02 снежня, серада

Вы тут

«Як у Брэсце было шэсце Дзед-Марозаў — штук мо дзвесце...»


Што было — было і, дзякаваць богу, ёсць. Значыць, дом, сямейка, можна сказаць, у зборы, бо (сцеражонага бог сцеражэ) і сама без вострай патрэбы на двор ні нагой, і да сябе нікога не чакае. Як раптам — стук у дзверы.

— Хто там? — здзіўляецца гаспадар.

— Дзед Мароз.

— ?! (Першая думка — а нядрэнна было б, каб зайшоў — з падарункамі, каб дзяцей парадаваў... Другая — з якога перапуду?)

— Ты не хлусіш? — пытаецца бацька.

— Век волі не відаць!

Карацей, «спаліўся» Дзед — дзвярэй не адчынілі. І правільна зрабілі, бо нейкі мутны ён.

Наш — са здымка (можна яшчэ раз глянуць на верхні) — прыкладна такі ж, ад чытачоў нічога не схаваеш:

Калі б Дзед сапраўдны быў,

Ноччу б коўзанку зрабіў...

Калі ў кедах, па вадзе, —

Хтось пазіруе «Звяздзе», —

сцвярджае спадарыня Зоя Наваенка з г. п. Падсвілле Глыбоцкага раёна. І, вядома ж, мае рацыю, бо грэх адмовіць найстарэйшай беларускай газеце ў такой драбязе, як пазіраванне. Да таго ж асобныя з яе фотакораў на сапраўдную фотасесію нават звера ўгавораць, што ўжо казаць пра Дзеда Мароза... Калі той, вядома ж, жывы-здаровы. (З прызнання жанчыны: «Перад Калядамі пахадзіла па крамах, паглядзела на цэны... Не ведаю, як дзецям сказаць, што Дзед Мароз памёр?»

З ліста спадара Міколы Касмачэўскага з Наваполацка:

Знік і праўда...

Дзе ж падзеўся?

Мо з вясною як сустрэўся?

А вясна — яна такая:

Дзед убачыў і... растаяў!

Зрэшты, растапіць яго і зімка магла, калі такая, як сёлета.

«Не ведаю, як каму, а мне дык яна спадабалася, — прызнаецца спадар Мікалай Старых з Гомеля. — Менш давялося плаціць за ацяпленне — гэта раз, снег мераць — два, на галалёдзе коўзацца — тры... Калі такія ж зімкі будуць і далей, то...

На планеце пацяпленне?

Дзед Мароз,

спраўляй адзенне:

Развітайся з кажухом

(Замяні яго плашчом),

Набывай трыко і кеды.

Капялюш дарэчы б дзеду...

Скончыш пераапранацца

І пачнеш Адлігам звацца.

Гэта, згадзіцеся, нешта нечаканае... Як падчас футболу: «Хуліа Лопес разганяецца, б'е па варотах! — расказвае каментатар. І потым, праз паўзу, удакладняе. — Хуліа — гэта імя».

У Дзеда Мароза яно добрае было, але ж, як лічыць спадар Віктар Сабалеўскі з Узды:

У загул пайшоў дзядуля —

Столькі дзён пракуралесіў

(Мех з гасцінцамі не муляў,

Бо ляжаў

пад ложкам дзесьці)...

А калі працверазіўся,

Адрасы знайшоў і торбу.

Да вясны, бядак, насіўся.

Яшчэ й сёння спіну горбіць.

Пра тое ж — толькі карацей — і спадарыня Валянціна Гудачкова з Жыткавіч:

Бач, Мароз падмазаў пяты,

Даганяе, мусіць, святы?

Калі гэта наогул магчыма — затрымаўшыся... Яшчэ і ў гасцях:

Дзед Мароз наш Янка

Збочыў да каханкі.

Покуль там

сюрпрыз дастаў,

Дык і снег ужо растаў...

Але ж дзеці

ў Дзеда вераць,

Значыць,

трэба лужы мераць!

