Вы тут

Як працуюць сельскія ўстановы аховы здароўя Брэсцкай вобласці ва ўмовах пандэміі


Ачагі інфекцыі, як вядома, хутчэй узнікаюць у вялікіх гарадах, дзе шчыльнасць насельніцтва даволі высокая. У вёсках сітуацыя ў асноўным спакойная. Але ж пільнасць, павышаныя меры прафілактыкі ніхто не адмяняў, асабліва там, дзе жыве шмат сталых людзей, якія ў пэўнай ступені знаходзяцца ў групе рызыкі.


Лізавета Нічыпарук, фельчар Далкоўскага ФАПа Пружанскага раёна.

Пацыенты з групы рызыкі

З фельчарам Далкоўскага ФАПа Пружанскага раёна Лізаветай НІЧЫПАРУК давялося сустракацца ў самым пачатку гэтага года. Тады старшыня Ружанскага сельскага савета Аксана Юркоўская рэкамендавала медыка як аднаго з самых старанных і адказных маладых спецыялістаў. Справа ў тым, што Лізавета працуе тут першы год. Выпускніца Пінскага медыцынскага каледжа адразу ўнікла ў асаблівасці работы, яе ўважлівае стаўленне да пацыентаў ацанілі жыхары навакольных вёсак.

У зону абслугоўвання маладога фельчара ўваходзяць чатыры вёскі: Далкі, Загалічы, Бярэзніца і Паўлава. З амаль 500 чалавек насельніцтва прыблізна 300 складаюць пенсіянеры. І калі раней яны стараліся самі прыйсці на прыём у сельскі ФАП, то цяпер часцей карыстаюцца магчымасцю пракансультавацца па тэлефоне альбо выклікаць медыцынскага работніка на дом.

— Работа мая ў сувязі з пандэміяй мала ў чым змянілася, — разважае Лізавета Нічыпарук. — Хіба толькі павышаныя меры бяспекі выконваем падчас прыёму. Цяпер пры наведванні пацыентаў — абавязкова ў масцы і пальчатках, памяшканне медустановы апрацоўваем некалькі разоў на дзень (ФАП размяшчаецца ў прасторным драўляным доме з печкай. — Аўт.). Вядома, цяпер часцей выязджаю на дом да людзей, асабліва пажылых. Там бяру аналізы, нярэдка дастаўляю лекі. У нас жа няма валанцёраў, як у вялікіх гарадах, так што ў пэўным сэнсе нам даводзіцца імі быць.

І ведаеце, усяляе аптымізм тое, што мае бабулькі і дзядулькі вельмі паслухмяныя, можна сказаць, свядомыя пацыенты. Ім рэкамендавалі лішні раз не наведваць паліклініку ці ФАП — яны і не ходзяць. Нават адно з адным сталі меней камунікаваць. Размаўляюць больш па тэлефоне. Хоць, здавалася б, для пажылых людзей вельмі важна ўбачыцца, абмеркаваць навіны. А яны, тым не менш, скарацілі свае стасункі і сумесныя пасядзелкі. Ведаюць, што гэта часова, таму адносяцца з разуменнем.

Пра часовасць гэтых мер Лізавета Нічыпарук гаварыла нядаўна са Стэфанідай Іванаўнай Зубеняй з Бярэзніцы. Жанчына 1931 года нараджэння жыве адна, сама сябе абслугоўвае, дома ў яе чысціня і парадак. Вядома, дзеці клапоцяцца, але ж і сама бабуля шмат чаго робіць. Адчула невялікае недамаганне — выклікала фельчара, за што тая яе пазней і пахваліла. Гэтым людзям часам не столькі таблеткі дапамагаюць, колькі словы спагады. Важна таксама, што большасць вясковых жыхароў прыслухоўваецца да парад медыка.

Пра тых, хто на каранціне

У Папінскім сельсавеце Драгічынскага раёна працуюць два ФАПы і ўрачэбная амбулаторыя. Старшыня сельскага Савета Святлана ДЫШКО ў размове адзначыла, што мясцовая ўлада ў цяперашніх умовах удзяляе шмат увагі інфармаванню насельніцтва.

