Вы тут

Улада лiчыць неабходным падтрымаць бiзнес


Праект указа аб падтрымцы эканомiкi ў сувязi з пандэмiяй каранавiруса ўжо накiраваны ў Адмiнiстрацыю Прэзiдэнта. Для выхаду з крызiсу ўлада, эксперты i бiзнес ладзяць сустрэчы, каб пачуць адно аднаго.

«Мы штотыдзень сустракаемся з бiзнесменамi, адначасова праводзiм манiторынг сiтуацыi ў рэгiёнах i ў розных галiнах эканомiкi. Гэтыя сустрэчы будуць працягвацца пастаянна, пакуль не скончацца праблемы, звязаныя з пандэмiяй», — адзначыў мiнiстр эканомiкi Аляксандр ЧАРВЯКОЎ на сустрэчы з прадстаўнiкамi бiзнес-асацыяцый.

Пра тое, як можна дапамагчы прыватнаму сектару эканомiкi ў сiтуацыi пандэмii, гавораць i эксперты. Так, напрыклад, у Мiнску прайшла анлайн-канферэнцыя, прысвечаная мерам падтрымкi малога i сярэдняга бiзнесу ў рамках праекта «Адкрыты дыялог па эканамiчных рэформах», на якой эксперты Цэнтра эканамiчных даследаванняў BEROC тлумачылi, чаму праблемы бiзнесу сталi агульнымi, якiя меры могуць дапамагчы i што ўжо зрабiлi ўлады, каб пазбегнуць крызiсу.


Па вынiках апытання, праведзенага на мiнулым тыднi BEROC i бiзнес-школай IПМ, амаль 80 % прадпрымальнiкаў заявiлi пра падзенне попыту на ўнутраным рынку, 50 % — пра скарачэнне або прыпыненне дзейнасцi, 20 % — пра немагчымасць набыць iмпартныя тавары, сыравiну i камплектуючыя.

45 % рэспандэнтаў паведамiлi аб пераводзе супрацоўнiкаў на няпоўную занятасць са скарачэннем зарплаты, 25 % адпраўляюць iх у водпуск без захавання заробкаў, амаль столькi ж звальняюць супрацоўнiкаў.

З праблемамi ў эканомiцы з-за пандэмiі сутыкнуўся ўвесь свет. Першапачатковыя прагнозы большасцi мiжнародных арганiзацый сыходзiлiся на тым, што сусветная эканомiка ў 2020-м можа стабiлiзавацца — хоць рызыкi i былi, але iх звязвалi, хутчэй, з палiтычным становiшчам у свеце. Але пандэмiя каранавiруса зрабiла эканамiчны крызiс ва ўсiм свеце вельмi спецыфiчным.

«Апошнiя крызiсы можна было назваць фiнансавымi, i эканамiчна яны ўплывалi на попыт, — тлумачыць старшы навуковы супрацоўнiк BEROC Дзмiтрый Крук. — У краiнах, дзе эканомiкi былi больш-менш здаровыя, аднаўленне не займала доўгага перыяду, звычайна яно доўжылася каля года. Сённяшнi шок iдзе на эканомiку не толькi з боку попыту, але i з боку прапановы. Работнiкi краiн, дзе аб'яўлены каранцiн, седзячы дома, не могуць браць удзел у вытворчасцi тавараў i паслуг, праз гэта многiя прадпрыемствы вымушаны згортваць сваю дзейнасць».

Спецыялiст адзначыў праблему, якая ў большай ступенi датычыцца сярэдняга i малога бiзнесу Беларусi. Многiя прадпрымальнiкi лiчаць, што лепей не набiраць страты, спрабуючы выжыць, а выйсцi з бiзнесу. У вынiку адна праблема цягне другую: работнiкi, якiя не працуюць, знiжаюць спажыванне, а фiрмы вымушаны скарацiць свае iнвестыцыйныя выдаткi. Узаемадзеянне негатыўных тэндэнцый з боку i прапановы, i попыту можа спарадзiць глыбокi спад ВУП, якога не было шмат гадоў. А гэта ўжо праблема эканомiкi ўсёй краiны, а не толькi прадпрымальнiкаў. Вядома, кiраўнiк дзяржавы спрабуе пазбегнуць эканамiчнага шоку, не ўводзячы ў краiне каранцiн, што надае пэўны iмпульс падтрыманню эканамiчнай актыўнасцi. Але гэта не значыць, што эканомiка ўвогуле не пацерпiць падчас пандэмii.