Лічыць так спадарыня Соф'я Кусянкова з Рагачоўшчыны. (Пытанне з канверта: «І чаму гэта ніхто не бачыць, як дзед Мароз падарункі пад ёлку кладзе? Ёсць жа відэакамеры, пасткі...) Ёсць, дарэчы, столькі ўсяго — на першы погляд нябачнага...

Спадар Іван Сіманёнак з Пастаў у першых радках свайго ліста прызнаецца, што глянуў на здымак і адразу ўспомніў, як адзін досыць важны начальнік у камандзіроўку ехаў — на сваёй службовай машыне, але з новым кіроўцам, якому (умоўна) «што той салдат, што гэты»: што Рэчыца ў Гомельскай вобласці, што ў... Бранскай — навігатар уключыў і панёсся...

Вось і Дзеда Мароза, на думку пастаўчаніна, падвёў залішні давер да сучаснай тэхнікі. А калі канкрэтна —

Геаграфію Мароз

Ведаў слабавата.

Вылез там, куды завёз

Лжывы навігатар.

«Дзе тут ёлка,

дзе народ?» —

Чараўнік сканфужаны:

Гэта сёмы ўжо паход

Па знаёмых лужынах.

І нічога ж з імі не зробіш,

з гэтымі паходамі, бо

Вось дзівосы дык дзівосы:

Дзед Мароз...

Амаль што босы —

Ў нейкіх тэпцях — па вадзе?

Ці не ў май да нас ідзе?

Пытаецца пра гэта спадар Аляксандр Матошка з Расоншчыны і тым самым, як выглядае, нагадвае ўсім пра леташні снег, які выпаў 11 мая.

У памяці ён і сужэнцаў Астроўскіх з Мінска:

Ідзе вясна крыху зарана,

Але ж ходзяць Маразы.

З-за такіх умоў паганых

Будзем сеяць тры разы.

Іншымі словамі (ад спадара Івана Сіманёнка):

І ніякая зіма,

І бюджэт куртаты:

Дзед...

А ўнучкі ўжо няма —

Скарацілі штаты!

З імі, штатамі, гэта, на жаль, здараецца: «абразаюць» іх, часам — рэжуць, нават па жывым. Ну які ж, скажыце, Дзед Мароз без Снягуркі?! А з іншага боку... «Дзяўчына, ты такая прыгожая... Ёсць малады чалавек?» — «Ёсць». — «А немалады?»

У трэндзе (то-бок у модзе) гэткія пары, хоць, здавалася б, з двух пакаленняў, як з дзвюх планет, як мудра заўважыла спадарыня Любоў Чыгрынава з Мінска:

Дзед Мароз —

спартыўны,

Па жыцці актыўны...

Ўнучку ён не выбіраў:

Галю далі —

Галю ўзяў.

А Снягурка-падчачурка

Пагуляла

з ім у жмуркі,

Закурыла,

выпіла

І са строю... выбыла.

Трэба разумець, адстала ад «кампаніі», заснула ў надзейным месцы ці...

Малюнак з натуры ад спадара Міколы Касмачэўскага:

Не ў валёнках, а ў кедах

Дзед за ўнучкай

крочыць следам.

Што Снягурка?

Дык дзяўчына ж —

Села к хлопцам у машыну.

Зараз ножкі не замочыць —

Хай стары

па лужах крочыць!

Ну ніякай пашаны яму! Прычым не толькі ад сваёй крывіначкі:

Да адказу, прафсаюзы!

Не схаваць вам гэты факт:

Неразумны хтось згламуздаў

З Дзедам

снежаньскі кантракт.

На сем дзён далі работы.

Ён — лайдачыць не прывык.

Новы год прайшоў — а потым?

Парушаюцца ж правы!

Засведчыў гэта спадар Віктар Сабалеўскі.

З таго самага канверта і пра таго ж дзеда-працаўніка праўдзівае:

У яго кажух чырвоны,

У яго чырвоны нос,

Нават тэпці тога ж тону —

Так у ролю сваю «ўрос»...