— У нас на кожным інфармацыйным стэндзе, каля кожнага магазіна, ва ўстановах культуры змешчаны памяткі аб тым, як сябе паводзіць, каб зберагчы сваё здароўе, — кажа Святлана Дышко. — Усе мы — супрацоўнікі сельвыканкама, дэпутаты — праводзім гутаркі з людзьмі, нагадваем пра меры бяспекі. Пад асаблівым кантролем трымаем пытанне аб каранціне для асобных катэгорый грамадзян. Некаторыя жыхары вёсак працавалі ў Расіі, краінах Еўропы. Ёсць у нас будаўнікі, дальнабойшчыкі, якія ў сувязі з эпідэмічнай абстаноўкай тэрмінова вярнуліся дадому. Мы іх наведалі, азнаёмілі пад подпіс з дакументамі аб неабходнасці двухтыднёвай самаізаляцыі.

Варта сказаць, што большасць жыхароў вёсак сельсавета з разуменнем паставіліся да патрабаванняў: каранцінныя меры выконваюць, усе адчуваюць сябе добра, знаходзяцца пад наглядам медыкаў. Адзін чалавек, праўда, не вытрымаў знаходжання дома і аднойчы прыйшоў у сельскі магазін. Пра гэта адразу паступіў сігнал у сельсавет, яго прадстаўнікі наведалі грамадзяніна і вынеслі яму вымову за парушэнне.

— І гэта правільна: трэба папраўляць аднавяскоўцаў, калі яны не ўсведамляюць адказнасці за ўласныя паводзіны, — лічыць старшыня сельскага Савета.

Пра карысць абходаў

Фельчар Ляхавіцкага ФАПа, дэпутат Папінскага сельсавета Міхаіл ПАДОЛЬСКІ кажа, што асноўны змест яго работы заключаецца ў прафілактычных наведваннях пацыентаў па месцы пражывання. Міхаіл Міхайлавіч паходзіць з дынастыі медыкаў, у Ляхавіцкім ФАПе больш за 40 гадоў адпрацавала яго маці, якая і навучыла ведаць пра стан здароўя кожнага пацыента, быць для вяскоўцаў сямейным медыкам.

— У нас цяпер мала выклікаў. Але, каб наведаць умоўную Марыю Іванаўну, мне выклік не трэба, — расказвае Міхаіл Падольскі. — Я ведаю асаблівасці яе гіпертаніі, з перыядычнасцю, якую вызначаю сам у залежнасці ад гісторыі хваробы, прыязджаю. Калі трэба, накіроўваю да ўрача-спецыяліста ці на шпіталізацыю. І людзі ўжо давяраюць майму меркаванню. Цяпер мала што па сутнасці памянялася ў паўсядзённай рабоце фельчара. Так, больш, чым раней, нагадваю пра меры прафілактыкі, назіраю за тымі, хто знаходзіцца ў каранціне пасля прыезду з краін блізкага і далёкага замежжа.

Пра сезонны ўсплёск і паступовы спад

Павіццеўская амбулаторыя ўрача агульнай практыкі, што ў Кобрынскім раёне, працуе ў звычайным рэжыме. Яе ўнікальнасць хіба ў тым, што аддаленая вёска Павіцце адна ўтварае цэлы сельсавет і цэлы ўчастак для амбулаторыі. Прыблізна 1300 чалавек складаюць зону абслугоўвання доктара Марыны ГЕЛЕМЕНТ.

— Сёння на прыём зранку прыйшло няшмат людзей, — адзначае Марына Фёдараўна. — А вось у сакавіку ў нас быў усплёск прастудных захворванняў. Даўно такога не прыпомню, каб людзі ішлі літаральна адно за адным. На шчасце, гэтае сезоннае захворванне ў красавіку пайшло на спад. Цяпер хворых у калідорах паменела. Ды і шырокае інфармаванне насельніцтва адыграла ролю, людзі стараюцца заставацца дома, пры сімптомах хваробы выклікаюць урача. Таму па выкліках даводзіцца хадзіць крыху больш, а ў астатнім абстаноўка звычайная, — кажа доктар.

Дарэчы, у вёсцы працуе аптэка, дзе ёсць усе сродкі абароны і дэзінфекцыі.

Святлана ЯСКЕВІЧ, Брэсцкая вобласць

Загаловак у газеце: Пільнасць, свядомасць, прафілактыка

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?