць, каб мне тэлефанавала маці штовечар, і я згодны, што раз на тры дні бацька будзе прывозіць мне ежу. На апошняе я не проста згодны, а ахвотна пагаджуся, каб мне тата прывозіў паесці, а як інакш мне там заставацца?

Вы, вядома, скажаце, што восень, закаткі ёсць, бульба, капуста кіслая, і яблыкі можна есці, але як я, такі прыгожы і сумны, буду лекаваць сваю душу без колы, без любімага печыва на сняданак і без марозіва? Без любімых ласункаў жывейшы і весялейшы я не зраблюся.

На лецішчы я праспаў два дні. А на трэці ўвечары запаліў на градках вогнішча, пагрэўся, папіў гарачай гарбаты, трохі пачытаў знойдзенага Сянкевіча і вярнуўся ў дом, каб уключыць тэлевізар, паглядзець фільм, альбо каб павісець у «Фэйсбуку» і з кім пагутарыць, бо я ўпершыню за шмат месяцаў зноўсабраўся жыць.

Вось нібыта ўчора адбылося, а не пяць гадоў таму. Я так добра і ясна запомніў той вечар на лецішчы.

Уключыў я тэлевізар, сеў у фатэль і бруднай далонню пацёр вока, і вейка трапіла, і гэтак балюча стала, кінуўся да люстэрка, да старога трэльяжу, што ў савецкі час усе куплялі сабе ў залы ды калідоры.

Тру вока, спрабую ўгледзець у цэнтральнае люстэрка, што і дзе там баліць, як раптам у правым люстэрку, якое было павернутае кутом, бачу я, што на маіх плячах сядзіць нейкі чорны чалавечак, і тут як закрычу!

Божа, я крычаў, напэўна, гадзіну, крычаў і біў сябе па спіне, падаў на падлогу, круціўся як вугор… Потым усхапіўся, павярнуў люстэркі трэльяжа з двух бакоў сабе на спіну, і бачу, сядзіць там хтосьці ды нават не варушыцца! Такі чо-о-о-орны чалавечак! Гном! Што ён там робіць?!

Ну ўсё, кажу я сам сабе, давёў свае мазгі да псіхапатыі, час выклікаць санітараў. Што я бацькам скажу? Што я сам сабе скажу?

 

Разумееце, паважаны сусед па палаце, я не хворы. Хоць сказ гэты і прагучаў так, быццам я хворы, але гэта было напраўду, без трызнення, фантазій і злоўжывання!

Я на сваёй спіне выявіў нейкага чалавечка, і гэта быў дакладна не цень, бо цень мой акуратна заставаўся побач, часткова падаючы на сцяну.

Спачатку я вырашыў пайсці ў лазню. Нагрэў яе пасярод ночы да ста градусаў, натапіў так, што ажно вочы пульсавалі і горла гарэла. Папарыўся дзве гадзіны. Думаў, адмыю з сябе ўсё на свеце і змыю гэтага гнома куды далей.

Лазня добрых вынікаў, акрамя таго, што я быў бессаромна чысты, не прынесла. На спіне сядзела чорная пачвара, і ўсё тут.

Потым я некалькі дзён запар у рэчцы сцюдзёнай плаваў, да анямення.

Качаўся па траве на спіне.

Скокаў з дрэў і нават куляўся.

Чорны чалавек працягваў сядзець на маёй спіне.

А што было потым? Бачу з напружанасці вашага пальца, калі можна так сказаць, вам усё-ткі цікава, што здарылася далей?

Я паехаў да сваёй бабкі, бо вырашыў, што бацькам не трэба казаць пра свой праклён, ці як тую істоту на спіне назваць. Вырашыў, што спачатку пагутару з бабкай.

Прыехаў да яе, а яна мне і распавядае: маўляў, такі харошы раней я быў хлопчык, ладны, добры, а як з’ездзіў на Балтыйскае мора з бацькамі, дык па вяртанні адны капрызы, нервовы зрабіўся, выбрыкі, шнары на руках, гузакі на твары, швы на нагах, пайшлі пераломы і хваробы.

Спрабавала мая бабка распавесці бацькам, што, напэўна, Нашывілімас са мной здарыўся, парадніўся чорцік са мной. Чула мая бабка ад сваёй бабкі, што жывуць у свеце такія чорныя курдупелі, гномы, як іх ні назаві, але любяць усе яны адно і тое ж! Як адшукае такі гном утульныя плечы, то і ўзлазіць на іх жыць, каб у вушы гадзіць, сумныя думкі наводзіць, а калі яму карысна, дык падножкі робіць у самы нязручны час, каб збіць з жыццёвага шляху, бо курдупелям слёзы патрэбныя, як вада, яны растуць ад кепскіх думак, нібыта ад булак, становяцца дужымі ад чалавечай нявыкруткі, як быццам у спартовай зале пабылі.

