Вы тут

Як у звычайнай футбольнай школе трэнiруюцца дзецi з аўтызмам


Невялiкая група дзетак з такiм дыягназам сабрана на базе футбольнай школы Мiкалая Мурашкi. Пакуль яна нешматлiкая, але колькасць ахвотных трапiць на заняткi да яе трэнера Рэната Шулунова пастаянна расце. Ён, настаўнiк з 18-гадовым стажам, упершыню працуе з дзецьмi-аўтыстамi, не мае спецыяльнай адукацыi i навыкаў, але затое ў яго ёсць велiзарнае жаданне зрабiць гэтых дзетак больш шчаслiвымi. Заняткi праходзяць усяго два месяцы, але бацькi ўжо заўважаюць прагрэс у сваiх дзяцей не толькi ў футболе, але i ў звычайных зносiнах, i ў школе.


З алмаза зрабiць брыльянт

Часцяком усё найлепшае трымаецца на энтузiястах. Вось i тут галоўнымi iдэйнымi натхняльнiкамi выступiлi дырэктар футбольнай школы Таццяна Сiдлярова i трэнер, якi падтрымаў яе iдэю наконт дзяцей з аўтызмам, — Рэнат Шулуноў. Яго трэнерская кар'ера пачалася ў Бурацii: пасля сур'ёзнай траўмы калена ён вырашыў рэалiзаваць свой патэнцыял у навучаннi дзяцей. Пасля шасцi гадоў работы ва Улан-Удэ Рэнат пераехаў на радзiму жонкi ў Гомель, дзе працягнуў працаваць футбольным трэнерам у мясцовай СДЮШАР. У 2018 годзе спецыялiст перайшоў у сталiчную школу Мiкалая Мурашкi.

— Трэнерам-пачаткоўцам я не асаблiва верыў у сябе, але калi дзецi i бацькi далі зваротную сувязь, пачало атрымлiвацца. У маладога трэнера заўсёды шмат амбiцый, хочацца з алмазаў зрабiць брыльянты, але з узростам каштоўнасцi змяняюцца, — разважае Рэнат. — Цяпер у першую чаргу мая дзейнасць педагагiчная, i мая мэта — дапамагчы дзецям раскрыць свой патэнцыял, унутраны сусвет, стаць паўнавартаснай асобай, якая прыйдзе ў гэты свет з жаданнем ствараць. А будзе дзiця гэта рабiць праз хакей, баскетбол цi футбол альбо наогул не праз спорт — гэта ўжо яго выбар. Самае галоўнае, каб яно стала добрым чалавекам.

Адным з самых вядомых выхаванцаў Рэната Шулунова з'яўляецца гулец нацыянальнай зборнай Расii Уладзiмiр Гранат, удзельнiк легендарнага матча чэмпiянату свету 2018 года супраць зборнай Iспанii. «Але гэта не яму пашанцавала з трэнерам, а мне з iм», — сцiпла адзначае Рэнат.

Мая задача — усялiць у iх веру ў сябе

Iдэя пра тое, каб прыцягнуць дзяцей з аўтызмам да футбольных трэнiровак, з'явiлася на адным з трэнерскiх саветаў ФШМ. Пакуль складана назваць яе цэлым праектам, але i трэнер, i кiраўнiцтва школы спадзяецца, што хутка яна сапраўды разрасцецца да праекта.

— У гэтай задумцы i мне прапанавалi паспрабаваць сябе. Спатрэбiўся нейкi час, каб падумаць i прыняць рашэнне, — успамiнае Рэнат Шулуноў. — Я перакананы, што людзi ў гэтым свеце для таго, каб iх любiць, а рэчы для таго, каб iх выкарыстоўваць, — на жаль, у наш час усё памянялася месцамi. Людзi забылiся, што чым больш ты аддаеш, тым больш атрымлiваеш. На мой погляд, гэта адзiн з прынцыпаў шчаслiвага жыцця, таму я ўсё ж такi прыняў рашэнне паспрабаваць папрацаваць у гэтым праекце. Я прымаю гэтых дзяцей такiмi, якiя яны ёсць. Калi ты правёў трэнiроўку i аддаў часцiнку сябе iм, дзецi даюць табе зваротную сувязь. Ты бачыш, што яны мяняюцца, iх бацькi мяняюцца, ад гэтага я адчуваю, што i маё жыццё становiцца больш шчаслiвае.

