Вы тут

Вёска-мемарыял. За пару гадоў у Зарэччы стварылі памятны комплекс у гонар землякоў — удзельнікаў вайны


Зарэчча ўнікальнае ўжо тым, што гэтая маленькая вёсачка, якая паступова і няўмольна знікае з прычыны паважанага ўзросту сваіх жыхароў, раптам стала вёскай-мемарыялам. За нейкія пару гадоў тутэйшыя выхадцы-энтузіясты стварылі памятны комплекс у гонар землякоў — удзельнікаў вайны. Зусім нядаўна ўвайшла ў строй чарговая яго частка — капліца, дзе будуць праводзіцца памінальныя службы.


Памятная алея.

Фотаздымкі старога стэнда

Але пра ўсё па парадку. Самая маладая жыхарка Зарэчча Таісія Аляксандраўна Субота адзначыла 79-ы дзень нараджэння. Яна лічыцца старастай вёскі, у якой пастаянна жыве з дзясятак чалавек. Таісія Аляксандраўна вельмі ганарыцца тым, што ў іх з'явілася такое памятнае месца. Расказвае, як летам была ў доктара ў Пружанах, а назад вярталася на таксі: «Дык гэтаму хлопцу-кіроўцу сказала, каб далей праехаў, развярнуўся каля нашай галоўнай алеі — усё для таго, каб і ён убачыў яе. Таксіст так і зрабіў, і ўсе так робяць, хто сюды прыязджае. Тут нашы землякі на партрэтах, маладыя, прыгожыя».

Усяго з невялічкай пружанскай вёскі на вайну пайшлі 59 мужчын, 27 не вярнуліся. Цяпер іх партрэты ўтварылі галоўную мемарыяльную алею... А тыя, каму пашчасціла вярнуцца, у асноўным працавалі ў калгасе. У гаспадарцы і загінулых франтавікоў, і жывых удзельнікаў вайны заўсёды шанавалі. У свой час калгасны парторг сабраў па хатах фотаздымкі ўдзельнікаў вайны і размясціў іх на стэндзе пад назвай «Вечная слава героям».

Стэнд доўгі час вісеў у «чырвоным кутку» калгаснага двара, дзе збіраліся па святах. А потым многае змянілася, пачалася рэарганізацыя, былы калгасны двор прыйшоў у заняпад, фермы сталі закрываць, пабудовы — зносіць. Аднойчы выхадзец з гэтай вёскі Георгій Швед выпадкова зайшоў у былы «чырвоны куток» і жахнуўся. Стэнд валяўся на падлозе, па ім хадзілі. Георгій Яраслававіч забраў тыя здымкі дадому. З гэтага і пачаўся невялікі музей, які ён абсталяваў у бацькоўскім доме.

Неаднойчы прыкідваў, як лепш увекавечыць памяць землякоў. На адным са свят вёскі падзяліўся сваімі думкамі з аднавяскоўцам Міхаілам Куцам.

Ад ідэі да бізнес-плана

— Мне тады яго словы адразу ў душу запалі, — кажа Міхаіл Міхайлавіч. — Я стаў меркаваць, раіцца з калегамі, сямейнікамі, як зрабіць, каб не знікла памяць пра людзей вёскі. Дзіўная рэч: чым больш жывеш і больш аддаляешся ад родных мясцін, тым болей сюды цягне.

Міхаіл Куц згадаў, як цяжка працавалі яго бацькі. Маці даяркай была, кароў уручную даіла, яму, хлапчуку, даводзілася не раз ёй дапамагаць. Нагледзеўшыся на такі лёс, Міхаіл і яго равеснікі імкнуліся хутчэй пакінуць вёску. Пасля заканчэння школы паступіў у ваеннае вучылішча, служыў па ўсім былым Саюзе, потым асеў у Брэсце, цяпер мае невялікі бізнес. Бацька Міхаіла Міхайлавіча таксама ваяваў, але, на шчасце, вярнуўся. І бацька жонкі франтавік. Так што для сям'і тэма Вялікай Айчыннай — асаблівая.