Каб падтрымаць яе, Мiнiстэрства эканомiкi падрыхтавала два пакеты мер. Праект указа аб падтрымцы эканомiкi ўжо накiраваны ўрадам на разгляд у Адмiнiстрацыю Прэзiдэнта, а другi ўзровень мер разгледжаны на нядаўнiм пасяджэннi Прэзiдыума Саўмiна. Разам з тым у вынiку сустрэч з бiзнесам Мiнэканомiкi бачыць неабходнасць у фармiраваннi i трэцяга ўзроўню мер для стабiлiзацыi сiтуацыi пасля пандэмii.

Эксперты лiчаць, што дзяржаве лепей сфакусiраваць сваю дапамогу ў тым сектары эканомiкi, дзе найбольш адчуваецца знiжэнне попыту, але пры гэтым няма сэнсу дапамагаць прадпрыемствам, якiя i да пандэмii былi стратныя.

«Неабходна прыняць меры па падтрымцы прадпрыемстваў, у якiх ёсць шанц выжыць, потым прыносiць прыбытак i нармальна працаваць», — адзначыў падчас канферэнцыi старшы навуковы супрацоўнiк BEROC Радзiвон МАРОЗАЎ.

Калi ж гэтага не зрабiць, то многiя прадпрыемствы краiны чакае банкруцтва, пасля якога бiзнесу нашмат цяжэй будзе вярнуцца на рынак. «Трэба дзейнiчаць хутка, бо гэта дапаможа захаваць занятасць, не дапусцiць масавых звальненняў i пазбегнуць сацыяльнай напружанасцi, — лiчыць навуковы супрацоўнiк BEROC Ганна АГIНСКIХ. — У еўрапейскiх краiнах пайшлi па шляху субсiдзiравання зарплаты работнiкам малога i сярэдняга бiзнесу, але такая мера вельмi дарагая для нашай дзяржавы. А вось крэдытныя канiкулы i адтэрмiноўка падаходнага падатку з'яўляецца папулярнай мерай ва ўсёй Еўропе».

Нацбанк у нашай краiне ўжо рэкамендаваў банкам зладзiць цяпер крэдытныя канiкулы для фiзiчных асоб. I мець такую магчымасць на самай справе важна, бо, як сцвярджаюць эксперты, на кожнага жыхара краiны сёння прыпадае не адна сотня рублёў крэдытных абавязацельстваў.

Спецыялiсты адзначылi, што, на жаль, у Беларусi да гэтага часу нiзкi ўзровень прадпрымальнiцкай культуры i прадпрымальнiцкай адукацыi, што з'яўляецца бар'ерам для фармiравання эфектыўнага прыватнага сектара, якi можа сам хутка аднаўляцца.

«Наша краiна падтрымлiвае людзей, якiя хочуць пачаць сваю справу, — сцвярджае навуковы супрацоўнiк BEROC Марыя АКУЛАВА. — Дзяржава выдзяляе беспрацоўным пэўныя грашовыя сродкi для таго, каб яны маглi сысцi ў самазанятасць, а не шукалi новае месца работы. Гэтую дапамогу можа атрымаць, па сутнасцi, любы чалавек незалежна ад адукацыi, вопыту кiруючай дзейнасцi або вядзення бiзнесу. Аднак досвед iншых краiн паказвае, што эфектыўнасць падобнай меры знаходзiцца ў прамой залежнасцi ад таго, хто атрымлiвае дапамогу, цi ёсць у чалавека пэўны вопыт. Таму неабходна падтрымлiваць пачаткоўцаў кансультаваннем i ментарствам, для таго, каб павысiць выжывальнасць новых прадпрыемстваў».

А пакуль праектам указа, якi распрацавала Мiнiстэрства эканомiкi, плануецца сфармiраваць спiс галiн эканомiкi, якiя асаблiва церпяць падчас пандэмii, i ў гэтых галiнах прыняць пэўныя меры падтрымкi.

«Вiлка сцэнарыяў сёння для эканомiкi Беларусi вельмi шырокая, i рэцэсiя 3,5 % на сённяшнi дзень — гэта найлепшае, што можа адбыцца з рэалiстычных варыянтаў», — лiчыць Дзмiтрый Крук.

Але iмавернасць такога сцэнарыя будзе залежаць як ад знешнiх перадумоў, так i ад дзеянняў улад, якiя сёння робяць захады, каб дапамагчы прыватнаму бiзнесу падчас самага нетыповага эканамiчнага крызiсу.

Наталля ТАЛIВIНСКАЯ

Загаловак у газеце: Разам шукаць выйсце

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?