Вы тут

Мікрасвет, які заўжды з намі


Развагі пра тое, чаму маленькія прычыны могуць выклікаць вялікія наступствы


Мінск, Палац Незалежнасці, 7 красавіка. Нарада ў Прэзідэнта. Без панікі

У страха, кажуць, вочы вялікія. І добра яшчэ, што многія з сённяшніх панікёраў, якія спрабуюць змагацца з каранавірусам бурнымі выкідамі ў наваколле, сацсеткі сваіх першабытных страхаў, ніколі не глядзелі ў мікраскоп… Вірусы ж увесь час мільярдамі жывуць вакол нас, а нават і ўнутры. Толькі мы да пары да часу таго не заўважаем. Пра вірус грыпа ўсе ведаюць, пра ротавірусныя інфекцыі, пра герпес напэўна не толькі чулі — мелі магчымасць пазнаёміцца. І неяк “выйсці з сітуацыі”.

Ён вядомы з 1965‑га

Прыгледзімся да мікраістот, якія сёння раптоўна падводзяць лініі жыццяў тысяч людзей да крытычнай рысы, запусцілі ў свеце глабальныя працэсы: абрушваюцца наймацнейшыя эканомікі свету, буйныя кампаніі, турфірмы, разараюцца тысячы прадпрымальнікаў. Каранавірусы ж вакол нас даўным-даўно круцяцца. Гэта “мікраарганізмы сферычнай формы, якія ўтрымліваюць адналанцужковую малекулу РНК (рыбануклеінавай кіслаты). Яны маюць абалонку з рэдкімі шыпамі ці варсінкамі, якія нагадваюць карону пры зацямненні сонца. Вось адсюль і назва: “каранавірус”. І яшчэ з гісторыі пытання: “Каранавірус чалавека быў упершыню выдзелены ў 1965 годзе ад хворага на вострае рэспіраторнае захворванне. (Рускамоўная абрэвіятура ОРЗ — каму ж не знаёмая? — Аўт.) Розныя віды каранавірусаў шырока распаўсюджаны ў прыродзе, яны выклікаюць разнастайную інфекцыйную паталогію ў жывёл”.

Хто, калі тых вірусаў асабліва баяўся! Помніцца, напрыканцы 70‑х, у пару вучобы ў Ленінградзе некаторыя з маіх знаёмых падпрацоўвалі “паддоследнымі трусікамі” ў Інстытуце грыпа. Падзаражаюць вірусам цябе, у лёгкай форме, потым назіраюць, як ідзе працэс, і лечаць. Дні праз тры пасля “працэдуры” хадзілі на лекцыі. Навукоўцы распрацоўвалі вакцыны, а студэнты “навуцы дапамагалі”. Казалі й мне: ну разік пасапляеш, перахварэеш — і будзеш з імунітэтам.

А гадоў 15 таму быў я на міжнароднай канферэнцыі мікрабіёлагаў, паглыбіўся ў праблему антымікробнай рэзістэнтнасці (АМР), напісаў пра велізарную прыхаваную пагрозу чалавецтву (“Война микромиров”. — СБ., 13.12.2005 https://www.sb.by/artіcles/voyna-mіkromіrov.html). Гаворка там пра мікробы (бактэрыі).

Спецыялісты кажуць: самы буйны вірус — меншы за самы мініяцюрны мікроб. Больш за тое: вірус здольны пасяліцца ў мікробе (ну як блошка ў шэрсці маленькай сабачкі…), а зваротнага не бывае. Аднак ёсць і ў вірусаў здольнасць: перараджацца, прыстасоўвацца для выжывання ў крытычных умовах. Цытата з таго тэкста: “Больш за 60 гадоў чалавецтва адбівала атакі нябачных калоній бактэрый пры дапамозе антымікробных прэпаратаў, у тым ліку антыбіётыкаў. У навуковых лабараторыях ствараліся, выгадоўваліся ўсё новыя іх віды й пакаленні. Але патагенныя мікраарганізмы, як аказалася, зусім не збіраліся здавацца і адступаць. Яны перараджаліся”.

