Вы тут

Па адзенні сустракаюць...


Выстава “Узоры і сімвалы: спадчына беларускага арнаменту” дэманструецца ў далёкай арабскай краіне Султанаце Аман


Звычна ўжо для нас, што далучаюцца да беларускага народнага мастацтва наведнікі вядомых музеяў у заходнееўрапейскіх краінах. А вось культурны рух беларускі на Усход — пакуль што, відаць, рэдкасць. Таму цікавай падаецца нам такая навіна, што прыйшла з Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі. З 5 сакавіка па 30 чэрвеня 2020 года ў плыні Дзён культуры Беларусі ў Амане ў Нацыянальным музеі Султаната Аман (Маскат) экспануецца выстава “Узоры й сімвалы: спадчына беларускага арнаменту”. Выстава складзена з рэчаў, якія зберагаюцца ў зборах нашага Гістарычнага музея.

“Робячы выставу, мы ставілі на мэце: адлюстраваць асаблівасці культуры беларусаў, нашу яркую нацыянальную самабытнасць і багатыя традыцыі, — гаворыць дырэктар Гістарычнага музея Павел Сапоцька. — Сярод помнікаў культурнай спадчыны, якія зберагаюцца ў зборах нашага музея, асаблівае месца займае калекцыя традыцыйнага беларускага касцюма. Вось яе мы й зрабілі дамінантай выставы. Бо, як вядома, па адзенні ж сустракаюць. Дапытлівым, уважлівым, разважлівым людзям вельмі шмат раскажа традыцыйны беларускі строй — трэба толькі ўгледзецца няспешна ў ягоныя дэталі. Калекцыя наша мае вялікую мастацкую і навуковую каштоўнасць. Можна толькі захапляцца разнастайнасцю тэхнік ткацтва, вышыўкі, карункапляцення. Асаблівасці дэкору, арнаментаў, спосабаў нашэння адзення — усё гэта вялікая экзотыка на арабскім Усходзе”.

Менавіта касцюмы беларускіх сялян сёння асэнсоўваюцца спецыялістамі, мастацтвазнаўцамі як традыцыйны, класічны ўзор народнага мастацтва. Калекцыя музея прадастаўляе разнастайныя камплекты адзення шасці гістарычна-этнаграфічных рэгіёнаў Беларусі: Усходняе й Заходняе Палессе, Падзвінне, Падняпроўе, Панямонне, Цэнтральны рэгіён. У розных строяў — розны каларыт, крой, арнаментыка. Тыя, хто зладзіў выставу, асобна прадставілі разнастайнасць традыцыйнага беларускага ткацтва. На выставе, у прыватнасці, ёсць мужчынскі і жаночы строі, святочна-абрадавыя ўборы, галаўныя ўборы (наміткі, хусткі), абутак (боты, чаравікі, лапці), тканыя й вязаныя паясы, упрыгажэнні (каралі, вянкі, стужкі), тканіны для вырабу адзення, утылітарна-дэкаратыўныя тканіны (для інтэр’ера): ручнікі, ручнікі-набожнікі, абрусы, пакрывалы. Паехалі з Мінска ў Аман і такія помнікі народнай культуры, як прадметы традыцыйна-побытавай этнаграфіі, прылады працы.

У цырымоніі адкрыцця выставы паўдзельнічалі Міністр адукацыі Султаната Аман Мадзіха бін Ахмед Аль-Шаібаніа, Міністр культуры й спадчыны Салет бен Мухамад аль-Махрута, генеральны сакратар Аманскай нацыянальнай камісіі па адукацыі, культуры й навуцы Махамед аль-Якубі, генеральны дырэктар Нацыянальнага музея Султанату Аман Джамаль аль-Мусаві. Беларускі бок прадстаўлялі Міністр культуры Беларусі Юры Бондар, Надзвычайны й Паўнамоцны Амбасадар Беларусі ў Арабскай Рэспубліцы Егіпет, Султанаце Аман, Рэспубліцы Судан (па сумяшчальніцтве), Пастаянны прадстаўнік Беларусі пры Лізе арабскіх дзяржаў Сяргей Цярэнцьеў, дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі Павел Сапоцька, мастацкая кіраўніца Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага заслужанага харэаграфічнага ансамбля “Харошкі”, народная артыстка Беларусі Валянціна Гаявая ды іншыя.

Урачыстае адкрыццё выставы ў Султанаце Аман

Погляд на беларускія скарбы збоку — гэта заўсёды цікава: як для беларусаў, так і для нашых сяброў у замежжы. Па словах Паўла Сапоцькі, рух беларускага мастацтва на Усход прадоўжыцца. “У прыватнасці, у наступным годзе плануем правесці цікавую выставу ў межах Дзён культуры Беларусі ў Егіпце”, — патлумачыў ён.

Дарэчы. У пару, калі з‑за эпідэміі каранавіруса многія музеі свету зачыніліся, у іх можна пабываць на віртуальных экскурсіях. А ў нэце з’явілася інфармацыя, што агенцтва ТурСтат склала рэйтынг лепшых музеяў гісторыі ды культуры краін СНД для наведванняў і віртуальных экскурсій, анлайн-тураў і выстаў — ён складзены па выніках аналізу папулярнасці музеяў ды прапаноў віртуальных тураў па іх. Дык вось, узначаліў рэйтынг Дзяржаўны гістарычны музей у Маскве. А Нацыянальны гістарычны музей у Мінску — на другім месцы. На трэцяй пазіцыі — Нацыянальны музей Казахстана у Нур-Султане, на чацвёртай — яшчэ адзін беларускі: Нацыянальны гістарычна-культурны музей-запаведнік “Нясвіж”.

Іван Іванаў

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.