Бабка мая сказала, што раней не бачыла гэтага Нашывілімаса на маёй спіне, але калі ўжо я занурыўся ў дэпрэсію, то цяпер дакладна можна будзе пабачыць. Але толькі я сам на ўласныя вочы здольны яго ўбачыць, а бабка можа толькі адбітак ценю на сцяне падгледзець.

І мы выключылі святло ў хаце, старая запаліла свечку, падняла перада мною, глядзіць на сценку і кажа: «Вялікі цень бачу, адкарміў ты свайго чорціка, бачыш? Нават абрыс кія нейкага або нажа віднеецца ў ягоных руках, няўжо забіць рыхтуецца?!»

І кепска мне стала, холадна на сэрцы, мароз па скуры прабег. Праўда ўсё. Высвятляецца, цэлае жыццё мне замінаў, паганіў мае светлыя памкненні гнюсны курдупель!

Гэта страшна, але адначасова і добра — бо цяпер я ведаю, хто мой вораг і нават як яго завуць!

Я штораніцы прачынаўся і альбо сядаў каля трэльяжа, альбо браў у рукі люстэрка і глядзеў на сваю спіну ў другім, і так сядзеў ды вёў гутарку: «Ну што, курдупель? Як з табой жыць будзем? Чуеш, Нашывілімас паганы! Можа, адпусціш мяне ўрэшце? Я больш не буду сумаваць, і плакаць не буду… Радавацца буду назло табе! Я жыць хачу і даводзіць справы да лагічнага канца. І жыць хачу адзін, самотным насіць сваё цела, свабодную спіну хачу мець пад ясным небам!»

І паступова праз нашыя дыялогі я адчуў, што слабее мой чорт, паменшаў, нават палку сваю ці нож схаваў, толькі вочкамі чырвонымі лыпае, калі я з ім гутару, але сыходзіць не думае.

Мінае час, я зноў адчуваю сілы жыць, перамагаць, рабіцца дарослым, мужным, як заўгодна гэта назавіце…

Я вырашаю падрыхтавацца да паступлення ва ўніверсітэт. Я захацеў паступаць у медычны інстытут. Надумаў стаць хірургам, каб раз і назаўсёды выразаць скальпелем Нашывілімаса.

І я цэлы год рыхтуюся да іспытаў па біялогіі, хіміі, вучу граматыку беларускай мовы, каб здаць тэст… І я скажу вам, што за тыдзень да іспытаў я трапляю ў інфекцыйны шпіталь, мне робяць тэрміновую аперацыю на страўніку. октар потым скажа, што ў маім жываце знайшлі неверагодную колькасць арвякоў.

Як я застаўся жыць, як я ўвогуле насіў такое ў сваім целе і не памёр, невядома.

Але мне ўсё вядома, бо я ўжо бачыў, як танчыць на мне падужэлы чорт, як ё радуецца маёй няўдачы, як ён захапляецца сваімі чарвякамі.

Праляжаўшы ў шпіталі месяц, на дыеце і адмысловых таблетках, якія выклікалі моцную пякотку і ваніты, мяне выпісалі як ёсць. Адпусцілі ў вялікі вет няспраўджаным абітурыентам, які вымушаны цяпер шукаць працу, каб жыць. І не з маім шчасцем, але яшчэ б нейкім чынам не трапіць у войска на два гады, але тут, я думаю, курдупель мне якраз дапаможа з гэтым пытаннем.

Як вы там? Ці яшчэ цікава, ці можа заснулі ўжо?

А, бачу, можна працягваць далей.

Карацей, я з пераменным поспехам пражыў тры гады, мяняючы працу, так і не трапіў у войска, жыў сабе са сваім дэманам на плячах, нават прамаўляў доўгія маналогі, калі адным вечарам, на невялікай вечарынцы з нагоды народзінаў аднаго супрацоўніка, я не сустрэў дзяўчыну. На лесвічным пралёце, Яна адчыняла ўваходныя дзверы.