Зусім нядаўна ўспрымалася намі тая вайна мікрасветаў проста як “бура ў стакане вады”, а сёння ідзе ўжо рэальная вайна чалавецтва супраць аднаго з тых мікрасветаў: Covіd‑19. Мікрабіёлагаў хто ж тады чуў? І мне калегі некаторыя, глянуўшы тэкст па версе, высакамерна раілі “пісаць пра нешта больш канкрэтнае і сацыяльна важнае”. Цяпер куды больш людзей, у тым ліку й журналістаў, пераканаліся, наколькі гэта важна: усведамляць, што маленькія прычыны могуць выклікаць вялікія наступствы.

Аса ў салоне

Смалявіцкі раён. 3 красавіка. Аляксандр Лукашэнка наведвае сельгаспрадпрыемства “Серволюкс”.

Ды, на жаль, сёння ў змаганні з каранавіруснай інфекцыяй не ўсе разумеюць тактыку, якую абрала Беларусь. Нам жа вельмі важна не толькі перамагчы каранавірус, але й пры тым зберагчы эканоміку. Аднак як унутры краіны, так і звонку — шквал крытыкі: не прымаеце належныя меры! Уводзьце каранцін! Пра тое эмацыйна гаварыў Аляксандр Лукашэнка 7 красавіка на маштабнай нарадзе, прысвечанай гатоўнасці сістэмы аховы здароўя супрацьстаяць пашырэнню віруса Covіd‑19. Тады ж Прэзідэнт яшчэ раз падкрэсліў сваю цвёрдую пазіцыю: прымаць жорсткія меры, накшалт каранціну, трэба ў тым выпадку, калі яны наспелі. Заўважым, такі пункт гледжання падзяляюць многія спецыялісты і ў Беларусі, і ў іншых краінах, эксперты з Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, што працавалі ў нашай краіне. Спецыяльна падаем і здымак з нарады як сведчанне: ані панікі, ні масак у Палацы Незалежнасці. Прыехалі на нараду 30 чалавек — ад галоўных дактароў паліклінік да кіраўніцтва Урада, Парламента. Вялікі спектр пытанняў абмяркоўвалі.

Пра ход нарады, яе вынікі расказала потым прэс-сакратар Прэзідэнта Наталля Эйсмант. Нагадала: 3 красавіка Кіраўнік дзяржавы пабываў на паспяховым сельгаспрадпрыемстве ў Смалявіцкім раёне, якое не жадае спыняць дзейнасць і, выконваючы ўсе меры засцярогі, працуе на ўнутраны рынак, а таксама корміць суседзяў і далёкіх партнёраў. “Там Кіраўніку дзяржавы было зададзена пытанне, на якое пакуль ніхто (маю на ўвазе апанентаў) чамусьці не адказаў: калі ўсе будуць сядзець дома, то хто ж будзе даіць кароў? Сёння прагучала яшчэ адно пытанне на гэтую тэму: што ў цэлым рабіць з працаўнікамі сельскай гаспадаркі? Можа, нехта прапануе спыніць пасяўную? Дзейнічаць трэба так, як дыктуе сітуацыя. І рабіць усё, каб зберагчы людзей. Па такім прынцыпе сёння будуецца й надалей будзе выбудоўвацца праца ў Беларусі”, — падкрэсліла прэс-сакратар Прэзідэнта.

…Уявім сабе: мы едзем летам на аўто па трасе на вялікай хуткасці. З дзецьмі на заднім сядзенні. А праз бакавое акенца ветрам заносіць у салон асу. Ёй няма да вас справы, у яе сваё жыццё! Але ж дзеці першымі пачынаюць панікаваць, за імі — чуллівая мамачка. І, не збаўляючы ходу, яна, паддаўшыся эмоцыям, забывае, што сядзіць за рулём. Пачынае махаць па лабавым шкле тым, што папала пад руку, каб абараніць сваіх дзетак ад беднай асы.

Вы сапраўды хочаце аказацца ў такім аўто?

Здароўя — і разважлівасці вам і вашым блізкім!

Іван Ждановіч

Фота БЕЛТА 

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.