Бацькоў даўно няма, але на дзень вёскі заўсёды стараліся прыязджаць у Зарэчча. А калі аднойчы на свята Георгій Швед выставіў шчыт са здымкамі, якія ён падабраў на калгасным двары і рэстаўрыраваў, то людзі ад іх не адыходзілі. Многія пазнавалі сваіх сваякоў, суседзяў, плакалі, клікалі ўнукаў, паказвалі партрэты. Вось тады Куца нібы ахінула, у галаве ўзнікла карцінка з будучым мемарыялам. Ён і ўзяў на сябе львіную долю будучых расходаў.

Міхаіл Куц (злева) і Георгій Швед

Арка і капліца

Найперш былі выраблены мемарыяльныя дошкі з партрэтамі загінулых землякоў. Іх размясцілі ў выглядзе алеі, у канцы якой усталявалі памятны знак-арку са звонам. Справа ад аркі, як ужо гаварылася, узвялі капліцу. Яе купал, унутранае начынне падрыхтавалі ў Брэсце, а сюды прывезлі гатовыя кампаненты і зманціравалі.

З часам у Зарэччы маюць намер абсталяваць стаянку для машын. Паводле слоў прадпрымальніка, тут яшчэ будзе сквер з дрэвамі, у цэнтры паставяць некалькі сталоў, лаўкі, каб на тое ж свята вёскі можна было ўсім прысесці, пагаманіць, успомніць землякоў.

— На адкрыццё мемарыяла з'ехалася некалькі соцень выхадцаў з Зарэчча. Былі госці не толькі з розных гарадоў Беларусі, але і з краін замежжа, — расказвае старшыня Велікасельскага сельскага Савета Таццяна НАВІЦКАЯ. — Дачка франтавіка Івана Гука Вольга Ішчанка прыехала з Адэсы. Яе бацька загінуў у канцы зімы 1945-га. Волечцы тады быў толькі годзік. Пахаваны недзе ва Усходняй Прусіі. Вольга Ішчанка на адкрыцці сказала: «Пакуль жывая, буду сюды прыязджаць».

— Ну, цяпер па вядомых прычынах не можам дакладна сказаць, будзе летам дзень вёскі ці не, — працягвае кіраўнік мясцовай улады. — Але ж мемарыял мы падтрымліваем у парадку заўсёды, тэрыторыя прыбіраецца. У гэтым дапамагае Таісія Аляксандраўна Субота.

Каб жыла памяць

...Мы стаялі з Міхаілам Куцам і Георгіем Шведам каля першай мемарыяльнай дошкі на алеі. На ёй — партрэт Мікалая Гука. Пазначаны яго гады жыцця: 1926—1945. Салдат загінуў у студзені, цалкам верагодна, што да сваіх дзевятнаццаці ён не дажыў. Партрэт Мікалая паставілі першы нездарма: ён стаіць цяпер аккурат насупраць сваёй хаты, адкуль яго праводзілі на вайну. Прызыву падлягалі юнакі з 18 гадоў. Многія яго равеснікі, юныя, нявопытныя, гінулі першыя. Гэта значыць, не нарадзіліся іх дзеці, засталіся несуцешнымі маці.

Міхаіл Куц кажа: «Вёскі хутка не будзе як населенага пункта, але мы павінны захаваць яе для сябе, сваіх дзяцей, унукаў. Нехта ж і пасля нас абавязкова пройдзе-праедзе, нехта кветку пакладзе на 9 Мая. Пасля нас, спадзяюся, нашчадкі падхопяць эстафету, не забудуць сюды дарогу. Тыя з нас, чые бацькі і дзяды прыйшлі з вайны, у даўгу перад імі, такімі як Мікалай Гук».

Святлана ЯСКЕВІЧ, Пружанскі раён

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?