Дзяўчына была суседкай імянінніка, і так яна мне спадабалася, што я не проста ўтаропіўся ў яе, я знерухомеў, аслупянеў. Я імгненна адчуў, што цяпер ведаю сэнс свайго жыцця. Ведаю, што рабіць далей, і дакладна ведаю, што цяпер буду рызыкаваць дзеля кахання — высокай, святой мэты, дзеля галоўных пачуццяў у свеце. Я адразу сабе сказаў, што гэтая жанчына, суседка майго супрацоўніка, зробіцца маёй жонкай, але спярша я распраўлюся з Нашывілімасам. Назаўжды.

Я пачаў выбудоўваць план смерці курдупеля, перабраў усё на свеце, узважыў усе метады і спыніўся на тым, што найбольш сур’ёзна нашкодзіць чорту — толькі калі ён атрымае наймацнейшы ўдар у маю спіну.

Паведаміў я сваёй бабцы, каб хоць хто з родных ведаў пра мой план, а тая за тыдзень мне ляльку зрабіла. Набіла мне хустку саломай, зрабіла ляльку-абярэг, якая гаспадарыць у доме і лад наводзіць у сям’і, гоніць вонкі нячысцікаў.

Разумееце, як дзіўна я мусіў выглядаць з гэтай лялькай, а яна, скажу вам, не маленькая зусім была.

Вядома, каб скокнуць адкуль спінай уніз не было і думкі, я сам мог загінуць. А каб застацца жывым, я падумаў, што найлепшым выйсцем будзе аўтобус. Ляльку-абярэг дбайна запіхнуў назад у джынсы, каб палова яе прыкрывала мне хвасцец і ныркі з пячонкай…

Ад удару я пралячу некалькі метраў, прызямлюся на рукі і ногі, папярэдне скокнуўшы спінай як мага вышэй у лабавое шкло, каб адляцець, а не трапіць пад колы. І такім чынам паб’ецца Нашывілімас, зваліцца і трапіць пад колы шматтоннага аўтобуса.

І вось я тут, як ёсць, у шпіталі, на ложку, забінтаваны і ў гіпсе. Пасля дарожнага здарэння! Шчаслівы! Ніякіх скрушных думак. Ні каліва расчаравання! Я нарэшце пачуваюся вольна, светла і годна, нягледзячы на ўсе гэтыя пераломы, я жывы і гатовы кахаць, жыць, жаніцца, завесці шчаслівых дзетак. Упершыню з шасці гадоў я вызваліўся ад цяжару, і каштавала мне гэта ўсяго толькі — амаль загінуць на дарозе!

Мой сябра літоўскі кажа, што я змагу прайсці праз замкнёныя дзверы, разумееце? Я сапраўды прайшоў праз гэтыя дзверы, я забіў свайго курдупеля! І я жанюся, вольны, шчаслівы і цяпер абсалютна ўпэўнены ў гэтым, што мне яна патрэбная, ніякага больш дурнога расчаравання, ніякіх недаробленых спраў, ніякіх бальніц. Пасля аўтобуса я зрабіўся лёгкім, удачлівым і самым сапраўдным мужчынам!

Вы мяне чуеце? Што?! Я так разумею, вы просіце пазваць сястру?

Зараз я пазваню. Чакайце. Напэўна, я вас тут забалбатаў, і можа, не толькі вам, але і мне трэба змяніць судны пад дупай.

— Так, як маецеся, удзельнікі ДТЗ?

— Вітаю, сястра, у мяне ўсё добра, я рады быць жывым. Увогуле, добра ўсё! Файна!

— Гэта прыемна чуць, але сябру вашаму не так пашчасціла, ягоны стан

горшы за ваш.

— У сэнсе? Я ж адзін трапіў пад аўтобус!

— Што вы кажаце, адзін? Ёсць сведкі: вы стаялі разам з другім мужчынам, гутарылі, а потым штурхаеце свайго прыяцеля на аўтобус, а ён хапаецца за вас, у выніку вы абодва тут. І пра гэта я ведаю ад следчага, які ранкам прыходзіў і не заспеў вас прытомнымі, распавёў мне ў двух словах пра здарэнне. А цяпер, бачу, не тое што пальцы варушацца — сакочаце няспынна!

— Ды што вы верзяце!? Я пад аўтобус адзін пайшоў, наўмысна, бо кепска мне было, дэпрэсія, расчараванне! Я ж закахаўся! Сястра! Я кахаю! Мне жыць трэба вольным і шчаслівым!

— Распавядзіце тое ў судзе, калі мы вас вылечым, а пацярпелага на ногі паставім, а да таго часу ачуньвайце, набірайцеся сіл.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».