Вы тут

Аповед пра Халакост — гэта пасыл будучым пакаленням


Наступствы былой трагедыі адчуваюцца і сёння. На яўрэйскім вяселлі не рэдкасць, калі з боку аднаго з маладых у разы менш гасцей, бо сваякі былі знішчаны падчас Другой сусветнай вайны. Халакост невыпадкова стаў асобнай тэмай у гісторыі памяці пра вайну. Цяжка зразумець, як наогул магла зарадзіцца і ажыццяўляцца ідэя аб вынішчэнні цэлай нацыі. Таму для яўрэйскага народа вельмі важна, каб на помніках, якія нагадваюць пра жахлівыя падзеі 40-х гадоў мінулага стагоддзя, абавязкова была пазначана нацыянальнасць ахвяр.


Карта з помнікаў

У Беларусі шмат месцаў, якія нагадваюць пра Халакост, і не абавязкова гэта вялікія помнікі. Такіх болевых пунктаў на нашай зямлі тысячы, і часта яны знаходзяцца ў глухіх месцах, у лесе. Часам жыхары маленькіх вёсачак просяць захаваць памяць пра трагедыі, што адбываліся ў іх мясцовасці, — хоць проста разраўняць зямлю і пакласці валун там, дзе фашысты забівалі яўрэйскія сем'і. Дзякуючы мясцовым ініцыятывам мы сёння маем неверагодную карту Халакосту на Беларусі — гэта каля 500 помнікаў! Сярод іх ёсць аб'екты, вартыя высокай мастацкай ацэнкі, якія вядомыя далёка за межамі краіны.

У Еўропе тэма Халакосту шырока абмяркоўвалася яшчэ ў 60—70-я гады, а на постсавецкай прасторы ўзнімаць яе не было прынята. Таму ў нас і сёння вырашаюцца пытанні, як падаваць гэтую памяць, дзе ставіць помнікі, як аднаўляць імёны ахвяр.

Да таго ж з'явіліся новыя сродкі прадстаўлення гэтых ведаў. Напрыклад, цяпер на Беларусі праграмісты і гісторыкі ствараюць мабільны сэрвіс, які будзе дапамагаць знайсці помнікі Халакосту, нават тыя, што ставіліся ў недасяжных, малавядомых месцах. У планах распрацоўшчыкаў — пазначыць каардынаты кожнага памятнага каменьчыка, каб падарожнікі лёгка маглі адшукаць гістарычныя аб'екты, звязаныя не толькі са знішчэннем яўрэяў, але і з іх гісторыяй. Будуць пазначацца месцы, дзе знаходзіліся сінагогі, яўрэйскія навучальныя ўстановы.

Брэсцкі тэатр «Крылы халопа» стварыў дакументальны аўдыёспектакль, прысвечаны мясцовай трагедыі. Дзякуючы мабільнай праграме можна слухаць спектакль і перамяшчацца па карце горада ў мясціны, звязаныя з вынішчэннем яўрэйскай абшчыны ў Брэсце. Неабыякавая моладзь працягвае шукаць новыя формы падачы — напрыклад, сучаснікі могуць звярнуцца з пытаннямі да ахвяр-галаграм.

Адна з асаблівасцяў Беларусі ў тым, што над тэмай Халакосту працуюць не толькі мясцовыя яўрэйскія абшчыны. Сведкаў жахлівых падзей (ці іх нашчадкаў) раскідала па ўсім свеце. І нават праз 75 гадоў пасля заканчэння вайны людзі захоўваюць каштоўныя звесткі — аповеды пра месцы, дзе адбываліся расправы, імёны ахвяр, падзеі. Многія помнікі, якія адкрываюцца і будуць адкрывацца ў нашай краіне, — гэта прыклад міжнароднага супрацоўніцтва ў вяртанні і захаванні памяці. Мемарыяльны комплекс «Трасцянец» — найбольш яскравы таму прыклад.

«Гэтае перапляценне лакальнай памяці з міжнароднай, на мой погляд, вельмі важна, — упэўнена старшыня ГА «Рэспубліканскі фонд «Халакост» Галіна Левіна. — Многія да канца не ўсведамляюць маштабы трагедыі на нашай зямлі — што ў Беларусі больш за 800 тысяч людзей знішчылі толькі за тое, што яны яўрэі. Вялікае значэнне мае адукацыя. Ад таго, як сёння вядзецца работа са школьнікамі, моладдзю, залежыць будучыня. Калі страціць пераемнасць, мы не зможам далей усталёўваць новыя знакі, ствараць фільмы, расказваць пра трагедыю яўрэяў у Беларусі».

