Вы тут

Чаму ходнікі ваўкавыскіх ткачых трапілі ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі


Этнастыль зноў у трэндзе, а разам з ім і саматканыя палавікі. Прычым ваўкавыскія майстрыхі ткуць гэтыя ходнікі па той самай старажытнай двухнітавай тэхніцы на аўтэнтычных кроснах. Каб адвечнае беларускае рамяство і надалей развівалася, «простае двухнітавае ткацтва Ваўкавыскага раёна» цяпер прызнанае элементам нематэрыяльнай культурнай спадчыны.


Майстар народных і мастацкіх промыслаў Яніна Іюльская за работай.

З ткачыхай Янінай Іюльскай, майстрам народных і мастацкіх промыслаў, гутарым каля яе ўласнага станка. Пры тым што кроснам больш за сто гадоў, яны не выглядаюць занядбанымі. Наадварот, станок, можна сказаць, у поўнай баявой гатоўнасці. І ў тым, што ваўкавыскія ходнікі маюць такую славу, ёсць заслуга і гэтага «аксакала».

— Кросны ўвесь час стаялі на гарышчы ў маёй цёткі, — расказвае Яніна Іюльская. — Мы дасталі іх, калі вярнуліся з мужам з Расіі пасля яго ваеннай службы. Гэта было 20 гадоў таму. Мне прапанавалі навучыцца ткаць, каб уладкавацца на работу ў цэнтр рамёстваў. Вось тады і ўспомнілі пра кросны, прывезлі іх у гэты цэнтр. Праўда, тады мала хто верыў, што будзе з таго толк, многія смяяліся — маўляў, навошта прыцягнулі гэту старызну. Але я вырашыла ўсё ж давесці справу да канца. Мы з работнікамі цэнтра хадзілі па вёсках, шукалі тых, хто ўмее ткаць. І знайшлі сапраўдных майстрых — гэта Любоў Сцяпанаўна Балёнь і Ганна Іосіфаўна Кулеш.

Ад іх і пераняла Яніна Іюльская тэхніку простага двухнітавага ткацтва, якое было здаўна распаўсюджана ў Ваўкавыскім рэгіёне. Чым гэта тэхніка ўнікальная? Па словах Яніны Вацлаваўны, простае двухнітавае ткацтва — гэта аснова для дэкору, які выконваецца іншымі спосабамі. У такой тэхніцы рабілася тканіна для адзення — палатно для сарочак, спадніц, фартухоў, а таксама ручнікі, палавікі, посцілкі. Для гэтага аснова ўладкоўваецца на вялікай нерухомай снойніцы.

Працэс падрыхтоўкі да работы здаецца вельмі складаным і працяглым. На самай справе так і ёсць.

— Снойніца — гэта вялікая квадратная рама, на якой снуюцца ніткі для асновы, — расказвае Яніна Вацлаваўна. — Яна ёсць у Любові Сцяпанаўны, і мы ідзём да яе. Каб падрыхтаваць аснову, трэба сплесці ніткі ў касу, затым іх перанесці на так званы навой. Тут патрэбны тры чалавекі. А потым гэтую аснову трэба ўмацаваць на ткацкім станку. Такім чынам кросны будуць падрыхтаваны да работы. Працэс займае некалькі дзён.

Фрагмент экспазіцыі Ваўкавыскага цэнтра рамёстваў.

Як ні дзіўна, стары станок спраўна працуе і цяпер. Па словах майстрыхі, ён зроблены без адзінага цвіка. Самае якаснае палатно робіцца менавіта на такіх кроснах — яно збіваецца шчыльней, чым на сучасных. Але ў цэнтры рамёстваў ёсць і некалькі сучасных станкоў. З адным майстрыхі выязджаюць на розныя святы, кірмашы, дзе паказваюць працэс ткацтва. Другі станок — для тых, хто толькі пачынае асвойваць гэтыя навыкі. Дарэчы, навічкоў дапускаюць і да работы на старых кроснах. Увогуле старажытнае рамяство тут захоўваюць і, як могуць, прапагандуюць. У 2014 годзе простае двухнітавае ткацтва Ваўкавыскага раёна занесена ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны.

— Мы трапілі ў спіс катэгорыі А. Што гэта значыць? Тое, што працэс цалкам адпавядае таму, як гэта рабілі нашы продкі, усе працэсы аўтэнтычныя, мы захавалі ўсе традыцыі, нічога не ўзнаўлялі. Як узялі ад носьбіта, так усю тэхналогію і захавалі, — зазначае намеснік дырэктара Роскага аддзялення Ваўкавыскага раённага цэнтра рамёстваў Святлана Кудаш.

Цяпер модныя палавікі зноў вяртаюцца ў дамы і кватэры, яны маюць попыт і ў гараджан. Ваўкавыскія ходнікі ткуць у характэрнай для гэтай мясцовасці гаме — палоскі няяркія і нешырокія. У работу ідуць старыя паношаныя рэчы, яны мыюцца, рэжуцца на палоскі, тыя скручваюцца ў клубкі, а потым падбіраецца гама. Напрыклад, летась Яніна Іюльская выткала 125 метраў ходнікаў, Любоў Балёнь — 100 метраў. Палавікі выглядаюць вельмі акуратнымі, яны ткуцца на натуральнай аснове, таму на кірмашах карыстаюцца добрым попытам.

Дарэчы, на іх майстрыхі ездзяць у саматканых строях — спадніцах і кашулях. Яны таксама выкананы ў тэхніцы простага двухнітавага ткацтва. Таксама ў нацыянальных касцюмах праводзіцца вясельны абрад «Брама».

Загаловак у газеце: Цуды ў палоску

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».