Рэнат адзначае, што ў яго няма спецыяльнай квалiфiкацыi для работы з такiмi дзецьмi, таму пакуль трэнiроўкi праходзяць па метадзе спроб i памылак.

— Гэтыя дзецi па-свойму ўнiкальныя, таму што яны лёгка даруюць табе памылку, а часам яе нават не заўважаюць. А калi iм нешта падабаецца, вельмi радуюцца. У iх адсутнiчае пачуццё зайздрасцi. Бывае, што хтосьцi з iх можа забiць мяч у свае вароты i ўся яго каманда разам радуецца, што ён гол забiў. У iх няма жорсткай канкурэнцыi, дзецi з аўтызмам атрымлiваюць задавальненне не ад вынiку, а ад самой дзейнасцi. Наогул усе яны чыстыя ў сваiх эмоцыях, але з часам з'яўляецца прыхiльнасць да вынiку. Часцяком гэта амбiцыi бацькоў, таму што яны хочуць, каб дзiця выйгравала, а цi атрымала яно задавальненне, ужо не мае значэння — гэта значыць, дзiця становiцца добрым толькi тады, калi выйграе. Адсюль жаданне перамагаць любым спосабам, а сам футбол адыходзiць на другi план.

Трэнер адзначае, што часцей за ўсё стан дзяцей з аўтызмам выяўляецца менавiта ў эмоцыях, а не словах.

— Таму на працягу ўсёй трэнiроўкi мне трэба быць вельмi ўважлiвым i сканцэнтраваным, сачыць за iх эмоцыямi i паводзiнамi. Хтосьцi з iх можа выказваць шчасце бурна, а хтосьцi — проста ўсмiхнуцца.

Трэнiроўкi ў гэтых дзетак праходзяць два разы на тыдзень i доўжацца па 45 хвiлiн, яны адрознiваюцца ад заняткаў звычайных выхаванцаў школы.

Дзiцячы аўтызм — гэта асаблiвая форма парушэння псiхiчнага развiцця з нераўнамернасцю фармiравання розных псiхiчных функцый, са своеасаблiвымi эмацыянальна-паводзiнскiмi, маўленчымi i часам iнтэлектуальнымi расстройствамi. Аўтызм характарызуецца стратай iмкнення да зносiн з iншымi людзьмi i пагружэннем у свет асабiстых перажыванняў. Мяркуецца, што ў нашы днi аўтызм сустракаецца ў кожнага сотага дзiцяцi, прычым у чатыры разы часцей у хлопчыкаў, чым у дзяўчынак. Гэтае парушэнне развiцця распаўсюджана ва ўсiх расавых, этнiчных i сацыяльных групах.

— Калi працуеш са звычайнымi дзецьмi, ёсць стандартная праграма: размiнка, каардынацыйны комплекс, тэхнiчная фаза, сiтуацыйная гульня ў малых складах i футбол. А тут я ў асноўным пашыраю iх рухальны фон i спрабую рабiць практыкаваннi максiмальна простымi i зразумелымi. Нагружаць арганiзм паволi, паступова пераходзiць да большай нагрузкi i вяртацца да малой. Але мне ўвесь час трэба падладжвацца пад настрой дзяцей, бо бывае, што не iдзе нейкае практыкаванне, i тады не трэба iх мучыць. Яго проста трэба памяняць, а для гэтага неабходна быць пастаянна ўключаным у працэс. Часам, мне здаецца, даю лёгкае практыкаванне, а яны не могуць яго выканаць — значыць, у мяне ў галаве павiнен быць запасны варыянт, такi, каб рух захаваўся, але пры гэтым дзецям было цiкава. Заўсёды кажу, што старанне абавязкова прывядзе да вынiку, гэта толькi пытанне часу. Калi дзiця сёння здзейснiла памылку, трэба зрабiць высновы i iсцi далей, а не казаць, што ў яго нiчога не атрымаецца. Таму хвалiць вельмi важна, а калi ты дзецям з аўтызмам кажаш, за што iх канкрэтна хвалiш, то яны аж расцвiтаюць. Ад гэтага з задавальненнем прыходзяць i на наступныя трэнiроўкi — i разумеюць, што футбол, спорт, здароўе — гэта крута.