Разнясе цукеркі дзецям —

Мо бацькі там

штось нальюць...

Ды куды старому дзецца,

Як «пасаду» адбяруць?!

Можна (і найпрасцей) ахоўнікам уладкавацца — пры ўласнай канапе. А што? Прэстыжнае, цёплае месца: работа — не бі ляжачага. Ад канкурэнтаў адбою не было б, калі б за яе плацілі...

Калі не — трэба штось іншае шукаць, як раіць спадарыня Валянціна Гудачкова:

Надвор'е — навала:

Снягурка растала,

Пакінуўшы Дзеду

Празрысты намёк:

Захочаш застацца?

Дадому дабрацца?

Шукай недзе ў свеце

Халодны куток.

(Ніхто і падумаць не мог, што ці не ўсе яны ў нейкім сэнсе стануць гарачымі — апроч Антарктыды.)

...Вось такія радкі, такія подпісы да чарговага конкурснага здымка. З агульнага шэрагу выбіваецца хіба некалькі варыянтаў. Першы — ад спадарыні Любові Чыгрынавай:

Як у Брэсце

было шэсце

Дзед-Марозаў —

Штук мо дзвесце!

Йшлі

з вясёлай гаманой,

Пелі

ўсе наперабой..

Так стараліся — не іначай, —

Бо журы было дзіцячым...

І сказалі Света з Ленай:

Дзед найлепшы —

ў лабутэнах!

Два другія — ад спадарыні Алы Суботкі з Мінска:

Дзед

са здымка у «Звяздзе» —

Чараўнік харошы:

Да людзей тады ідзе,

Калі мае грошы.

Трэба разумець, каханенькія-родненькія, што не ўсё яшчэ страчана: ёсць, ёсць на што спадзявацца! Ну ў прыватнасці: узаб'ецца Дзед на капейку, прыйдзе (без розніцы, па лужах ці па траве), прынясе падарункі, спраўдзіць пажаданні... Калі, вядома ж, правільна іх зразумее. Цытата з ліста: «Дзед Мароз, у дзяцінстве я сапраўды пісаў табе, што хачу стаць сусветна вядомым, але ж на ўвазе меў не міжнародны вышук»...

Другое хлапчаня марыла хадзіць на работу хіба па зарплату альбо выручку. Так і сталася — пачуў Дзед Мароз: чалавек працуе інкасатарам, грошы развозіць — у адмысловых мяшках...

Што цікава, Дзед Мароз са здымка — таксама з адмысловым... І чорным чамусьці? Згледзелі гэта, магчыма, многія, а вось абыграла (ва ўсякім разе, удала) хіба спадарыня Ала Суботка:

Не так страшна, што у кедах,

Паўбяды, што па вадзе...

Чорны мех на спіне ў Дзеда —

Нібы знак, што быць бядзе.

І яна прыйшла, на жаль, — раз'яднала і з'яднала народы, сем'і, прымусіла спыніцца, азірнуцца, задумацца, а шмат каго, магчыма, і вызначыцца. «Вам лёгка сказаць: «Сядзі дома, — скардзіўся адзін мужчына. — А калі ў мяне — два дамы?»

...То ў адным з іх, магчыма, дарэчы ўспамін спадара Аляксандра Матошкі:

Вось раней былі

святы дык святы:

Гурбы снегу

ды зоркі ўначы...

Дзед Мароз...

Хай не вельмі багаты,

За мяшком сваім

пільна сачыў.

І «падушачкі»

шчодрай рукою

Ўсім даваў

за расказаны верш...

Тая добрая казка —

са мною —

Грэла сэрца

тады і цяпер.