Зварот да моладзі

Памяць аб Халакосце — шлях да талерантнасці і паразумення ў сучасным свеце. І таму яна такая важная ў выхаванні маладога пакалення. Дзеці знаёмяцца з ёй на ўроках гісторыі, больш паглыблена могуць вывучаць на факультатыўных занятках, у аб'яднаннях па інтарэсах ваенна-патрыятычнага кірунку, што дзейнічаюць на базе ўстаноў дадатковай адукацыі. У 2019—2020 гадах ва ўстановах усёй краіны праводзяцца рэспубліканскія акцыі «Беларусь памятае» і «Вялікай Перамозе 75». Дзеці вывучаюць гісторыю сваіх мясцін, біяграфіі ўдзельнікаў, сведак і ахвяр вайны.

Падчас конкурсу «Зорачка на карце раёна» хлопчыкі і дзяўчынкі вывучалі помнікі ваенных падзей, у тым ліку і звязаныя з Халакостам. Навучэнцамі створана больш за 120 інтэрактыўных картаў на тэрыторыі сельсаветаў, раёнаў і абласцей, дзе прадстаўлена апісанне больш чым 2500 помнікаў ваеннай гісторыі. Карты выкарыстоўваюцца ў адукацыйным працэсе, а таксама пры стварэнні экскурсій ваенна-патрыятычнага кірунку.

У рамках рэспубліканскага конкурсу «Пазнаём Беларусь разам» навучэнцамі ўстаноў адукацыі распрацавана каля 450 турысцка-экскурсійных маршрутаў, у тым ліку 60 па месцах, звязаных з ваенным перыядам. Напрыклад, навучэнцы Чэрыкаўскага раёна стварылі экскурсійны маршрут да месца расстрэлу яўрэйскага насельніцтва. Сталічныя школьнікі праводзяць урокі-экскурсіі на мемарыяльным комплексе «Яма». У межах праекта «Трасцянец — месца памяці, Трасцянец — месца смутку» распрацаваны экскурсіі па мемарыяле. Іх праводзяць экскурсаводы музеяў устаноў адукацыі — як для навучэнцаў і педагогаў, так і для гасцей горада. Матэрыялы, якія знаёмяць з трагедыямі Мінскага гета і канцлагера «Трасцянец», можна знайсці на сайце Мінадукацыі. У Гродзенскай вобласці cтвараецца інфармацыйна-адукацыйны інтэрнэт-праект «Гісторыя #Памяць #Будучае.by», які будзе ў тым ліку размяшчаць гугл-карты да месцаў памяці пра ахвяр вайны, прэзентацыі, інфармацыю, прысвечаную праведнікам.

Для маладога пакалення важна не толькі чуць слова «Халакост»: задача сучаснікаў — напаўняць яго сэнсам, паказваць, што гэта такое. Новым пакаленням гэтая тэма становіцца больш зразумелая, калі яны чуюць пра яе не як пра трагедыю шасці мільёнаў забітых, а адкрываюць асобныя гісторыі, лёсы канкрэтных людзей.

«Я хацела жыць»

«З першага дня мой бацька быў адным з кіраўнікоў супраціўлення Мінскага гета. Мой старэйшы брат падарваў 17 эшалонаў (я магу гэта пацвердзіць архіўнымі дакументамі). Сярэдні брат ляжыць у Трасцянцы, яму было ўсяго 16 гадоў. У 1942 годзе зімой да нас (тады гэта была Рэспубліканская вуліца) наляцела гестапа, шукалі зброю. Дзеці былі як старыя, яны разумелі небяспеку. І калі маці крыкнула, што трэба ратавацца, я выскачыла ў калідор, пасля ў двор і схавалася ў прыбіральні. Калі сцямнела, вечарам мяне дасталі — я гэты момант не помню, — у мяне былі адмарожаныя рукі і ногі. Мне быў сёмы год, — узгадвае старшыня Мінскага дабрачыннага грамадскага аб'яднання «Гілф», былая вязніца Мінскага гета Фрыда Рэйзман. — Ці павераць мне, калі я скажу, што бачыла раку крыві, што цякла па вуліцы пасля пагрому? Я бачыла дзіцячы дом, у юдэнраце дзяцей проста сабралі пад дахам, іх не кармілі, бо не было чым. Знясіленыя, малыя не маглі хадзіць, іх не забівалі кулямі, а заразалі ў ложках. Я бачыла ў чатырохдзённым пагроме, як немец бярэ за адну ножку немаўля, і — аб рог дома, і галоўка разляталася як кавун. На Юбілейнай плошчы (там да  і пасля вайны быў кірмаш) расстрэльвалі 17-18-гадовых дзяўчат. Калі я разумела, што магу памерці, у мяне адключалася свядомасць. Я хацела жыць! Перадаць немагчыма, што чалавек можа зрабіць з чалавекам. Але самае страшнае — тое, што пасля вайны гэтая тэма замоўчвалася. Я аднойчы пыталася ў бацькі, што стала з яўкай, якая была на Нямізе. Тата сказаў, што нехта выдаў. Падпольшчыкі, якія там знаходзіліся, адстрэльваліся, паклалі многа фашыстаў і самі загінулі. Але чаму нідзе не пішуць, што ў цэнтры горада быў бой?»