Яны вучацца давяраць, i гэта нармальна

Рэнат Шулуноў адзначае, што добра было б прыцягваць да iх трэнiровак i iншых спецыялiстаў, напрыклад, урачоў i псiхолагаў.

— Калi я бачу, што ў дзiцяцi штосьцi не тое з рухам, магу толькi сказаць, у якой частцы цела праблема, у якiм суставе або цяглiцы. Доктар жа зробiць гэта значна дакладней, канкрэтна вызначыць праблему. Таксама i з псiхалогiяй: калi ў паводзiнах звычайнага дзiцяцi я ўжо разбiраюся, калi ёсць нейкая неадэкватная рэакцыя, магу зразумець, у чым яе прычына, то з дзеткамi з аўтызмам я працую не так даўно, i хацелася б мець дапамогу спецыялiстаў. Пакуль я прашу бацькоў альбо прысутнiчаць на трэнiроўцы, альбо знаходзiцца дзесьцi побач. Калi раптам з'явяцца нейкiя дзiўныя для мяне паводзiны, магу падысцi i спытаць iх, у чым прычына, цi папрасiць пабыць з дзiцем. Першыя дзве-тры трэнiроўкi ў нас была сiтуацыя, калi дзецi рабiлi практыкаванне, але ў аднаго хлопчыка яно выклiкала агрэсiю. Калi яно ў яго не атрымлiвалася, я казаў: «Давай-давай, у цябе атрымаецца». А на самай справе мне трэба было сказаць: «Ну, не атрымлiваецца — не рабi, нiчога страшнага». Ён пасядзеў лiтаральна адну хвiлiну i пачаў рабiць штосьцi iншае вельмi добра.

Бацькi дзяцей з аўтызмам адзначаюць, што ў шматлiкiх спартыўных секцыях iм адмаўляюць, таму што да iх дзяцей патрабуецца асаблiвы падыход. Але пасля заняткаў спортам дзеткi вельмi моцна мяняюцца.

— Яны вучацца давяраць, i гэта нармальна, таму што я прымаю iх такiмi, якiя яны ёсць. У iх ёсць жаданне прыходзiць i пашыраць свой рухальны фон. Кагосьцi пахвалiлi за тое, што ён у футбол умее гуляць, кагосьцi за тое, што ён вагу скiнуў i адзнака па фiзкультуры стала лепшая. Яны становяцца больш адказныя, самi пераадзяваюцца да i пасля трэнiроўкi. Бацькi за ўсё гэта дзякуюць.

Дзяцей у групе Рэната становiцца ўсё больш, але болей за дзве групы ён весцi не зможа, бо трэнiруе яшчэ i звычайных хлопчыкаў, а таксама праводзiць трэнерскiя курсы для маладых спецыялiстаў, таму школе ў далейшым спатрэбяцца i iншыя настаўнiкi, гатовыя працаваць з дзецьмi з аўтызмам. У ФШМ заняткi платныя, але кiраўнiцтва цяпер думае над тым, як вызвалiць бацькоў такiх дзетак ад фiнансавай нагрузкi. Таму школа будзе рада любой дапамозе, адкрыта для прапаноў i парад. Кантакты арганiзацыi: +375 29 116-76-76, fsm-minsk@mail.ru.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Фота з суполак у сацыяльных сетках футбольнай школы Мiкалая Мурашкi

Загаловак у газеце: Яны па-свойму ўнiкальныя

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».