Нехта недурны прызнаў, што зімой ды ў часы выпрабаванняў і холадна, і цяжка перш за ўсё тым, хто не мае цёплых успамінаў. У чытачоў «Звязды», у многіх удзельнікаў конкурсу на найлепшы подпіс да здымка яны ёсць. Сведчаннем таму своеасаблівы рэйтынг ад нашага пазаштатнага галоўнага статыстыка — спадара Мікалая Старых. «Кожнаму аўтару за кожны надрукаваны вершык, — піша ён, — я налічваў летась па адным бале. Калі вялікае чытацкае журы прызнавала некага лепшым, — дадаваў тры балы, а калі яшчэ і малое рэдакцыйнае — шэсць. У выніку — сямёрка наймацнейшых — 2019 выглядае так: Валянціна Гудачкова — 35 балаў, Любоў Чыгрынава — 32, Валерый Гаўрыш — 31, сужэнцы Астроўскія — 26, Мікалай Старых — 25, Карына Цануніна — 23, Віктар Сабалеўскі — 22.

Па выніках гульні за 18 (?!) гадоў найбольш перамог у Любові Чыгрынавай — 11, Анатоля Гарачова — 10, сужэнцаў Астроўскіх — 9, Валерыя Гаўрыша — 8...»

Для большай аб'ектыўнасці можна дадаць, што нехта далучыўся да гульні раней, нехта пазней, нехта, магчыма, сёння ці заўтра.

Што датычыцца мінулага здымка (гл. нумар «Звязды» за 8 лютага. На ім, нагадаем, быў кот на раме веласіпеда), то найлепшыя радкі пра яго, на думку вялікага чытацкага журы, напісалі спадары Валерый Гаўрыш з Чавус, Мікалай Касмачэўскі з Наваполацка, Віктар Сабалеўскі з Узды, жыхары сталіцы сужэнцы Астроўскія, а таксама спадарыні Любоў Чыгрынава з Мінска і Валянціна Гудачкова з Жыткавіч. З чым, у прыватнасці, пагадзілася і журы маленькае рэдакцыйнае. А таму прыз у выглядзе падпіскі на трэці квартал на дарагую сэрцам «Звязду» накіроўваецца ў Жыткавічы.

Хочаце, каб найстарэйшая і адзіная са штодзённых беларускамоўная газета прыходзіла да вас? Тады варыянтаў два: альбо падпісацца, альбо ўважліва паглядзець на чарговы конкурсны здымак, прыдумаць подпіс (можна некалькі, але не больш чым па восем радкоў) і даслаць у рэдакцыю.

Шанс на перамогу мае кожны. Пішыце! Свет захаваўся таму, што смяяўся. І думаў.

Валянціна Доўнар

Фота Анатоля Клешчука

Ад іх жа шчырыя прабачэнні тым, чые радкі не прайшлі строгага конкурснага адбору.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Шакаладныя жаданні па-беларуску. Карэспандэнт «Звязды» пабывала на адной з кандытарскіх фабрык краіны

Шакаладныя жаданні па-беларуску. Карэспандэнт «Звязды» пабывала на адной з кандытарскіх фабрык краіны

Каб паглядзець, што тут рыхтуюць да свята і якімі салодкімі навінкамі збіраюцца здзіўляць беларусаў.

Грамадства

Зберагчы дзяцінства, або як сёння змагаюцца з педафіліяй

Зберагчы дзяцінства, або як сёння змагаюцца з педафіліяй

За дзесяць месяцаў бягучага года супрацоўнікі міліцыі выявілі больш за 600 злачынстваў супраць палавой недатыкальнасці або палавой свабоды непаўналетніх.

Грамадства

Школа — прастора для дыялогу. Чаму на тэму булінгу можна і трэба выказвацца ўслых

Школа — прастора для дыялогу. Чаму на тэму булінгу можна і трэба выказвацца ўслых

Рэспубліканскі цэнтр псіхалагічнай дапамогі падрыхтаваў для педагогаў рэкамендацыі па вырашэнні канфліктных сітуацый.

Грамадства

Што мяняецца з 1 снежня

Што мяняецца з 1 снежня

Вырасце памер пенсiй: па ўзросце, за выслугу гадоў, па iнвалiднасцi, з прычыны страты кармiцеля.