На жаль, упушчаны час, калі можна было збіраць інфармацыю ад сведкаў, што былі дарослыя ў часы трагедыі. Але і ўспаміны дзяцей вайны і архівы — важная крыніца.

Фрыда Вульфаўна — адна з тых актывістаў, хто змагаецца за захаванне памяці пра Халакост. Многа гадоў пасля вайны яна шукала свайго збавіцеля з вёскі Узляны Пухавіцкага раёна. Мужчына шмат разоў праязджаў праз пасты і заставы ў Мінск, разам з памочнікамі на возе вывозіў людзей з гета. Гэты адважны чалавек загінуў, а яго прозвішча было невядома. Першы помнік праведнікам свету з'явіўся таксама дзякуючы намаганням Фрыды Рэйзман — у вёсцы Парэчча Пухавіцкага раёна. Па сваім маштабе гэты ўчынак беларускіх праведнікаў вылучаецца ў гісторыі Халакосту — у 1943 годзе жыхары невялікай вёсачкі прынялі ў свае сем'і каля 40 дзяцей з Мінскага гета.

Наш гонар

У канцы лістапада мінулага года гарадскі мастацкі савет разгледзеў праект помніка Праведнікам свету, над якім у апошнія гады жыцця працаваў архітэктар Леанід Левін. На сёння вядома каля 800 імён беларусаў, якія рызыкавалі сваім жыццём, ратуючы яўрэяў. Гэта гонар народа — гераічнага, адкрытага, самаахвярнага. Ініцыятыўная група, у якую ўваходзіць многа розных арганізацый, займаецца прасоўваннем гэтага праекта, шукае фінансаванне. Размяшчэнне знака плануецца ў Мінску на мемарыяле ахвярам генацыду «Яма».

Яшчэ адна важная тэма, якой у апошнія гады ўдзяляецца асаблівая ўвага, — яўрэйскае супраціўленне. Усё больш такой інфармацыі падаецца ў музеях, кнігах і помніках. Можна згадаць пра музей яўрэйскага супраціўлення ў Навагрудку. Новыя факты працягваюць адкрывацца, шмат старонак гісторыі яшчэ трэба вывучыць.

Новы буйны мемарыяльны комплекс павінен з'явіцца ў Дзяржынску. У вайну тут за чатыры гадзіны было забіта 1600 чалавек. Помнік будзе вяртаць імёны ахвяр — на сёння з іх вядомы 440. Мемарыял знішчаным яўрэям Койданава — гэта яшчэ адзін помнік — запрашэнне да дыялогу. Людзі, якія прыйдуць сюды, будуць шукаць адказы на пытанні, чаму такая трагедыя стала магчымая і як не перайсці рысу нянавісці.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Як не пераступіць рысу нянавісці?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Арэнда жылля. Хоць «мядзведжы кут», абы з выгодамі і пральнай машынай

Арэнда жылля. Хоць «мядзведжы кут», абы з выгодамі і пральнай машынай

Гэтая вясной многія хацелі самаізалявацца на прыродзе.

Грамадства

Дарогамі Славы. Кулямётчык і мінамётчык

Дарогамі Славы. Кулямётчык і мінамётчык

З сапраўднымі легендамі мінулай вайны Паўлам Рубісам і Віктарам Вятошкіным мне пашчасціла сустрэцца ў майскія дні восемдзесят дзявятага года.