Вы тут

Каля двух дзясяткаў кніг ўбачылі свет да 75-годдзя Вялікай Перамогі


Каля двух дзясяткаў кніг, якія ўбачылі свет да 75-годдзя Вялікай Перамогі, прадставілі ў Мінску беларускія дзяржаўныя выдавецтвы.


У пэўным сэнсе слова флагманам у тэме Вялікай Айчыннай вайны з'яўляецца «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі», зазначыла дырэктар выдавецтва Вольга Ваніна. Тут у 2019-2020 гадах у шчыльным супрацоўніцтве з Нацыянальным архівам і Беларускім архівам кінафотафонадакументаў, Інстытутам гісторыі НАН Беларусі, музеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны выпушчаны цэлы шэраг змястоўных, аформленых па найноўшых паліграфічных тэхналогіях выданняў, а яшчэ некалькі выйдзе з тыпаграфіі ў найбліжэйшы час.

Так, у кніжнай серыі «Беларусь памятае. У імя жыцця і міру», запушчанай як частка маштабнай рэспубліканскай акцыі «Беларусь памятае», на сёння выйшлі ўжо чатыры кнігі, кожная з якіх утрымлівае не толькі малавядомыя архіўныя звесткі і ўспаміны відавочцаў, але і багаты ілюстрацыйны матэрыял — звыш 600 фотаздымкаў. Найноўшая ў серыі — энцыклапедыя «Савецкія святы і партызанскія парады на тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны». Яна выйшла з друку літаральна днямі і расказвае пра тое, як партызаны, падпольшчыкі і мірнае насельніцтва адзначалі 1 мая, 7 лістапада і іншыя знакавыя для савецкіх людзей святы, як праходзіў па вызваленым Мінску партызанскі парад, а таксама як 7 лістапада 1941 года ў адказ на гітлераўскую прапаганду быў праведзены ў Маскве легендарны Парад надзеі, без якога, як лічылі многія франтавікі, магло б не быць і Парада Перамогі. Наступная кніга ў гэтай серыі, анансавала Вольга Ваніна, раскажа пра аднаўленне разбуранага фашыстамі Мінска і будзе мець назву «Адроджаны з попелу. Скіраваны ў будучыню».

Таксама працягваецца серыя «Беларусь: трагедыя і праўда памяці». Яе кнігі ў выдавецтве называюць «чорнымі квадратамі», і гэтая характарыстыка адпавядае як зместу, так і вонкаваму афармленню кніг, бо прысвечана кожная з іх злачынствам фашыстаў на беларускай зямлі — спаленым вёскам, найбуйнейшым гета і канцэнтрацыйным лагерам, у якіх загінулі тысячы і дзясяткі тысяч людзей. Матэрыял для гэтых выданняў рыхтуюць прафесійныя гісторыкі сумесна з мясцовымі гісторыка-краязнаўчымі музеямі ў розных рэгіёнах, расказваючы нам, нашчадкам салдат Вялікай Айчыннай, пра чорныя, балючыя кропкі на карце Беларусі — Хатынь, Трасцянец, Азарычы, Навагрудак, Масюкоўшчыну... У цяперашні час рыхтуецца выданне, прысвечанае Асіповічам, таксама даследчыкі збіраюць матэрыялы па гета і канцэнтрацыйных лагерах у Брэсцкай, Магілёўскай, Віцебскай абласцях.

Чым менш застаецца жывых сведкаў Вялікай Айчыннай вайны, тым большую свабоду атрымліваюць разнастайныя «інтэрпрэтатары», якія перакручваюць факты часам з ног на галаву ў мэтах перапісаць гісторыю. Менавіта таму, падкрэсліў кіраўнік Выдавецкага дома «Звязда» Павел Сухарукаў, задача беларускіх выдавецтваў, перш за ўсё дзяржаўных, — захаваць сапраўдную гістарычную памяць, збіраючы з першых вуснаў бясцэнныя звесткі. У прыватнасці, у Выдавецкім доме «Звязда» да 75-годдзя Вялікай Перамогі ўбачыла свет новая кніга Мікалая Смірнова «Партызанскі «другі фронт» у Беларусі». У яе ўвайшлі архіўныя дакументы, а таксама аўтарскія нарысы, якія раскрываюць малавывучаную тэму — імёны ўдзельнікаў і падрабязнасці аперацый спецслужбаў — атрадаў НКУС (НКДБ) і ваеннай контрразведкі, якія дзейнічалі на акупаванай нацыстамі тэрыторыі БССР.

Яшчэ адна кніга выдавецтва павінна ўбачыць свет акурат да 9 мая і стаць выдатным падарункам для ветэранаў. Зборнік «Беларусь помніць. Міншчына ганарыцца» складаецца з успамінаў сведкаў і непасрэдных удзельнікаў ваеннага ліхалецця — ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, якія цяпер жывуць на тэрыторыі Мінскай вобласці.

Кніга доктара гістарычных навук Галіны Аляхновіч «Працоўная Беларусь — фронту», якую выпусціла да юбілейнай даты выдавецтва «Беларусь», нагадвае сучаснікам пра тое, што подзвігі падчас вайны беларускі народ здзяйсняў не толькі на фронце, у падпольнай і партызанскай барацьбе з ворагам, але і ў тыле — працуючы на прадпрыемствах пад заклікам «усё для фронту, усё дзеля Перамогі», аднаўляючы прамысловасць і сельскую гаспадарку на вызваленых тэрыторыях.

Большасць згаданых кніг ужо можна ўбачыць у айчынных кнігарнях. Дарэчы, знайсці іх на паліцах будзе нескладана — па ініцыятыве Міністэрства інфармацыі кожны асобнік выданняў, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне і 75-годдзю Перамогі, пазначаны адмысловай яркай папяровай стужкай.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Загаловак у газеце: Чытаць, каб помніць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Арэнда жылля. Хоць «мядзведжы кут», абы з выгодамі і пральнай машынай

Арэнда жылля. Хоць «мядзведжы кут», абы з выгодамі і пральнай машынай

Гэтая вясной многія хацелі самаізалявацца на прыродзе.

Грамадства

Дарогамі Славы. Кулямётчык і мінамётчык

Дарогамі Славы. Кулямётчык і мінамётчык

З сапраўднымі легендамі мінулай вайны Паўлам Рубісам і Віктарам Вятошкіным мне пашчасціла сустрэцца ў майскія дні восемдзесят дзявятага года.