Вы тут

Андрэй Каровін. Свяціць пасля смерці


ПРАДЧУВАННЕ ВОСЕНІ

 

гэта лета ў каменьчыках жніўня

залатое маё залатое

мілы сябар скажы мажліва

нам застацца у леце — мроя?

 

будзе восень пясчаная пляжная

залатая мая залатая

і ў зялёнае мора купажнае

пабяжыць коска жывая

 

шамаціць вінаграднай лістотай

маладое віно маладое

штось напіша мастак употай

быццам грэк развядзе вадою

 

і як выпадзе рыфма жаночая

на упартую рыфму мужчынскую

не згадаюцца: з морам ночыў я

і згадаў самоту эўксінскую

 

і пакуль прабіраецца цемра

у блакіце пагоркі ў блакіце

і паэма новая зеўрае

толькі вы пра яе не кажыце

 

 

КАЛІНІНГРАДАЗНАЎСТВА

 

хочацца вярнуцца ў травеньскі Калінінград

і калінінградзіць калінінградзіць

пісаць бурштынам на бруку

пасланні старажытным эстыям

бестыям і бестыйкам

размаўляць на эстыйскай

прысвячаць вершы маладым дзявулям

і жанчынам сталым прызначаць агледзіны

даўно памудрэлым і разведзеным

хочацца калабродзіць па вуліцах Кёнігсбергу

раскланьвацца з Мартамі

і ліслівіць з Бертамі

сядзець у піўной з томікам Гётэ

і прамаўляць: ды што ты?

і засынаць пад крыкі чаек

намачыўшы ў піве вусы і іншыя часткі цела

на крыкі законнай Марты што будзіць цябе звычайна

адказваць: ты што, здурнела?

 

 

ТАРУСКІЯ СТАРОНКІ: НАЎДАЧУ

 

занясі мяне ў свой данжуанскі спіс

хай я буду сотым дзясятым першым

кіну ўсіх паэтак і ўсіх актрыс

і табе я буду адной няверным

 

не па нашай веры а наудачу

раздаюць жанчын нам ў мяшэчках смеху

а хацеў пажыць на тарускай дачы

паўтараць тваё доўга-доўга рэха

 

называць прыдуманыя імёны

для аблок і ранку ў прымятым ложку

толькі каб такое адбылося з намі

быццам гэты раз назаўжды апошні

 

 

ЗАПАВЕТ ЛАНЦЭЛОТА

 

каханая

я адпісваю табе хвост цмока

якога я перамог

у сумленным няроўным баі

 

памятаеш

адну яго галаву

забраў інстытут гісторыі

другую

інстытут мозгу

трэцюю

змясцілі ў маўзалей

пад шкляны каўпак

 

тушу яго

раздзялілі пароўну

тыдзень святкавалі перамогу

кіпці і косткі

расцягнулі сабакі і дзеці

а крылы

так

крылы

я падарыў на вяселле

нашаму каралю

 

а мне

дастаўся толькі хвост

які я адрубіў

першым жа ўдарам

 

праз тыдзень пасля бою

ён яшчэ дыміўся

а потым стаў як быццам вэнджаны

і зусім не сапсаваўся

дзіўны гэты хвост

 

я пасяліў яго ў садзе

і ў ім звілі гняздо

каралеўскія ласіцы

а з-за чаго я з ім біўся

ужо не памятаю

 

 

* * *

калі асыпаюцца лебедзі

і ажываюць лотасы

 

гладыш твайго цела апускаецца ў ваду

па самую немагчымасць

быць нялюбай

неласкавай неапранутай

потым з вады з’яўляюцца дзеці

з’яўляюцца птушкі

потым усе злятаюць

застаецца

толькі лебядзіны пух

 

 

ЗОРКІ ЛЮБЯЦЬ КУПАЦЦА ЎНАЧЫ

 

зоркі

таксама любяць купацца

ўначы

голымі ў небе

 

глядзяць

на спіне лежачы

ўгору на мора

і на людзей

думаюць

якое бясконцае

мора

якое цікавае жыццё

у людзей

як зырка

яны гараць

 

а самыя яскравыя

хоць і згараюць

працягваюць свяціць

і пасля смерці

 

 

У МАІМ СУСВЕЦЕ

 

у маім сусвеце столькі жыхароў

што я і сам іх далёк не ўсіх ведаю

ды гэта і няважна

 

у маім сусвеце ўсім хопіць месца

кожнаму гультаю і шарлатану

кожнаму аратаму і пекару

кожнаму паэту і трубадуру

кожнай прыгажуні

у маім сусвеце

хопіць месца

 

кожнаму

хто з мірам пагрукае ў браму

майго сусвету

 

зрэшты якая брама

 

у мяне і плота

ніколі не было

 

Пераклад з рускай Юліі АЛЕЙЧАНКІ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.